наві́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Спусціцца, звесіцца нізка над чым‑н., на што‑н. Вунь навіслі нізка Вербы над вадою. Журба. Шапкі на галаве ў.. [Юркі] не аказалася,.. і пасмы чорных пераблытаных валасоў навіслі на самыя вочы. Васілёнак.

2. Распасцерціся, апусціцца, размясціцца нізка над чым‑н. [Туман] згусціў паветра, павіс над зямлёй, як полаг. Няхай. Над возерам навісла вялізная чорная хмара, стала холадна. Гурскі. Шэрае неба нізка павісла над зямлёю. Васілеўская. / Аб ночы, цішыні і пад. Над ціхай талаю зямлёю Навісла ночка той парою. Колас.

3. перан. Узнікшы, з’явіўшыся, пачаць пагражаць каму‑, чаму‑н. Над краінай навісла пагроза вайны. □ Нейкі здраднік данёс фашыстам, што Дулеба пайшоў у партызаны, і над яго сям’ёй навісла небяспека. Шчарбатаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)