зо́лак, ‑лку і ‑лаку, м.

Пачатак світання. [Лі] павінна была штодня ўставаць на золаку, да ўсходу сонца, і гатаваць рыс для рабочых. Барашка. Ужо і ночка канчаецца, зараз золак зайграе над зямлёю. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сінякры́лы, ‑ая, ‑ае.

З сінімі крыламі. Б’ецца, ўецца шпаркі, лёгкі Сінякрылы матылёк. Багдановіч. / у паэт. ужыв. Іду, а неба нізкае, А ночка сінякрылая, І ўсё да болю блізкае, І ўсё — старонка мілая! Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сіні́ць, сіню, сініш, сініць; незак., што.

1. Фарбаваць у сіні колер. Сініць тканіну. / у перан. ужыв. Ночка сініць хвалі, Многа сіні ў іх. Бядуля.

2. Паласкаць у вадзе з разбаўленай у ёй сінькай; падсіньваць. Сініць фіранкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́зны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і позні. Ужо позны час, глыбока ночка, А хлапчукі сядзяць маўкліва І навакол глядзяць пужліва. Колас. Ўжо пара мне дадому збірацца, — Вечар позны, а час не стаіць. Багдановіч. — Прыйшлі багатыя і дурныя людзі і забілі .. [птушку] і піскляняты цяпер прападуць: вывадак позны. Самуйлёнак. Мой сябар.. моцна лае мяне за такое пазнае спаннё. Трэба зараз жа ехаць з ім у маёнтак. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

улада́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. уладаць (у 1, 4 знач.).

2. Тэрыторыя, якая знаходзіцца пад уладай каго‑н., пад чыім‑н. кіраваннем. Каланіяльныя ўладанні. □ [Саля Калёнія] быў крайні паўднёвы пункт уладанняў Рыма ў Афрыцы. В. Вольскі. / у перан. ужыв. Набірае [вясна] паволі сталасць, Пашырае ўладанні свае. Прануза.

3. Уст. Нерухомая маёмасць (пераважна зямля), якой валодаюць як уласнасцю. З Нясвіжам звязаны Цімкавічы здаўна. Калісьці мястэчка было радзівілаўскім уладаннем. С. Александровіч. [Аксён] разгортвае скрутак і паказвае настаўніку план. На плане зняты сялянскія землі і сумежныя ўладанні пана Скірмунта. Колас.

4. перан. Панаванне. Ужо і ночка канчаецца, зараз золак заіграе над зямлёю, раніца.. распастрэ над зямелькаю ўладанне. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наві́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Спусціцца, звесіцца нізка над чым‑н., на што‑н. Вунь навіслі нізка Вербы над вадою. Журба. Шапкі на галаве ў.. [Юркі] не аказалася,.. і пасмы чорных пераблытаных валасоў навіслі на самыя вочы. Васілёнак.

2. Распасцерціся, апусціцца, размясціцца нізка над чым‑н. [Туман] згусціў паветра, павіс над зямлёй, як полаг. Няхай. Над возерам навісла вялізная чорная хмара, стала холадна. Гурскі. Шэрае неба нізка павісла над зямлёю. Васілеўская. / Аб ночы, цішыні і пад. Над ціхай талаю зямлёю Навісла ночка той парою. Колас.

3. перан. Узнікшы, з’явіўшыся, пачаць пагражаць каму‑, чаму‑н. Над краінай навісла пагроза вайны. □ Нейкі здраднік данёс фашыстам, што Дулеба пайшоў у партызаны, і над яго сям’ёй навісла небяспека. Шчарбатаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сапці́, ‑пу, ‑пеш, ‑пе; ‑пём, ‑пяце; пр. соп, сапла, ‑ло; незак.

1. Цяжка дыхаючы, пераважна носам, утвараць гукі з прысвістам. [Пракоп] моцна соп носам, аддаючыся сузіранню свайго жыцця. Колас. Ціха сапуць, сплючы, дзеці, і рэдка-рэдка ціхенька сакатне пад печчу курачка, паварушыцца там і змоўкне. Гарэцкі. Іван сапе, чырванее і, злаўчыўшыся, дае па шапцы Ваську. Лынькоў. / Разм. Пра з’явы прыроды. Рака па скалах хвалямі грукоча, Узмыленая, ярасна сапе. Панчанка. Калядная ночка ўвесь свет пакрывае, Па белай ад снегу зямельцы снуе; Мяцеліца ў полі сапе, завывае, Свіст еіхраў спакойна заснуць не дае. Купала. // перан. Працуючы, пыхкаць, утвараць гукі з прысвістам (пра машыны, механізмы і пад.). Цягнік пыхкае параю і сапе. Скрыган. Сапуць мяхі ля горна. Зарыцкі.

2. Разм. Дзьмуць у што‑н. (звычайна пра дудку, жалейку). Сапці ў дудку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паме́рці, ‑мру, ‑мрэш, ‑мрэ; пр. памёр, памерла; зак.

1. Перастаць жыць. Некалькі разоў прыходзіла да хлопцаў [сястра], праведвала Сцяпана: яму станавілася ўсё горш і горш. Увечары ён памёр. Мележ. Маці і памерла, як жыла, ціха, непрыкметна. Ваданосаў. // за каго-што і без дап. Ісці на смерць у імя чаго‑н., загінуць, абараняючы што‑н. [Камандзір:] — Рана, Астап, ты выбраўся ў дальнюю дарогу... Рана... Слаўна ты жыў... Слаўна памёр за людзей нашых... Лынькоў. Заўсёды ў час пагранічнік бярэцца за зброю. Заўсёды гатовы перамагчы і заўсёды гатовы памерці. Брыль.

2. перан. Знікнуць, бясследна прапасці. Ён памёр. Расстралялі Якіма... Цёмны гай зашумеў галасней... Але справа магутнага КІМа Не памрэ, — будзе вечна квітнець!.. Трус.

3. перан. Разм. Пазбавіцца сіл, знемагчы ад якіх‑н. пачуццяў. [Данілка:] Яшчэ раз як здарыцца гэткая ночка з пажарам, то я зусім памру ад страху. Купала.

•••

Памерці пад нажом — памерці ў час хірургічнай аперацыі.

Хоць памры — абавязкова (зрабіць, выканаць што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блі́зка,

1. Прысл. да прым. блізкі (у 1, 2, 4 і 5 знач.).

2. у знач. вык. У хуткім часе, хутка. Жніво і ўборка з поля былі блізка. Чорны. А на дварэ ўжо вечарэе, І ночка блізка, змрок гусцее. Колас.

3. прыназ. з Р. Разм. У прасторавым значэнні. Блізка горкай рэчкі Сарыярві Жыў сабе ды гаспадарыў Паво. Багдановіч. Сеў каля паваленай яліны блізка сцежкі, што ў гушчар вядзе. А. Вольскі. // У часавым значэнні. Блізка апоўначы зноў змоўкла малатарня: чысцілі транспарцёр. Савіцкі.

4. прысл. Разм. Амаль, прыблізна. Экзамены цягнуліся блізка тыдзень. Колас. Ёсць будынкі з тоўстага бярвення, век якіх ідзе блізка не за сто год. Чорны. Прыцягнулася ў гэта мястэчка Прузына ўжо блізка году. Ядвігін Ш.

•••

Блізка што — амаль што.

І блізка няма — зусім няма. Сімон, які ведаў, што важных дакументаў і блізка няма.., цяжка ўздыхнуў. Самуйлёнак.

І ні блізка; ні блізка; ані блізка — ні ў якім разе, ні за што.

Прымаць (браць) блізка да сэрца гл. прымаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тулі́ць, тулю. туліш, туліць; незак., каго-што.

1. Прыхіляць, гарнуць да сябе з ласкай, пяшчотай. Нясе з яслей маці сына, Песціць яго, туліць... Колас. [Янка] гладзіў Аленіны валасы, праводзіў шурпатымі, прапахлымі лазою далонямі па яе твары, туліў да сябе, прыпадаў да вуснаў. Лупсякоў. // Беражліва трымаць, прыхінаць да сябе. Усё на скверах і ў парках адцвітала, а Марына туліла да грудзей свежыя, яркія кветкі. Грамовіч. // Шчыльна прыціскаць, прытульваць што‑н. Сіўка спачатку пырхала на яго і туліла вушы, а потым прызвычаілася ці можа таксама ўцяміла, што .. [козлік] яе «ветэрынар». Брыль. [Гняды] раз-поразу фыркае, туліць да галавы вушы і круціць хвастом. Чарнышэвіч. [Сашка] туліў да рукі мокрую ад крыві хустачку. Чорны. Вецер туліў плацце да .. ног [Веры]. Пестрак. // Хаваць што‑н. у што‑н. [Надзя] туліла ў шырокі плашчык сваю фігуру цяжарнай жанчыны, саромелася і адчувала сябе няёмка. Машара. Мы тулім у каўняры галовы, ляніва адмахваемся ад камароў і хмура маўчым, нібы толькі што пасварыліся. Шашкоў.

2. перан. Хаваць, укрываць каго‑н., служыць прытулкам для каго‑н. Лясы тулілі неспакойных людзей, на якіх падала панская няласка і паліцэйская помста. Колас. Нас тут гуляць і клён і сасна, Берагуць ад відна да відна. Астрэйка. Пушча і ночка яе [песню] гадавалі, Няньчылі казкамі ночы нямой; Дождж і расіца вясною купалі, Снежныя буры тулілі зімой. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)