като́к м.

1. (на льду) като́к, род. катка́ м., разг. ко́ўзанка, -кі ж.;

2. техн. като́к, -тка м.;

3. (для белья) кача́лкі, -лак, ед. кача́лка, -кі ж.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Ве́рцяха ’макацёр’ (Сцяшк. МГ), гродз. верцеха ’тс’ (Шн., 3), камянецк. вэрцюха́ ’вялікая гліняная міска’ (Шатал.), драг. вэ́ртяга ’макацёр’ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), бяроз. вэртэга́ (Шатал.). Укр. вертьо́га ’род посуду’, польск. wiercioch ’таўкач, качалка, якімі труць што-небудзь у посудзе’. Пашырана на бел.-укр. тэрыторыі. Узыходзіць да vьrtěti (vŕ̥těti) ’круціць’. Утворана пры дапамозе суф. Nomina agentis ‑ęga; пазней лексема стала абазначаць вынік дзеяння і злілася з назоўнікамі з суф. ‑оха (‑ёха), набыўшы адценне экспрэсіўнасці. На гэтай жа тэрыторыі вядома лексема вярцёха (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Катэ́лка ’хлебны, гліняны шарык’ (Касп.). Не вельмі яснага паходжання; няма, здаецца, падобных форм у іншых мовах (гл. СРНГ, Даль, Трубачоў, Эт. сл.). Зыходзіць трэба, магчыма, з вядомага ўтварэння, празрыстага марфалагічна *katalъka (ад *katati; з элементам ‑l‑, што сустракаецца ў дзеепрыметніках мінулага часу). Параўн. у Даля: ката́лка ’што качаюць, дзіцячыя цацкі на колах; чым качаюць, качалка для качання бялізны; на чым катаюцца, каток, горка, рагожка для катання’ (гл. яшчэ СРНГ, 13, 121–122). Магчыма, калісьці націск быў на першым складзе (параўн. рус. ка́талки ’гульня ў шар’). Пры перанясенні націску на другі склад нібы аднаўляецца вакалізм «э» пад націскам. Параўн. чаргаванне ў бел. мове э — а ў залежнасці ад месца націску.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

валёк м.

1. (вращающийся цилиндр) вало́к, -лка́ м.;

2. (бельевой — для полоскания) пра́нік, -ка м.; (для катания) кача́лка, -кі ж.;

3. (в экипаже) ба́рак, -рка м.; (для пристяжки) во́рчык, -ка м.;

4. (у весла) дзяржа́нне, -ння ср.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Таўка́ч1качалка з патоўшчаным круглым канцом, мяла’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Касп., Бяльк., Сержп. Прымхі, Варл., Растарг., Сл. ПЗБ, Федар. 4), ’пра някемлівага, дурнога чалавека’ (ТСБМ, Шат.), ’пра непаваротлівага, няспрытнага чалавека’ (Скарбы), ’той, хто замінае, таўчэцца пад рукамі; маруда’ (Сцяц. Сл.), ’целяпень, нязграбны чалавек’ (Гіл., Мат. Гом.), тоўка́ч, товка́ч ’мяла (у ступе), качалка’ (ТС, Арх. Вяр., Вруб., Сл. ПЗБ), таўка́чка ’тс’ (Ян.), ст.-бел. толка́ч ’тс’: толкачи до них железныи два (1518 г., КГС). Укр. товка́ч ’тс’, рус. дыял. толка́ч ’тс’, польск. дыял. tłukacz ’мяла для размінання бульбы для свіней’, ст.-слав. тлъкачь ’мяла’. Назоўнік, вытворны ад таўчы, што да прасл. *telkti, гл. таўкці, таўчы. Меркаванне пра незалежны характар утварэння таўка́ч ’дурань’ гл. Пацюпа ў Станкевіч, Язык, 1166: утварэнне з суф. ‑ач, што абазначае суб’ект дзеяння са значэннем непавагі, грэблівасці, відаць, суадноснае з таўчыся ’сноўдацца без справы’.

Таўка́ч2 ’пачатак кукурузы’ (Сл. ПЗБ), ’катах рагозу’ (Сл. ПЗБ; дзятл., Жыв. сл.; ЛА, 1), товка́ч ’галоўка чароту’ (драг., Нар. ск.), таўка́чык, таўка́чыкі ’палявы хвошч, Equisetum arvense L.’ (Касп., Бяльк., Яўс., Бяльк., ЛА, 1), ’насеннікі бярозы’ (свісл., Шатал.), таўка́чыкі ’катахі рагозу’ (зэльв., слонім., ЛА, 1), ’мох у выглядзе збаночкаў’ (Меер Крыч.), таўка́чнік ’хвошч’ (Кіс.). Вобразны перанос з таўкач1.

Таўка́ч3 ’плавальны пузыр’ (віл., Сл. ПЗБ), ’пухір у рыбы’ (віл., лаг., ЛА, 1), туўка́ч ’тс’ (шарк., мёрск., ЛА, 1), талка́ч ’тс’ (полац., ЛА, 1). Відаць, з-за знешняга падабенства да таўкач1, гл.

Таўка́ч4 ’круг, кальцо (каўбасы)’ (лід., Сл. ПЗБ). Аналагічна да папярэдняга слова, гл.

Таўка́ч5 (тыўка́ч) ’драўляны гузік прадаўгаватай формы’ (Шатал.), таўкачо́к ’бірка (зашпілька)’ (Сл. ПЗБ; рас., в.-дзв., полац., шуміл., ЛА, 4). Да таўкач1, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кала́ч1 ’круг’ (лельч., Нар. лекс.), магчыма, другаснае, параўн. ілюстрацыю: «Калач коубасы купіў», с. 131, да таго ж незразумелая наяўнасць слоў з оканнем і без, ’пятля (з вяроўкі або прутоў)’ (БРС), ’круглае рабро ў рыбалоўнай прыладзе’ (Пал. Крыв.), ’заверцень з вяроўкі ці звіткі ў форме абаранка’ (ганц., пух., Сл. паўн.-зах.), ’абруч’, ’завязванне хусткі абручом’ (ТС), ’кальцо (жалезнае, драўлянае, вяровачнае або з лазы) на «ярме», у якое ўстаўляецца канец дышля’, колач ’тс’ (Маш., але рэалія некалькі іншая: «прывязь, якая прымацоўвае ярмо да рагача сахі», с. 59), колач, колачык, колачы, калачы ’частка бараны: пруты, у якія ўстаўляюцца зубы’, калачы, калачыкы ’25 парна сплеценых драўляных прутоў на баране’ (Сержп. Грам., Сержп. Земл.); з пераносам назвы абруча на рэалію, замацаваную такім абручом, ‑калач ’дровы, пакладзеныя на дзве жэрдкі зверху і знізу і прывязаныя да іх’ (навагр., Нар. лекс.). Звяртаюць на сябе ўвагу адзначаныя ў окаючых гаворках Палесся формы з аканнем, што, магчыма, неабходна тлумачыць пашырэннем слова з адпаведных гаворак. Параўн. яшчэ калач2. Укр. усх.-палес. калач ’кальцо ў ярме валовай вупражы, у якое ўстаўляецца дышаль’, ’кальцо з вяроўкі і да т. п., дэталь у возе’, колач ’кальцо з лазы, якім прымацоўваюцца аглоблі да саней’, калач ’дзіцячая гульня з кальцом’ (Чуб. 3), колач (у Шухевіча) ’разнавіднасць посуду: гліняная труба, сагнутая ў выглядзе кальца, з рыльцам, ужываецца для гарэлкі і носіцца на шнурку на плячы’ і ’доўгі скрутак з сена на вяршыні стажка, каб дождж не трапіў у сярэдзіну’, рус. наўг., валаг., ярасл. калач і колач ’драўлянае або металічнае кальцо, з дапамогай якога зацягваюць вяроўку, што замацоўвае сена на возе’, ’частка хамута; набітая саломай кожаная падушка…’, дан., цвяр. калачы ’выпадковыя вузлы на ніжняй вяроўцы невада’, ’кольцападобная рачная пратока і інш.’, польск. kołaczek ’круглы гаючы пластыр’ (з XV ст.), чэш. koláček ’круглы чапец’, серб.-харв. ко̀љач ’некалькі звязаных разам абручоў’, ’звітая ў кальцо вяроўка’, ’зруб у студні’, ’кружок у ланцужку’ і інш., славен. koláč ’маток дроту’, ’посуд для віна’, ’круг’. Некаторым з прыведзеных лексем лічацца (Слаўскі, 2, 363, RHSJ, 5, 179) другаснымі, пераноснымі ад kolačь ’печыва ў выглядзе кола’. Думаецца, што няма патрэбы ў гэтым, паколькі значэнне ’круг, кольца’ з’яўляецца этымалагічна натуральным, калі меркаваць, што калач1, як і калач2, ад прасл. kolo. Гл. Мартынаў, Ареальн. иссл. в языкозн. и этнографии. Л., 1975, с. 24. Не выключана, што першаснае значэнне ’зроблены (скручаны) у выглядзе кола’ для прасл. дэрывата kolačь датычыць і kolačь ’круглы хлеб’, якое ўжо пазней спецыялізавалася.

Кала́ч2 ’круглая булка пшанічнага хлеба’ (БРС, ТСБМ), ’абаранак’ (Пятк.), калачы ’тс’ (Кольб., Маш.), (на крайнім захадзе палескай тэрыторыі) колач, калач ’пірог’, ’вясельны пірог прадаўгаватай формы’, ’прадаўгаваты жытні пірог, які нясе ўнук сваей бабцы-павітусе’, (на захадзе, цэнтры і ўсходзе Палесся) ’вялікі баранак’ (Вешт.). Адзінкава ў цэнтры Палесся зафіксавана значэнне ’блін’ (Вешт.). Укр. усх.-палес. калач ’баранак’, укр. калач і колач ’крэндзель і наогул белы хлеб’, дыял. колач сирний (у Шухевіча) ’авечы сыр, злеплены ў выглядзе круглага хлеба з адтулінай пасярэдзіне, які смажыцца ў масле’, рус. калач і колач ’белы хлеб’, ’печаныя вырабы з мукі (у выглядзе жгутоў, кольцаў і да т. п.)’, ’абаранак’, польск. kołacz ’пірог з найлепшай пшанічнай мукі і інш.’, дыял. ’буханка хлеба круглай або падоўжанай формы; белы хлеб, булка’, н.-луж. kółac ’круглы хлеб, велікодны пірог’, в.-луж. kołač ’круглае печыва’, чэш. koláč ’круглы пірог і да т. п.’, славак. koláč ’печыва з белага квашанага цеста’, славен. koláč ’круглы велікодны пірог, круглы пірог наогул, каравай белага хлеба і інш.’, серб.-харв. ко̀лач ’хлеб, звычайна белы, з лепшай мукі, салодкі, спечаны ў форме кола’, макед. колач ’абрадавы хлеб’, балг. колач ’асобы абрадавы хлеб, звычайна з адтулінай пасярэдзіне’. Прасл. kolačь, дэрыват ад kolo (гл. далей кола), Слаўскі (2, 364) мяркуе, што першасным значэннем было ’печыва ў форме кола’, што, на яго думку, пацвярджаецца чэш. дыял. kolo, балг. дыял. коло, рус. дыял. колесо, усё ў значэннях ’калач і да т. п.’ Калі прыняць такі пункт гледжання, неабходна і для kolo, колесо меркаваць аб першасным значэнні ’хлеб’. Не выключана, што прасл. дэрыват ад kolo меў больш дыфузную семантыку, накшталт ’зроблены (скручаны) у форме кола’, а ’хлеб у выглядзе кола’ было другаснай спецыялізацыяй. Параўн. калач1, дзе шэраг значэнняў ніяк нельга вытлумачыць як другасныя намінацыі ад kolačь ’пірог’. Аб прасл. kolačь ’прадмет, які нагадвае па форме кола’, пісаў Трубачоў, Ремссл. терм., 225. Трубачоў (там жа, 256) мяркуе аб магчымасці генетычнай сувязі назвы посуду для выпечкі хлеба (маецца на ўвазе славен. дыял. kolač ’асобая глыбокая патэльня, вялікая гліняная міска з адкрытым або закрытым круглым канічным узвышэннем пасярэдзіне для выпечкі вялікіх хлябоў’), што, відавочна, неабходна разумець як перанос назвы пасудзіны на выпечаны хлеб. Гэта не вельмі добра абгрунтавана ў тым, што датычыць рэалій, хоць шэраг славянскіх значэнняў (’вялікі абаранак’ і інш.) указваюць быццам бы на магчымасць ужывання спецыяльнай формы, а сам спосаб выпечкі вырабаў з мукі ў формах можа быць старажытным. Вештарт (Лекс. Пал., 119) лічыць, што палескія гаворкі крайняга захаду адлюстроўваюць уплыў польскіх абрадавых і моўных звычаяў.

Кала́ч3 ’расліна рагоз, Typha’, ’насенная шышка рагозу’, ’кіях кукурузы’ (лях., лід., Сл. паўн.-зах.), калачы ’каташкі (на бярозе)’ (свісл., Шатал.), магчыма, сюды ж і драг. калачык ’пакаёвая кветка’. Укр. усх.-пал. калач ’кіях кукурузы’, калачики (уст.) ’кукуруза’. Непасрэдная сувязь з калач2 або калач1 здаецца немагчымай, паколькі для бел. рэалій нельга дапусціць перанос гэтых назваў паводле падабенства. Магчыма, першапачаткова назва частак расліны, падобных на калач, параўн. рус., укр. мар. назву калачик ’расліна Malva’. Наступны этап — перанос назвы на круглыя плады або кветкі іншых раслін, параўн. рус. дыял. калачики ’расліны розных відаў Trifolium’ і калачики ў наступным кантэксце: «Трава растёт калашнік, красненьки калачики и беленьки калачики у нее, сверху, … калашник похож на клевер, но это не клевер» (СРНГ, 12, 339). Такую у прынцыпе магчымую версію прыняць нельга, паколькі на бел. тэрыторыі наогул не засведчана слядоў падобнага працэсу. У бел. назвах для Typha адзначаны кіеўка, катке, кіёўка, кіёўнік, укр. палки, палочник, бел. дыял. калачык ’песцік’ і ’пладаносная частка сцябла некаторых раслін’ можна параўнаць з бел. таўкачык ’назва хвашчу’, а бел. дыял. калатоўка ’рагоз’ нельга не суаднесці з калатоўка ’мяшалка’. Іншымі словамі, найбольш імаверна параўнаць разглядаеце слова з дзеясловам калаціць (аснову колот‑). Пры гэтым, калі дапускаць аналагічны па ўтварэнню працэс (назва прылады, якой калоцяць > назва расліны), неабходна рэканструяваць калач (магчыма, як сінонім да калатоўка) як назву прылады, ужытую пазней для расліны, або хутчэй для насеннай шышкі рагозу і да т. п. Такі варыянт тлумачэння ўяўляецца не вельмі надзейным, паколькі мяркуемы дэрыват ад калаціць не засведчаны (параўн., аднак, рус. дыял. колот ’песцік у маслабойнай ступе’). Аб іншай версіі сведчаць такія формы, як бел. дыял. калачонік ’стрэсены арэх’, калачанка ’стрэсенае сена з саломай’, калачынка ’амлет’, колотуша ’тс’, дзе ‑ч‑ заканамернае. Аднак спосаб утварэння ад асновы калач‑ няясны. Калі звярнуць увагу на такі сінонім для Typha, як катке (мн. ад каток), мяркуючы пры гэтым, што каток тут не ад кот (у сувязі з мяккасцю, пухаўка ’рагоз’), а дэрыват ад каціць і калачы і каташкі (на бярозе), можна прапанаваць і такі варыянт тлумачэння, пры якім калач — метатэза з качая, якое, у сваю чаргу, зваротны дэрыват ад качалка, качалкі. Параўн. рус. смал., росл. качалка ’шышка (лопуху?), якой кідаюць на вяселлі ў жаніха і шафера’. Аднак такая версія найменш імаверная.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)