абудзі́ць, абуджу, абудзіш, абудзіць; зак., каго-што.

1. Перарваць, перапыніць чый‑н. сон; прымусіць ачнуцца; разбудзіць. Зосю абудзіў рык прыгнаных на ранкі кароў і прарэзлівыя гукі пастуховай трубы. Гартны. Вось і агністае убранне Скідае лес сярод балот. Пара! І крыкам на світанні Ён [жораў] абудзіў увесь свой род. Кірэенка.

2. перан. Парушыць спакой, напоўніць гукамі, галасамі і пад. Людзі, высыпаўшы з душнага памяшкання, ажывіліся, абудзілі вуліцу смехам і гоманам. Дуброўскі. // Вывесці са стану спакою, вярнуць да жыцця, дзейнасці. Любіць песняю дзяўчына З нашым садам прывітацца, Абудзіць спакой птушыны, З салаўямі паспрачацца. А. Астапенка.

3. перан. Выклікаць, выявіць якія‑н. пачуцці, уласцівасці, якасці. Абудзіць дзіцячую фантазію. Абудзіць творчую думку народа. □ Сваё галоўнае назначэнне, як настаўніка, Лабановіч вызначаў так: абудзіць у вучнях і выклікаць да дзеяння крытычны розум, каб да кожнай з’явы і факта яны падыходзілі з пытаннямі — як выніклі? у чым іх прычыны? Колас. Слова здольна суцешыць гора, выклікаць весялосць, натхніць на подзвіг, спыніць злы намер, абудзіць да дзеяння цэлыя народы. Юрэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прызна́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. каго-што. Загадзя намеціць каго‑, што‑н. для якой‑н. мэты, патрэбы; даць назначэнне каму‑, чаму‑н. Прызначыць участак для забудовы. □ Раз дырэктар .. [Каліну] прызначыў быць тут, аддаў яму ключы, значыць, ён не мае права пакінуць школу, што б там ні было. Няхай.

2. каго. Паставіць, накіраваць на якую‑н. работу, пасаду і пад. Пасля заканчэння будаўнічай школы [Чабатар] працаваў трохі каменшчыкам, а потым яго прызначылі брыгадзірам. Кулакоўскі. [Тарасевіча] прызначылі загадчыкам сектара эканомікі замест Рымара, якому прапанавалі іншую работу. Арабей. Праз паўгода Міцька быў на практыцы, а пасля яго прызначылі на катэр. Лупсякоў.

3. што. Загадзя намеціць, вырашыць зрабіць, правесці што‑н., звычайна дамовіўшыся аб умовах. Прызначыць сустрэчу. Прызначыць сход. □ На сход збіраліся добрых тры гадзіны: прызначылі ў сем, а пачалі а палове адзінаццатай. Шамякін. Збор камітэта Арон прызначыў на нядзелю. Мурашка. // Наканаваць, прадвызначыць. Такі мой лёс: з юнацкіх дзён ён вандраванні мне прызначыў. Дубоўка. // Дамовіцца аб чым‑н.; назначыць. Прызначыць час. Прызначыць месца.

4. што. Устанавіць каму‑н. (пенсію, дапамогу і пад.). А рэўком [Кацярыне] паёк прызначыў І грашыма пасабляў. Броўка. Нельга без хвалявання чытаць прашэнні К. Каліноўскага на імя рэктара універсітэта прызначыць яму стыпендыю ці аказаць грашовую дапамогу. С. Александровіч.

5. што. Прадпісаць, назначыць (лячэнне, прыём лякарства і пад.). [Сабака:] «Дапамажыце, братцы, — просіць. — Прызначце мне ці ўкол які, Ці прыпішыце парашкі, А то дайшоў, што лапы ледзьве носяць». Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)