паспыня́цца, ‑яецца; ‑яемся, ‑аецеся, ‑яюцца; зак.
Разм. Спыніцца — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх. Байцы мітусліва паспыняліся і неўзабаве накіраваліся да машын ля канавы. Марціновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ты́кацца¹, -аюся, -аешся, -аецца; незак. (разм.).
1. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Стукацца, упірацца ў што-н.
Кот бегаў, тыкаўся мордай у плот.
2. Мітусліва рухацца, стараючыся пранікнуць куды-н.
Т. ва ўсе дзверы.
|| зак. ткну́цца, ткну́ся, ткне́шся, ткне́цца; ткнёмся, ткняце́ся, ткну́цца; ткні́ся.
|| наз. ты́канне, -я, н.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
Зго́йшыць ’растраціць; распрадаць’ (Сл. паўн.-зах.). Відаць, звязана з гойсаць ’хутка, мітусліва рухацца’, ’раз’язджаць, бегаць у пошуках чагосці ці без мэты’ (гл.) з прэфіксам з‑ і спарадычнай зменай с/ш.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кіда́цца ’кідацца, мітусліва рухацца’ (ТСБМ, Нас., Сл. паўн.-зах., Касп.), ’жыць у беднасці, горы, перабівацца’ (ТСБМ, Шат., Жд. 2), ’адмаўляцца, цурацца’ (Нас.). Гл. кідаць.
Кідацца ’гадавацца (пра свіней)’ (Нар. словатв.). Параўн. папярэдняе слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
мура́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Невялікае насякомае атрада перапончатакрылых, якое жыве вялікімі калоніямі. Мурашкі заклапочана і мітусліва снавалі ўзад і ўперад. Ставер.
•••
Мурашкі забегалі (бегаюць, пабеглі, пайшлі) па спіне (скуры, целе) — аб адчуванні дрыжыкаў ад страху, жудасці і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
капашы́цца, ‑пашуся, ‑пошышся, ‑пошыцца; незак.
Разм.
1. Шавяліцца, бязладна, мітусліва рухацца. У .. канаўцы капашылася мноства маленькіх галавасцікаў. Даніленка. Санліва папіскваючы, капашыліся ў галлі дрэў птушыныя вывадкі. Ракітны.
2. Корпацца, важдацца, капацца, будучы занятым якой‑н. справай. Меншыя дзеці капашыліся на агародзе, большыя — пілавалі, калолі і складалі дровы. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шавялі́цца, -вялю́ся, -ве́лішся, -ве́ліцца; незак.
1. Злёгку варушыцца.
Лісце шавеліцца.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Мітусліва перасоўвацца, знаходзіцца ў хаатычным руху.
Мурашкі шавеляцца ў муравейніку.
3. перан. Праяўляць актыўнасць, ажыццяўляцца.
Народ шавеліцца.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Праяўляцца, прабуджацца (разм.).
Шавеляцца думкі.
Шавялілася надзея.
5. заг. шавялі(це)ся. Ужыв. пры пабуджэнні да дзеяння (разм.).
Хутчэй шавяліся!
|| зак. пашавялі́цца, -вялю́ся, -ве́лішся, -ве́ліцца.
|| аднакр. шавяльну́цца, -вяльну́ся, -вяльне́шся, -вяльне́цца; -вяльнёмся, -вельняце́ся, -вяльну́цца; -вяльніся (да 1 знач.).
|| наз. шавяле́нне, -я, н. (да 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
Капашы́цца ’шавяліцца, варушыцца’, ’бязладна, мітусліва рухацца’ (ТСБМ, Гарэц., Юрч., Растарг.), ’паволі рухацца, марудзіць’ (Растарг., Др.-Падб.), ’корпацца, важдацца, капацца’ (ТСБМ; брасл., пух., Сл. паўн.-зах.). Укр. копошитися, рус. копошиться, чэш. kopošiti se (якое аднак Махэк₂ (275) лічыць запазычаннем з рус. мовы). Паводле Трубачова (Эт. сл., 11, 23–24), прасл. kopošiti (sę), якое з’яўляецца этымалагічна тоесным да koposati//kopositi — дзеяслоўнага інтэнсіва на ‑s‑ ад kopati > капа́ць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
мітусі́цца, ‑тушуся, ‑тусішся, ‑тусіцца; незак.
1. Хутка і бесперастанку перамяшчацца ў розных напрамках. У лесе было ціха. Кукавала зязюля. Мітусіліся на высокіх соснах вавёркі. Курто. На вуліцы мітусіліся людзі, шмыгалі ў розныя бакі аўтамашыны. Пянкрат. // Бязладна і мітусліва рухацца; насіцца. Дзяўчына ў чоўне так мітусілася, што некалькі разоў ледзь не перакуліла яго. Маўр. Мітусіліся па ветры лянівыя сняжыны, садзіліся на твар, заляталі .. за каўнер шыняля. Галавач. // перан. Бязладна праносяцца, з’яўляцца і хутка знікаць у памяці. Думкі мітусіліся, усё ніяк не маглі прыйсці да ладу. Лынькоў. У галаве мітусілася рознагалосіца гукаў, чутая ўдзень на полі. Мележ.
2. Увіхацца, мітусліва рабіць што‑н. [Шымет] яшчэ некалькі гадзін мітусіўся каля згружанай цэглы, папраўляў клеткі, нешта пералічваў, перамерваў. Кулакоўскі. Сама .. [гаспадыня] цяпер мітусілася па пакоі, перастаўляла з месца на месца крэслы, не ведаючы, дзе пасадзіць гасцей. Шахавец.
3. Мільгацець перад вачамі. Цяпер не чытае стары, вочы не так добра бачаць, літары мітусяцца і расплываюцца. Крапіва. // у безас. ужыв. У вачах мітусілася, некаторых нават пачало нудзіць. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
го́йсаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і гайса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Хутка і мітусліва рухацца, перамяшчацца ў розных напрамках. Ашалелы ад страху статак гайсаў па лужку. «Работніца і сялянка». Дзятва гойсала, кугікала і круцілася ля вогнішча. Каваль. // Раз’язджаць, бегаць у пошуках каго‑, чаго‑н. Гендарсан гайсаў на сваёй кабыле па вёсках, шукаў работніц капаць бульбу. Чарнышэвіч. // Хадзіць, бегаць дзе папала без пэўнай мэты. Ты ж тут не гойсай па вуліцы, а вучыся добра.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)