скарб, ‑у, м.

1. звычайна мн. (ска́рбы, ‑аў). Грошы, каштоўныя рэчы, каштоўнасці. Мне не належаць скарбы і багацце. Кляшторны. Набыткі, скарбы, аддавалі ўсё, душы і сэрца толькі не давалі. Дубоўка. // Багацці прыроды, зямных нетраў. Хацеў на цябе паглядзець, Сібір, Стоячы з думай ціхай, Скарбы пабачыць тваіх глыбінь, Паветрам тайгі падыхаць. Калачынскі. Скарб палёў — збажыну, Што ўзрасціў чалавек, Перавозяць таварнякі. Прыходзька.

2. звычайна мн. (ска́рбы, ‑аў); чаго або якія. Духоўныя і культурныя каштоўнасці. [Народныя] масы не толькі вырабляюць матэрыяльныя каштоўнасці, неабходныя для жыцця і паступальнага развіцця грамадства, але і ствараюць яшчэ вялікія скарбы духоўнай культуры. Лушчыцкі. Мовазнаўца знойдзе ў творах .. [Коласа] скарбы народнай беларускай мовы, філосаф — нямала сапраўды філасофскіх праблем. «Полымя». // Багацці розуму, сэрца і пад. Хіба не трагічна, калі вялікія сыны народа .. вымушаны былі служыць чужой культуры, якую яны, па волі гістарычнага лёсу, узбагачаюць скарбамі свайго генія, свайго таленту. Майхровіч.

3. перан. Пра таго (тое), што мае асабліва вялікую вартасць. Добрыя кадры — гэта жывы скарб. Дуброўскі. Нават просты спеў птушыны Раджае ў сэрцах пачуццё, Што лепшы скарб — краса айчыны, Яе бясконцае жыццё! Кірэенка. Майстры сівыя навучаюць моладзь, перадаюць ёй скарб сваёй навукі і дзівяцца з таго, як хутка ловяць сакрэты ўсе іх маладыя рукі. Дубоўка. Скарб, а не дзяўчына, усё з паўслова разумее. Шыцік. // іран. ужыв. [Маці:] — Што ты нешта сёння з гэтым вужышчам усхадзіўся. Такі-та скарб. Пальчэўскі. // Пра вельмі дарагое, каштоўнае для каго‑н. Маша трымала на руках свой беленькі скарб — малое ў «канверце» — і ўсміхнулася мне, кіўнуўшы галавою. Брыль. Усяго некалькі слоў, але .. [роля] здавалася мне вялікім скарбам. Сяргейчык. Пабег шчаслівы Сцяпанка ў ток са сваёй пушачкай. Цешыла яго вельмі тое, што гэтага скарбу ўжо ніхто ў яго не адбярэ. Бядуля.

4. Каштоўнасць схаваныя, закапаныя дзе‑н. І раптам камсорг-прараб Спыніўся ўсхваляваны: — Глядзіце, знайшоў я скарб, Што быў карчмаром схаваны. Нядзведскі.

5. Багацце, маёмасць. Форма скарбу ёсць проста форма грошай, якія не знаходзяцца ў абарачэнні. Маркс. [Дзед Мікалай] вартуе начамі калгасны скарб. Якімовіч. І яго доля працы ўнесена ў агульны скарб дзяржавы. Алешка. / у іран. ужыв. Мужчыны адышлі ў куточак і падлічылі да капеечкі свой скарб. Пальчэўскі.

6. Разм. Пажыткі, хатнія рэчы. Снавалі дзеці і мужчыны, З сяней, з каморы скарб сцягалі І на вазы яго складалі. Колас. Увесь яго скарб умясціўся на возе: там ляжыць невялікі мех сухароў, сякія-такія транты. Сабаленка. Усюды на падлозе валяўся скарб — рэшаты, адзежа, кублы. Лупсякоў. За плячыма старой вісеў нейкі клунак, напэўна, з дамашнім скарбам. Мележ.

7. Уст. Дзяржаўная ўласнасць; казна. Былі там пасекі. Штогоду Тут сотні блізшага народу Дзялянкі лесу карчавалі І на трацяк іх засявалі — Капу да скарбу, дзве дадому... Колас. І грошы тыя начальства забрала да скарбу. Гарэцкі.

[Польск. skarb.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Расама́ха1 ’драпежная млекакормячая жывёла сямейства куніц, Gulo borealis’ (ТСБМ), ’звер расамаха, Chiromis’ (Байк. і Некр.), ’звер ласка, Mustela gulo’ (Некр. і Байк.), ’звер’ (Янк. 1; з заўвагай: “гэты звер тут не водзіцца”), ’звер’ (гом., ГЧ), ’хіжы звер у Сібіры’, ’воўк-канятнік’ (Ласт.), росома́ха ’драпежная жывёліна, расамаха(?)’ (ТС), параўн. укр. росома́к, росома́х, росома́ха ’звер Gulo gulo з сямейства куніц’, рус. росома́ха ’тс’, польск. rosomak ’тс’. Хутчэй за ўсё, старажытная назва; паводле Трубачова (ВСЯ, 3, 123), з больш ранняга *сорома́ха (< прасл. *sormaxa, параўн. літ. šarmuõ, šermuõ ’гарнастай, ласка, дзікі кот’), што спарадычна адзначалася ва ўкраінскіх і беларускіх дыялектах (Трубачоў у Фасмера, 3, 505, параўн. тураў. сарома́ха, гл.), з якога шляхам метатэзы складоў утворана сучасная назва. Бяднарчук (ABSl, 9, 46) схіляецца да балтаславянскага запазычання з уграфінскіх моў, параўн. марыйск. sõrmõ, šurmaŋšõ ’рысь’, саамск. čoŕma, čierma ’воўк’, вацяцк. śor ’куніца’ і інш. Ранняя фіксацыя ў наўгародскай берасцяной грамаце канца XIV ст. (Залізняк, Древненовг., 523) у форме росомуха (бѣла росомуха) ’нейкі пушны звер’ (гл. Чарных, 2, 123), як быццам, сведчыць пра такі шлях запазычання, аднак, у сувязі з гэтым, метатэза складоў павінна была адбыцца вельмі рана. Нельга выключыць, што на гэта магла паўплываць старая славянская міфалагічная назва са значэннем ’злы дух, страшыдла’, гл. расамаха2. Сляды рэальных ведаў пра нейкага драпежнага звера ўсё ж прысутнічаюць у гаворках, параўн.: росома́ха нападае на худобіну і задніцу вуесць; а ека та росомаха, то не ведаем (ТС); rosomácha, rysamácha ’расамаха’ (Арх. Федар. з заўвагай: “Вынішчана ў слонімскіх лясах у 1831 г.”). Табуізацыя першапачатковай назвы і яе сувязь з *sorom (< і.-е. kʼormos, гл. сорам, што звязваецца з старой назвай куніцы і.-е. kʼor‑mōn), на якой настойвае Трубачоў (ВСЯ, 3, 120–124), таксама можа тлумачыцца ўплывам міфалагічнага персанажа. Меркаванні аб шляхах пранікнення назвы ў іншыя еўрапейскія мовы з усходу, а таксама аб магчымых крыніцах запазычання, гл. Брукнер, 463; Кіпарскі, ZfslPh, 20, 359 і наст.; Фасмер, 3, 504505; SEK, 4, 209.

Расама́ха2 фальк. ’страшыдла ў вобразе жанчыны, у якой распушчаныя валасы і стальныя грудзі, ёю страшаць малых дзяцей’ (Янк. 1), ’злы дух у постаці чалавека з звярынай галавой і лапамі, жыве ў каноплях’ (Ласт.), ’персанаж з дэманалогіі’ (Сержп. Грам.), ’нечысць, ёй становіцца маці, забіўшая сваё дзіця і ўтапіўшаяся’ (гом., ГЧ), расама́ка: расамака жыве ў каноплях, а русалка ў вадзе (валож., Жд. 2), перан. ’неахайная жанчына’ (барыс., там жа), ’няўклюда’ (пухав., Жыв. сл.), ’непрычэсаная, неахайная жанчына’ (Мат. Маг.), росома́ха ’жанчына з распушчанымі, непрыбранымі валасамі’, ’пра неахайную жанчыну (у параўнанні)’: ідзе бі росомаха; роспейсаласа, як росомаха (ТС), расама́ха ’неахайная жанчына’ (смарг., Сл. рэг. лекс.), ра́сумак ’непрычасаны чалавек’: ходзіш, як расумак (Мат. Маг. 2), русума́ка ’нямыты, мурза, няхлюя’, русума́чка ’мурза, смаркачка’ (Нас.). Параўн. укр. росома́к, росома́х, росома́ха, рус. дыял. росома́ха ’міфічная істота з доўгімі распушчанымі валасамі’, ’неакуратная, неахайная жанчына; лахудра’; магчыма, сюды таксама літ. razumùkas, razimùkas ’пачвара, страшыдла, што сядзіць на гарышчы’, ням. прус. Rosemòck, Rosumòck, Rasumùck ’страшыдла, прывід; неспакойны, благі, неахайна апрануты чалавек’, ням. дыял. Rosemock ’дэман, якім страшылі дзяцей; бялізны чалавек, волат’ (Кіпарскі, ZfslPh, 20, 365; SEK, 4, 209). Няясна. Звычайна выводзяць з расамаха1 на падставе пераносу назвы паводле знешняга вобліку звера, які, аднак, на большасці тэрыторый, дзе ўжываецца слова ў дэманалагічным і пеяратыўным значэнні, застаецца невядомым. Звяртае на сябе ўвагу характаралагічны прызнак — наяўнасць растрапаных валасоў ці краёў адзення, што дазваляе звязаць названыя формы з варыянтнай асновай *ręs‑ (параўн. расаматы, раса́2, гл.), *ros‑/*rus‑ (параўн. роса́ўка, руса́ўка: у руса́ўкі жэлезные цыцкі і косы роспушчэны; ру́савы дзед, гл.), *ras‑ (ра́ся ’неахайная жанчына’, гл.). Страхаў (Paleoslavica, 13, 1, 6–8) першасным значэннем лічыць ’непрычасаная, растропа’ і праз рус. дыял. (іванаўск.) россома́ха ’развілістае дрэва’ з устаўным экспрэсным суфіксам ‑(о)ма‑ (параўн. рус. костома́ха ’вялікая костка’) збліжае з рассо́ха (гл. расоха, расахатае дрэва), якое можа мець другаснае значэнне ’неахайная, непрычэсаная’, параўн. каш. rosoxa ’жанчына з заблытанымі валасамі’, rosoxati ’лахматы, калматы’, гл. расахаты ’раскудлачаны’: расахатая галава (Сл. ПЗБ). У такім выпадку расамаха2 < расоха (“з пашыранай асновай”, там жа), а расамаха1 ў выніку пераносу назвы на Gulo borealis па табуістычных меркаваннях. Аднак трактоўку пачатку слова як прыстаўкі рос‑ (< *orz‑) у святле існуючых варыянтных форм нельга прызнаць пераканаўчай. Па тых жа меркаваннях нельга прыняць этымалогію Чарных (2, 123) з *розсъмокъ (параўн. старыя напісанні разсамака, рассамак, розсомахи, XVII ст.), што да смок (< съмок) ’змей, цмок’ і далей да смактаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)