КАЛАМЫ́ЙКАВЫ ВЕРШ,

14-складовы верш, кожны радок у якім разбіты пастаяннымі паўзамі на 3 групы (4 + 4 + 6). Радкі звязаны сумежнай рыфмоўкай. Трапляецца ў нар. укр. прыпеўках — каламыйках (адсюль назва), некаторых бел. нар. песнях. Пашыраны і ў пісьмовай паэзіі (Т.​Шаўчэнка, С.​Руданскі, Я.​Купала, М.​Багдановіч і інш.), дзе кожны вершарад запісваецца ў 2 радкі — цэзура становіцца міжрадковай паўзай: «Ночка цёмная глядзела // Ды цямнейшай стала, // Адна зорка мігацела — // І тая прапала» («Бандароўна» Я.​Купалы).

В.​П.​Рагойша.

т. 7, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУ́МЕНКА (Якаў Паўлавіч) (н. 28.3.1959, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. эстрадны спявак. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя М.​І.​Глінкі (клас хар. дырыжыравання, 1984), Маскоўскі муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (клас вакалу, 1992). З 1984 артыст ансамбля нар. музыкі «Свята», саліст Дзярж. акад. нар. хору Беларусі імя Г.​Цітовіча, з 1990 — Нац. тэлерадыёкампаніі і ансамбля нар. музыкі «Бяседа» (1992—97), з 1993 саліст-вакаліст Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі. Валодае голасам прыгожага барытанальнага тэмбру. Яго выкананне вылучаецца яскравай сцэнічнасцю, шчырасцю, эмацыянальнай выразнасцю. У рэпертуары эстр. песні бел. кампазітараў, шэраг уласных песенных твораў на словы бел. паэтаў, у т. л. «Іншапланецянка», «Колькі год Беларусі», «Ночка-чараўніца», «Арабінавы сум», «Не хадзіце, мае хлопчыкі», «Я вымалю цябе», «Мне ўсё верыцца», «Дзяўчына-красуня» і інш.

Г.​М.​Загародні.

т. 11, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПА́ЛЬСКІЯ ПЕ́СНІ, купалка, купалле, купайло,

янаўскія песні, песні летняга цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Адносяцца да летняга сонцавароту («калі сонца паварочвае на зіму, а лета на жару»). Спяваюць іх перад Купаллем і на само свята. Найб. пашыраны ў славян, літоўцаў, латышоў. Паводле стараж. уяўленняў, заснаваных на язычніцкім адухаўленні прыроды (як і на вопыце практыка-земляроба), у гэты перыяд у найб. ступені разгортваюцца жыццёвыя сілы прыроды, якія могуць быць амбівалентна спрыяльнымі і варожымі. Адсюль важкасць у купальскай абраднасці катарсічнай («ачышчальныя» вогнішчы, рытуальнае купанне) і апатрапеічнай (абходы жыта і інш. засцярогі ад злых сіл) магіі, а таксама асаблівае ў земляробчым календары значэнне купальскага культу як пакланення сонцу (у сімвалічных агнях) і ўшанавання расліннага свету. Паэзія К.п. працягвае вобразна-эмацыянальную атмасферу цыкла веснавых песень, але мае і яскравую адметнасць, абумоўленую загадкавасцю самай таямнічай на працягу года купальскай ночы і карнавалізаваным светаадчуваннем святкавання сонцаваротаў.

Тыповы купальскі сюжэт — нарматыўнае «скліканне на купалу» з асуджэннем (нярэдка ў карнавалізаваных фарбах) таго, «хто не выйшаў на купалу» («Параска, Аксіння, Наталка ... на купалах не была // То-то — ведзьма была // До Кіёва летала на Йвана»).

Для К.п. характэрна тэматыка чарадзейства са збіраннем цудадзейных траў (зёлак), з незвычайным усходам сонца («Будзем сонца пільнаваці // Да як будзе сонца граці»). Гэтым абумоўлены таямнічы флёр, які абвалаквае персаніфікаваную Купалку ў адрозненне ад вясёлай, адкрыта разухабістай Каляды, пышна маляўнічай Вясны або пазнейшых персаніфікацый хрысц. святых — пастаянных працаўнікоў Юр’я, Пятра, Ільі. Само з’яўленне Купалы некалькі загадкавае, маскіраванае («ішла Купалка сялом, сялом // Закрыўшы вочкі чабром, чабром»). Цудадзейна-таямнічы аспект інтэрпрэтацыі каляндарнай абраднасці ў К.п. садзейнічае замацаванню менавіта ў іх баладных сюжэтаў і матываў, сярод якіх выкрышталізаваліся і тыповыя купальскія, як балада аб сястрыцы і браціку, што ператварыліся ў кветку Іван-ды-Мар’я. Пашыраная ў К.п. (як і ў веснавых) шлюбна-любоўная тэматыка нярэдка карнавалізуецца («Ссохлі, здохлі дзецюкі // На дзевачак гледзючы»), Для К.п., як і для ўсіх традыц. абрадавых песень, характэрны тыповыя палітэкставыя напевы, якія ў пэўным арэале набываюць знакава-сімвалічнае значэнне. Бел. этнамузыказнаўцы вызначаюць 7—9 песенна-меладычных тыпаў такіх напеваў. Пры дастатковай стабільнасці рытма-структурных прымет напевы К.п. вызначае інтанацыйна-меладычная мабільнасць: ад падкрэслена «галасных» мелодый святочна-ўзнёслага характару («У нас сягоння Купалачка») і сціслай формульнасці прыглушаных прыпеваў-паўтораў («Ночка мала, купальная») да лірыкі паліжанравых вяснова-купальскіх мелодый з тыповымі зачынамі, дзе звароты да купалачкі, вясняначкі, русалачкі ўзаемазамяняльныя. К.п. найб. пашыраны ў Паазер’і і паўд.-зах. раёнах Беларусі. У інш. рэгіёнах іх прыметы выяўляюцца ў веснавых, траецкіх і русальных песнях.

Публ.:

Беларускія народныя песні / Запіс Р.​Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;

Анталогія беларускай народнай песні / Уклад. Г.​Цітовіч. 2 выд. Мн., 1975;

Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Купальскія і пятроўскія песні / Уклад. А.​Ліс, Г.​Таўлай. Мн., 1985.

Літ.:

Ліс А.С. Купальскія песні. Мн., 1974;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Тавлай Г.В. Белорусское купалье. Мн., 1986;

Гл. таксама літ. да арт. Каляндарныя песні.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 9, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)