Крэ́сіць ’высякаць агонь крэсівам’ (ТСБМ). Укр. кресати, рус. кресать ’тс’, серб.-харв. крѐсати, славен. krésati ’тс’, польск. krzesać, чэш. křesati, славац. kresať, в.-луж. křesać, н.-луж. tśasaś ’тс’. Прасл. kresati не мае надзейных этымалогій (агляд версій гл. Слаўскі, 3, 227). Заслугоўвае ўвагу думка Атрэмбскага (LP, 1, 137–138) аб кантамінацыі лексем česati ’часаць, скрэбці’ і kremy ’крэмень’. На карысць гэтай гіпотэзы гаворыць магчымасць узнікнення праславянскай figura etymologica *kresati kresem (параўн. бел. красаць красавам) ад *česati kremenem. Для такіх выпадкаў, як вядома, рыфмаванае словаўтварэнне даволі тыповае (параўн. Вуд, IF, 22, 166, Гюнтарт, 13). Іншая этымалогія: kresati да krasa. Тады kresati ognь ’ствараць агонь’. Параўн. лац. creare ’ствараць’. Гл. краса (Трубачоў, Эт. сл., 12, 125).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жы́хар. Рус. смал., пск., наўг., пецярб., алан., калін., арханг., вяцк. жи́харь, жи́хорь ’тс’ (і шэраг мясцовых семан. варыянтаў: ’гаспадар’, ’дамасед’, ’скупы’, ’свавольнік’, ’плясун’, ’злы дух’, ’птушка’, ’сялянская гаспадарка’, ’здаровая, буйная жывёла’). Фіксуецца з 1912 г. (Вярхоў, Назоўнікі на ‑ар (‑яр) у бел. мове, 1970, 35). Утворана з суф. ‑ар ад дзеяслоўнай асновы *жых‑. Рус. жи́ха́ть(ся) мае знач. ’качацца, качаць, гнуць’, у бел. адпаведны дзеяслоў не зафіксаваны. Паводле Мартынава–Міхневіча (Маладосць, 1969, 4, 136), суфікс ‑ха‑ ў дзеяслове жихати < жити ўказвае на інтэнсіўнасць дзеяння, як грымець — грамыхаць. Такое ўтварэнне не вельмі тыповае, таму не выключана і аналогія ці сувязь са знахар ад знаць (Фасмер, 2, 101) як табуістычнай назвай (параўн. рус. жихарь ’злы дух’). Параўн. і назвы асоб з арганічным ‑х‑: бляхар, кажухар.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ня́нька 1 ’нянька, што даглядае дзяцей’ (Нас., Яруш., Пятк., Сл. ПЗБ, ТС), укр. ня́ньо ’бацька’, ня́ня, ня́нька ’нянька’, рус. ня́ня, ня́нька ’тс’, а таксама ’старэйшая сястра’, польск. niania, niańka ’нянька’, nana, nanka ’тс’ і ’маці’, чэш. ňano, naňka ’бацька’, дыял. (мар.) nána ’нянька’, славац. nano, ňaňa ’цётка’, в.-луж. nan ’бацька’, серб.-харв. на́на, не́на ’маці’, балг. не́ня ’сястра маці’, не́ни ’зварот малодшага да старэйшага’. Тыповае «дзіцячае» слова, узнікшае шляхам падваення складоў (мама, тата і пад.); «дыфузная» семантыка можа сведчыць пра самастойнае развіццё падобных слоў у асобных славянскіх мовах. Параўн. Фасмер, 3, 94; Махэк₂, 389; Шустар-Шэўц, 13, 987.
Ня́нька 2 ’калыска’ (кобр., ДАБМ, камент. 813). Гл. ненька.
Ня́нька 3 ’нанка, кітайка (від матэрыі)’ (Нас.). Відаць, запазычана з рус. на́нка ’тс’, што ў сваю чаргу з франц. nankin або ням. Nanking ад назвы горада ў Кітаі (Праабражэнскі, 592; Фасмер, 3, 41). Змякчэнне зычных цяжка вытлумачыць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)