*Ара́сіна, аря́сина ’доўгая жэрдка’, ’нізкарослы, але нязграбны малады чалавек’ (Нас.). Рус. паўн. орясина, рясина, арясина ’жэрдка’, ’высокі хлопец’, ’поўха, удар’ (параўн. ряснуть ’ударыць’), сувязь ’жэрдкі’ з ’ударам’ магчымая, але не пэўная. Дзеяслоў вядомы і ў разанскіх гаворках. Каліма, Ostseefin., 211, лічыў запазычаннем з карэльск. roaša, фін. raasu ’прут’, Фасмер (3, 539) пісаў пра магчымасць паходжання ад *ręds‑ (як раска — гл.). Ці выпадковая блізкасць рус. ряснутьхряснуть і ці нельга вывесці ад ряснуть, рясина, орясина — няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трызво́н ‘звон ва ўсе званы (у царкве)’ (Нас., Байк. і Некр., Шымк. Собр.), ‘перазвон’ (РБС), ‘распаўсюджаная чутка’, ‘гамонка, пагалоска’, ‘поўха’, ‘суровая вымова’, сюды ж трызво́ніць ‘званіць’, ‘голасна, публічна гаварыць пра нешта’ (Нас.). Да звон (гл.); прыстаўка тры‑ з ц.-слав.-рус. трь‑/тре‑, ст.-слав. трь‑ (напр., трьблаженъ ‘тройчы шчаслівы’) (Фасмер, 4, 95 і 97), параўн. трыкляты (гл.), серб. триклет ‘тройчы пракляты’. Аднак у дадзеным выпадку, магчыма, зыходнае рус. трезво́нить — першапачаткова было ‘званіць ва ўсе званы — па тры звоны’, бо святочны звон быў не менш як у тры звоны, трезвон ‘святочны звон увогуле’, дать трезвона ‘даць кухталя, грымака, каб у вушах пачуўся трызвон’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

удар, штуршок / адрывісты пальцам: пстрычка; штурхан, штурханец, штурхель, таўхель, папіханка, выспятак, аплявуха, аплявушына, поўха, кухталь, грымак (разм.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Апляву́ха (БРС), апляву́х (Федар., 6, 64), апляву́шына (Клышка, Пол., 1969, 2, 251), пляву́ха (Бяльк.). Рус. оплеу́ха (у слоўніках з 1731 г.), оплеу́шина, оплеу́шить. Першаснае значэнне, магчыма, не ’ўдар’, а дзеянне ці вынік аплявання — выраза знявагі да чалавека; утворана, як зацірацьзаціруха, ад апляваць. Параўн. у рус. слоўніку першай палавіны XVIII ст.: оплевати «слинами заплевати, чином уничтожити, презрити» (Рукоп. лексикон, 242). Таму ‑в‑ не ўстаўное, як лічыў Карскі, прымаючы этымалогію Міклашыча, 71, аб паходжанні слова ад вуха. Сабалеўскі (Лекции, 142) больш дакладна ўказвае на выпадзенне ‑в‑ у рускай літаратурнай мове. Тлумачэнне слова ад апляваць праз звычай пляваць на руку перад тым як ударыць, якое прымае Фасмер, 3, 145, спасылаючыся на Брандта РФВ, 25, 33 наст., непатрэбна. Праабражэнскі (1, 653) зводзіць слова да пляваць і бляваць (даючы дыял. облеуха) без удакладнення семантычнага ходу ўтварэння слова, указваючы, што сувязь з вуха — другасная. Формы тыпу поўха, поўшына (Бяльк.) указваюць на магчымасць народнаэтымалагічнай сувязі са словам вуха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лешч ’рыба Abramis brama L.’ (Жук., Дразд., ТС, Крыв., Бяльк., Касп., Яўс., Яруш., Яшк. З жыцця; полац., З нар. сл.; навагр., вільн., лудз., Сл. паўн.-зах.). Укр. лещ, лещик, лішч, ляшч, рус. лещ, ст.-рус. лещь, польск. leszcz, ст.-польск. kleszcz, н.-луж. klěšć, чэш. dlešť, dlešec, ляш. klesť, ст.-чэш. dlešč, славац. pleskač, plieskač, славен. ploščič, балг. (у Герава) лещ ’тс’. Паводле Махэка₂ (120–121), усе слав. назвы з’яўляюцца гукапераймальнымі ад слоў dleskati/pleskati/leskati — менавіта ў час нерасту ляшчы плёскаюцца, б’юцца аб ваду (Фэр’янц, Sloven. názvosl. ryb, 53). Аналагічна Слаўскі (4, 172, 173) прасл. lesk‑jь узводзіць да leskati ’ляскаць’ /leščati ’ляшчэць’. Пацвярджэннем гэтага служаць, напрыклад, бел. лешч ’удар далоняй рукі па ніжняй частцы цела’, ляшча ўзяць ’упасці задняй часткай цела’ (Нас.), круп. ляшч ’удар далонню’ (Нар. сл.), бялын. ’аплявуха, поўха’ (Яўс.). Фасмер (2, 430) звязвае лексему лещ з лат. leste, эст. lest ’камбала’. Іншыя версіі гл. Фасмер, 2, 430–431. Гл. таксама ляшч. Каламіец (Происх. назв, рыб, 67) дапускае як самастойнае ўзнікненне прасл. leščь (ljaščь) на славянскім грунце, так і магчымасць запазычання лексемы з балтыйскіх гаворак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пы́сак ’морда, мыса ў каровы’ (ЛА, 1; паст., ігн., шальч., Сл. ПЗБ), пы́скі ’тс’ (віл., зэльв., там жа; Сцяц., Варл.; Сержп., ЛА, 1), пы́сак ’дзюба’ (швянч., Сл. ПЗБ), пы́ска ’вісок са шчакою; поўха’ (Нас.), пы́ські ’шчокі, шчочкі’ (Мал.), пыск ’морда ў рагатай жывёлы’ (ашм., дзісн., Стан.; ЛА, 1), ’пашча звера’ (Сцяшк. Сл.), груб. ’рот, вусны’ (Скарбы, Даніл. Сл.), ’скроні, твар; вісок са шчакою’ (Нас., Бес.), ст.-бел. пысокъ ’дзюба (у птушкі)’, укр. пи́сок ’твар, морда; дзюба касы; мыс на рэчцы’, рус. дыял. пы́ска ’насмешлівая назва тонкай і кароткай жаночай касы’, польск. pysk ’лыч свінні; морда сабакі’, чэш., славац. pysk ’губа’, в.-луж., н.-луж. pysk ’дзюба, лыч’, славен. piski ’alae matricis’, макед. писки экспр. ’тоўстыя губы’. Прасл. *pyskъ ’морда, губы’, этымалагічна ідэнтычнае *pych‑, ад *pyxati ’дуць, моцна дыхаць’, гл. пыхаць; параўноўваюць з ц.-слав. напыштити ’надувацца’ (Міклашыч, 268), ст.-рус. пысканити ’насміхацца’ (’строить рожи’, гл. Трубачоў, Зб. памяці Талстога, 1, 310), а таксама з літ. pūkšlė̃ ’пухліна, гула’, pùškas ’пухір’, puškúoti ’цяжка дыхаць’ (Фасмер, 3, 420), ст.-інд. puccha‑ ’хвост’ (Махэк₂, 503; так і Трубачоў, Зб. памяці Талстога, 1, 311; супраць БЕР, 5, 261). Без падстаў лічаць выключна заходнеславянскім pysk Брукнер (450) і Банькоўскі (2, 969), паводле апошняга — няяснае па паходжанні, параўн. таксама pyskla (упершыню зафіксаванае ў буллі пад 1136 г. у форме piscla) — лічыцца эпітэтам свінні, што рые (ад pyskać, pysklać ’рыць лычом’, там жа). Будзішэўская (Балк. Ез., 36, 1, 35–37) далучае сюды ж балг. пи́сък ’выступ, каса’ ў якасці паралелі да *rъtъ ’нос, выступ, пік’ (ад *ryti).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лоб1, лоп, луоб, ло̂б ’пярэдняя частка галавы’ (ТСБМ, Бес., Кл., Бяльк., Касп., Сцяшк., Янк. Мат., ТС, Мат. Гом.), ’чалавек моцнага целаскладу’ (ТС), ’галава, мазгаўня’ (Кл.), ’абібок’ (б.-каш., Мат. Гом.), ’пярэдняя частка чаго-небудзь’ (Сцяшк.); лэб, лэп ’лоб’ (шальч., воран., іўеў., шчуч., валож., трак., швянч.), ’галава’ (астрав., ашм.), шчуч. ’валасы’ (шчуч.Сл. ПЗБ) — параўн. ст.-бел. лебъ < ст.-польск. łeb (Булыка, БЛ, 11, 46). Укр. лоб, ліб, рус. лоб ’лоб’, польск. łeb ’галава жывёлы’, зневаж. ’галава чалавека’, ст.-польск. łep ’чэрап’ (у Сымона Буднага); паўн.-усх. ’лоб’ і розныя пераносныя значэнні; чэш. leb ’чэрап’, перан. ’галава’, ст.-чэш. leb, славац. leb ’чэрап’, славен. ləb ’чэрап’, ’лоб’, балг. лъб, ц.-слав. лъбъ ’чэрап’, ст.-слав. лъбьнъ (параўн. рус. лобное место, славен. lebánja, lobánja ’чэрап’, ’узгорак’). Прасл. lъbъ ’чэрап’ > ’лоб’ > ’галава’ (Слаўскі, 5, 92). Звычайна прасл. лексему супастаўляюць са ст.-грэч. λόφος ’шыя’, ’узгорак’, ’чубок, чупрына’, ’султан з пёраў’ і з тах. A lap ’чэрап’, ’галава’ (Шульцэ, Kleine Schriften, 1933, 252; Бецэнбергер, BB, 4, 333; Фрэнкель, 398; Поўха, Inst. linguae tocharicae, 1, 1955, 264; Фасмер, 2, 507). Аднак гэта аспрэчваюць: Бернекер (1, 748–749), Слаўскі (JP, 36, 72), Фрыск (2, 140) з прычыны фанетычных неадпаведнасцей. Яны, а таксама Брукнер (309), Махэк₂ (323) параўноўваюць прасл. lъbъ з lubъ ’кара, лыка’, прыводзячы ў якасці доказаў наяўнасць сінонімаў — параўн. серб.-харв. дуброўн. lùbina ’чэрап’, харв. lùbanja, славен. lubánja, якія ў рэшце рэшт узыходзяць да і.-е. *leubh‑ ’лупіць, здымаць кару’. Прасл. lъbъ адпавядае і.-е. lubh‑ (сюды ж і літ. lùbena ’лушпіна’, lùbos ’столя’, lubà ’стальнічына’) з першасным значэннем ’выпуклая шкарлупка’ (параўн. серб.-харв. чак. з XVI–XVII стст. lup ’чэрап’, lȗp ’шкарлупа’).

Лоб2 ’пакрытая ледзяной карой зямля (пасля дажджу, адлігі)’ (карэліц., Янк. Мат.). Да лоб1 (гл.).

Лоб3 ’шчыт, франтон’ (Тарн., Зн., Касп.; пруж., бяроз., в.-дзв., Нар. сл., Шатал.; міёр. Нар. сл.), лельч., калінк. ’падстрэшак’, пруж. ’закот’, міёр. лоп ’падфрантонная сцяна ў будынку’ (Нар. сл.). У выніку пераносу паводле падабенства з лоб ’лоб’, параўн. палес. спіна, грыва ’вільчык’. Да лоб1 (гл.). Параўн. таксама лабак1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)