абвінава́чанне, ‑я, н.

1. Прызнанне каго‑н. вінаватым у чым‑н. [Галена:] — Я тады набралася гора, пакуль не з’явіўся сам гэты хлопец і не папрасіў зняць абвінавачанне, бо ён памыліўся. Чорны. Адносна Лабановіча пракурор заўважыў, што гэты падсудны, хоць і мала фігуруе ў абвінавачанні, але, як гаворыць народная прыказка, — па абліччы апостал, а па зубах сабака. Колас.

2. Спец. Той бок у судовым працэсе, які абвінавачвае. Сведкі абвінавачання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пад... (а таксама пад’..., пада...), прыстаўка.

I. Утварае дзеясловы са знач.:

1) дзеяння знізу ўверх, уніз чаго-н., напр.: падлажыць, падкінуць, падважыць;

2) набліжэння каго-, чаго-н., напр.: падысці, пад’ехаць;

3) дабаўлення, напр.: падліць, падсыпаць;

4) паўтарэння якога-н. дзеяння ўслед за іншым, суправаджэння аднаго дзеяння другім, напр.: падтакваць, падбрэхваць;

5) праяўлення дзеяння ў слабым ці непрыметным, скрытым выглядзе, напр.: падгледзець, падпільнаваць.

II. Утварае назоўнікі і прыметнікі:

1) прыметнікі са знач. ніжняй часткі чаго-н., знаходжання ніжэй за што-н., напр.: падводны, падстраўнікавы;

2) назоўнікі са знач. часткі больш буйнога адзінства, напр.: пададдзел, падатрад, падклас;

3) прыметнікі са знач. чаго-н., што знаходзіцца ў чыім-н. распараджэнні, напр.: падначалены, падсудны;

4) назоўнікі і прыметнікі са знач. чаго-н., што знаходзіцца паблізу ад чаго-н., напр.: падтропікі, падлессе;

5) назоўнікі са знач. звання, ніжэйшага за іншае, пасады памочніка, напр.: падпалкоўнік, падшкіпер.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пад..., (а таксама пад’..., пада...), прыстаўка.

I. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і вытворных ад іх слоў, падаючы ім значэнне:

1. Накіраванасці дзеяння знізу ўверх, напрыклад: падкінуць, падняць, падскочыць, падважванне.

2. Накіраванасці дзеяння ў бок ніжняй часткі, да нізу або пад ніз чаго‑н., напрыклад: падкапаць, падрыць, падбіўка.

3. Набліжэння да каго‑, чаго‑н., напрыклад: падпаўзці, падплысці, падбяганне, падноска.

4. Дабаўлення чаго‑н., напрыклад: падліць, падмяшаць, падсыпаць.

5. Праяўлення дзеяння або стану не ў поўную меру, не на поўную сілу, напрыклад: падгаіцца, падгнісці, падквасіць, падлячыць, падмазаць, падсохнуць.

6. Дадатковага дзеяння (для дасягнення лепшага выніку), напрыклад: падвінціць, падгладзіць.

7. Тайнага, скрытнага ад іншых дзеяння, напрыклад: падгледзець, падпільнаваць, падслухаць.

8. Паўторнага дзеяння, якое суправаджае якое‑н. іншае дзеянне, напрыклад: падыграць (на музычным інструменце), падтакваць, падбрэхваць.

II. Ужываецца для ўтварэння назоўнікаў і прыметнікаў, надаючы ім значэнне:

9. Знаходжання ніжэй чаго‑н., унізе чаго‑н., напрыклад: падглеба, падзямелле, падкаўнерык, падводны, падземны, падстраўнікавы.

10. Знаходжання каля, паблізу чаго‑н., напрыклад: падгор’е, падлессе, падмаскоўны.

11. Часткі чаго‑н. цэлага, буйнога, напрыклад: падатрад, падвід, падклас, падстанцыя.

12. Знаходжання пад чыёй‑н. уладай, у сферы чаго‑н., напрыклад: падначалены, паднявольны, падсудны.

13. Звання ніжэй каго‑н., пасады памочніка, напрыклад: падпалкоўнік, падкухцік, падмайстар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́ціск, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. націскаць — націснуць (у 1 знач.).

2. Моцны напор. У гушчары, на скрыжаванні торных Лясных дарог, — вышэй сваіх сяброў Узрос магутны граб. І непакорна Стаіць пад гулкім націскам вятроў. Кірэенка.

3. Рашучае, энергічнае дзеянне, імклівы папад на каго‑, што‑н. Перад будынкам суда.. сабраўся велізарны натоўп. Паліцэйскія ледзь стрымлівалі яго націск. Машара. Брыгада несла цяжкія страты пад націскам у дзесяць разоў мацнейшага праціўніка. Шамякін. // перан. Моцнае ўздзеянне на каго‑н. Над націскам аргументаў, якія прывёў падсудны Яўген Скурко, суд вымушаны быў апраўдаць яго. У. Калеснік.

4. Патаўшчэнне штрыха пры пісьме пяром. Пісаць з націскам.

5. Вылучэнне складу ў слове сілай голасу або павышэннем тону, а таксама значок над літарай, які паказвае яе вылучэнне. — Між іншым, — сказаў настаўнік, — мясцовыя людзі вымаўляюць назву нашага горада не «Лунінец», як гаворыце вы і наогул усе прыезджыя, а «Лунінец» з націскам на першым складзе. В. Вольскі. // Вылучэнне голасам слова ў размове для таго, каб падкрэсліць яго лагічную значнасць. Лагічны націск. □ [Кірыл:] — Цяпер я не злачынец, як мяне тут доўга лічылі. Цяпер я проста рабочы чалавек. Ён зрабіў націск на слове «рабочы». Кавалёў.

6. перан. Вылучэнне чаго‑н. у якасці асноўнага. [Дзімін:] — Нам на культуру і эканамічнасць вытворчасці націск рабіць ужо трэба... Карпаў. Ніхто не будзе распытваць, колькі там было таго зерня. Юхневіч згнаіў збожжа. Вось на чым зробяць націск, вось пра што будуць казаць. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

склад 1, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Спецыяльнае месца, памяшканне для захоўвання тавараў, матэрыялаў і пад. Для машын таксама быў зроблены спецыяльны будынак. Гэта быў і гараж для трактароў і склад для розных сельскагаспадарчых машын. Колас. Вечарам мы пайшлі пазнаёміцца бліжэй з портам Касабланкі. Гэта вялікі і добра абсталяваны порт з магутнымі кранамі і шматлікімі радамі складаў. В. Вольскі.

2. Вялікая колькасць якіх‑н. прадметаў, складзеных у адным месцы; запас чаго‑н. Склады бярвення на двары, на вуліцы перад селішчам раслі ўвачавідкі. Мележ. Пра свае склады зброі хлопцы маўчалі. Якімовіч.

склад 2, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Сукупнасць частак, якія ўтвараюць адзінае цэлае; састаў. Лексічны склад мовы. □ Важнай крыніцай папаўнення фразеалагічнага складу сучаснай беларускай мовы Ўяўляецца мастацкая літаратура. Гіст. лекс. бел. мовы. [Полацкая зямля] ўваходзіла ў склад старажытнарускай дзяржавы — Кіеўскай Русі. Хадкевіч. Полк уваходзіў у склад арміі, якая абараняла Севастопаль з 1 верасня 1854 г. «Помнікі».

2. чаго або які. Сукупнасць людзей, якія ўтвараюць які‑н. калектыў, арганізацыю (з колькаснага або якаснага боку). Склад прэзідыума. □ Выбралі праўленне. Першай у склад яго назвалі Шашу. Шамякін. [Суддзя:] — Падсудны.. вы не пярэчыце супроць складу суда? Дадзіёмаў.

3. (з азначэннем). Асобы, якія складаюць якую‑н. катэгорыю (па роду службы, прафесіі і пад.). Акцёрскі склад тэатра. □ Пад разложыстым дубам прытуліўся камандны склад батальёна: Шалёхін, тры ротных камандзіры і начальнік кулямётнай каманды. Колас.

4. Постаць, фізічны выгляд, будова (чалавека, жывёліны). Высокі, атлетычнага складу, у гэтым незвычайным адзенні .. [Кашын] выглядаў молада і нават малайцавата. Карпаў. Гэта быў высокі мужчына, чарнавусы, моцнага складу. Самуйлёнак.

5. Асаблівасці розуму, думак, характару і пад.; маральнае аблічча чалавека, яго звычкі і пад. Саханюк быў чалавек практычнага складу. Колас. Дырэктарам гімназіі быў сын вілейскага папа, нехта Мірановіч — чалавек старарэжымнага складу і манархічных поглядаў. С. Александровіч. Ёсць людзі, да якіх бруд не ліпне, бо склад іхняй душы, намеры, імкненні высокія. Карпаў. Вучоба маладога Казіміра ў Маскве .. вызначыла склад яго мышлення на ўсё яго жыццё. Пестрак.

6. Манера, спосаб выказваць думкі, гаварыць, пісаць; стыль. Колас — мастак эпічнага складу. □ Казка вызначаецца жывасцю народнага складу, яркімі дэталямі. Саламевіч. // Спосаб пабудовы чаго‑н. (песні, верша і пад.). Песенны склад паэмы. □ 1918 год прынёс публікацыю цыкла вершаў [Багдановіча] беларускага складу. Лойка.

7. Зладжанасць, складнасць; парадак, сэнс. І пайшоў стары Несцер гаварыць у склад, у лад. Пестрак. Я — ратай, і мо’ няўдала З сваёй думкай выйшаў першай. Можа, складу ў песнях мала, Мала досціпу ў вершы? Васілёк. І не хочаш, а думаеш усё і думаеш, — без ніякага складу... Пташнікаў.

8. Пласты зямлі, складзеныя адзін да аднаго. Ворыва ў склад. □ Мы прайшлі дзве баразны — зрабілі склад пасярэдзіне. Якімовіч.

•••

Асабовы склад (састаў) — рабочыя, служачыя якой‑н. установы, прадпрыемства, вайсковай часці і пад.

Ні складу, ні ладу — ніякага толку, парадку, ніякай сувязі.

У складзе — у колькасці. Мясцовы камітэт у складзе 7 чалавек.

склад 3, ‑а, М ‑дзе; мн. склады, ‑оў; м.

Гук або спалучэнне гукаў у слове, якія вымаўляюцца адным штуршком паветра. Андрэйка пачаў чытаць па складах: «За ду-бо-вым сталом пі-шу за-ла-тым пя-ром». Бядуля. Словы .. [пастух] расцягваў, робячы націск на кожным складзе. Асіпенка.

•••

Адкрыты склад — склад у слове, які заканчваецца на галосны гук.

Закрыты склад — склад у слове, які заканчваецца па зычны гук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)