ту́хнуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. тух, ‑ла; незак.

1. Пераставаць гарэць, свяціць; гаснуць. Зусім не чутно было выбухаў, толькі ў небе, далёка адсюль, загараліся і адразу тухлі арыенціровачныя ракеты. Лупсякоў. Пад самай столлю захісталася лямпа і пачала тухнуць. Каваль. Агонь ніколі ў нас не тухне, Па двух калах кіпіць кацёл. Астрэйка. Раджаўся дзень, за лесам тухлі зоры. Кляшторны. // Страчваць бляск, жывасць (пра вочы, погляд і пад.). Гора вырастае ў адзін міг: галава апускаецца ніжэй, вочы тухнуць. Бядуля.

2. перан. Слабець, памяншацца. І бязмерная радасць адразу тухне, нібы ў сэрцы агні чорным радном пакрыліся. Лынькоў. Гудкі запелі расставанне, А стрэчы як і не было. І тухне зноў на скрыжаванні Падзей зялёнае святло. Чэрня.

ту́хнуць 2, ‑не; пр. тух, ‑ла; незак.

Разм. Загніваць і непрыемна пахнуць; пратухаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ту́хлы ‘пратухлы, з непрыемным пахам гніення’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сцяшк., ТС, Варл., Вруб., Сл. ПЗБ), тухлы́ ‘які задыхаецца, не можа дыхаць (пра тоўстага чалавека)’ (ТС), сюды ж ту́хлены ‘тухлы’ (Нас., Байк. і Некр.), тухле́ный ‘смярдзючы’ (Бяльк.), тухля́вый ‘крыху смярдзючы’ (Юрч. Вытв.), тухлю́чый ‘тс’ (там жа), тухлі́вы ‘тухлы’ (Мат. Гом.). Параўн. укр. ту́хлый, сту́хлый, рус. ту́хлый, польск. stęchły ‘пратухлы’, в.-луж., н.-луж. stuchły, чэш. stuchlý ‘нясвежы, пратухлы’, славац. stuchlý ‘тс’, харв. tuhljiv ‘вільготны, сыры; вадкі; дажджлівы’, ‘смярдзючы’, славен. tohél ‘затхлы, прытохлы’. Утворана ад асновы прасл. *tux‑, звязанай чаргаваннем галосных з *tъx‑, параўн. ту́хнуць2, тхнуцьпратухаць’ (гл.); гл. таксама то́хнуць ‘тс’, параўн. рус. то́хнуть ‘здыхаць (пра рыбу)’; польск. tęchnaćпратухаць, псавацца, плеснявець’, як і славен. tohél, што дае падставы выводзіць прасл. *tǫxnǫti (Скок, 3, 520) з асновай *tǫx‑, якую Брукнер (570) і Фасмер (4, 128) разглядаюць як другасную. Сюды ж вытворныя ту́хлік ‘пратухлы, гнілы’ (Касп.), тухля́к ‘што-небудзь гнілое, тухлае’ (мёрск., Нар. сл.), ‘тое, што смярдзіць’ (Юрч. Вытв.), ‘смярдзючы’ (Нас.), тухъль ‘пах тухлага’ (ушац., Жыв. сл.), ту́хлець (túchlić) ‘смурод ад вільготнага, затохлага паветра’ (Варл.), тухлё ‘смурод’ (Бяльк., Яруш.), тухляццё ‘тухляціна’ (Сцяшк. Сл.), ‘тое, што смярдзіць’ (Юрч. СНЛ), тухло́ ‘тс’ (Вушац. сл.), ту́хля ‘тухліна’ (мёрск., Нар. сл., Юрч. Вытв.; мядз., Сл. ПЗБ), ту́хлась ‘гніль’ (рагач., там жа), тухляні́на ‘тухліна’ (Сцяшк. Сл.), тухля́ціна ‘пратухлыя прадукты’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр.), тухлі́на ‘гніласць, смурод ад гніення’ (Нас.), ту́хленне ‘давядзенне да тухласці’ (там жа, Юрч. Вытв.), ту́хлосць ‘пратухласць’ (ТС), ту́халь ‘тленне, гніенне, гніль’ (Байк. і Некр.; Вушац. сл., Адм.), тухле́нне ‘смурод, пах тухляціны’ (Юрч. Вытв.), тухле́ць ‘смярдзець’ (Яруш.), ту́хліць ‘даводзіць да псавання і гніення’ (Нас.), ту́хляць ‘марнець, гібець’ (Зайка Кос.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́хнуць1 ‘пераставаць гарэць, свяціць’, ‘гаснуць’ (Некр. і Байк.; в.-дзв., Сл. ПЗБ, ТС, Варл.): его зорка тухне (Сержп. Прымхі), ‘слабець, памяншацца’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Некр.), ‘спадаць (пра пухліну)’, ‘змяншацца’ (беласт., Сл. ПЗБ), ту́хнуті ‘гаснуць’ (Вруб.). Параўн. укр. ту́хнути ‘гаснуць’, ‘спадаць (пра пухліну)’, рус. ту́хнуть ‘гаснуць’, стараж.-рус. потухнути ‘патонуць’, ‘сціхнуць’; ц.-слав. потухнѫти ‘спадаць (пра пухліну)’; польск. tęchnąć ‘тс’, чэш. tuchnouti ‘гаснуць’, ‘губляцца, знікаць’, мар.-славац. duchnúť ‘гаснуць’. Прасл. *tuxnǫti, другаснае *tǫxnǫti ‘спадаць, змяншацца’ знаходзіцца ў сувязі з каўзатывам прасл. *tušiti ‘сцішыць, супакоіць, прыглушыць, прыгасіць’ (гл. тушы́ць) (Борысь, 630; Сной₂, 790); параўноўваюць з роднаснымі формамі літ. tausýtis ‘сціхаць (аб ветры)’, прус. tusnan ‘спакойны’, ст.-ірл. ‘ціхі, маўклівы’ (< *tauso‑), ст.-інд. tōṣáyati ‘заспакойваецца’, авест. tušňa‑, tušni‑ ‘ціхі’ (Фасмер, 4, 128; Махэк₂, 660; Скок, 3, 528; Трубачоў, Этимология–1965, 61; ЕСУМ, 5, 687).

Ту́хнуць2 ‘загніваць і непрыемна пахнуць’ (ТСБМ, Касп.), ‘тхнуць, гніць’ (Некр. і Байк.), ‘смярдзець, псавацца’ (Яруш., Гарэц.), ‘выдаваць смурод (ялавічына, рыба і інш.)’ (Нас., Бяльк.), ту́хнуці ‘тс’ (беласт., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. ту́хнути ‘псавацца, рабіцца нясвежым’, рус. ту́хнуть ‘псавацца, пратухаць’, польск. tęchnąć ‘тс’, чэш. tuchnouti ‘тс’, славац. tuchnúť ‘тс’, в.-луж. tychnućпратухаць’, харв. tuhnuti ‘смярдзець, пахнуць гніллю’, серб. тукнути ‘тс’, славен. túhniti, tóhniti ‘смярдзець’. Разглядаецца як вытворнае ад папярэдняга слова з развіццём значэння ‘гаснуць, слабець, спадаць’ > ‘псавацца з-за адсутнасці праветрывання, плеснявець, смярдзець’ (Янышкава, Prasl. dijalektizacija, 117, гл. таксама Борысь, 631, інакш — Махэк₂, 660, які бачыў у гэтых формах незалежныя амонімы). Меркаванне аб розным паходжанні тухнуць1 і тухнуць2 прапануецца ў Фасмер, 4, 128; Арол, 4, 122; процілеглыя думкі пра паходжанне слоў у Бязлай (4, 244) дэманструюць Сной: прасл. *tъxnǫti ‘згаснуць’ > ‘набыць слабы пах’ з другасна назалізаваным *tǫxnoti, і Фурлан: прасл. *tuchъ ‘смурод, задуха’ звязвае з прасл. *tukati ‘таўчы, біць’, што параўноўваецца са славен. udárati ‘смярдзець, пахнуць чым-небудзь’; да апошняга гл. тухляк у розных значэннях.

Ту́хнуць3 ‘спаць (гаворыцца з пагардай)’ (Нас., Рэг. сл. Віц.), ‘доўга спаць’ (Васільковая сп., Мат. Гом., Мат. Маг.), ‘спаць беспрабудна’ (Варл., Некр.), сюды ж то́хнуць ‘спаць, задаючы храпака’ (Нас.), тухля́ць ‘доўга спаць’ (Сцяшк. Сл.), ту́хляць ‘ляжаць, пазбягаць працы, валяцца’ (Зайка Кос.), тухля́к (tuchlák) ‘соня, сонька’ (ваўк., Федар. 4). Параўн. рус. смал., пск. ту́хнуць ‘спаць’. Відавочна, рэгіянальны экспрэсіўны наватвор на базе тухнуць1 ‘супакойвацца’, таго ж паходжання рус. смал. вы́тухнуться ‘выспацца’ (Анікін, РЭС, 9, 205). На экспрэсіўны характар слова паўплывала таксама тухнуць2 і тухлы (гл.), параўн. укр. аргат. пу́хнути ‘спаць’ (Горбач, Арго школярів).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тук1 ‘растоплены тлушч’ (Гарэц., Некр. і Байк., Варл., Шат., Касп., Жд. 1, 3, Бір.; бялын., Янк. Мат.; петрык., лун., Шатал.; мсцісл., драг., З нар. сл., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), ‘ператопленае авечае сала’ (Сцяшк.), ‘рыбін тлушч’ (Ласт.), ‘сыць; пажыўная якасць харчовага прадукта, але не тлушч’ (Некр. і Байк., Нік., Оч.), ‘плодная сіла зямлі’: колы й сахары … не можна чысціць або мыць, бо ат гною не будзе ў зямлі туку (Сержп. Прымхі), то̂к ‘растоплены тлушч’ (маз., ГЧ), ст.-бел. тукъ ‘тс’ (ГСБМ): тукъ земли ‘зямное багацце’ (Скарына, ГСБМ). Укр. тук, рус. тук, стараж.-рус. тукъ ‘тлушч, сала’, ц.-слав. тукъ ‘сала, цвёрды тлушч’; польск., н.-, в.-луж. tuk ‘тлушч’, польск. паўн.-зах., каш. tuk ‘касцявы мозг’, чэш., славац. tuk, харв. чак. ту̏к, ту̂к ‘тлушч’, балг. тук ‘сала, тлушч, навар’, макед. тук ‘растоплены свіны тлушч’, ‘сок з печанага мяса’, ‘кружкі тлушчу на паверхні варыва’, ст.-слав. тоукъ ‘тлушч’, ‘тлустасць, плоднасць, сакавітасць’. Прасл. *tukъ ‘жывёльны тлушч’ — суфіксальны дэрыват з чаргаваннем галосных ад *tyti (гл. тыць), роднасныя: літ. táukas ‘кавалак сала’, ‘жывот’, taukaĩ ‘тлушч, сала’ < tùkti ‘таўсцець’, лат. tàuks ‘тлусты’, ст.-прус. taukis ‘сала’ < і.-е. *touk‑o‑s; ст.-англ. þīoh, þēoh, ст.-в.-ням. diech ‘тук’ < þeuhos < і.-е. *teukos — узыходзяць да і.-е. асновы *tū‑ ‘набрыняць’, ‘разбухаць, набухаць’ (Фасмер, 4, 116; Махэк₂, 660; Брукнер, 683; Скок, 3, 475; Борысь, 652–653; Буга, Rinkt., 2, 633; Каруліс, 2, 378; ESJSt, 17, 997; ЕСУМ, 5, 670). Сюды ж з абнаўленнем семантыкі суч. тук ‘мінеральнае ўгнаенне’ (ТСБМ).

Тук2 ‘дух’: од старого й тук неважны йдзе (ТС). Няясна; магчыма, да папярэдняга слова, якое набліжана да туск ‘пот, выпарэнне’. Параўн., аднак, серб. ту̏кнути ‘прыпахваць дрэнным пахам, смярдзець’, што, напэўна, адлюстроўвае варыянтнасць х/к у параўнанні з ту̏хнутипратухаць, псавацца’; у беларускай мове, відаць, падобнае чаргаванне назіраецца пад уплывам балцкага субстрату, што дазваляе звязаць слова з тухлы, гл.

Тук3 — пра ціхі стук (мсцісл., Нар. лекс.). Як і стук (гл. стукаць) — гукапераймальнага паходжання, палаталізаваны варыянт цюк (гл.), параўн. чэш. ťuk, ťuky ‘стук-стук’. Аналагічна літ. táukšt ‘стук, грук’. Сюды таго ж паходжання дзеяслоў ту́каць ‘кляпаць касу’ (Касп.), ‘стукаць’ (Сцяшк.), ‘біцца (пра сэрца), стукаць, удараць’ (Гарэц., Др.-Падб., Сцяшк.), параўн. серб. дыял. ту̏кнути ‘паціху стукнуць’ (Фасмер, 4, 116; Махэк₂, 660; ЕСУМ, 5, 671), а таксама аддзеяслоўны назоўнік інтэнсіўнага дзеяння ту́кат ‘тупат’ (Адм., Сцяшк.), параўн. чэш. ťukot ‘стук, грук’ (Махэк₂, 660), і вытворны дзеяслоў тукаце́ць ‘стукаць’ (Зайка Кос.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)