Начаць ’пачаць’ (Сл. ПЗБ, ТС), рус. нача́ць ’пачаць; меркаваць; быць у стане’, польск. устар. nacząć ’пачаць’, в.-луж. načeć ’пачаць (хлеб)’, н.-луж. naceś ’тс’, славен. načeti ’тс’, серб.-харв. на̀чета ’пачаць; надкусіць (хлеб і інш.)’, балг. на́чна, наче́на ’пачаць’, макед. начне ’пачаць; надкусіць’, ст.-слав. начѧти ’пачаць’. Прасл. na‑čęti, na‑čьǫnǫ, іншая ступень чаргавання канец, кон (гл. там жа і этымалогію слоў, параўн. Бернекер, 1, 168; Фасмер, 3, 51; Шустар-Шэўц, 13, 978–979). Меркаванні пра другаснасць слова ў беларускай мове (< рус. начать, гл. Сл. ПЗБ), відаць, не маюць падстаў, параўн. спецыфічныя дэрываты тыпу нача́ны ’пачаты’ (там жа), архаічныя выразы тыпу робіць нача́ткі (ТС) і інш., а таксама шырокую распаўсюджанасць слова ў славянскіх мовах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

закусі́ць 1, ‑кушу, ‑кусіш, ‑кусіць; зак., што.

1. Заціснуць зубамі. Хлапчук закусіў ніжнюю губу і зірнуў спадылба на бацьку. Пальчэўскі. Зося зрабіла крок наперад, потым закусіла рог хусткі і пачала яшчэ пільней углядацца. Лупсякоў.

2. Разм. Адкусіўшы частку чаго‑н., пакінуць рэшту недаедзенай; надкусіць. Закусіць яблык.

•••

Закусіць цуглі — а) перастаць падпарадкоўвацца (пра каня). Калі пачалі рвацца першыя снарады, Міхасёў конь, спалоханы выбухамі, закусіў цуглі і панёсся, як шалёны, у лес. Машара; б) перан. Ісці напралом, дзейнічаць без аглядкі, ні з чым не лічачыся.

закусі́ць 2, ‑кушу, ‑кусіш, ‑кусіць; зак.

1. што, чым і без дап. Заесці што‑н. выпітае або з’едзенае. Закусіць горкае салодкім. □ [Кірыла і Тарас] выпілі па чарцы і закусілі цыбуляй. Гурскі.

2. Разм. Крыху паесці, перакусіць (у 2 знач.).

•••

Рукавом закусіць — выпіўшы, нічога не з’есці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укусі́ць, укушу, укусіш, укусіць; зак.

1. каго-што. Ухапіўшы зубамі, раніць, прычыніць боль. Сабака ўкусіў за нагу. □ Год таму назад я .. замест ментуза неяк схапіў вадзянога пацука, які ўкусіў мяне за палец. Ляўданскі. // Уджаліць. Алена жахліва адступаецца, пазіраючы на .. [Зыгмуся], як на гадзюку, гатовую ўкусіць яе. Колас. // перан. Разм. Прычыніць крыўду, укалоць, задзець за жывое. Васіль адказаў [Паліне] сярдзіта: — ..Жыццё навучыць цябе. Тады ты зразумееш, хто казаў праўду. Я не ўкушу, дык нехта ўкусіць. Савіцкі.

2. што. Зубамі аддзяліць кавалак чаго‑н.; надкусіць. На выгляд .. [фрукты] як быццам свежыя, а ўкусіш яблык ці грушу — смаку няма. Новікаў.

3. чаго і без дап. Разм. З’есці, паесці чаго‑н. — Даўно з паўдня, Андрэй Якаўлевіч, пара ўжо чаго ўкусіць! — узмаліўся Журавінка. Лобан. [Колас:] — Хадзем на веранду, папросім чаго ўкусіць. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)