Машы́на ’сукупнасць механізмаў, якія выконваюць карысную работу’, ’транспартны сродак з рухавіком, аўтамашына’, ’поезд’, ’веласіпед’, ’чалавек-аўтамат’, ’сячкарня’, ’паравоз’ (ТСБМ, Сцяшк., Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ). Відавочна, з польск. maszyna, якое з франц. machinę ’тс’. Апошняе праз лац. machina ўзыходзіць да ст.-грэч. дар. μαχανά ’прыстасаванне’. Гл. таксама махі́на. Дапускаецца ў якасці мовы-пасрэдніцы і руская. Сюды ж машыні́ст(ы), машыні́стка, машыніза́цыя; машы́нка ’частка лямпы на магазіне’; ’пішучая машынка’, ’прылада для стрыжкі валасоў’, ’запальнічка’, ’пліта з фаеркамі’, маладз., маст. ’кнопкі’, драг. машэ́нка ’маланка ў вопратцы’ і ’каварства, падман’ (ТСБМ, Жд. 1, Сцяшк., Сцяц., В. В., Мат. Гом., Нар. сл., Сл. ПЗБ, КЭС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віля́ць ’махаць, хістаць, паварочваючы збоку’; ’рухацца па звілістай лініі’; ’ухіляцца ад прамога адказу, хітрыць, падманваць’ (Нас., КТС, БРС, Шат., КЭС, лаг.). Укр. виляти ’віляць (напр., хвастом)’; ’ухіляцца ад працы’; ’весяліцца, гуляць, ганяцца’, рус. варон., валаг. вилять ’зварочваць з дарогі’; ’гойсаць, шныраць, ухіляцца, пазбягаць каго-небудзь’; ’кідацца з боку ў бок’; ’ухіляцца з прамога шляху, хітрыць’, ви́ля ’нясталы чалавек, ветрагон’, польск. wilać ’махаць (хвастом)’, уст. wilać się ’віцца (аб дыме)’. Іншыя славянскія адпаведнікі семантычна звязаны больш з прасл. лексемай vila ’міфічная істота, фея, русалка’; ’вар’ятка’; ’вядзьмарка, чараўніца’, польск. wiłować ’шалець, вар’яцець, губляць галаву’, чэш. vilniti ’быць юрлівым’, ст.-чэш. vilovati ’дрэнна паступаць, распутнічаць’, макед. вилнее ’бушаваць, бясчынстваваць’, чым з віляць, ад якой яны фармальна адрозніваюцца. Таму можна дапусціць інавацыю ўсх.-слав. *виляти, якое, відаць, з’яўляецца роднасным ад літ. уст. vìlti ’здраджваць’ (Атрэмбскі, 2, 33), vilióti ’вабіць, падманваць, спакушаць’, apvìlti ’падманваць, расчароўваць’, vỹlius ’падман, спакушэнне, каварства’. Шанскі (1, В, 99); Пелікан (LF, 1929, 56, 244), Фасмер (1, 315), Брандт (РФВ, 18, 8), Младэнаў (66), КЭСРЯ (81) мяркуюць, што лексема з’яўляецца суфіксальным дэрыватам ад вилыи ’завілісты, пакручасты’ (< *вить і суф. ‑л‑). Петарсан (AfslPh, 36, 152) звязвае лексему вилять са ст.-інд. vḗllati ’хістаецца’, vēllitas ’хвалісты, гарбаты’, пракр. velli, vellā ’павеўная расліна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)