Та́лька1 ’маток пражы або нітак рознай велічыні’ (ТСБМ), ’маток нітак для вышывання’ (лях., Янк. Мат.; кобр., Жыв. сл.), ’тонка спрадзеныя ніткі’ (Нас., Касп.; чэрв., Нар. лекс.), ’самая тонкая пража’ (ТС, ЛА, 4), ’танюсенькая нітка, што пралі ў часы прыгону для двара’ (Варл.), ’фабрычныя ніткі’ (Сл. ПЗБ, Шат.; ЛА, 4), ’патаўшчэнне і патанчэнне на нітцы’ (баран., пух., івац., ЛА, 4), ’маленькі маточак вышывальных нітак’ (лях., Янк. Мат.), ’няроўна спрадзеныя ніткі’ (Сл. ПЗБ, Жд. 1), ’стоненая частка ніткі’ (івац., Нар. сл.), ’матавіла’ (Жд. 1), ’кужэльнае палатно’ (бых., слаўг., мсцісл., краснап., узд., клец., ЛА, 4), ’маток з дваццаці пасмаў тонкіх нітак’ (Сл. ПЗБ), ’маток нітак пэўнай меры’ (Ласт., Стан.), сюды ж ста́лька ’тонкая пража’ (пін., ЛА, 4). Укр. та́лька ’маток пражы, нітак’, дыял. ’шэрая нітка, з якой вырабляюць невад’, рус. та́лька ’матавіла; 10 пучкоў пражы’, польск. talka, tala, tal(e)k ’маток пражы’, каш. tal ’тс’. Паводле Фалінскай (Бел.-польск. ізал., 138, 141), запазычана з ням. прус. Tall ’маток пражы’, што, мажліва, з с.-н.-ням. tallige ’мера льняной пражы’ < іт. taglia ’зарубка; падатак’ (Фасмер, 4, 16; Трубачоў, Ремесл. терм., 104). Памылкова Горбач (Зах.-пол. гов., 55) выводзіць з (мо)талька, відаць, ад мотатні ’матаць’.

Та́лька2 ’кароткая жаночая вопратка з саматканага сукна’ (Ян.). Гл. талік.

Та́лька3 ’зараснік вярбы размарыналістай’ (рэч., Расл. св.). Укр. тал, та́льник ’вярба, вербалоз’, рус. тач, тали́на, тальни́к ’вярба Salix arenaria’. Запазычанне з цюркскіх моў, параўн. тат., караім. tal ’вярба, вербалоз’ (Фасмер, 4, 14; ЕСУМ, 5, 506). З-за адзінкавай фіксацыі, відаць, запазычана праз украінскую або рускую мову. Спробы звязаць з талакнянка (гл.) у Штэйнгольд, Этимология–1994–1996, 139.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Радно́, радні́на ’тоўстае палатно з пянькі або льняной пражы, а таксама выраб з такога палатна’ (ТСБМ), ’грубае саматканае палатно’ (Арх. Федар.), ’саматканая посцілка з грубай пражы’ (Сцяшк.), ’палатно, тканае ў чатыры ніты’ (Варл.), ’тканіна з рыззя, посцілка’ (гродз., ваўк., беласт., чэрв., Сл. ПЗБ), ’грубае ільняное палатно, рэдка вытканае; прасціна або накрыўка на ложак з такога палатна’ (Федар.), ’атрэп’е’ (чэрв., Сл. ПЗБ), родно́ ’тс’ (ТС; драг., ЖНС), радні́на, радны́на ’грубае, даматканае палатно’ (Сл. ПЗБ, Касп.), радня́ны ’зроблены з радна’ (ТСБМ), радня́ны, радніно́вы ’зроблены з грубага палатна’ (пін., паст., Сл. ПЗБ), радня́ніца ’ніткі з адходаў ільну’ (Сцяшк.), сюды ж, відаць, радавы́ ’зроблены з грубай ільняной пражы’, радаво́е ’тканіна, вытканая ў рады’ (Сл. Брэс.), радаво́я ’пачаскі’ (баран., Сл. ПЗБ), ст.-бел. рядно, редно, рѧдно ’тоўстае палатно з ільняной або канаплянай пражы’, рус. дыял. редно́, рядно́, редни́на, редови́на, рядови́тина, редчи́на ’грубае палатно на рэдкай аснове для посцілак, мяшкоў’, польск. дыял. radno ’тканае ў рады палатно з дрэнных нітак’ (з беларускай мовы). Існуе некалькі версій паходжання слова. Даль звязвае назву са словам рэдкі (Даль, 3, 1763), гл. Праабражэнскі (2, 230) падае як утварэнне ад рад (гл.). Чумакова сцвярджае, што слова з’яўляецца назвай складанага спосаба ткання ўручную, пры якім атрымліваецца тканіна з перапляценнем у выглядзе касых прыступкавых радкоў, параўн.: рядны́й — тканый нарочито рядами (Нас., 571). Улічваючы гэта, яна прапануе разглядаць слова радно як субстантываваную форму прыметніка ра́дны, які быў утвораны на базе назоўніка рад, звязанага з абазначэннем асобай тэхнікі ткання і асобай фактуры тканіны. Такое тоўстае і шчыльнае палатно выкарыстоўвалася для гаспадарчых патрэбаў — на посцілкі, мяшкі, і з часам набыло значэнне ’грубая саматканая тканіна для гаспадарчых патрэбаў’. Замацаванню утварэння на ‑но (радно) спрыяла тое, што ў групе назваў саматканак ужо былі тэрміны тыпу сукно, палатно (Чумакова, Этимология–1968, 171–175). Аднак формы тыпу радаво́я ’пачаскі’ і асабліва радно́ ’атрэп’е’, параўн.: як трапаеш — атходзіць радно (чэрв., Сл. ПЗБ), сведчыць пра першаснае аднясенне назвы да працэсу апрацоўкі ільну або пянькі для аддзялення матэрыялу больш высокай якасці ад звычайнага, радавога, параўн. ст.-слав. издрѧдьнъ ’надзвычайны’, рус. из ряда (вон) ’вышэйшай якасці, выдатны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)