Лы́чыкі ’трэскі, стружка з ляшчыны’ (зэльв., Сл. ПЗБ), лы́чына ’палоска лубу з карой’ (в.-дзв., там жа). Да лыка1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ашчэ́пак ’асколак’ (КТС), рус. ощепок ’рэшткі палена для лучыны’, харв. oštepakстружка’, славен. ščépək ’асколак’. Да прасл. ščepъ, параўн. шчапаць ’калоць, расшчапляць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пакруча́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае многа крутых звілін. Пасярэдзіне лугоў цякла пакручастая рака з зялёнымі палоскамі лазнякоў паабапал. Хадкевіч. Дарога лясная, вузкая, пакручастая, машына ідзе марудна. Гамолка.

2. Такі, які завіваецца, не прамы, не гладкі. Пакручастая стружка. Пакручастыя валасы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпі́ндэль, ‑я, м.

1. Вал металарэзнага станка з вярчальным рухам. Токар замацаваў у шпіндэлі доўгі вал, уключыў рухавік, і з-пад разца пачала завівацца сіняватая стружка. Чаркасаў.

2. Верацяно ў прадзільнай машыне.

3. Вось якога‑н. механізма, прыстасавання (катушкі, суднавага шпіля і пад.).

[Ням. Spindel.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спіра́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Памянш.-ласк. да спіраль (у 1, 2 знач.). Спрытна хадзіў у яго руках рубанак, і тонкая стружка, завіваючыся ў залацістыя пад сонцам спіралькі, з ціхім шолахам ападала на дол. Лынькоў. З гэтых дроцікаў трэба было скруціць спіральку і пакласці на рэйку. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ля́мка1 ’шырокі рэмень са скуры ці моцнай тканіны, які перакідваецца цераз плячо пры перацягванні, пераносцы грузу’, (перан.) ’ярмо, непрыемны абавязак’ (ТСБМ, Нас., Касп., Бяльк., Яруш.). Укр. ля́ма, ля́мка ’тс’, ’шлейка’, рус. ля́мка ’тс’, ’стружка’, ’вяроўка’, ’пятля’, ’торба’, ’рукзак’, ст.-рус. лямка ’лямка’ (XVII ст.). У рус. мове гэта запазычанне з фін. lämsä ’пятля, повад, аркан’, саамск. карэльск. lamca ’вуздзечка’, саамск. нарв. lavčče, комі letš ’пятля’ (Каліма, 153). Больш падрабязна гл. Фасмер, 2, 551.

Ля́мка2 ’пруг з тоўстага сукна’, ’надточаная частка падола ў світцы, спадніцы з іншага матэрыялу’ (Жд. 1, Бяльк., Нас.; смарг., Сл. ПЗБ). Запазычана з польск. lama, lamka ’аблямоўка, абшыты падол адзежыны’ (Слаўскі, 4, 36).

Ля́мка3 ’манішка’ (рас., Шатал.). Да лямка2 (гл.), аднак пры ад’ідэацыі семантыкі лексемы ля́мец ’каўнер’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэ́ска ‘тонкі кавалак дрэва, адчасаны ад бервяна, палена; шчэпка’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Сержп. Прык., Ласт., Бяльк., Шат., Касп., Байк. і Некр., ТС, Сцяшк., Др.-Падб., Растарг.), трі́ска ‘тс’ (кам., Бес., Горбач, Зах.-пол. гов.; Сл. Брэс.), tryèska ‘тс’ (Федар. 4), ст.-бел. треска ‘тс’, ‘стрэмка’, ‘парушынка’ (ГСБМ). Укр. трі́ска, трі́сочок ‘тс’, рус. тре́ска, треска́ старое ‘жэрдка, шост, палка’, новае ‘трэска, лучына для рашэцін пад тынк’, пск. тре́ска, мн. л. тре́ски ‘шчэпка, дранка’, ‘драўляныя асколкі’; польск. trzaska ‘трэска’, ‘стружка’, н.-луж. tśĕska, в.-луж. třĕska, чэш. tříska, славац. tríeska ‘тс’, ‘стрэмка’, славен. tréska, tŕska і trskà, харв. trijèska, чак. trîska, серб. тре̏ска, тре́ска ‘трэска; габлюшка’, балг. треска̀ ‘тс’, макед. треска, дыял. тра́ската ‘трэска, падпалка’, рус.- ц.-слав. трѣска. Прасл. *trěska ‘трэска’, ‘пацяруха’ (Сной₂, 788), роднаснае прасл. *trěskati ‘таўчы, біць, разбіваць’, *trěščiti ‘ўдарыць’ (Міклашыч, 361; Фасмер, 4, 100; Махэк₂, 658; Брукнер, 579; Голуб-Ліер, 492; ЕСУМ, 5, 645). Да трэск (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Івярэ́нь ’пень’ (Мат. Гом.), ’трэска’ (Маш., 74), і́вірынь ’старчаком’ (Бяльк.). Рус. дыял. и́верень ’асколак’, ’вырваны кусок’, ’зарубка на бервяне’, ’няроўнасць, шурпатасць на вычасаным дрэве’, ’загана, шчарбіна, трэшчына (на посудзе)’, ’выгіб, зігзаг’, и́вор ’кусок, частка, асколак чаго-н.’, и́вернем ’зігзагам, выгібам’, ’няроўна’, укр. и́верь ’зарубка ўпоперак дрэва’, и́верень ’трэска, адсечаная ўпоперак дрэва’ (Грынч.), польск. wiór ’трэска’, ’стружка’, палаб. jėver ’трэска’, чэш. дыял. iver ’тс’, славац. íver ’абрубак, трэска’, славен. ivȇr ’трэска, абрэзак’, серб.-харв. и̏ве̑р ’трэска’, балг. и́вер ’тс’, макед. ивер, иверка ’тс’. Ст.-рус. иверень ’трэска, асколак’, ’вырваны ці выразаны кусок’ (XVII ст.), ст.-бел. иверь, иверень ’асколак, трэска’ (Гарб.). Вытворныя формы на ‑ень толькі на ўсходзе слав. тэрыторыі. Прасл. *jьverъ (Трубачоў, Эт. сл., 8, 250–251) ці *iverъ звязваюць з *verti (гл. вярцець). Бернекер, 1, 439; Трубачоў, Этимология 1970, 18. Супастаўленне са ст.-інд. vr̥çcáti ’адсякае, коле, валіць’ (Гараеў, 120; Младэнаў, 196) выклікае пярэчанні фанетычнага характару. Махэк₂ (213) недастаткова абгрунтавана прапануе сувязь з iskať ’шчапаць’, адсюль i‑ver‑o, дзе корань i < iz‑ < eiz‑ < eiǵ + суф. ‑ver‑. Дыскутуецца і паходжанне пачатковага i‑: у ім бачаць прыстаўку *jь (Трубачоў, Эт. сл., 8, 251), пратэзу (Бернекер, 1, 439; Міклашыч, 97, з сумненнем) ці, што мала верагодна, прыдыхальны i‑ (Брукнер, 623).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́мец1, ляме́ц, ля́мац, ля́мяц, ля́міц, ле́мыц, ля́мэць ’тоўсты, шчыльны матэрыял, звалены з воўны, шэрсці’ (ТСБМ, Грыг., Гарэц., Уладз., Нас., Шат., Касп., Растарг., ТС, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ’пракладка з лямцу ў хамуце пад хамуцінай’, ’лёгкая пракладка з саломы ці лямцу пад клешчамі’, ’падхамутнік’, ’потнік’, ’від хамута’ (Маслен., Бяльк., Нас., Сл. ПЗБ, Касп.), ’лямка, шляя’ (Др.-Падб.), ’ярмо, цяжкая работа’ (Мат. Гом.), ’ільняны або саламяны абруч, на які паляшучкі накручвалі валасы’ (Малч., Тарн., Маш., Сержп. Грам.; мазыр., Шпіл.), ля́мцы ’непрычасаныя валасы’ (клец., Нар. лекс.), ’каўтун’ (Мат. Гом.), ля́мчыцца ’збівацца ў камяк, каўтуны’, ля́мчыць ’валіць воўну’ (Нас.; КЭС, лаг.; ТСБМ, ТС), ля́мец ’пласт гною, сена і інш.’ (жытк., Нар. словатв.; ТС). Укр. ля́мець, рус. ля́мец ’тс’, польск. lamec ’тс’, lemiec, чэш. límec, lémec ’каўнер’. Няясна. Фасмер (2, 551) рус. лексему выводзіць з польск. lemiec ’каўнер’, адкідаючы версію Бернекера (1, 700), які ўзводзіць гэту лексему да франц. lame ’палоска, тонкі дрот’. Слаўскі (4, 39) дапускае бел. мову ў якасці крыніцы для запазычання з польск. lamiec або з ням. Lahn‑tresseстружка, галун з шоўку’. Карловіч (Wyr. obce, 335) і Брукнер (290) лічаць крыніцай с.-в.-ням. lîm ’рамка, аблямоўка’. Махэк₂ (326) лічыць роднасным (да чэш. lem ’тс’) грэч. λῶμα ’аблямоўка’.

Ля́мец2 ’гультай’ (Мат. Гом.). У выніку семантычнага пераносу з ля́мец1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лы́нда1 ’неахайная, гультаяватая асоба’ (брэсц., Нар. лекс.), ’пасялуха’, ’дарослая, але не сур’ёзная дзяўчына’ (касцюк., Мат. Маг.), ’гультай’ (смарг. Сцяшк. Сл.), ’валацуга, абібок’ (пін., Нар. лекс.; ігн., шчуч., Сл. ПЗБ), лынду́ля, лынду́лька, лынду́ліна, лынду́лішча ’гультай’ (Юрч. Вытв.), а таксама лы́нда ’дзяўчына-падлетак на высокіх нагах’ (КЭС, лаг.), лы́нды, в.-дзв. лы́нты, шальч. ’лыткі’, шальч., воран., даўг. ’калені’ (Сл. ПЗБ), навагр., слонім., брасл. ’ногі’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ), ’тоўстыя ногі’ (гродз., Мат. АС) у выразе: лынды біць ’гультаяваць, бадзяцца без справы, займацца непатрэбнай работай’ (Некр., Янк. БП і БФ, ТСБМ, Шат., Касп., ТС, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.; бялын., Янк. Мат.), лынды збіваць ’тс’ (Гарэц., Дразд., Сл. ПЗБ) — да лы́ндаць (гл.).

Лы́нда2 ’страва з бульбы і льнянога семя’ (петрык., Мат. Гом.). Рус. белам., арханг., кольск. ли́нда ’мучная поліўка з рыбы або аленіны’, алан. ли́ндушка ’вадкая каша з проса і грэчкі’. З карэльск. linda ’поліўка’, фін. linta ’тс’ (Каліма, 152; Фасмер, 2, 498).

Лы́нда3 ’вузкая палоска зямлі, загон’ (шчуч., З нар. сл.; воран. Сцяшк. Сл.). Няясна. Магчыма, з ле́нтастружка’, параўн. рус. валаг. ле́нда, ле́нта ’палоска хваёвага лубу’ — так, як шнур ’адзінка вымярэння даўжыні’ стаў абазначаць плошчу. Пра лыка як мерку гл. Скурат (Меры, 21–22). Аднак не выключана, што лында3 звязана з лында1 ’нага’ — у якасці меры ўжываліся і іншыя назвы цела чалавека: галоўка, лантух, пядзь, лыткай (гл.). Пасля, калі носьбітамі мовы забылася ўнутраная форма слова, мера перайшла на прадмет, паняцце, для вымярэння якога яна служыла.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)