Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСУ́ДНЫ,
абвінавачаны, якога аддалі пад суд. Паводле працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь (КПК у рэдакцыі 1960) мае права браць удзел у суд. разглядзе яго справы, заяўляць адводы і хадайніцтвы, прад’яўляць доказы, выступаць у суд. спрэчках, выступаць з апошнім словам, абскарджваць прыгавор і вызначэнне суда. Яўка П. ў суд абавязковая. Разбор справы пры адсутнасці П. дапускаецца ў выключных выпадках, калі гэта не перашкаджае ўстанаўленню ісціны па сутнасці абвінавачвання. Свае правы П. рэалізуе сам або з дапамогай абаронца. Пасля вынясення абвінаваўчага прыгавору і набыцця ім законнай сілы П. становіцца асуджаным. КПК Рэспублікі Беларусь 1999 замест паняцця «П.» ўжывае паняцце «абвінавачаны», пакідаючы за ім тыя ж правы і абавязкі.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 11, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАЦЭ́С 193-х»
(«Вялікі працэс»),
найбуйнейшы паліт. судовы працэс над рас. рэвалюцыянерамі-народнікамі — удзельнікамі «хаджэння ў народ» (арыштавана больш за 4 тыс. чал.). Праходзіў 30.10.1877—4.2.1878 у С.-Пецярбургу ў Асобай установе правячага Сената. Падсудных абвінавачвалі ў стварэнні арг-цыі з мэтай звяржэння існуючага дзярж. ладу. Падсудны І.М.Мышкін выступіў на працэсе з яскравай прамовай у абарону рэв. праграмы народнікаў. 28 чал. (Мышкін, П.І.Вайнаральскі, ураджэнец Магілёўшчыны С.П.Кавалік і інш.) прыгавораны да катаргі, іншым вынесены адносна мяккія прыгаворы, а 90 чал. апраўданы. З ліку апраўданых 80 чал. сасланы ў адм. парадку.
т. 13, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)