Се́чань старое ‘студзень’ (Нас.). Укр. сі́чень, старое рус. сечень ‘студзень’, стараж.-рус. сѣчьнь ‘студзень; люты’, чэш. sečen ‘ліпень’, славац. velký sečeń ‘студзень’, malý sečeń ‘люты’, славен. дыял. sečenj ‘люты’, серб.-харв. се̑чањ, sijȇčanj ‘студзень’, балг. фальк. голя́м се́чко ‘студзень’, ма́лък се́чко ‘люты’, макед. сечко ‘люты’, ст.-слав. сѣчьнь ‘люты, студзень’. Прасл. *sěčьnь да *sekti, гл. сячы, як перыяд года, найбольш зручны для высечкі лесу з мэтай атрымання дзелавой драўніны (Шаўр, Этимология–1971, 98 і наст.), або для распрацоўкі ўчастка для раллі. Тлумачэнне, што месяц атрымаў назву па марозе, які “сячэ”, лічыцца народнай этымалогіяй. Назва для ‘ліпеня’ звязана з касьбой (старое *sěkti ‘зразаць траву’). Меркаванні Сноя (Бязлай, 3, 346) пра сувязі з літ. síekis, siẽkisснежань студзень’ аналагічна літ. sãusis ‘студзень, снежань’ пры славен. súšec ‘сакавік’ (Сной₂, 713) падаюцца недастаткова абгрунтаванымі. Гл. ЕСУМ, 5, 258–259.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сту́дзень1 (студзѣнь) ‘сцюжа, холад’ (Шымк. Собр.), сту́дэнь ‘холад на дварэ’ (малар., Цыхун, вусн. паведамл., ст.-бел. студень ‘тс’: з велѣкое стꙋдени (XVI ст., Карскі 2-3, 40). Параўн. укр. сту́дінь ‘сцюжа’, стараж.-рус. студень ‘холад’, серб.-харв. сту̏ден ‘сцюжа, холад’, ст.-слав. стоудень ‘холад’. Прасл. *studenь ‘холад, сцюжа’, абстрактны назоўнік, утвораны ад дзеепрыметніка залежнага стану *studenъ з папярэдняй заменай першаснай асновы на ‑ĭ‑ ж. р. асновай на ‑ja‑ (Борысь, Etymologie, 335). Гл. сцюдзёны.

Сту́дзень2 ‘першы месяц года’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Стан., Некр. і Байк.), ‘снежань’ (Нас., Байк. і Некр.). Параўн. укр. сту́дзеньснежань’, серб.-харв. сту̀дени ‘лістапад’. Гл. студзень1.

Сту́дзень3 ‘калодзеж’ (Нас.), сту́дзін ‘тс’ (Бяльк.), студзянцы́ ‘месца на балоце, дзе заўсёды халодная вада’ (глус., КЭС), ст.-бел. студенецъ ‘калодзеж, студня’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. студени́ця ‘крыніца’, дыял. сту́день ‘тс’, рус. студене́ц ‘крыніца; калодзеж’, польск. studzienka, чэш. studánka, дыял. studánec, серб.-харв. студе́нац, славен. studénec, sdenz, sdȇnec, балг. студене́ц, макед. студенец, ст.-слав. стоуденьць ‘крыніца’. Прасл. *studenьcь ‘крыніца’, *studenъka, г. зн. ‘студзёная крыніца’, што ўтворана ад дзеепрыметніка *studenъ < *studiti ‘студзіць’, параўн. халадні́к ‘крыніца халоднай вады, якая выбіваецца з-пад зямлі’ (Сцяшк.). Гл. Фасмер, 3, 787; Бязлай, 3, 337. Сюды ж студзяні́к ‘міфічны дух, які жыве ў студні ці ў сажалцы’ (Сцяшк. Сл.}.

Сту́дзень4 ‘квашаніна’ (ТСБМ, Касп., Некр. і Байк., Бяльк., Пятк. 2, Сцяшк., Жыв. сл., Нар. лекс., ЛА, 4), сту́дзіна ‘тс’ (ТСБМ), сту́дзяніца, сту́дзянь ‘тс’ (Сл. ПЗБ), студзяні́на ‘тс’ (З нар. сл., Жыв. сл.), студзёнка ‘тс’ (Сцяшк.), сьцю́дзень ‘тс’ (Байк. і Некр., Касп.). Параўн. укр. студелина, студе́не́ць ‘тс’, рус. сту́день ‘квашаніна’, польск. дыял. studzielina, studzenina, studzieniec ‘тс’, славац. дыял. stuďenina, stuďeno ‘тс’ і інш. Да *studiti ‘студзіць’, гл. наступнае слова. Параўн. сту́дня, засту́да, засту́дзі́на ‘квашаніна’ (Бел. дыял.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паро́г, ‑а, М ‑розе, м.

1. Бервяно або брус, прымацаваныя пад дзвярамі паміж вушакамі. Люда стаяла на парозе, — яшчэ ўсё малая, не згінаючыся ў нізкіх дзвярах. Брыль. Міхал націснуў клямку і пераступіў парог сянец. Васілевіч.

2. перан. Перашкода, перапона. Ой, многа, як многа Для думак дарогі Не спыніць іх лёту Ніякі парог. Колас.

3. Камяністы папярочны выступ на дне ракі, які парушае плаўнасць цячэння. Равуць на парогах ды пеняцца хвалі... Вялюгін.

4. Спец. Найменшая велічыня, ступень праяўлення чаго‑н. Парог адчуванняў.

5. перан. Як сімвал роднага дома, сям’і, радзімы. [Маці] толькі раз у жыцці пакідала вёску родную, родны парог. Вярцінскі. І я гэтым шляхам вярнуўся З ваенных далёкіх дарог На гоні сваёй Беларусі, На бацькаўскі родны парог. Астрэйка.

•••

Абіваць парогі гл. абіваць.

З парога — адразу ж пасля прыходу куды‑н. — Андрэй! — проста з парога пачала .. [Зіна]. — Тату патрэбна неадкладная аперацыя. Ваданосаў.

Не пусціць на парог гл. пусціць.

На парозе — а) аб тым, што вельмі хутка павінна наступіць. Бяліла зіма на палетках радно, І снежань суровы стаяў на парозе. Звонак; б) чаго; напярэдадні чаго‑н.; на грані чаго‑н. [Андрэй:] — Мы стаімо на парозе таго, што тэхніка зрастаецца з кібернетыкай, што машына робіцца нечым падобнай на жывы арганізм. Скрыган.

У парозе — каля дзвярэй, каля ўваходу. Прамоўца паварочваецца да тых, якія стаяць у парозе, аконнае святло падае яму на шчаку і серабрыць скроню. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)