А́НДРЫЧ (Andrycz) Ніна
(н. 11.11.1915, Брэст),
польская актрыса. Скончыла Ін-т тэатр. мастацтва ў Варшаве (1935). Працуе ў варшаўскім «Тэатры Польскім». Яркі тэмперамент актрысы найб. поўна раскрыўся ў ролях рамант. рэпертуару. Яе мастацтву ўласцівыя тонкасць псіхал. аналізу, трагічная глыбіня вобразаў; лэдзі Мільфард («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Жанна («Святая Іаанна» Б.Шоу), Хімена і Ізабэла Лэнцкая («Лялька» паводле Б.Пруса).
т. 1, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у 1941, 1944—47 у Бабруйску. Маст. кіраўнікі: К.Стэцкі, М.Кавязін (з 1945). У рэпертуары былі: «Надзвычайны закон» бр. Тур і Л.Шэйніна, «Жыццё вучыць» В.Галаўчынера, «Лодачніца» М.Пагодзіна, «Праўда добра, а шчасце лепш» А.Астроўскага, «Дама-невідзімка» П.Кальдэрона, «Лісічкі» Л.Хелман, «Каварства і каханне» Ф.Шылера, «Рускае пытанне» К.Сіманава і інш. У 1947 пераведзены ў Гродна (гл. Гродзенскі абласны драматычны тэатр).
Літ.:
Нефед В.И. Николай Ковязин: Жизнь и творчество: Исслед. Свидетельства. Воспоминания. Мн., 1990. С. 36—54.
т. 2, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРА́МАЎ Максім Паўлавіч
(17.1.1911, в. Хухарава Вялікаігнатаўскага р-на, Мардовія — 30.6.1973),
акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). З 1930 у т-рах Расіі. З 1947 у Магілёўскім, з 1949 у Брэсцкім абл. драм. т-рах. Вострахарактарны акцёр. Лепшым работам Абрамава ўласцівы жыццёвая праўда, зліццё з вобразам. Сярод роляў: Калеснікаў («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Калібераў («Выбачайце, калі ласка» А.Макаёнка), Гукан («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Лабыш («Папараць-кветка» І.Козела), Заслонаў («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона), Яечня («Жаніцьба» М.Гогаля), Зыкаў («Зыкавы» М.Горкага), Прэзідэнт («Каварства і каханне» Ф.Шылера).
Р.М.Бакіевіч.
т. 1, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ГАЛЕВА Алена Мікалаеўна
(7.4.1900, Масква — 13.11.1993),
руская актрыса. Нар. арт. СССР (1949), Герой Сац. Працы (1974). Вучылася ў Муз.-драм. вучылішчы Маскоўскага філарманічнага т-ва. З 1918 у Малым т-ры. Стварала выразныя па знешнім малюнку драм. і трагедыйныя вобразы моцных, валявых, энергічных жанчын. Сярод роляў: Соф’я («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Надзея Манахава («Варвары» М.Горкага), княжна Плавуціна-Плавунцова («Халопы» П.Гнедзіча), Панова («Любоў Яравая» К.Транёва), лэдзі Мільфард («Каварства і каханне» Ф.Шылера), герцагіня Мальбара («Шклянка вады» Э.Скрыба), місіс Краўлі («Кірмаш пыхлівасці» паводле У.Тэкерэя).
т. 5, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАХАЎ Марк Мікалаевіч
(н. 10.9.1921, Масква),
бел. тэатр. мастак. Скончыў Маскоўскае маст. вучылішча (1940). З 1957 мастак, з 1964 гал. мастак Магілёўскага абл. драм. т-ра. Аформіў спектаклі: «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча (1957), «Дзядзька Ваня» А.Чэхава (1960), «Гэта было ў Магілёве» Я.Тарасава (1964), «Паўлінка» Я.Купалы (1971), «Апошняя суніца ў жніўні» А.Дзялендзіка (1975), «Арфей спускаецца ў пекла» Т.Уільямса (1977), «Марыя Сцюарт» Ф.Шылера (1980), «Тутэйшыя» Купалы (1982), «Судны дзень» В.Казько (1983), «Сівы бусел» В.Ткачова (1984), «Сабачае сэрца» паводле М.Булгакава (1988), «Каварства і каханне» Шылера (1992), «Рычард III» У.Шэкспіра (1995) і інш.
т. 4, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГАРША́Н (сапр. Пагасян) Вагарш Багданавіч
(14.2.1894, г. Шуша, Нагорны Карабах — 6.5.1959),
армянскі акцёр, рэжысёр, драматург. Нар. арт. СССР (1954). З 1923 у армянскім т-ры імя Г.Сундукяна (Ерэван). Праф. Ерэванскага тэатр. ін-та (з 1946). Акцёр шырокага творчага дыяпазону, майстар пераўвасаблення. З роляў: Гагік («Краіна родная» Д.Дэмірчана), Арбенін («Маскарад» М.Лермантава), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра). Сярод пастановак: «Дасцігаеў і іншыя» (1934) і «Васа Жалязнова» (1937) М.Горкага, «Каварства і каханне» Ф.Шылера (1938). Аўтар п’ес «У кальцы» (1930), «Давід Сасунскі» (1940) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1952.
т. 3, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ЛІЧ Канстанцін Фёдаравіч
(1906, г. Івангорад Кінгісепскага р-на Ленінградскай вобл. — 27.9.1944),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1935). З 1925 у Бел. трэцім дзярж. драм. т-ры, з 1937 у БДТ-1 (т-р імя Я.Купалы). Яго мастацтва адметнае рамантычнай узнёсласцю, шчырасцю пачуццяў, тэмпераментам. Сярод роляў: Андрэй, Мастак, Паромшчык («Плытагоны», «Пінская мадонна», «Ганка» У.Галубка), Кастусь Каліноўскі (аднайм. п’еса Е.Міровіча), Мікола («Кацярына Жарнасек» М.Клімковіча), пан Ендрыхоўскі («Партызаны» К.Крапівы), сяржант Дроб (аднайм. п’еса Э.Самуйлёнка), Дон Жуан («Каменны госць» А.Пушкіна), Фердынанд («Каварства і каханне» Ф.Шылера). Як мастак аформіў спектаклі «Кастусь Каліноўскі» (1928), «Правакатар» М.Ірчана (1931). Загінуў у чыгуначнай катастрофе.
т. 3, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫНЯ́НСКІ Юрый Андрэевіч
(нарадзіўся 27.11.1906, Баку),
беларускі акцёр і рэжысёр. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1961). Скончыў Цэнтральны тэхнікум тэатральнага мастацтва ў Маскве (1928). З 1939 акцёр і рэжысёр Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР, рэжысёр Гродзенскага, абласнога драматычнага тэатра, з 1958 галоўны рэжысёр абласнога Брэсцкага (да 1962) і Гомельскага (да 1966) драматычнага тэатраў. Лепшыя пастаноўкі Арынянскага вызначаліся ансамблевасцю, дакладнасцю і канкрэтнасцю характарыстык вобразаў: «Від з моста» А.Мілера (1959), «Тры сястры» А.Чэхава (1960), «Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна (Арынянскі і аўтар інсцэніроўкі, 1965), «Выклік багам» А.Дзялендзіка (1966) і іншыя. Сярод роляў: Мілер («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Прозараў («Тры сястры»), Ермашоў («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Лабыш («Папараць-кветка» І.Козела).
т. 2, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСЕ́ЕВА Таццяна Назараўна
(н. 9.10.1922, г. Сяміпалацінск, Казахстан),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1955). Сцэн. дзейнасць пачала ў Кіеўскім т-ры муз. камедыі (1943). З 1948 на Беларусі: працавала ў Брэсце, Магілёве; з 1952 у Нац. т-ры імя Я.Купалы. Актрыса лірыка-драм. плана, валодае высокай сцэн. культурай, псіхал. распрацоўку ролі спалучае з дакладным вонкавым малюнкам: Вікця («Людзі і д’яблы» К.Крапівы), Юлія Тугіна, Кручыніна («Апошняя ахвяра», «Без віны вінаватыя» А.Астроўскага), Луіза («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Джульета і Алена («Рамэо і Джульета», «Канец — справе вянец» У.Шэкспіра), Агнія («Традыцыйны збор» В.Розава). Тонкі гумар уласцівы камед. персанажам: Адэля («Ажаніцца не журыцца» Далецкіх і М.Чарота), Маці («Дзверы стукаюць» М.Фермо), Паўла («Гульня з кошкай» І.Эркеня).
т. 1, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́НГХОФ (Langhoff) Вольфганг
(6.10. 1901, Берлін — 25.8.1966),
нямецкі рэжысёр, акцёр, пісьменнік. Чл. ням. АМ (з 1951), з 1962 яе віцэ-прэзідэнт. З 1919 акцёр, з 1927 рэжысёр. У 1933—34 зняволены ў канцлагер, пасля эмігрыраваў у Швейцарыю. У 1945 кіраваў т-рамі ў Дзюсельдорфе. У 1946—63 маст. кіраўнік і акцёр, з 1963 акцёр і рэжысёр Нямецкага т-ра ў Берліне. Ставіў класічную («Рэвізор» М.Гогаля, 1950; «Дон Карлас», 1952, і «Каварства і каханне», 1955, Ф.Шылера) і сучасную драматургію («Страх і адчай у Трэцяй імперыі» Б.Брэхта, 1948; «Зоненбрукі» Л.Кручкоўскага, 1949, іграў Петэрса; «Томас Мюнцэр» Ф.Вольфа, 1953, іграў гал. ролю, і інш.). Нац. прэміі ГДР 1949, 1951, 1960.
Тв.:
Рус. пер. — Болотные солдаты. М., 1936.
т. 9, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)