Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУ́ГКІЯ ХВА́ЛІ,
механічныя ўзбурэнні, якія распаўсюджваюцца ў пругкім асяроддзі. Узнікаюць пры землетрасеннях, выбухах, ударах. Разнавіднасці П.х. — гукавыя хвалі і ультрагукавыя хвалі.
У вадкасцях і газах існуюць пераважна падоўжныя хвалі разрэджання-сціскання (часцінкі асяроддзя зрушваюцца ў напрамку распаўсюджання). У ізатропных цвёрдых целах, якія маюць пругкасць зруху, існуюць падоўжныя і папярочныя хвалі (часцінкі асяроддзя зрушваюцца ў напрамках, перпендыкулярных да распаўсюджання). У анізатропных асяроддзях (крышталях) П.х. падоўжна-папярочныя (часцінкі зрушваюцца ўздоўж трох узаемна перпендыкулярных напрамкаў, якія не супадаюць з напрамкам распаўсюджання). Паблізу паверхні цвёрдага асяроддзя могуць існаваць паверхневыя акустычныя хвалі. У абмежаваных цвёрдых целах (пласцінках, стрыжнях) узнікаюць т.зв. нармальныя П.х. — камбінацыя падоўжных і Папярочных хваль. На мяжы асяроддзяў П.х. адбіваюцца і пераламляюцца. Пры гэтым у цвёрдым асяроддзі ўзнікаюць і падоўжныя і папярочныя П.х. На перашкодах можа адбывацца дыфракцыя хваль і іх рассеянне. З-за ўнутр. трэння (вязкасці) і цеплаправоднасці асяроддзя П.х. затухаюць з адлегласцю (гл.Паглынанне хваль). Пры вял. амплітудах хваль іх узаемадзеянне з асяроддзем становіцца нелінейным. П.х. ўлічваюцца пры тэхн. разліках падмуркаў, станкоў, турбін, самалётаў, караблёў, пры рашэнні геафіз. задач (распаўсюджанне П.х. ад землетрасенняў, зрухаў зямной кары), пры кантролі ядз. выпрабаванняў.
Літ.:
Федоров Ф.И. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965;
Красильников В.А., Крылов В.В. Введение в физическую акустику. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУСТЫ́ЧНЫЯ ХВА́ЛІ,
пругкія ўзбурэнні, якія распаўсюджваюцца ў цвёрдым, вадкім і газападобным асяроддзях. Дыяпазон частот ад самых нізкіх (умоўна ад 0 Гц) да гранічна высокіх (1012—1013Гц). Вылучаюць інфрагук (да 16 Гц), гук (ад 16 да 2∙104Гц), ультрагук (ад 2∙104 да 109Гц) і гіпергук (ад 109 да 1013Гц). Выкарыстоўваюцца ў акустаэлектроніцы, дэфектаскапіі, гідралакацыі, сейсмалогіі і інш.Гл. таксама Пругкія хвалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯГУ́ЧАЯ ХВА́ЛЯ,
хваля, што пераносіць энергію ў напрамку распаўсюджвання ад крыніцы да спажыўца. Распаўсюджваецца ў свабоднай прасторы або ўздоўж якіх-н. ліній, напр., пругкія бягучыя хвалі — уздоўж стрыжня, струны, слупа вадкасці, эл.-магн. — уздоўж кабелю, хвалявода.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУАСО́НА КАЭФІЦЫЕ́НТ,
адна з фіз. характарыстык матэрыялу пругкага цела, роўная адносінам абсалютных значэнняў адноснай папярочнай дэфармацыі элемента цела да яго адноснай падоўжанай дэфармацыі. Уведзены С.Д.Пуасонам. Разам з адным з модуляў пругкасці вызначае пругкія ўласцівасці ізатропнага цела.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІЗАМЕ́ТР МАГНІ́ТНЫ (ад грэч. anisos неаднолькавы + ...метр),
прылада для вызначэння магнітнай анізатрапіі монакрышталёў і тэкстураваных матэрыялаў. Прынцып дзеяння: доследны ўзор змяшчаюць у моцнае аднароднае магн. поле; папярочная кампанента вектара намагнічанасці, што ўзнікае, ўтварае момант вярчэння, які імкнецца павярнуць узор. Момант вярчэння кампенсуецца момантам, што ствараюць пругкіямех. элементы прылады. Вугал павароту ўзору адлічваецца па шкале пры розных напрамках поля. Па выніках вымярэнняў разлічваюцца, канстанты анізатрапіі і ацэньваецца ступень дасканаласці тэкстуры. Анізаметр магнітны дае магчымасць даследаваць масіўныя ўзоры, ферамагн. плёнкі, матэрыялы ў вытв. умовах; інтэрвал т-р ад 1300 К да геліевых (~1 К); напружанасць магн. поля да 4000 кА/м.
Схема анізаметра магнітнага: 1 — крыніца святла; 2 — пругкія элементы; 3 — люстэрка; 4 — шкала; 5 — узор; N, S — полюсы магніта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРГУ́К,
пругкія хвалі з частатой 109—1013Гц. Па фізічнай прыродзе не адрозніваецца ад ультрагуку (2∙104—109Гц). Існуе гіпергук прыродны (цеплавыя ваганні крышталічнай рашоткі) і штучны (генерыруецца пры дапамозе спец. выпрамяняльнікаў; гл.П’езаэлектрычнасць, Магнітастрыкцыя).
Пругкія хвалі распаўсюджваюцца ў асяроддзі, калі іх даўжыні большыя за даўжыню свабоднага прабегу малекул у газах ці міжатамных адлегласцей у вадкіх і цвёрдых целах. Таму ў газах, у т. л. ў паветры, пры нармальных умовах гіпергук не распаўсюджваецца, у вадкасцях хутка затухае; параўнальна добрыя праваднікі гіпергуку — монакрышталі пры нізкіх т-рах. Гіпергук выкарыстоўваюць для даследавання стану рэчыва, асабліва ў фізіцы цвёрдага цела, для стварэння акустычных ліній затрымкі ў ЗВЧ дыяпазоне і інш. прылад акустаэлектронікі і акустаоптыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАСЕ́ЙСМЫ (ад мікра... + грэч. seismos ваганне, землетрасенне),
пругкія ваганні зямной паверхні. М. першага роду (перыяд 2—10 с), асабліва інтэнсіўныя на астравах і марскіх берагах, узнікаюць ад дзеяння тайфунаў і цыклонаў; другога роду (перыяд 0,1—0,001 с) — ад змены атмасфернага ціску, уздзеяння ветру на зямную паверхню, дзейнасці прамысл. прадпрыемстваў, работы транспарту, марскога прыбою і інш. Амплітуда М. ад доляў мікрона да соцень мікронаў, звычайна некалькі мікронаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУ́ГКАСЦЬматэрыялаў,
уласцівасць цел аднаўляць сваю форму і аб’ём (цвёрдыя целы) ці толькі аб’ём (вадкасці і газы) пасля спынення дзеяння знешніх сіл, якія выклікалі іх дэфармацыю. У цвёрдых целах і вадкасцях П. абумоўлена сіламі ўзаемадзеяння паміж часцінкамі рэчыва, у газах — кінетычнай энергіяй руху малекул.
У целах з ідэальнай П. дэфармацыя поўнасцю знікае пасля спынення дзеяння сілы, у рэальных целах застаецца т.зв. астаткавая дэфармацыя (гл.Пластычнасць). Дэфармацыю пругкіх цел пад уздзеяннем знешніх сіл вывучае пругкасці тэорыя. У большасці матэрыялаў пры малых дэфармацыях залежнасць паміж напружаннем механічным і дэфармацыяй з’яўляецца лінейнай і апісваецца Гука законам. Пругкія ўласцівасці цел, што падпарадкоўваюцца абагульненаму закону Гука, характарызуюцца модулямі пругкасці. Затрачаная на пругкую дэфармацыю энергія вяртаецца назад у працэсе аднаўлення формы ці аб’ёму цела, таму пругкія целы могуць служыць акумулятарамі мех. энергіі, напр., гадзіннікавая спружына.
Літ.:
Френкель Я.И. Введение в теорию металлов. 4 изд. Л., 1972;
Сопротивление материалов с основами теории упругости и пластичности. М., 1995.
Да арт.Пругкасць матэрыялаў. Шарыкавая мадэль элементарнай ячэйкі кубічнага крышталя: 1 — у раўнавазе пры адсутнасці знешніх сіл; 2 — пад дзеяннем знешняга датычнага напружання.