спаўзці́, -зу́, -зе́ш, -зе́; -зём, -зяце́, -зу́ць; споўз, спаўзла́, -зло́; -зі́; зак.

1. Спусціцца паўзком або цяжка, павольна злезці адкуль-н.

С. з гары ўніз.

С. са стога.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паволі, паступова ссунуцца, саслізнуць, зрушыцца з месца (аб прадметах).

Павязка спаўзла з калена.

3. Аддаліцца паўзком, сысці куды-н.

Чарапаха спаўзла некуды.

4. перан. Паступова адыходзячы ад правільных пазіцый, стаць на заганны шлях.

С. да фармалізму ў аналізе (неадабр.).

|| незак. спаўза́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. спаўза́нне, -я, н. (да 1, 2 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

каўзану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Разм.

1. Аднакр. да коўзацца.

2. Рухаючыся, злёгку дакрануцца, датыкнуцца да каго‑, чаго‑н.; слізгануць. Рука каўзанулася па мокрым, слізкім каўняры... Галавач.

3. Хутка з’ехаць, саслізнуць куды‑н. Разам з лавінай абломкаў скалы Сяргей каўзануўся некуды ўніз, ледзь паспеўшы скурчыцца і ўтуліць галаву між каленяў. Шыцік.

4. Прабегчы, праслізнуць, не затрымліваючыся на паверхні чаго‑н. (пра святло, позірк і пад.). Па столі зноў каўзанулася жоўта-белае святло, і вочы ў Ледзі палыхнулі зеленаватым агнём. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ско́ўзка, ско́ўзко ‘слізка, коўзка’ (Скарбы, ТС), скоўзну́цьсаслізнуць’ (ТС). Формы суадносныя з прасл. *skl̥zati (*skl̥ziti), працягам якога з’яўляюцца ўкр. сковзати(ся), рус. дыял. ско́льзать, ско́льзать(ся) ‘коўзацца на лёдзе’, ст.-польск. skiełzać się ‘нахіляцца да чаго-небудзь’ (параўн. прыслоўе skiełzem ‘крыва, коса’, гл. скелз), чэш. sklouzati (se) ‘коўзацца, катацца на лёдзе, снезе’, славац. sklzať (sa) ‘коўзацца’, прадстаўленыя пераважна на паўночнаславянскай тэрыторыі, акрамя харв. кайк. skuzek ‘слізкі’, што з’яўляецца выключным архаізмам на паўднёваславянскай тэрыторыі. Названыя формы з рухомым s‑ проціпастаўлены формам без яго з каранямі *kl̥z‑ (гл. коўзацца) і *chl̥z‑, параўн. балг. хлъ́згаво ‘слізка’ (Борысь, Czak. stud., 93–94; Etymologie, 354–355). Па паходжанні названыя карані, хутчэй за ўсё, маюць анаматапеічны (імітатыўны) характар, параўн. выклічнік коўзь!, які можа быць старой дэрывацыйнай асновай слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Імкну́цца, імкну́ць ’хутка рухацца, накіроўвацца куды-н’., ’старацца трапіць куды-н., быць дзе-н. або стаць кім-н.’, ’настойліва дамагацца чаго-н.’ (ТСБМ). Рус. ‑мкнуть толькі ў складзе прэфіксальных утварэнняў: примкнуть, сомкнуть, замкнуть, отомкнуть і г. д. Укр. імкну́ти ’скеміць’, польск. mknąć ’імчацца’, чэш. уст. mknouti se ’прыціскацца’, славен. makniti ’ссунуць, пасунуць, зрушыць’, серб.-харв. ма̀кнути ’тс’, балг. мъ́кна ’цягнуць, валачы’, ц.-слав. мъкнѫти сѧ ’хутка рухацца’. Прасл. дзеяслоў *mъknǫti (), суадносны з *mъkěti (гл. імчаць), генетычна роднасны літ. mùkti, munkù, mukaũ ’вызваляцца, бегчы, выслізгвацца’, лат. mukt ’змахнуць, саслізнуць, уцячы, выслізнуць’, на іншай ступені чаргавання: літ. maũkti, maukiù, maukiaũ ’цягнуць, сцягнуць’, ст.-інд. muñcáti, mucáti ’вызваляе, выпускае’, авест. framuχti‑ ’збавенне’. Праабражэнскі, 1, 540–541; Фасмер, 2, 631. Назоўнік імкне́нне, відаць, пад уплывам польск. mknienie з пратэзай і‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пае́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; ‑едзем, ‑едзеце, ‑едуць; заг. паедзь; зак.

1. Пачаць рухацца, перамяшчацца пры дапамозе якога‑н. транспарту. Крушынскі адразу запрог каня і паехаў. Бядуля. — Паехалі, — сказаў Міхась, спрытна ўскочыўшы на сядзенне трактара. Шахавец. // Накіравацца, адправіцца куды‑н., да каго‑н. Паехаць у госці. □ Андрэй завярнуў каня і паехаў па снапы. Чарнышэвіч. // З’ехаць куды‑н. — От што, — сказаў хлопец, калі бацька сеў палуднаваць, — я табе скажу, што я зусім заўтра паеду адгэтуль. Чорны.

2. Зрушыць з месца, пакаціцца (аб транспарце). Паехала машына. □ З вуліцы пачулася, як паехаў рамізнік. Мурашка.

3. Разм. Саслізнуць, пачаць апускацца, падаць. Нага.. [Тварыцкага] пакаўзнулася на вільготнай зямлі і паехала ўніз з узмежку. Чорны. Падсечаная,.. [алешына] нездаволена крахнула, пастаяла нейкі, амаль няўлоўны, момант, а потым памалу паехала ўніз. Брыль.

4. перан. Разм. Пачаць гаварыць доўга, многа або не тое, што трэба. [Клаўдзія Пятроўна:] — Мы ад цябе чакаем тосту, а ты нешта паехаў некуды не туды. Васілёнак.

•••

Паехаць ад (са) смеху (ад рогату, з рогату) — тое, што і пакаціцца ад (са) смеху (ад рогату, з рогату) (гл. пакаціцца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спаўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. споўз, снаўзла, ‑ло; зак.

1. Паўзучы, паўзком спусціцца з чаго‑н., куды‑н. Не думаючы, салдат споўз у акон. Чорны. Паправіўшыся ў гестапаўца выйсці ў другі пакой,.. [Кірыл] бясшумна адчыніў акно і па трубе споўз уніз. Пятніцкі. // З цяжкасцю, павольна спусціцца, злезці адкуль‑н. [Каткоў] зусім не павайсковаму саскочыў з сядла — споўз неяк па-старэчаму. Шамякін. Баба падхапілася, спаўзла з ложка. Лупсякоў. // Павольна сцячы, сысці, збегчы і пад. адкуль‑н. Спаўзлі з загонаў зімнія снягі І ў мора паплылі ракой-вадзіцай. Купала. З-за хмары, што спаўзла за небасхіл, выбліснула сонца. Грахоўскі. // перан. Марудна, паступова пашырыцца, апусціцца (пра туман, дым, змрок). Як толькі спаўзе на зямлю палахлівы змрок, цягне туды — у канец вёскі. Хадановіч.

2. Паступова, паволі спусціцца, ссунуцца, саслізнуць (аб прадметах). Вецер загуў у вушах, касынка спаўзла на спіну і затрапяталася. Хадкевіч. Пярэднія колы паволі спаўзлі ў прыдарожную канаву. Ваданосаў. У галаве.. [Клімчанкі] хмельна кружылася, бінт зусім споўз з ілба. Быкаў. З лодкі ў ваду спаўзло вудзільна. Гамолка. // Павольна перамясціцца, перайсці (пра святло, прамяні і пад.). Прамень на столі шырыўся, бляднеў, палоса святла спаўзла на сцяну. Шамякін. // перан. Разм. Паступова знікнуць. Наташа ўбачыла, як з Шуставай фізіяноміі спаўзла ўсякая фанабэрыстасць. Шчарбатаў.

3. Размясціцца па пакатай паверхні зверху, над адхон. Вось бярэзнік споўз з узгорка, ссунуўся ў лагчыну. Пташнікаў.

4. Аддаліцца паўзком, сысці. Чарапаха спаўзла некуды.

5. перан. Зневаж. Паступова адыходзячы ад правільных пазіцый, стаць на заганны шлях. Спаўзці ў балота апартунізму.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

з’е́хаць, з’еду, з’едзеш з’едзе; зак.

1. Едучы, спусціцца адкуль‑н. З’ехаць з гары на санках. □ З гары аж да моста з’ехалі лёгка і нячутна. Пташнікаў. // Саслізнуць, ссунуцца ўніз. [Ірынка] ўжо некалькі разоў з’ехала па лесвічных парэнчах, і ўсё было добра. Арабей.

2. Едучы, павярнуць куды‑н. З’ехаць з дарогі. □ Машына з’ехала ўбок і перавярнулася пад адкос. Чорны.

3. Выехаць, паехаць адкуль‑н. (звычайна далёка або надоўга). Сама Галя ніяк не магла заснуць. Думала: а чаму б ім сапраўды не з’ехаць туды, дзе іх ніхто не ведае, з’ехаць ад гэтай паняверкі, ад косых позіркаў. Сабаленка. [Мая] сабралася і пайшла да сваіх сябровак, але з палавіны дарогі вырашыла вярнуцца, забраць небагатыя рэчы і з’ехаць куды-небудзь. Дуброўскі.

4. Ссунуцца са свайго месца; збіцца, спаўзці. Шапка з’ехала на патыліцу. □ Белая хустка, завязаная пад барадой, з’ехала на шыю. Васілевіч. // Асунуцца, апусціцца ўніз. Грузным мяшком бандыт з’ехаў пад абгарэлы пянёк, адну руку падкурчыўшы пад сябе, а другой хапаючыся за прыламаныя галінкі. Кірэенка. [Зося] хацела апусціцца на лаву, страціўшы яснасць думак — што рабіць, і з’ехала на зямлю. Чорны.

5. перан. Разм. Непрыкметна, паступова перайсці на другую тэму, тон і пад. (у гутарцы, пісьме і пад.). Але пан Богут з’ехаў з тону І ўжо гаворыць чуць мякчэй. Колас.

6. каго або каму. Груб. Моцна, з размаху ўдарыць. Лезе пан да Бандароўны, Ўвесь гарыць, бы ў жары: Тая, жартаў не пазнаўшы, З’ехала па твары. Купала.

7. Разм. Пахудзець. З’ехаць на шыла. З нар. // Спасці, знікнуць (пра тлустасць). Як цяжка папрацаваў, дык сала з яго і з’ехала.

•••

З глузду з’ехаць — страціць розум, развагу; адурэць, звар’яцець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

1. Перастаць трымацца на чым‑н.; адарваўшыся, аддзяліцца (пра што‑н. прымацаванае, вісячае). Цяжкія акутыя жалезам дзверы сарваліся з завесаў. Лынькоў. Рыпіць і грукае аб сцяну аканіца, што сарвалася з кручка, — ударыць, адскочыць і зноў калышацца. Каршукоў. / Пра лісты, плады і пад. З дуба жолуд сарвецца, Кінецца ўніз напрасткі, Доўга-доўга лічыць сукі. Барадулін.

2. Абрушыцца, зваліцца, ссунуўшыся з месца. Сарвуцца ледзяшы са стрэх — Ого! Тады ён [снег] зарагоча. Гаўрусёў. Вось.. [кропелька] сарвалася, упала на блішчасты казырок шапкі. Кулакоўскі. // Упасці адкуль‑н., страціўшы апору. Сарвацца з рыштаванняў. □ Прыгінаючыся, хапаючыся за карэнні прыбярэжных кустоў, гатовы ў любую хвіліну сарвацца ў рэчку, Піліпка сяк-так выбраўся на дарогу. П. Ткачоў. За гранітны ўчэпішся карніз, І цябе ўжо болей не пакіне Рызыка сарвацца зверху ўніз, Недзе за паўкрока ад вяршыні. Макаль. // Ссунуўшыся, саслізнуць, саскочыць з чаго‑н. Адзін раз.. [Шыбаева] рука неасцярожна сарвалася, і нож стукнуў па кастылі. Краўчанка. Каб не Генка, я напэўна быў бы пад коламі, бо мая нага сарвалася з прыступкі. Рамановіч. // Выпасці, выскачыць, вырвацца. Сарвалася з рук мадам каробка, бразнула на перон. Сташэўскі. Хістаючыся, Алесь пасунуўся да прызбы, выграб вялікі пляскаты камень, падняў у сябе над галавою, але камень сарваўся з рук, і Макарчык, не ўстояўшы на нагах, грукнуў на яго грудзьмі. Адамчык.

3. Рвануўшыся, вызваліцца ад чаго‑н. Сабака сарваўся з ланцуга. □ Ласяня тупала каля дубка, наравіла сарвацца з прывязі. С. Александровіч. Шчупак, брат, ёмкі: на паўпуда. Але сарваўся. Колас. // перан. Страціць вытрымку, кантроль над сабой. Як бы там ні было, а біцца не варта. Зноў.. [Гарбач] сарваўся. Навуменка. [Яраш] сам баяўся свайго гневу, бо ведаў, што сарвацца яму, ды яшчэ перад жанчынамі, нельга, непрыстойна. Шамякін.

4. Вельмі хутка, імкліва пакінуць якое‑н. месца. [Агрыпіна] не ўстала, а сарвалася з крэсла і, абхутаўшы твар хусткай, пайшла. Пестрак. / у перан. ужыв. Высока ў небе сарвалася ярка-блакітная зорка, прамільгнула агністай куляй і пагасла. Хадкевіч. // Разм. Кінуцца бегчы. Хлапчук, не даслухаўшы, сарваўся з месца і, як віхор, памчаўся па вуліцы, падскокваючы і махаючы рукамі. Асіпенка. Нервова гарцаваў пад.. [партызанам] конь, кусаў цуглі. Наравіў сарвацца з месца, каб дагнаць калону. Паўлаў. // Разм. Пакінуць работу, месца жыхарства і пад. Гаспадар, што ты сабе думаеш? — раптам спытала Паліна. — Тут і будзеш сядзець?.. Сарваліся з месца. Кватэру пакінулі... Мыслівец. Няёмка, праўда, перад аднавяскоўцамі — з-за дзяўчыны сарваўся чалавек у белы свет, калі дома ў яго і дастатак і пашана. Хадкевіч.

5. Нечакана пачацца, узнікнуць (пра буру, вецер і пад.). Сарваўся вецер золкі і заціх раптоўна, як узнік. А. Вольскі.

6. Раптам пачуцца, данесціся (пра гукі). Крык і плач чалавечы Сарваўся з пагрозай са струн. Куляшоў. // (звычайна ў спалучэнні са словамі «з вуснаў», «з языка»). Быць сказаным міжвольна, нечакана. У.. [Карагі] чуць-чуць не сарвалася, што там [у вёсцы] стаіць штаб іх дывізіі. Колас. З языка сарвалася не зусім патрэбнае слова. Чорны. // Ад перанапружання страціць голас, змоўкнуць або перайсці па іншы тон. І ўжо ўяўляецца, што.. стаіць цёплы надвячорак, крумкаюць жабы, бегаюць замурзаныя дзеці, чуюцца жаночыя галасы з пагрозай сарвацца на сварку. Лужанін.

7. Сапсавацца ад рэзкага руху, рыўка. Разьба сарвалася.

8. перан. Разм. Не ўдацца, не адбыцца, застацца нявыкананым. На першым заходзе атака сарвалася. Быкаў. — Ну, прызнавайся, якое мерапрыемства сарвалася ў вас? Жычка.

•••

Як з ланцуга (прывязі) сарваўся — а) пра шумныя паводзіны, празмерную радасць каго‑н., хто адчуў сябе на свабодзе; б) пра паводзіны, учынкі чалавека, які страціў кантроль над сабой, перастаў сябе стрымліваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)