тужлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Прасякнуты тугой, поўны тугі. З неба даносяцца тужлівыя крыкі: «Курлы! Курлы!» Даніленка. Толькі ўзняўся .. [Корбут], ля вогнішча стаў. І заспяваў. Тужлівая такая песня. Сумная. Савіцкі. Ціхім жалем веяла ад аднатонных малюнкаў палескіх куткоў, дзе ўсё ж такі жыццё стварала своеасаблівыя формы і, нягледзячы на ўбоства, мела сваю павабнасць і хараство, свой твар, поўны тужлівага задумёная. Колас. // Які выяўляе тугу. Пастарэла, вельмі пастарэла ты, мама .. У куточках рота назаўсёды ляглі тужлівыя складкі, у вачах — глыбокі смутак. Каршукоў. Погляд .. [Срэбнікава] стаў зусім ужо нясцерпна тужлівы. Быкаў.

2. Які наганяе тугу, выклікае тугу. Была тужлівая цішыня, душная цемра,.. страх сціснуў сэрца дзяўчынкі. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маты́ў, ‑тыву, м.

1. Прычына, падстава для якога‑н. дзеяння. Матывы асабістага парадку хілілі .. [Аўгіню] у процілеглы Васілю бок. Колас.

2. Прасцейшая рытмічная адзінка мелодыі, адна з састаўных частак мелодыі. // Мелодыя, напеў. Зіна падабрала матыў, і дзяўчаты пачалі спяваць песню. Жычка. Матыў падхоплівае дружны дзявочы хор, і песня льецца над прырэчнымі прасторамі, залітымі сонцам. Дуброўскі.

3. Прасцейшая састаўная частка сюжэта; тэма ў творах мастацтва. У .. вершах [Я. Купалы] было многа сумных і нярадасных матываў, бо сумная і нярадасная была і рэчаіснасць, з якой ён чэрпаў тэмы сваіх твораў. Шкраба. [Бацька] угледзеў малюнак над ложкам — першы жоўты кляновы ліст падае з дрэва — і падумаў, што ў малюнках пераважаюць асеннія матывы. Шамякін.

[Фр. motif.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сіратлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, як у сіраты. Сіратлівы выгляд. // Які праходзіць у адзіноце. Сіратлівая старасць. // Поўны пачуцця пакінутасці, адзіноты. Над лугам загаласіла — той самай жніўнаю песняй — жалейка. Сіратлівая, сумная песня!.. Брыль. Не было каму сагрэць яго сіратлівае сэрца. Валасевіч.

2. перан. Які знаходзіцца асобна ад іншых; адзінокі. Далёка сіратлівыя Мігаюць аганькі. Танк. Увосень.. разгорнецца дзе над каляінай позні, сіратлівы малачайнік. Чорны. // Сумны, маркотны, бязрадасны. Як толькі больш прыкметна адчувалася дыханне восені, з дуба з нейкім сіратлівым, ледзь чутным шорахам зляталі адзін за другім лісты. Даніленка. Мой родны, сіратлівы дом — Бязлісты вяз з пустым гняздом, Але ўжо ловіць прагны слых Ваш лет, далёкія буслы. Вітка. Поле ляжала сумнае, сіратлівае. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адчувае сум, смутак; смутны, маркотны. Надзя .. была сумная і сядзела моўчкі, у яе сёння была непрыемная размова з бацькам. Шахавец. // Які мае схільнасць смуткаваць. [Веры Антонаўне] ўспамінаўся першы муж — сумны дома і апатычны на рабоце. Карпаў.

2. Які выражае сум, смутак. [Вера] выходзіць з машыны. Бледная, з вялікімі сумнымі вачыма. Мікуліч. Джыавані хацеў сказаць, што ён павінен быў сустракаць чалавека, але, зірнуўшы на сумныя твары сваіх блізкіх, прамаўчаў. Лынькоў. — Мо недзе прыпыніліся яны [сыны], Салодка спяць, а сумны матчын голас Хіба ўстрывожыць светлыя іх сны? Кірэенка. // Жалобны, смутны. Вось сумнае наша застолле — Старыя, малыя сышліся, І пара да самае столі Стаіць над жалобнаю місай. Вітка.

3. Які мае ў сабе што‑н. сумнае; поўны суму. Паплылі думкі, сумныя, адчайныя, нейкія недарэчныя. Гамолка. / у знач. наз. су́мнае, ‑ага, н. Разам з усім станоўчым, радасным, што сустракалі [дэлегаты] ў сваім падарожжы, было нямала і сумнага. Брыль. // Які праходзіць у смутку, суме; бязрадасны, цяжкі. Сумнае дзяцінства. □ Два лёсы — новы і стары; сённяшняе жыццё як процілегласць сумнаму мінуламу. Перкін. // Непрыемны, прыкры. Сумныя весткі. □ Я стаў перад сумным фактам: многае з таго, што раней пісалася, прыйшлося абмінуць, у кніжку не ўключыць. Скрыган. [Рыма:] — Я з сумнаю навіною да вас... Гартны.

4. Які выклікае, навявае сум, смутак. Тракт сумны загушкаў Паэта ў дарозе. Прыпынак. І — Пушкін Ужо на Лучосе. Калачынскі. Узышоў месяц і ліў над зямлёй сваё сумнае серабрыстае святло. В. Вольскі.

5. Які выклікае нуду; нецікавы. Ніколі раней .. [Маша] не чула ад .. [Васіля] гэткіх слоў і лічыла чалавекам сухаватым, .. сумным у жыцці. Шамякін. На момант работа здалася Ларысе сумнай і непатрэбнай. Даніленка.

6. Заганны, нядобры; ганебны. Сумная слава.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маўклі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не любіць многа гаварыць; негаваркі. Віктараў бацька быў разважлівы, маўклівы, гаварыць многа не любіў, затое словы яго ніколі не разыходзіліся са справай. Гроднеў. Ганна Сцяпанаўна была не з маўклівых, і трэба было ўвесь час весці з ёй размову. Шыцік. // Які маўчыць, не ўступае ў размову. Праводзячы .. [Марыю], маці ўпотай плакала, а бацька ішоў маўклівы і сумны. Кулакоўскі. Байцы спалі, толькі каля зямлянак і пры ганках хадзілі маўклівыя вартавыя. Мележ. // перан. Поўны маўчання, нямы. Дубы стаялі маўклівыя, паважныя, ні адзін лісток не трапятаўся на іх. Шамякін. Ноч надыходзіла цёмная, маўклівая, па-асенняму сумная і непрыветная. Чарнышэвіч.

2. Зразумелы без слоў. У маўклівай згодзе абое [Агапа з Ігнасём] стараліся менш паказвацца ў людзі. Мурашка. // Які не суправаджаецца словамі. Маўклівае здзіўленне. □ Колькі хвілін дзве пары вачэй былі ў маўклівым спаборніцтве. Мікуліч. Старшыня калгаса згадзіўся [склікаць сход] з маўклівым, але прыкметным нездавальненнем. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абудзі́цца, абуджуся, абудзішся, абудзіцца; зак.

1. Перастаць спаць, прачнуцца. Абудзілася Вера ад лёгкага стуку ў акно. Паслядовіч. Узяўся [Міхалка] за ключ. Павярнуў раз і абамлеў: ключ.. так загрымеў, што напэўна ўсе абудзілася. Колас.

2. перан. Перастаць быць спакойным, напоўніцца чым‑н. Барсукова Гара, дзе вызначана было чатырыста пнёў лесу на школу, маўклівая і па-зімоваму сумная, аднае раніцы абудзілася вясёлым гоманам. Крапіва. // Вярнуцца да жыцця, дзейнасці, аднавіць жыццёвыя працэсы. Прырода абудзілася да новага жыцця. Мурашка.

3. перан. Узнікнуць, выявіцца (пра пачуцці, уласцівасці, якасці). — От, паненачка, набраліся б вы з панічом, далібог, — з жарам і зусім іншым тонам прамовіла бабка, і ў ёй адразу абудзілася жанчына-свацця. Колас. [Іван] спазнаў ужо прыхільную лагоднасць.. [Джулінай] душы, да якой міжвольна памкнуўся і сам, і ў ім абудзілася даўно ўжо не адчуваная патрэба ў шчырасці. Быкаў.

4. перан. Ачнуцца. Сход абудзіўся ад маўчанкі і ўспыхнуў смехам. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

імгла́, ‑ы, ж.

1. Ападкі ў выглядзе вельмі дробных кропелек вільгаці; імжа. Над хатай Біруковых шумела рабіна, бо вецер пабольшаў і восеньская імгла пачынала пераходзіць у дробны дождж. Кулакоўскі. Імгла дробнымі кропелькамі асядала на суконную світку, на шапку, на твар. Чарнышэвіч. // Крышталікі інею ў паветры, дробны снег. Марозная імгла. □ Час прыйшоў ўставаць, пачынала світаць. За мяцельнай трухою дарог не відаць. Як развітваўся з ёй, снег сляпіў іх імглой. Куляшоў.

2. Пялёнка туману, дыму, пылу; смуга. А магчыма, тут і сапраўды стаяла імгла з выпарэнняў і пылу. Карпаў. Мы багну ўздымалі з адвечнай дрымоты, Каналамі рэзалі нетры балотаў — І з тванню знікала туманаў імгла. Броўка.

3. перан. Пра тое, што перашкаджае добра бачыць, успрымаць навакольнае. Стаіць пастух, А вочы наліваюцца імглой... Танк. // Выраз смутку, задуменнасці на твары, у вачах і пад. Накрыла ясны твар дзявочы Задумы сумная імгла. Багдановіч.

4. перан. Пра што‑н. невыразнае, незразумелае, забытае. З імглы ўспамінаў ўстаюць: Пакінутыя лес і нівы, Дзе хмары над рачным абрывам Чаўнамі белымі плывуць. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў кроўнай роднасці па прамой лініі. Родны бацька. Родная цётка. Родны брат. □ Я хачу, каб называўся камуністам Родны сын мой, а таксама сынаў сын. Куляшоў.

2. у знач. наз. ро́дныя, ‑ых. Сваякі. Кожны год праводзяцца сустрэчы партызан з былымі кіраўнікамі партызанскага руху на Беларусі або з роднымі і блізкімі герояў-землякоў. Кулакоўскі.

3. Звязаны з месцам нараджэння каго‑н. (пра горад, край і пад.). Родная вёска. Родны лес. □ Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы! Колас. Не вецер лісцем шастае, Не рыпае кара — Лявон глухою сцежкаю Ідзе ў родны край. Панчанка. Вобразы прыроды былі для Багдановіча сімвалам вечнасці чалавека на зямлі, магутнасці народа, неўміручасці роднага краю. Лойка.

4. Дарагі, блізкі сэрцу. Напалоханыя вочы мацеры... І радасць, і страх на яе такім жа родным, такім жа блізкім твары... Лынькоў. Родным далёкім іржаннем адклікаецца Віхор з цемры хвойніку. Бядуля. Побач з ёй бясконца родны голас кажа: — Лепш, табе, Валя? Брыль. // (у звароце). Любы, дарагі, мілы. [Свякруха:] — Што ж гэта ты такая сумная, нявестачка? Замар[д]авалася, родная? Мележ.

•••

Родны склон гл. склон.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паплы́сці і паплы́ць, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. паплыў, ‑плыла, ‑плыло; зак.

1. Пачаць перамяшчацца па паверхні вады або ў вадзе ў пэўным напрамку. Ліда раней за ўсіх зайшла на глыбокае месца, акунулася і паплыла. Шамякін.

2. перан. Пачаць павольна, плаўна перамяшчацца, рухацца. Воблака шызага дыму паплыло па алешніку. Лынькоў. Птушкі выгнулі шыі і, ляніва махаючы крыламі, паплылі да цёмнай паласы высокага лесу. Федасеенка. / Пра месяц, сонца. З марской глыбіні вынырнула і паплыло ўгору сонца. Рамановіч. / Пра гукі, пахі. Сумная мелодыя паплыла над соннай вёскай. С. Александровіч. Неўзабаве ў талерках заблішчала бурштынавымі плямамі звараная з баранінай капуста, з печы паплыў прыемны пах смажанага. Хадкевіч. // Пачаць распаўсюджвацца, перадавацца (пра чуткі). Чуткі пра бандытаў паплылі па ўсіх ваколічных вёсках. Чарнышэвіч. // Пачаць прабягаць перад вачыма таго, хто едзе на чым‑н. Міма акна [вагона] паплылі закопчаныя будынкі таварнай станцыі, склады, пакгаузы. Навуменка. Зноў пад крылом самалёта паплылі руіны. Карпаў. // Аб чым‑н., што здаецца рухомым чалавеку ў паўпрытомным стане. Мне зрабілася млосна, крывавая пляма паплыла перад вачамі. Шамякін. // Праходзіць, узнікаць у памяці (пра думкі, вобразы і пад.). І вось ужо аднекуль, з глыбіні, з самага дна памяці паплыло, паплыло мінулае, перажытае. Сачанка. Паплылі, чапляючыся адзін за адзін, успаміны. Скрыган. Самі сабой лёгка паплылі думкі, чыстыя і ясныя. Мележ. // Пайсці няспынным патокам (аб паперах, пісьмах і пад.).

3. перан. Пачаць праходзіць, мінаць. Пацякла, паплылі за гадамі гады... Купала. І паплылі дні, быццам журавы Над свежымі пакосамі травы. Танк. Жыццё маладых Дубінскіх спачатку паплыло роўна, спакойна, ціха. Ядвігін Ш.

4. Пайсці плаўнай паходкай. Гаспадары сустрэлі Таццяну ветліва. Цяжарная Вера хутка кінула шыццё і паплыла насустрач сяброўцы. Шамякін. // Лёгка і плаўна пачаць танцаваць. На выклік Лазавога Люба.. адарвалася з месца і чайкай паплыла па хаце. Васілевіч.

5. Пачаць растоплівацца, расплывацца. Тры дні не па-сакавіцку, а па-майску пякло сонца — і адразу паплыў снег, разліліся ручаі, зрабілася стракатым поле. Шамякін.

6. Разм. Пацячы, паліцца. Па жолабе ў коўш спакойна паплыў агністы паток [чыгуну]. Карпаў. / Пра сыпучыя рэчывы. Жыта паплыло з каша ў латочак вадзяным плавам. Баранавых.

7. перан. Разм. Пачаць знікаць, пераходзячы з адных рук у другія. Зброя са склада паліцэйскага ўчастка паплыла праз сувязных у лес. Новікаў.

паплы́ць,

гл. паплысці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)