Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БІЛЮ́НАС ((Biliūnas) Іонас) (11.4.1879, в. Нюроніс Анікшчайскага р-на, Літва — 8.12.1907),
літоўскі пісьменнік. Вучыўся ў Юр’еўскім (Тартускім), Лейпцыгскім, Цюрыхскім ун-тах. Сябраваў з Цёткай (А.Пашкевіч). Майстар лірыка-псіхал. навелы. Аўтар каля 30 апавяданняў (кн. «Розныя апавяданні», «Палка. Жабрак. Госці. Канец Брысюса», абедзве 1906, і інш.), аповесці «Сумная казка» (1907), літ.-крыт. і публіцыст. артыкулаў. Галоўная тэматыка — пакуты пакрыўджанага жыццём чалавека, лёс і жыццё рабочых. На бел. мову асобныя творы Білюнаса пераклалі П.Аляксюк («Наша ніва», 10.12.1909), І.Сакалоўскі (у зб-ках «Літоўскія апавяданні», 1957; «Бурштынавыя пацеркі», 1984).
А.Лапінскене.
т. 3, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕ́ЦІ ((Onetti) Хуан Карлас) (н. 1.7.1909, г. Мантэвідэо, Уругвай),
уругвайскі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў новай лац.-амер. прозы. На пачатку творчасці зазнаў уплыў філасофіі экзістэнцыялізму. Аўтар зб-каў апавяданняў «Самае жахлівае пекла» (1962), «Сумная, як яна» (1963), аповесцяў «Калодзеж» (1939), «Для адной безыменнай магілы» (1959), раманаў «Нічыйная зямля» (1941), «Кароткае жыццё» (1950), «Верф» (1961), «Хунтакадаверэс» (1964), «Дадзім слова ветру» (1978), «У тыя часы» (1987) і інш. Паўфантастычныя сюжэтныя сітуацыі ў творах Анеці часам набываюць сімвалічнае гучанне; з глыбокім псіхалагізмам даследуе пачуццё бяссілля, прыгнечанасці, працэс разрыву герояў з рэчаіснасцю варожага свету. Прэмія М.Сервантэса (1980).
Тв.:
Obras completas Mexiko, 1970;
Рус. пер. — Короткая жизнь. Верфь: Романы;
Повести и рассказы. М., 1983.
Х.-К.Папок.
т. 1, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЛЮ́К (Валерый Васілевіч) (н. 30.3. 1953, в. Ропна Полацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. рэжысёр. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979). З 1979 рэжысёр Бел. т-ра імя Я.Коласа (у 1993—96 дырэктар і да 1997 маст. кіраўнік). У 1981—83 працаваў гал. рэжысёрам Магілёўскага абл., у 1983—91 Дзярж. рус. драм. т-раў. У рэжысуры спалучае псіхалагізацыю характараў з вобразнай умоўнасцю сучаснай тэатр. эстэтыкі. Лепшыя спектаклі М. вызначаюцца яркай відовішчнасцю, метафарычнасцю, асацыятыўнасцю, уменнем раскрыць акцёрскую індывідуальнасць. Сярод пастановак: у Бел. т-ры імя Я.Коласа — «Клеменс» К.Саі і «Стары дом» А.Казанцава (1980), «Закон вечнасці» паводле Н.Думбадзе (1981), «Кароль Лір» У.Шэкспіра (1994), «Размова ў доме Штайн пра гэра фон Гётэ, якога ў гэты час проста няма» П.Хакса (1995), «Жаніцьба» М.Гогаля і «Час быка» Саі (1996), «Сола для гадзінніка з боем» О.Заградніка (1998); у Магілёўскім абласным драм. т-ры (у спектаклях выступаў і як акцёр) — «Візіт дамы» Ф.Дзюрэнмата (1981), «Тутэйшыя» паводле твораў Я.Купалы (і роля Мікіты Зносака), «Каханне, джаз і чорт» Ю.Грушаса (роля Андруса) і «А хтосьці выпаў з гнязда» паводле Д.Васермана (роля Мак Мэрфі; 1982); у Дзярж. рус. драм. т-ры — «Гамлет» У.Шэкспіра, «Усё ў садзе» Э.Олбі і «Бабскае царства» Ю.Нагібіна (1984), «Знак бяды» паводле В.Быкава (1985; Дзярж. прэмія Беларусі 1986), «Апошні наведвальнік» У.Дазорцава і «Царства зямное» Т.Уільямса (1986), «Начныя карлікі і Антыгона» Л.Разумоўскай і «Ноч анёла» А.Розанава (1987), «Майстры» А.Дударава паводле М.Булгакава і «І быў дзень...» («Сметнік») Дударава (1988). Аўтар п’ес «Судны дзень» (разам з В.Казько, паст. 1982), «Начное рандэву», «Чароўная кашуля» (абедзве паст. ў 1992), «Вялікая сумная рыбіна, якая чакае» (паст. 1995), «Пакахай мяне, салдацік» паводле аповесці Быкава (паст. 1997), «Кацігарошак» паводле бел. фальклору (паст. 1998), «Пад сонцам» (паст. 1999), вершаў у зб. «Сцяжына» (1983).
Літ.:
Гаробчанка Т. Свой шлях у мастацтве // Мастацтва Беларусі. 1984. № 11.
Т.Я.Гаробчанка.
т. 10, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)