Паспе́х ’паспешнасць’ (Нас., Грыг.), ’празмерная хуткасць’ (ТСБМ), ’паскарэнне’ (Гарэц., Касп., Др.-Падб.), поспех ’спорнасць, хуткасць’ (ТС). Укр. по́спіх, рус. поспе́х, польск. pośpiech, н.-, в.-луж., чэш. pospěch, славен. pospȇh, ст.-слав. поспѣхъ ’паспешнасць’, ’паскарэнне’, ’садзейнічанне’. Прасл. pospěxъ было, відаць, утворана ад дзеяслова po‑spěšiti, у якім прэфікс po‑ павялічвае значэнне дзеяслова. Да спех, спяшы́ць (гл.). Сюды ж паспяшны́ ’ранні (напр., капуста)’ (лід., Сл. ПЗБ), пасьпе́шка ’ранні сорт бульбы, скараспелка’ (Касп.; в.-дзв., астрав., смарг., Сл. ПЗБ), параўн. польск. pośpiechy ’тс’. Гл. таксама поспех.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спець ‘рабіцца спелым, выспяваць (пра гародніну, злакі і пад.)’ (ТСБМ, Ласт., Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр. спі́ти, рус. спеть, стараж.-рус. спѣти ‘спяшацца, імкнуцца, садзейнічаць’, польск. śpiać ‘спяшацца, наганяць’, в.-луж. spěć ‘удавацца’, чэш. spěti ‘спяшацца’, славац. spieť ‘тс’, серб.-харв. до́спијети ‘даспець, паспець’, славен. spéti ‘спяшацца, спець’, балг. спе́я ‘спець’, ст.-слав. спѣти, спѣѭ. Прасл. *spěti, *spějǫ ‘спець; спяшацца; дасягаць’ роднаснае літ. spė́ti ‘паспяваць; мець час, мець вольны час’, лат. spẽt ‘пераадольваць, магчы’, ст.-інд. sphāyāte ‘ён працвітае, сыцее’, ст.-в.-ням. sputen ‘спяшацца’, лац. spatium ‘прастора, працягласць’, да і.-е. *spe‑ ‘удавацца, добра расці’. Гл. Покарны, 983; Траўтман, 274; Фасмер, 3, 734 з іншай літ-рай; Шустар-Шэўц, 1338; Бязлай, 3, 297; Борысь, 619; ЕСУМ, 5, 375–376. Уваходзіць у гняздо прасл. *spěxъ (гл. спех), *spěšiti (гл. спяшацца), *sporъ (гл. спор1).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апяша́лы ’лянівы, аслаблены’ (Нас.), апе́шыный ’разгублены’ (Бяльк.). Укр. дыял. зах. опішілий ’лянівы, павольны’. Польск. opieszały ’лянівы, марудны, які не любіць спяшацца’. Параўн. рус. опешить ’астацца без каня’, ’разгубіцца’, укр. уст. опішити ’астацца без каня’, укр. зах. опішіти ’зрабіцца павольным, марудным’ («Кінь опішів»). Ст.-рус. опѣшити ’зрабіць пешым; аставіць без крыл’, опѣшати ’стаць пешым (без каня)’. Параўн. яшчэ чэш. уст. opěšalý ’хто стаў без каня’, opěšati ’астацца без каня’, ст.-чэш. opěšalý. Серб.-харв. уст. opješati стаміцца’, славен. pȇšati ’стамляцца’, pẹ̑h ’стамленне’. Найбольш пашырана ўяўленне аб тым, што рус. опешить і падобныя ўтварэнні этымалагічна тлумачацца значэннем ’стаць пешым’ (Праабражэнскі, 2; Булахоўскі, Труды ИРЯ, 1, 191; Фасмер, 3, 144). Прыводзячы ў дадатак да адзначаных ужо фактаў ст.-польск. pieszeć і ст.-чэш. pěšěti ’стаць слабым’, а таксама ст.-рус. припѣшати зрабіць пешым, падрэзаць крылы’, Безлай (Južnoslav. leks., 9–10) параўноўвае гэту групу слоў з літ. paikė́ti, лат. (iz‑)paiki ’дурнець’, узводзячы корань да і.-е. *poik‑ (што ў сваю чаргу параўноўваецца з коранем слоў псаваць і інш.). На нашу думку, тут магчыма кантамінацыя двух слоў: слова, якое ўзнікла пазней і першасна азначала ’стаць пешым’, і другое, больш ранняе, якое суадносіцца, магчыма, з тым коранем, аб якім піша Безлай, або ўваходзіць у іншую сям’ю слоў. Хаця спех, спяшацца звычайна ўзводзіцца да групы спець, магчыма, суадносіны спешна — ’марудна’ (апяшала), паспяхова — ’няўдала’ (апяшала) не выпадковыя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарапі́цца1 ’спяшацца’ (Бяльк.; паст., навагр., Сл. ПЗБ), сюды ж таро́пкі ’які спяшаецца’ (ТСБМ), тарапкі́ ’паспешлівы, жвавы’ (Ян.), тарапо́к, тарапу́н ’хто заўсёды спяшаецца’ (Барад.), торопʼя́к ’паспешлівы, хапатлівы чалавек’ (Клім.), тараплі́вы ’хуткі ў рабоце’ (дзятл., ЛА, 3), ’паспешлівы, хапатлівы’ (паст., Сл. ПЗБ), торопли́вый ’тс’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Укр. дыял. торо́пи́ти ’прыспешваць’, рус. торопи́тъ ’тс’, торопи́ться ’спяшацца’, чэш. дыял. trapспех’, серб.-харв. тра̀пати ’хутка ісці, спяшацца’. З прасл. *torpiti, якое не мае агульнапрынятай этымалогіі. Звязваюць з *torpěti ’бянтэжыцца, ніякавець, адчуваць нязручнасць’ (Чарных, 2, 252; Анікін, ОЛА, Исследов., 1984, 287 і наст.); супастаўляюць з грэч. τρέπω ’паварочваю’, лац. trepit ’паварочвае’, ст.-інд. trápatē ’бянтэжыцца’ (першапачаткова ’адварочвацца’), tṛpráḥ ’неспакойны’ (Вальдэ-Гофман, 2, 702; Персан, Beitr., 954), адкуль першаснае значэнне ’вёрткі’; мяркуюць, што можа быць роднасным да літ. tarpà ’працвітанне, зрастанне’, tar̃pti ’працвітаць’, лат. tãrpa ’сіла, здатнасць’, tãrps ’дужы’, ст.-інд. tṛ́pyati (tṛpṇṓti, tárpati) ’насычаецца, атрымлівае задавальненне’, грэч. τέρπω ’насычаю, радую’ (Фасмер, 4, 85 і інш.). Звязваюць з літ. stropė́i ’быць старанным’, stropiti ’зрабіцца старанным’ (Махэк₂, 649). Пра магчымую сувязь з гукапераймальнымі словамі гл. Копечны, Зб. Младэнаву, 378. Гл. тарапат.

Тарапі́цца2 ’ўглядацца, пужліва насцярожвацца (пра каня)’ (Мал.), сюды ж торопі͡еті ’здрыгануцца, скалануцца’, торо́пко ’са страхам’ (Вруб.), таро́пно ’страшна’ (Скарбы). Укр. торопи́тися ’баяцца’, рус. торопе́ть ’бянтэжыцца, пужацца, палохацца’, польск. tropić się ’бянтэжыцца, ніякавець’, в.-луж. trapić so ’быць прыгнечаным; палохаць’, славен. trapiti ’мучыць; дакучаць’, балг. тра́пен ’збіты з панталыку, азадачаны’. З прасл. *torpěti ’палохацца’, якое звязана з *torpiti ’прыспешваць’, *t​ьr̥pěti ’цярпець’. Роднаснае да лац. torpeo ’знаходжуся ў здранцвенні, аслупяненні’, літ. strópti ’рабіцца сухім, цвёрдым (пра печыва)’ з развіццём семантыкі ’цвёрды’ — ’здранцвелы’ — ’спалоханы’ (Фасмер, 4, 85–86; Брукнер, 575; Чарных, 2, 252; ЕСУМ, 5, 607; Голуб-Ліер, 487, 491; Шустар-Шэўц, 1525). Гл. торап.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)