Іша́к. Рус. иша́к, укр. іша́к, серб.-харв. ешек. Слова цюркскага паходжання. У беларускай праз рускую (на магчымасць гэтага ўказвае Крукоўскі, Уплыў, 73). У рускай адзначана з XVII ст., у форме ишечькъ — з 1567 г. Звычайна лічаць запазычаннем з тур., азерб. äşäk, тат. işäk ’асёл’ (Радлаў, Опыт, 1, 905–906, 1552; Фасмер, 2, 146). Па фанетычных і экстралінгвістычных прычынах Дзмітрыеў (Тюрк. эл., 24) называе Каўказ як больш верагодную тэрыторыю запазычання. Гл. яшчэ Шанскі, 2, I, 140. У серб.-харв. мове з турэцкага (Скок, 1, 495).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жох1 ’прайдзісвет’ (ТСБМ). Рус. жох ’тс’. Улічваючы форму жег ’прайдзісвет’, якую Даль прыводзіць у гняздзе жечь, Шанскі (1, Д, Е, Ж, 296), як і Фасмер (2, 62), Праабражэнскі (1, 236), схіляецца да думкі пра сувязь з коранем жьг (гл. жога) і параўноўвае з прожженный, выжига, жиган. Хаця гэта этымалогія патрабавала б падтрымкі як у семантычных, так і ў фармальных адносінах, яна, магчыма, лепей, чым іншыя, напр., сувязь з жокер ’назва карты’ (< англ. ’падманшчык’) ці з цюрк. джок ’бядняк’ (Радлаў, Опыт, 4, 93), альбо шох ’цікавы, гуллівы, жартаўлівы’ (там жа, 1026). Гл. жох3.

Жох2 ’костка ў гульні’ (грозд., Нар. словатв., 269). Рус. дыял. жох ’адна са старон, палажэнне косткі ў гульні; сама костка; спіна, край’. Фасмер (2, 62), крытыкуючы няпэўную сувязь з жаць2, якую адзначыў Гараеў (111), недакладную паралель з польск. żoch ’страўнік’ (магчыма, з чэш. žock, žok < ням. Sack ’мех, мяшок’), выказвае нясмела думку пра магчымасць сувязі з жох1. Ці не трэба ўлічыць магчымасць сувязі з цюрк. джок, у некаторых мовах (напр., казах.) жок ’не, няма, згубленая рэч’ (Радлаў, Опыт, 4, 92–93)? Параўн. яшчэ Ціцэ (Tietze), Oriens, 10 (1957), 377.

Жох3 ’выклічнік, што ўказвае на раптоўнасць’ (полац., Нар. лекс., 26). Відаць, звязана з дзеяслоўным коранем *žьg‑ (гл. жага, жгаць). Параўн. укр. прожогом ’хутка, імкліва’. Гл. жох1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Арка́н, арка́ніць. Рус. арка́н ’тс’ з XVII ст. (У астраханскіх дакументах — Шанскі, 1, А, 143), дыял. ’вяроўка’, укр. арка́н ’ласо’ ў пісьм. з XVIII ст., польск. arkan ’тс’ з XVII ст. Крыніцай усходнеславянскіх слоў з’яўляецца цюрк. аркан ’вяроўка’, вядомае ў паўночна-каўказскіх цюркскіх мовах, казанска- і крымскататарскіх мовах (Радлаў, Опыт, 1, 288). Першыя маглі быць крыніцай рускага слова, апошняя — украінскага. У беларускай праз рускую (на магчымасць гэтага ўказвае Крукоўскі, Уплыў, 71–74) ці ўкраінскую. Бернекер, 30; Локач, 102; Праабражэнекі, 1, 8; Фасмер, 1, 86; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 28; Дзмітрыеў, Строй, 566; Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 122.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Армя́к ’даўгаполая вопратка з тоўстага сукна’ (БРС, Касп., Бяльк.; карту рэаліі гл. Малчанава, Мат. культ., 153), дыял. гармя́к. Рус. армя́к, укр. армʼя́к. Ст.-польск. giermak. Ст.-бел. з 1574 ермяк, ормяк, кгермак (Булыка, Запазыч.). Сучаснае беларускае з XIX ст. (Гіст. мовы, 2, 26), улічваючы пашырэнне на паўночным усходзе, з рускай. Рускае (у XVI ст. ормяк, ормячек), магчыма, з тат. əрмак: Фасмер, 1, 88. Старабеларускае, стараўкраінскае, старапольскае (адкуль кгермак у старабеларускай) запазычаны без рускага пасрэдніцтва. У цюркскіх слова паходзіць ад кораня ӧр ’віць’ плясці, вязаць’, адкуль ӧрмӓк гатунак сукна’ (Радлаў, Опыт, 1, 801, Др. Тюрк.). Супрун, Зб. Крымскаму, 127–128.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сага́н ’чыгун’ (ТСБМ, Касп., Гарб., Байк. і Некр., Др.-Падб., Бес., Сцяшк., Шн. 3, Шатал., Жд. 1, 2, Мат. Гом., Сл. Брэс., З нар. сл.), ’паліваны чыгун з двума вушкамі’ (Сл. ПЗБ, ТС), саганец ’тс’ (Янк. БП), ’высокі чыгун з вушкамі’, ’нізкі тоўсты чалавек’ (ТС). Укр. сага́н ’кацёл, вялікі гаршчок, посуд наогул’, рус. дыял. сага́н ’міска, чаша’, польск. sagan ’вялікі металічны гаршчок’. Запазычанне з тур., крым.-тат. sahan ’блюда з накрыўкай, міска, чаша’ ад араб. ṣaḥn (Радлаў, 4, 282; Міклашыч, 287; Фасмер, 3, 543). Польскае запазычана праз усходнеславянскія або вянгерскую мовы (Брукнер, 479). Паводле Козырава (Лекс. тюрк., 74) непасрэднай крыніцай беларускага слова з’явілася ўкраінская мова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сакмо́ ’след, знак ад падэшвы нагі на раллі, пяску’ (Ласт.; гродз., Яшк.). Рус. усх. сакма́ ’каляіна, лясная сцежка, след нагі’, сокма́ ’тс’, якое, як лічаць, з’яўляецца цюркізмам; параўн. казах. sokpa (< sokma) ’сцежка’, чагат. sokmak ’дарога, сцежка’ ад *sok‑ ’біць’ (Радлаў, 4, 526 і наст.). Міклашыч (Türk. El. Nachtr., 2, 150) лічыць крыніцай рускага слова паўн.-цюрк. sakma ’сцежка’. Іншыя гіпотэзы і літаратуру падрабязна гл. Фасмер, 3, 547. Непакупны, Baltistica, VIII, 1, 1972, 102 лічыць балтызмам, параўн. літ. sekmė ’поспех’, sèkti ’ісці за кім-небудзь’, sěkomis ’услед’. Супраць Анікін (Этимология–1997–1999, 10), які падтрымлівае цюркскае паходжанне слова і крыніцу бачыць у мове беларускіх або літоўскіх татар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Саф’я́н ’мяккая, добра вырабленая звычайна яркага колеру авечая скура, якая ідзе на кніжныя пераплёты, абутак, абіўку мэблі’ (ТСБМ), сапʼя́н ’тс’ (ТС). Рус. сафья́н, укр. сапʼя́н, сафʼя́н, польск. safian, чэш., славац. safián, балг. сахтия́н. Праз цюркскія мовы, параўн. тур., балкар., карач. saxtijan ’тс’, крым.-тат., кыпч. saktyjan (гл. Радлаў, 4, 256, 282; Фасмер, 3, 566) з перс. sextijān ’тс’ (гл. Праабражэнскі, 2, 254; Махэк₂, 535), якое звязана з пярс. sext ’моцны, цвёрды’ (Локач, 140). Этымалогія Міклашыча (287) і Брукнера (479) ад назвы горада Саффі у Марока аспрэчваецца Літманам (гл. Фас мер, 3, 566). Ст.-бел. сафьянъ, сафьанъ, сафиянъ з той жа крыніцы, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 115.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Маджа́ры ’доўгі, цяжкі воз з шырокімі драбінамі, які выкарыстоўваюць для перавозкі сена і снапоў’ (бых., Рам. 8), мажа́ры ’тс’ (ТСБМ, Інстр. I, Малч., Мат. Гом., Бяльк.), мыжа́ра (Бяльк.), мажа́рка ’сані з маленькімі драбінкамі’ (Бяльк.), ма́жа ’кош у возе, санях’ (Маш., Пятк.), ’скрыня для перавозкі чагосьці дробнага, сыпкага’ (нараўл., Мат. Гом.), ма́жы ’воз для перавозкі сена, снапоў’ (Касп.; барыс., Шатал.; круп., Нар. сл.). Укр. ма́жа ’чумацкі воз’, мажа́ра ’вялікі воз’, польск. устар. maża ’чумацкі воз’ (з укр. мовы), рус. крымск. маджа́ра, мажа́ра, можа́ра ’вялікая татарская арба’, драбіны’. Паходзіць з крым.-тат. madžar драбіны’, калмыцк. madžar tergn̥ ’вялікая калымага’ (Радлаў, 4, 2050; Рамстэд, KWb, 253), якое Мункачы (KSz 6, 205) выводзіць з назвы венграў — magyar ’мадзьяр’ (Фасмер, 2, 557).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Арце́ль. З рус. артель, дыял. артиль < цюрк. Неверагодна думка Равінскага–Корта, а потым Фасмера, 1, 89, пра італьянскую крыніцу рускага слова. Слова артельный засведчана ў помніках сярэдзіны XVII ст. (Порахава, Лексика Сиб. летописей, 163, аднак даціроўка Порахавай з XVI ст. не падмацавана). Няяснай застаецца цюркская крыніца слова. Малаверагодна думка Міклашыча, Türk. El., 2, 137, які звязваў слова з цюрк. ортак ’агульны’, орталык ’таварыства’ і іншымі аднакаранёвымі. Дзмітрыеў, а за ім Трубачоў бачаць крыніцу ў тат.-башк. артил ’рэзерв’ (Дзмітрыеў, Строй, 563; Трубачоў, Дополн., 1, 89). Трэба ўлічыць яшчэ і магчымасць сувязі рус. артель з цюрк. дзеяслоўным коранем ерт‑, ӓрт‑ ’весці за сабой’ (Радлаў, Опыт, 1, 790), пашыраным станавым суфіксам ‑іл: артіл ’быць вядзеннем’, ці ’тыя, хто за кімсь ідзе, світа, суправаджаючыя’. З рускай запазычана слова артель у іншыя славянскія мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пасталы́, пасталэ́, постолэ́, постолы́, браг. пасту́лі; посто́лі, пустолы́ ’лыкавыя лапці’ (Маш., Булг., Янк. 3., Янк. БФ, Шпіл., Эр., Бес., Тарн., Сл. ПЗБ, Малч., Мат. Гом., Ян., Сл. Брэс.), ’скураныя лапці’ (ТСБМ, Касп., Мат. Гом., Сл. Брэс.; віц., Хрэст. дыял.), ’падстаўкі для ўмацавання ножак церніцы’ (Уладз.). Укр. пості́л, постоли́, рус. постолы́, польск. postoł, славен. póstol, серб.-харв. по̀сто̑, балг. постал, бостал ’чаравікі’, ’туфель’. Радлаў (4, 1291), Міклашыч (Türk. El. Nachtr., 2, 144), Гараеў (276), Вахрас (Наим. об., 151) выводзяць з тур. postal ’туфель’ (тур., крым.-тат. post ’скура’ < новаперс. < с.-перс. pōst ’тс’. Іншыя (Праабражэнскі, 2, 113; Младэнаў, 496) мяркуюць, што гэта слова мае і.-е. паходжанне (з *pod‑ і *tol‑), прыводзячы ў якасці роднаснага ст.-інд. padatalē ’падэшвы чаравікаў’, што малаімаверна. Улічваючы геаграфію пашырэння лексемы можна меркаваць аб асобным запазычанні цюркскага слова ва ўсх.-слав. і паўд.-слав. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)