каранда́ш, ‑а, м.

Прылада для пісьма, чарчэння, малявання ў форме тонкай палачкі з графітавым або іншым сардэчнікам; аловак. Просты карандаш. Хімічны карандаш. Каляровыя карандашы. Маляваць карандашом.

•••

Браць (узяць) на карандаш гл. браць.

[Ад цюрк. кара — чорны і таш, даш — камень.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эльдара́да, нескл., н.

Краіна казачных багаццяў і цудаў. Погляд з горада ў вёску ўзнікае тут [у паэме «Новая зямля»] зусім не як плач па тым, што адыходзіць, і не дзеля малявання эльдарада ці ідылій, якіх у вёсцы на самай справе не было. Лойка. // перан. Месца, дзе ў дастатку знаходзіцца што‑н.

[Ад ісп. el dorado — залатая краіна, якую шукалі іспанцы пры заваяванні Паўднёвай Амерыкі.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ву́галь, ‑ю; мн. вуглі́, ‑ёў і вугалі́, ‑ёў; м.

1. (мн. вуглі́). Цвёрдае гаручае выкапнёвае рэчыва арганічнага паходжання. Каменны вугаль. Буры вугаль.

2. (мн. вуглі́ і вугалі́). Рэшткі няпоўнага згарання драўніны; кавалак абгарэлага дрэва. Драўняны вугаль. // Матэрыял для малявання. Маляваць вугалем.

•••

Белы вугаль — рухаючая сіла вады.

Блакітны вугаль — рухаючая сіла ветру.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папе́ра, ‑ы, ж.

1. Матэрыял для пісьма, друку, малявання і пад., які вырабляецца ў асноўным з раслінных валокнаў, апрацаваных адпаведным спосабам. Абгортачная папера. Папяросная папера. Газетная папера. □ Ускудлачаны Аляксееў, седзячы за сталом, нешта чарціў на лістку паперы. Карпаў. Ходзячы па вуліцах горада, мы неаднойчы бачылі на вокнах дамоў выразаныя з паперы залатыя і чырвоныя зоркі. Лынькоў.

2. Пісьмовы дакумент афіцыйнага характару. Штабныя паперы. □ [Рабочыя:] Фармальная папера, з подпісам, з пячаткай... Бяры ключы, пайшлі. Клімковіч. [Галена] чакала ў паважнай канцылярыі падарожнай паперы. Чорны. // толькі мн. (папе́ры, ‑пер). Разм. Асабістыя дакументы (аб службе, нараджэння і пад.). [Лабыш:] Ну, бяры свае паперы: ты ўжо паўналетняя і павінна сама здымаць працэнты. Козел.

3. пераважна мн. (папе́ры, ‑пер). Розныя лісты з рукапісным або друкаваным тэкстам. Мала заглядваючы ў паперы, Званец гаварыў пра захапляючую сямігадовую даль, якую расхінуў перад краінай з’езд партыі. Дуброўскі. Пісар хацеў нешта сказаць, але .. замест адказу, узяў вокладкі, распёртыя рознымі паперамі. Колас.

•••

Александрыйская папера — асобы гатунак гладкай шчыльнай белай паперы вялікага фармату для чарчэння і малявання.

Ватманская папера — цвёрдая высокагатунковая папера для чарчэння і малявання.

Каштоўныя паперы — аблігацыі, вэксалі.

Лакмусавая папера (паперка) — фільтравальная папера, насычаная растворам лакмусу, якая ўжываецца ў якасці рэактыву на кіслоты і шчолачы.

Мелаваная папера — папера, накрытая белай клеявой фарбай.

Міліметровая папера — папера для чарчэння ў клетку, роўную аднаму квадратнаму міліметру.

Застацца на паперы гл. застацца.

[Ад грэч. pápyros — выраб з расліны папірусу]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Папе́ра ’матэрыял для пісьма, друку, малявання і пад.; пісьмовы дакумент афіцыйнага характару; пераважна мн. (папе́ры) розныя лісты з рукапісным або друкаваным тэкстам’, дыял. папе́р, папя́р. Ст.-бел. паперъ (XVI ст., Булыка, Запазыч., 236). Рус. дыял. арл., чарніг. папе́ра, укр. папі́р, папі́ра, ст.-рус. поперъ (XVI або XVII ст.). Ва ўсх.-слав. з польск. papier, якое з ням. Papier ’папера’ < лац. papȳrus < грэч. πάπῡρος егіпецкага паходжання (Кюнэ, Poln., 85; Брукнер, 394; Фасмер, 3, 200). З польск. papiernia паходзіць і папе́рня ’папяровая фабрыка’ (Гарэц.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сшы́так, ‑тка, м.

1. Сшытыя, у вокладцы, лісты чыстай паперы для пісьма, малявання. Вучнёўскія сшыткі. Агульны сшытак. □ Салдат даў хлопцу ў рукі тоўсты, з цвёрдай вокладкай сшытак. Навуменка. Аленка дастала сшытак са сваімі рысункамі. Колас. // Нясшытыя лісты пісчай паперы, складзеныя разам.

2. Складзены, але не разрэзаны друкаваны аркуш у кнізе, брашуры і пад.

3. Асобны выпуск перыядычнага выдання або друкаванага твора, які выходзіць па частках. Першы сшытак этымалагічнага слоўніка. // Невялікі зборнік нот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пэ́ндзаль ’квач, шчотка для малявання, бялення’ (Нас., ТСБМ, Шат., Сл. ПЗБ), пэ́ндзэль ’тс’ (Сл. Брэс.), пэ́нзаль ’тс’ (Бяльк.), пэнзэль ’тс’ (Мядзв.), пэ́ндаль, пэ́ндэль ’тс’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк.), пе́нзыль (Шымк. Собр.), сюды ж пэ́ндзліць ’маляваць, бяліць’ (Сцяшк. Сл.). Запазычана праз польск. pędzel, pęzel, penzel ’тс’ з ням. Pinsel ’тс’, паводле Цвяткова (Запіскі, 2, 57), пра гэта сведчыць фанетыка (э пад націскам); Банькоўскі (2, 537) дапускае пасрэдніцтва чэш. penzlik, ст.-чэш. penzl і выводзіць са ст.-франц. pincel, што ўзыходзіць да лац. pēnīcillus, pēnīculus (літаральна ’хвосцік’), памянш. ад pēnis ’хвост’; польскія насавыя пад уплывам pędzać, pędzić ’паганяць, гнаць’ (там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

туш 1, ‑а, м.

Кароткае музычнае прывітанне ў гонар каго‑н. у час віншавання, узнагароджвання, а таксама невялікая музычная п’еса фанфарнага складу. А потым пад урачысты туш уручалі ветэранам і перадавікам вытворчасці грашовыя прэміі і ганаровыя граматы. Місько.

[Ням. Tusch.]

туш 2, ‑ы, ж.

Чорная ці каляровая фарба для чарчэння або малявання. Лязо непрыкметна, мікрон за мікронам, здымала з паперы напісаныя тушшу літары. Новікаў. На фоне неба вяршыні старых елак здаваліся намаляванымі чорнай тушшу. «Беларусь».

[Ням. Tusche.]

туш 3, ‑у, м.

Выпадковы дотык да шэра, які лічыцца за ўдар у гульні на більярдзе.

[Фр. touche — дотык, датыканне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Туш1 ‘кароткае музычнае прывітанне (на банкеце ці ўрачыстасці)’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Вруб.). Праз польскую (tusz) ці рускую (туш) мову з нова-в.-ням. Tusch ‘тс’, якое мае анаматапеічнае паходжанне (Голуб-Ліер, 494; Сной₂, 793; Чарных, 2, 274; Арол, 4, 123).

Туш2 ‘фарба для чарчэння ці малявання’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Вруб.). Праз польскую (tusz) ці рускую (тушь) мову з ням. Tusche, якое ўзыходзіць да франц. toucher ‘датыкацца’ або непасрэдна з франц. touche ‘дотык’ (Фасмер, 4, 129; Голуб-Ліер, 494; Арол, 4, 124; ЕСУМ, 5, 688). Сюды ж тушава́ць ‘наносіць цені на малюнак, пакрываць тушоўкай’ (ТСБМ), якое з рус. тушева́ть ‘тс’ па ўзоры ням. tuschen ‘тс’, паводле Віткоўскага (Słownik, 188) — з польскай. Таго ж паходжання і рэтушава́ць ‘падпраўляць, падмалёўваць, заціраць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.) праз польск. retuszować з франц. retoucher ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 67; Глухак, 646).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

эскі́з, ‑а, м.

1. Першы, папярэдні накід малюнка, карціны ці асобнай яе часткі. — Таксама не, — весела адказаў Коля і пачаў расказваць пра сённяшні ўрок малявання. Потым паказаў ёй [маці] свой эскіз казачнага дуба. Шыловіч. Каля дзесятка менш значных эцюдаў і эскізаў былі выстаўлены ў мастацкім магазіне, што таксама гарантавала пэўныя шансы. Васілевіч. // Першапачатковае афармленне скульптурнага твора, звычайна ў зменшаных памерах. Можна сказаць: ну, прыехаў паглядзець, пакідаць эскізы, а што датычыць скульптур — як удасца. Гроднеў. Сям-там, па кутках і прагалках, ціснуліся і другія незакончаныя або кінутыя работы ці толькі эскізы да іх — тулава, ногі, галава. Скрыган. // Накід, план літаратурнага ці музычнага твора. Некаторыя апавяданні Хвядоса Шынклера яшчэ носяць характар эскіза, замалёўкі. Арабей.

2. Малюнак, па якому ствараецца што‑н. (дэкарацыя, тэатральны касцюм і пад.). На маю просьбу памагчы нам аформіць спектакль, зрабіць эскізы касцюмаў Маша засмяялася. Шамякін. // Тэхнічны малюнак, выкананы ад рукі, з захаваннем асноўных правіл чарчэння, які змяшчае ўсе даныя для вырабу паказаных прадметаў. У архівах вялікага мастака выяўлены эскіз пральнай машыны. Матрунёнак.

[Фр. esquisse.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)