необходи́мость неабхо́днасць, -ці ж.; патрэ́ба, -бы ж.; патрэ́бнасць, -ці ж.; абавязко́васць, -ці ж.; см. необходи́мый;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

патрэ́ба, ‑ы, ж.

Неабходнасць чаго‑н., патрэбнасць. Лабановіч, наколькі мог, тлумачыў старасту, што і дзяўчаткам таксама вучыцца трэба, і даводзіў, скуль гэта патрэба вынікае. Колас. [Кацярына:] Я не так сабе прыйшла, патрэба ёсць. Крапіва. [Андрэй] ніяк не мог уцяміць, якая патрэба прывяла да яго самога Мікалая Мікалаевіча. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́га, ‑і, ДМ празе, ж.

1. Жаданне, патрэбнасць піць. Дыхаць цяжка, грудзі ўспухлі, Точыць смага, прага піць. А. Александровіч.

2. чаго, да чаго. Моцнае жаданне чаго‑н. Відаць, у гэтага чалавека жалезная самадысцыпліна, велізарная прага да жыцця. М. Ткачоў. Прага помсты за спаленыя вёскі і смерць блізкіх падвоіла рады партызан. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Патрэ́ба, патрэ́б, патрэ́ба ’неабходнасць чаго-н., патрэбнасць’ (ТСБМ, Мал., Яруш., Гарэц., Нас., Шат., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), ’пільнае пажаданне’ (КЭС, лаг.), ’просьба’ (Сл. ПЗБ), патрабава́ць ’прасіць, дамагацца, прымушаць, загадваць, мець патрэбу’ (ТСБМ, Гарэц., Шат., Касп.; КЭС, лаг.), патрабава́ннепатрэбнасць’, ’нястача, неабходнасць’, патрэбішча ’тс’; патрэбнік, патрэбніца ’неабходны чалавек’, ’праснак, спечаны на патэльні’ (Нас.). Укр. потре́ба ’неабходнасць’, ’справа, бітва’, рус. потре́бный ’патрэбны’, потре́ба, потре́б ’патрэба’, потребовать, ст.-рус. потрѣба, потреба ’неабходнасць’, ’служэнне’, ’ахвяраванне’, трѣбъ ’патрэбны’, польск. potrzeba ’неабходнасць, патрэба’, ’патрабаванні’, ’бітва’, ’справа’, н.-луж. potrjeba ’неабходнасць’, potrěbnosć ’патрэба’, в.-луж. potrjeba, potrěbnosć ’тс’, potrjebować ’патрабаваць’, чэш. potřeba, potřebovati, potřebný, славац. potreba, potrebný, potrebovať ’тс’, славен. potréba, potrebováti, potrében, potrébnost, серб.-харв. по̏треба, по̀требовати, по̏требан, по̏требност ’тс’, макед. потреба ’неабходнасць’, ’патрэба’, потребен ’неабходны, патрэбны’, балг. потре́ба, потре́бен, потребност. Слова potrěba ўтворана з выразу trěbě byti ’быць патрэбным’, які быў дапоўнены прыназоўнікам po, таму што trěbě разумелася як М. скл., а М. скл. ужываўся толькі з прыназоўнікам. З ро trěbě рэканструяваўся Н. скл. potreba. Ад гэтага назоўніка — potrěbovati, potrěbьnъ і інш. (Махэк₂, 656). Гл. таксама трэба. Пра патрэбна гл. Плотнікаў (Бюлетин, 1976, 72).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прадме́т, ‑а, М ‑меце, м.

1. Канкрэтная матэрыяльная з’ява, якая ўспрымаецца органамі пачуццяў як нешта існуючае асобна і якая мае пэўныя ўласцівасці і якасці. Змрокі мякка асядалі на зямлю, робячы прадметы лёгкімі, аднастайна шэрымі. Карпаў. // Рэч, пераважна бытавога ўжытку, якая абслугоўвае тую ці іншую патрэбнасць. Прадметы хатняга ўжытку.

2. З’ява рэчаіснасці, падзея, факт.

3. Тое, што служыць, з’яўляецца аб’ектам, крыніцай і пад. чыёй‑н. дзейнасці, мыслі, чыйго‑н. пачуцця. Прадмет даследавання. □ Прадметам і крыніцай літаратуры.. [Купала] лічыў аб’ектыўную рэчаіснасць, жыццё і працу народа, імкненні і спадзяванні працоўных. Івашын. Прадметам мастацтва з’яўляецца жыццё, чалавек у яго грамадскіх сувязях і адносінах да рэчаіснасці. Конан.

4. Тое, што служыць матэрыялам якой‑н. дзейнасці. Большасць сённяшніх чытачоў, відаць, мае прыблізнае ўяўленне аб прадмеце гэтай гаворкі. Лужанін. // Крыніца тых або іншых пачуццяў, перажыванняў.

5. Уст. разм. Чалавек, які выклікае пачуццё любві, цягі да сябе. — Твой аграном сёння лопнуў бы ад рэўнасці, каб убачыў, як ты выглядаеш, — не ўцярпеў .. [Саша], упікнуў свой ранейшы прадмет захаплення. Васілевіч.

6. Вучэбная дысцыпліна. Віця расказала, якія ў яе адзнакі, якія прадметы даюцца ёй лёгка, якія цяжка. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сагна́ць, зганю, згоніш, згоніць; зак.

1. каго-што. Прымусіць пайсці, пабегчы, паляцець і пад. з якога‑н. месца, адкуль‑н. Сагнаць муху. Сагнаць птушку з гнязда. □ Галоўны мінёр Скаварада махнуў рукой, сагнаў Шуру з насыпу. Навуменка. Няёмка неяк узяць вось так сагнаць чалавека і самой усесціся. Васілевіч. Пан Вальвацкі.., вярнуўшыся дадому, зараз жа загадаў парабкам сагнаць з лугу кармянецкія каровы. Крапіва. // Прымусіць перасяліцца адкуль‑н. Мог і дзедка Тады ўзбунтавацца, Калі іх сагналі з зямлі. Сіпакоў.

2. каго-што. Прыгнаць з розных месц, прымусіць сабрацца ў адно месца. Эсэсаўцы акружылі вёску, сагналі захопленых жыхароў у стайню, заперлі яе і падпалілі. Хадкевіч. / Пра вецер і пад. [Вецер] сагнаў хмары ў адно месца. Чорны. // Змесці ў адно месца. Зарэцкі пералажыў відэльцы з месца на месца, пальцамі сагнаў крошкі на настольніку ў адну кучку. Скрыган.

3. каго-што. Адагнаць каго-што‑н. на далёкую адлегласць. Цяглавую сілу, якую не паспелі эвакуіраваць, многія калгасы сагналі на далёкія выпасы. Казлоў. Адны могуць пажартаваць, а потым забыцца. Другія — проста па злосці сагнаць лодку. Ваданосаў. // Развеяць ветрам і пад. Сагнаць пыл. □ Ранішні вецер разарваў хмары, сагнаў іх кудысьці на край небасхілу. Шашкоў. Вецер сагнаў апаўшае лісце з паляны ў лес, і пад дубамі зямлю густа ўсцілалі жоўта-зялёныя жалуды. Шамякін. // Змятаючы, ачысціць ад чаго‑н. Сагнаць каласы мятлою з зерня.

4. што. Растапіць (пра снег). А як толькі сонца згоніць снег з высокіх лапінак на лагу, яны становяцца нашымі стадыёнамі. Сіпакоў. / у безас. ужыв. Снег сагнала дні за тры, і ўжо жаўрукі ціліўкалі, заходзілася ў блакітнай вышыні неба. Сабаленка. Вясна прыйшла імклівая, хуткая. За які тыдзень снег сагнала нават у лесе. Навуменка.

5. што. Пазбавіцца ад чаго‑н. Сагнаць бародаўку. Сагнаць рабацінне. □ І я [курыца] часамі ўзлятаю — На плот, на хлеў, на сенавал, Каб тлушч сагнаць, крыху размяцца, Але ні воплескаў мне, ні пахвал... Валасевіч. // перан. Аб знікненні якога‑н. пачуцця, ухмылкі і пад. Гаспадар пакоя неяк знячэўку ўстрапянуўся, ураз сагнаў ўсмешку з твару, які стаў ад таго сумны і посны. Быкаў.

•••

Сагнаць ахвоту — задаволіць жаданне, нацешыцца чым‑н.

Сагнаць вагу — палягчэць у выніку пэўнай сістэмы харчавання, фізічных практыкаванняў і пад.

Сагнаць злосць на кім — даць выхад сваёй зласлівасць. Я са слязьмі на вачах пазіраў, як бедны конь гатоў быў вылузацца са шнуры, мне шкада было яго, але я ведаў, што ніякія просьбы не памогуць: пакуль бацька не згоніць злосці — не адстане. Дамашэвіч.

Сагнаць смагу — задаволіць патрэбнасць у вадзе. [Язэп] пачаў сасмоктваць расу з травы і неўзабаве сагнаў пякучую смагу. Асіпенка.

Сагнаць сто патоў з каго — прымусіць працаваць да знямогі.

Сагнаць стружку з каго — прабраць, прапясочыць каго‑н. — Правільна, Валя! Няхай з яго там стружку згоняць. Іш, распусціўся тут, — уставіў Яўген. Савіцкі.

Сагнаць фанабэрыю (пыху) з каго — асадзіць каго‑н., паставіць на месца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)