Трасу́ха1 ‘ліхаманка, малярыя, трасца’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Нас.; рас., Шатал.; парыц., Янк. Мат., Сержп. Прык.), трасу́чка ‘тс’ (ТСБМ, Нас., Касп., Растарг.), ‘эпілепсія’ (Нар. Гом.). Параўн. укр. дыял. трясу́ха, трясу́чка ‘ліхаманка’. Да трэсці ‘калаціць’, параўн. трасавіца, трасца, гл.

Трасу́ха2 ‘горшае льновалакно, што засталося пасля трапання’ (мёрск., Ск. нар. мовы). Магчыма, з ⁺трасту́ха < траста́ (гл.) ‘валакно-траста, валакно з кастрыцай’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тра́сца, тря́сца ‘ліхаманка, малярыя’, ‘дрыжыкі (ад перажывання)’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Сцяшк., Шпіл., Чач., Бяльк., Мядзв., Яруш., Др.-Падб., Гарэц., Маш., Сержп. Прык., Сл. ПЗБ), у такім значэнні пашырана паўсюдна на Беларусі (ЛА, 3); тра́сца (trasca) ‘эпілепсія’ (Брасл. сл.), ‘нешта няпэўнае, нядобрае, невядомае, ліха, злая сіла’ (ТСБМ, Нас., Шат.), ‘раптоўнае прыкрае гора’ (Юрч. Сін.), ‘нічога’ (абазначэнне адсутнасці) (Шат.; ашм., Стан.; Сержп. Прык.; лаг., Жд. 3): ‘нямнога, вельмі мала’ (Растарг.), ‘лаянкавае слова для называння незадавальнення, абурэння’ (ТС), тра́сцы ‘ні ў якім разе, нічога’ (Юрч. СНЛ): няхай у іх гаршках трасца варыцца (Нар. Гом.), сюды ж трасса ‘ліхаманка’ (Шымк. Собр.), тра́сця ‘тс’ (Арх. Вяр.). Параўн. укр. тра́сця ‘ліхаманка’, дыял. тра́сця ‘тс’, ст.-рус. трѧсьца, трясца ‘тс’ (XIV ст., Сразн.), рус. трясца́ ‘тс’ (Даль), ст.-польск. trząśca ‘тс’. Утворана ад трэсці (< *tręsti) пры дапамозе суф. ‑ца, характэрнага для асабовых назоўнікаў м. і ж. р., звычайна ўтварае т. зв. nomina agentis (Сцяцко, Афікс, наз., 74; Саевіч, Derywacja, 130); табуізаваная назва хваробы ў выніку персаналізацыі, параўн.: на асіне заўсюды сядзяць трасцы (Сержп. Прымхі, 57), параўн. сведчанні Стрыйкоўскага: трꙗсцу або фебру хвалили за бога наши словꙗне, полꙗки, русь, литва (XVII ст., ГСБМ) і Чачота: przez uszanowanie trasca zwana bywa ciotka (Чач. 214). Херэй-Шыманьска (JP, 56, 286–287) лічыць старой паўночнаславянскай назвай хваробы, якая фіксуецца толькі ў некаторых польскіх крыніцах XVI ст., параўн.: tręsawica і trąśca różne choroby są. Улічваючы малую прадуктыўнасць суф. ‑ца на беларускай моўнай тэрыторыі, можна меркаваць пра пранікненне з захаду, падтрыманае інфінітыўным суфіксам зыходнага дзеяслова, або хутчэй вынікам распадабнення спалучэння ‑сс‑, зафіксаванага ў больш старых назвах у Шымкевіча і рускіх дыялектных назвах тря́сса́, тря́сся́малярыя’ (1819 г., СРНГ). Кантамінацыю дзвюх назваў (гл. трасуха) уяўляе трэсцу́ха ‘ліхаманка’ (Растарг.), якую можна разглядаць як суфіксальнае ўтварэнне ад інфінітыва трэсці, гл. таксама Брукнер, 579 (trząśćcaмалярыя’ < trząść); ЕСУМ, 5, 665.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліхама́нка ’хваравіты стан з гарачкай і дрыготкай’, ’малярыя, трасца’, ’гарачкавая дзейнасць’ (Гарэц., Касп., ТСБМ, Растарг.; паўд.-усх., КЭС), укр. харк. лихома́нка, рус. лихома́нка ’тс’, ’ліхадзейка’, ’хлус’, ’благі чалавек’, ’пракуда’. Бел. слова прымыкае да рус. моўнага арэалу, у якім гэта лексема з’яўляецца табуістычнай назвай ад лихоманка ’круцелька, ашуканка’, лихома́нить ’прыносіць зло, бяду’, рус. лихоман, кур. ’д’ябал’, усх. ’махляр’, паўн.-дзв. ’вар’ят’, ст.-рус. лихоманъ ’тс’, укр. палес. лихо́ма ’бяда, цяжкае становішча’, лихоманка ’ліхаманка’, польск. lichman ’мот’. Прасл. lixomanъ (Трубачоў, Эт. сл., 15, 93). Да lixo > лі́ха і maniti > мані́ць (гл.) (Зяленін, Табу, 2, 77; Фасмер, 2, 505).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лихора́дка

1. (лихорадочное состояние) гара́чка, -кі ж.; (болезнь) ліхама́нка, -кі ж.; (малярийная) тра́сца, -цы ж.;

у больно́го лихора́дка у хво́рага гара́чка;

жёлтая лихора́дка жо́ўтая ліхама́нка (тра́сца);

перемежа́ющаяся (или боло́тная) лихора́дка пераме́жная (або бало́тная) ліхама́нка (тра́сца), маляры́я;

2. (напряжённое положение) перен. няўпра́ўка, -кі ж., гара́чка, -кі ж., ліхама́нка, -кі ж.;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

паразі́т, ‑а, М ‑зіце, м.

1. Расліна або жывёліна, якая жыве на паверхні або ўсярэдзіне іншага арганізма і корміцца за яго кошт. — Ёсць, сынок, такая расліна — паразіт. Ам[я]л[о]й завецца. Яна не сама здабывае харч, а смокча сокі з бярозы. Мяжэвіч. Міхаленя сказаў, што малярыю выклікае паразіт-плазмодый, што цяпер малярыя лечыцца акрыхінам. Алешка. // Насякомае, якое жыве на целе чалавека і корміцца яго кроўю. Найчасцей .. [наглядчыку] даводзілася бачыць, як які-небудзь арыштант, зняўшы кашулю, садзіўся каля лямпы і пачынаў распраўляцца з паразітамі. Колас. / Аб словах. У Пранцыся на кожным кроку неяк самі па сабе прарываюцца шматлікія словы-паразіты. Ярош.

2. Той, хто жыве з чужой працы; дармаед. Радасць працы ва ўсіх творах маладога Купалы азмр[очв]аецца разуменнем таго, што гэта праца не на сябе, а на чужых, на паноў, што яна паднявольная, што з яе кормяцца паразіты. Івашын. Не хочуць ні вучыцца, ні рабіць, А паразітамі мяркуюць век пражыць. Валасевіч.

3. Разм. Ужываецца як лаянка.

[Ад грэч. parásitos — нахлебнік, дармаед.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́сца, ‑ы, ж.

Разм.

1. Тое, што і ліхаманка, малярыя. [Якаў Іванавіч:] — Ведаю добра гэта сяло. Чаго толькі тут пры цары не было! У кожнай хаціне — На печы сядун, У кожнай сялібе — Трасца, каўтун. Броўка.

2. Пра што‑н. няпэўнае, невядомае, нядобрае і пад. [Садовіч:] — Усяго, брат, было: і карты, .. і ўсякая трасца. Вось жа я і ўцёк ад усяго гэтага. Абрыдзела і астачарцела. Колас. [Астап:] — Знойдзе ружжо ці яшчэ якую трасцу, дык яму абавязкова трэба, каб да парадку давесці, праверыць ды выстраліць. Лынькоў. Іваноўскі ж, кажуць, і прафесар, і доктар, і інжынер, і яшчэ нейкую там трасцу прысвоілі яму. Новікаў. — Але няўжо Любка данесла на свайго мужыка? — здзіўляліся адны. — І праўда, няўжо? — паўтаралі другія. — А што вы думаеце, магла. Гледзячы з-за якой трасцы загарэўся сыр-бор. Карамазаў.

3. перан. Ужываецца з адмоўным адценнем у сэнсе: нічога не атрымаецца, не выйдзе і пад. — Ага, трасцу ўзяў! — прагаварыла Паліна і выцерла на [лбе] пот. Гурскі. — Ну пакажы, ну пакажы! Трасцу ты пакажаш, — падлівала масла ў агонь жанчына. Лобан. У цемені трасцу пацэляць, дый яны ж спяць, калі выставілі вартавога. Лупсякоў.

4. Ужываецца як лаянкавае слова. «Няўжо тупік? Няўжо тупік?.. Каму? Гужавіну? А трасцу!» Фаміч так лёгенька не здасца! Бачыла. [Валодзька:] — А на якую трасцу везці туды самапрадку, прасніцу, кросны? Гроднеў.

•••

Адна трасца (адзін чорт) — адно ліха, усё адно.

Трасца ліхая — пра што‑н. вельмі дрэннае, благое.

Трасца на яго (тваю) галаву — ужываецца як вокліч, якім выказваецца здзіўленне, пагроза і пад. — Не, думаю, трасца на тваю галаву, я цябе падпільную. Ермаловіч.

Трасца не бярэ — нічога не здараецца.

Трасца ў бок — пра нежаданне каму‑н. чаго‑н. дрэннага.

Трасца яго (вашай, іх, тваёй, яе) галаве — ужываецца як вокліч, якім выказваецца незадавальненне, абурэнне, прыкрасць і пад. А дзядзька Пракоп перайшоў ужо на другое: — Дык, значыцца, царок, святы памазанік боскі, спляжыўся, трасца яго галаве. Сабаленка.

Трасцу з’есці гл. з’есці.

Трасцу схапіць гл. схапіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэ́сці, трасу, трасеш, трасе; трасём, трасяце; пр. трос, трэсла; незак.

1. каго-што. Тузаць, штурхаць, хутка рухаць туды і назад або ўверх і ўніз. Была вайна. Была бяда. За грудзі маці часта трэсла І пагражала: — Бацька дасць Табе, хай толькі прыйдзе, неслух... Ляпёшкін. // Ціснуць, паціскаць руку, рукі каму‑н. у знак прывітання, падзякі, віншавання і пад. Камандзір зразумеў, усміхнуўся, падбег да высокага чалавека, схапіў яго за руку і пачаў трэсці. Чорны. — Здарова, Ганька! — трасе аберуч маю руку Лазоўскі. Васілевіч. // Выклікаць дрыжанне чаго‑н. (моцным ударам, выбухам і пад.). [Насця:] — У нас тут дома неспакойна — Падходзіць фронт, бягуць усе, Гарматны гук зямлю трасе. Колас. І раптам адзін, другі, трэці выбух трасе сцены тэатра і срабрыстыя калоны падаюць, трушчачыся, на гледачоў. Мікуліч. // Калоцячы дрэва, прымушаць падаць плады. Чутно, непадалёку ходзіць лівень — Гром мячыкі качае па страсе. А тут такі сухмень, што жнівень Зялёныя антонаўкі трасе. Чэрня. / Пра вецер, буру і пад. Парывісты вецер трос прысады ля хаты, гнаў перад сабой пыл. Паўлаў. Узорную лістоту ясеня суха трос вецер. Савіцкі.

2. (звычайна безас.), каго-што і без дап. Падкідваць, хістаць (пры яздзе па няроўнай дарозе). [Янкель:] — А вы, жанчынкі, прагуляліся б да хвойнічку, пашукалі б грыбкоў!.. А то дарога калдобістая, будзе трэсці, без прыпынку аж да вёскі Касачы паедзем! Гурскі. Алеся вязе Рыгора з сабою — сена мяккае, духмянае, поўны воз наклаў яго ў дарогу сябра Лявон, каб не трэсла. Скрыган.

3. чым. Часта махаць, ківаць чым‑н. Трэсці нагою. Трэсці кулаком. □ — Цяпер усё, — трос барадой дзед. — З унукам пастараліся. Не будзе больш шастаць дзе не след. Даніленка. Коні, і тыя трасуць галовамі, прынюхваюцца і падаюцца бліжэй да вогнішча. Васілевіч. // Размахваць чым‑н. Бачыць лётчык — там унізе Нехта шапкаю трасе, Просіць помачы на крызе, А вада яго нясе... А. Александровіч.

4. што. Перамешваючы, прыгатоўваць што‑н. [Гвардыян:] — Як прыйдзе Папас — хай ідзе [трушанку] трэсці. Зарэцкі.

5. што. Разм. Іграць, танцаваць з элементамі патрэсвання. Трасе «трасуху» на старой скрыпцы дзядзька Цімох. Гарэцкі.

6. каго-што і без дап. Разм. Рабіць вобыск. [Бабка Наста] расказала і пра стажок і пра дзедаву бяду, пра ўварванне ў хату сярод ночы палякаў. Як іх тады калацілі, як трэслі! Колас. У Вілюгі на другі дзень пасля арышту Сяргея быў вобыск. Трэслі ў хаце, у хляве. Навуменка. Жаўнеры шукалі зброю, трэслі вазы, забіралі жывёлу, пускалі ў ход шомпалы і бізуны. С. Александровіч. // перан. Дасканала, дэталёва вывучаць што‑н. Трэслі пільна мы навук законы і трактаты розных мудрацоў, скідвалі паэтаў ненадзённых і часамі ўзносілі іх зноў. Русецкі.

7. каго. Выклікаць дрыжыкі (пра холад, ліхаманку, страх і пад.). Крыху раней, дні за чатыры, цяжка захварэў .. намеснік [Маскаленкі], якога пачала трэсці малярыя. Мележ. — Скрыдлаўскія маладзіцы завіхаюцца ля яго, — ціха засмяяўся Мітрафан, — завіхаюцца і радуюцца, што секвестратара ліхаманка трасе. Бажко. // безас. Пра дрыжыкі, зведаныя кім‑н. Усяго .. [Хвашча] трэсла, і ён нават падумаў: ужо ж ці не трасца прычапілася да яго. Лупсякоў.

8. перан.; каго-што. Выклікаць змены, пазбаўляць ранейшага спакою. Не для гэтага бура Імперыю трэсла, Каб змяніць рэвалюцыю Мірненькім маршам Ад прастола цара Да прэм’ерскага крэсла. Глебка. // Разм. Часта турбаваць каго‑н., не даваць спакою. Тут і пачалі нашага старшыню з усіх бакоў трэсці. У газетах аб ім пішуць, па радыё гавораць, на розныя сходы запрашаюць. «Вожык».

9. што. Разм. Узмахваючы чым‑н., ачышчаць ад чаго‑н. [Маці:] — Лён трэсці будзем. М. Ткачоў.

•••

Латамі трэсці — а) бедна жыць, хадзіць у падранай вопратцы; б) наўмысна паказваць беднасць.

Трэсці (калаціць) кішэні — выдаткоўваць грошы, выдаткоўвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)