струме́ністы, ‑ая, ‑ае.

1. У выглядзе струменяў, які складаецца са струменяў. Струменісты ручай. □ [Іванка] прывыкаў да ўсяго гэтага, асцярожна ладкуючыся ля жалязкі з вуголлем, якое яшчэ недзе тлела, мусіць, бо інакш адкуль бы ішоў гэты радкаваты струменісты дух. М. Стральцоў. Адкуль толькі ўзяўся, падзьмуў вільготны, струменісты вецер. Ракітны.

2. Паэт. Які цячэ струменямі, які струменіцца. Дарэмна сонца дзіцянё гукала Праз скошаныя шызыя лугі, — Не ўгледзела яго, не прычакала з-за гаманкой струменістай смугі. Гаўрусёў. // перан. Хвалісты. Струменістая тонкая тканіна мяккай .. сукенкі збягала плынна долу, як ззяннем налівала пругкія маладыя ногі. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ву́сы, ‑оў; адз. вус, ‑а, м.

1. Валасяное покрыва над верхняй губою (у мужчын). Дзед Мірон закурвае люльку і з-пад парыжэлых вусоў выпускае кольцы дыму. Даніленка.

2. Шчаціністыя валасы па баках верхняй губы ў некаторых жывёл.

3. Тое, што і вусікі (у 2 знач.).

4. Тое, што і вусікі (у 3 знач.).

•••

Кітовы вус — гнуткія, пругкія рагавыя пласціны на верхняй сківіцы кіта, якія выкарыстоўваюцца для дробных вырабаў: карсетаў, шчотак і пад.

І ў вус (сабе) не дзьме гл. дзьмуць.

Матаць (сабе) на вус гл. матаць ​1.

Пасмейвацца ў вусы гл. пасмейвацца.

Самі з вусамі гл. сам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пру́гкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які хутка прымае першапачатковую форму пасля сціскання або згінання. Пругкі мяч. □ На пругкім луку, выгнутым з ляшчыны, яшчэ пяе ледзь чутна цеціва. А. Вольскі. Ледзь-ледзь пакалыхваючыся буйным калоссем на пругкіх сцяблах, застыгла зялёнае возера пшаніцы. Сіўцоў. // Які не паддаецца сцісканню, згінанню. Лёня памятае яго — гладкага здаравілу .. ў ботах-«дудках» з такімі пругкімі халявамі, што, не разуўшыся, казалі, у іх нельга было прысесці. Брыль. Тыя, хто прыехаў учора, распакаваўшы чамаданы, пазасцілалі падсіненымі, пругкімі ад крухмалу пр[осціна]мі свае ложкі. Шахавец.

2. Не друзлы, не вялы; крамяны, моцны. Пругкія мускулы. Пругкая скура. □ Гамыра адвязаў каня, пагладзіў па крутой і пругкай шыі рукою знатака. Колас.

3. Лёгкі, спружыністы (пра рухі). Пругкі крок. □ Сабака пругкім скокам.. памчаў па крутой, звілістай сцежцы. Самуйлёнак.

4. Які мае вялікую сілу ціску; моцны. Раздзеўшыся, [студэнты] пускалі ваду і, пакуль хапала духу, мыліся і прытанцоўвалі пад ледзяным пругкім струменем, які сек цела. Карпаў. [Палянцаў] туліўся ад халоднага пругкага ветру і часта хапаўся за свой капялюш, каб яго не сарвала. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́бач,

1. прысл. Адзін каля аднаго, па суседству. Тут будзе камендатура. А вы займайце дамы побач. Якімовіч. Ідуць яны разам, побач. Апанас час ад часу на сына паглядае. Кавалёў. Тут, побач за павароткай, быў урачэбны кабінет. Мележ.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «побач» выражае прасторавыя адносіны і ўказвае на размяшчэнне блізка каля каго‑, чаго‑н., поруч з кім‑, чым‑н. Ідзе Сцёпка, дзе чыгункаю па шпалах, а дзе вузенькаю сцежкаю, што павіваецца па хібах насыпу побач чыгункі. Колас. Жанчына ішла побач воза. Чорны. Пругкія Рыгоравы рукі здрыгануліся ад штуршка, але ён не выпусціў лемяша з зямлі, а роўнаю струною накіраваў яго побач суседняе баразны. Гартны. Мароз і Сонца. Побач іх Вецер з Хмаркай удваіх. Дубоўка.

•••

Побач з (са) (у знач. прыназ. з Т) — а) зусім блізка ля каго‑, чаго‑н. Малады алешнік воддаль, побач з ім — чарот зялёны. Пушча. Хата дзеда Антона была побач са школай. Капусцін. І Ганька стараецца ісці з Шарай побач. Васілевіч; б) адначасова з чым‑н., разам з чым‑н. Побач з працай над дыялекталагічным атласам праводзілася манаграфічнае апісанне і вывучэнне беларускіх дыялектаў. Суднік.

Побач ля (у знач. прыназ. з Р) — недалёка ад каго‑, чаго‑н., каля каго‑, чаго‑н. Побач ля Камуны паўсталі саўгасы. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)