паглы́біцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца больш глыбокім. Каляіны паглыбіліся. □ На скронях ужо серабрыліся валасінкі і паглыбіліся зморшчкі ля вачэй. Пестрак.

2. Пранікнуць у глыб чаго‑н., урэзацца ў што‑н. І вось вастрыё разца паглыбілася ў метал. «Звязда».

3. Прасунуцца, прайсці, праехаць і пад. куды‑н. углыб. Паглыбіцца ў цясніну. □ Непрыкметна для сябе Тамара збілася з дарогі і паглыбілася ў лес. Васілевіч. // перан. Пачаць глыбока займацца чым‑н. Паглыбіцца ў калгасныя справы. □ Турсевіч яшчэ болей паглыбіўся ў падрыхтоўку да паступлення ў настаўніцкі інстытут. Колас. // перан. Засяродзіцца на чым‑н. Ракуцька паглыбіўся ў свае думкі і сцішыўся. Чорны.

4. Стаць, зрабіцца больш значным, сур’ёзным. Супярэчнасці паглыбіліся. □ У «Юнацкім свеце» паглыбіўся і заззяў новым святлом вобраз лірычнага героя паэзіі Куляшова. Бярозкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

больш, прысл.

1. Выш. ст. да прысл. многа. [Насця:] Слова назад я не бяру, але хачу больш прыгледзецца да цябе. Крапіва. Сцёпка пільна сачыў за выразам твару настаўніка. А настаўніцкі твар усё больш і больш прасвятляўся. Колас. // З колькаснымі назоўнікамі або з колькаснымі назоўнікавымі злучэннямі ўказвае на перавышэнне абазначанай колькасці. Больш за тону. Больш за метр. □ Нечакана зазванілі ў дробныя званы ў праваслаўнай кафедры. .. Званілі доўга, больш за пяць хвілін. Чорны.

2. У спалучэнні з прыметнікам або прыслоўем служыць для ўтварэння вышэйшай ступені. Міколка.. наважыўся падацца ў больш спакойнае месца, бліжэй да дзеда. Лынькоў. Усё гучней і больш рашуча чуліся патрабаванне міру, зямлі, свабоды. Дуброўскі.

3. У адмоўным сказе азначае: далей, у далейшым, ужо. Зязюля ў лесе больш не лічыць Гадоў старому ганчару. Бялевіч. // Разм. Апрача гэтага, яшчэ. [Зэня:] — А больш ты [Паўлік] з кім там гаварыў? Чорны.

4. Пераважна, галоўным чынам. Брыдка стала братам, радзей пачалі яны са стрэльбай ды вудай цягацца, а больш гаспадаркай займацца. Якімовіч.

•••

Больш за ўсё — пераважна, часцей за ўсё, найчасцей.

Больш-менш — у нейкай ступені, часткова.

Больш таго — ужываецца, калі трэба падкрэсліць важнасць таго, што будзе сказана далей.

Больш чым... — абсалютна, у вышэйшай ступені.

Куды больш — на многа больш.

Ні больш ні менш (як) — строга вызначаная сума, колькасць чаго‑н.

Тым больш (з дап. сказам) — ужываецца, калі трэба падкрэсліць важнасць прычыны, пра якую будзе зараз сказана.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)