Малярыя (у чалавека) 1/197; 5/77, 132; 6/598; 8/458, 606; 9/583; 10/10
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЯРЫ́Я (італьян. malaria ад mala aria дрэннае паветра; раней меркавалі, што хвароба выклікаецца дрэнным паветрам),
перамежная трасца, паразітарная хвароба чалавека, якую выклікаюць аднаклетачныя арганізмы — плазмодыі. Пераносчык — самка малярыйнага камара. Пашырана ў краінах Афрыкі, Азіі, Паўд. Амерыкі, існуюць ачагі ў Азербайджане, Дагестане, Таджыкістане. На Беларусі ліквідавана ў 1950-я г. Крыніца хваробы — хворы на М. чалавек ці паразітаносьбіт. Заражэнне адбываецца пры ўкусе камара. Узбуджальнік пранікае ў кроў чалавека і заносіцца ў печань, дзе размнажаецца, потым укараняецца ў эрытрацыты. Разбурэнне эрытрацытаў суправаджаецца прыступамі ліхаманкі, дрыжыкамі, павялічваюцца селязёнка, печань. Ускладненні: малярыйная кома, анемія, нырачная недастатковасць. Адрозніваюць 4 формы М., найб. цяжкая трапічная. Лячэнне тэрапеўтычнае.
т. 10, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЗІ́ТЫ, паразітныя (паразітычныя) арганізмы (ад грэч. parasitos нахлебнік),
арганізмы, якія жывуць на паверхні (эктапаразіты) або ў целе (эндапаразіты) інш. арганізма (т.зв. гаспадара), кормяцца за кошт яго тканак, сокаў або змесціва стрававальнага тракту і часткова або цалкам ускладаюць на яго рэгуляванне сваіх узаемаадносін са знешнім асяроддзем. Выклікаюць у арганізме гаспадара імунабіял. і паталаг. рэакцыі. На Беларусі выяўлена некалькі тысяч відаў паразітычных жывёл (паразіты мед., вет. і агранамічнага значэння).
П. падзяляюць на аблігатных (абавязковых) і факультатыўных (неабавязковых). Розныя сістэм. групы і віды арганізмаў маюць спецыфічны склад П. Найб. пашыраны П. сярод вірусаў, бактэрый, прасцейшых, грыбоў, чарвей і членістаногіх. Многія эндапаразіты выклікаюць захворванні жывёл і чалавека (малярыя, тулярэмія, энцэфаліты, гельмінтозы і інш.). Эктапаразіты (пераважна крывасмокі: камары, мошкі, кляшчы, блохі, вошы і інш.) — пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (малярыя, тыф, чума і інш.). Для жывёл-П. характэрны спрошчаныя або рэдукаваныя стрававальная сістэма і органы пачуццяў, добра развітыя органы размнажэння (забяспечваюць вял. плоднасць) і прымацавання (для ўтрымання на целе або ўнутры гаспадара) і інш. П. вывучае паразіталогія, паразітацэналогія. Гл. таксама Паразітызм.
І.В.Чыкілеўская.
т. 12, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МА (ад грэч. kōma глыбокі сон) у медыцыне, небяспечны для жыцця стан, які характарызуецца стратай свядомасці, рэзкім аслабленнем або адсутнасцю рэакцыі на знешнія раздражненні, згасаннем рэфлексаў да поўнага іх знікнення, парушэннем глыбіні і частаты дыхання, змяненнем тонусу сасудаў, частым або запаволеным пульсам, парушэннем тэмпературнай рэгуляцыі. Развіваецца з прычыны глыбокага тармажэння ў кары галаўнога мозга, распаўсюджаннем яго на падкорку і інш. аддзелы ц. н. с., пры парушэннях кровазвароту, запаленнях (энцэфаліт, менінгіт, малярыя) у галаўным мозгу, траўмах галавы, пры атручэннях, гепатыце, дыябеце цукровым, урэміі. Этыялогія і класіфікацыя К. (паводле М.К.Багалепава, 1950, 1962) уключае больш за 30 відаў К.
А.М.Петрыкаў.
т. 8, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАНТЫЛІ́ЗМ (лац. infantilis дзіцячы ад infans які не гаворыць),
затрымка ў развіцці арганізма чалавека, захаванне ў дарослага марфал., фізіял. і псіхічных рысаў, уласцівых больш ранняму ўзросту. Выяўляецца ў нясталасці эмацыянальна-валявой сферы пры нармальным і нават паскораным фіз. і разумовым развіцці. Характэрнымі рысамі індывіда, якому ўласцівы І. (інфантыла) з’яўляюцца несамастойнасць рашэнняў і дзеянняў, адчуванне неабароненасці, капрызнасць, зніжаная крытычнасць у адносінах да сябе, розныя кампенсацыйныя рэакцыі (напр., фантазіраванне, што замяшчае рэальныя ўчынкі, эгацэнтрызм) і інш. Прычыны І.: інфекц. захворванні (туберкулёз, сіфіліс, малярыя, розныя паўторныя інфекцыі), інтаксікацыі, арган. захворванні, непаўнацэннае харчаванне, авітамінозы, дрэнныя гігіенічныя ўмовы жыцця, прыроджаныя канстытуцыянальныя асаблівасці. Адрозніваюць агульны І. (затрымка развіцця ўсяго арганізма) і частковы І. (затрымка ў развіцці асобных органаў і сістэм). Прыкметы: пры агульным І. захоўваюцца дзіцячыя прапорцыі, склад цела кволы, грудная клетка доўгая, вузкая, косці тонкія, сэрца маленькае, ціск крыві паніжаны, другасныя палавыя прыкметы выяўлены слаба, супраціўляльнасць інфекц. захворванням зніжана. Пры частковым І. вылучаюць псіхічны І. (няўстойлівасць настрою і ўвагі, лёгкая ўнушальнасць, крыўдлівасць, боязь новага, бесклапотнасць і легкадумнасць паводзін спалучаюцца з эгацэнтрызмам і дзіцячай патрабавальнасцю), палавы І. (мізэрная расліннасць пад пахамі і на лабку, у жанчын — недаразвіццё малочных залоз і маткі, месячныя нерэгулярныя, нярэдка бясплоднасць, у мужчын — недаразвіццё вонкавых і ўнутр. палавых органаў, прастаты, адсутнасць палавой цягі, парушэнне палавых функцый) і інш. Лячэнне; стварэнне спрыяльных умоў жыцця і лячэнне захворванняў, якія справакавалі І.
т. 7, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)