ліхта́р, ‑а́, м.
1. Асвятляльны прыбор з крыніцай святла ў шкляным шары або футарале са шклянымі сценкамі. Вулічны ліхтар. Электрычны ліхтар. □ Вільготны туман засцілаў вуліцы, і ў ім цьмяна свяціліся ліхтары. Хадкевіч. Міканор Іванавіч апрануў ватоўку і пачаў запраўляць ліхтар. Даніленка.
2. перан. Разм. Сіняк, кровападцёк (на твары, пад вокам). Пераноссе распухла і пасінела, а пад вачыма з’явіліся страшныя фіялетавыя «ліхтары». Карпюк.
3. Шкляны праём у даху для натуральная асвятлення памяшкання (звычайна прамысловага), а таксама зашклёны выступ у будынку.
[Ад ням. Licht — святло.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ра́ма, ‑ы, ж.
1. Аконны пераплёт з устаўленым шклом і без яго. Падвойныя рамы. □ У вузейшай частцы, дзе скляпенне падымалася над долам, была зроблена вузенькая, доўгенькая аконная рама ў чатыры шкельцы. Колас. // Зашклёны пераплёт для аховы раслін ад холаду ў парніках і цяпліцах.
2. Аправа для ўстаўкі ў яе карцін, партрэтаў, люстраў і пад. На астатніх сценах у цяжкіх арэхавых рамах былі развешаны партрэты. Даніленка.
3. Нясучая частка машыны, якой‑н. канструкцыі; станіна. Веласіпедная рама. □ [Йох:] — Міна была падкінута ў топку. Бачыце, рама паравоза цэлая і рэйкі цэлыя. Лынькоў.
4. Прамавугольнік з брусоў або планак для розных патрэб і мэт. У майстэрні было цяпер ціха, і .. [Яругіну] ўжо запякло хутчэй вярнуцца ў тую цішыню, каб напяць на раму палатно і пакласці на яго ўльтрамарын. Карамазаў. // Прыстасаванне для сотаў у вуллі.
•••
Лесапільная рама — машына для падоўжнага распілоўвання бярвення.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шкляны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да шкла. Шкляная маса. □ Багаты скарб Прынёс мой друг — шкляных асколкаў многа. Калачынскі. // Разм. Які мае адносіны да вытворчасці шкла. Бацька Мірона працаваў у млыне, а Віктара — на шкляной гуце. Маўр.
2. Выраблены, зроблены са шкла. Шкляны посуд. □ [Жанчына] нерашуча глядзела на Пракаповіча, стоячы са шкляным слоікам у руках, напалову насыпаным маннымі крупамі. Радкевіч. // Пакрыты шклом, зашклёны; з устаўленым шклом. Над адным з карпусоў, што быў пад шкляным дахам, заўсёды ўвечары палыхалі блакітныя бліскавіцы. Сабаленка. Настаўніца падышла да шафы са шклянымі дзверцамі, выбрала дзве кніжкі і дала Ігнасю. Мурашка.
3. перан. Які сваімі рысамі, якасцямі падобны на шкло; такі, як у шкла. Пад вартай ноч: нібы ў дазоры, Над ёй, над возерам шкляным Стаяць касмічным роем зоры, Мігцяць, адсвечваюцца ў ім. Ляпёшкін. // Нерухомы, застылы; халодны (пра вочы, погляд). Бацька, не міргаючы, шклянымі вачыма пазіраў на .. [Улю], і з рукі ў яго міма паперкі сыпаўся на снег самасад. Паўлаў. Суседка па сутарэнню, на якую паказвала Рая, пазірала з кутка застылымі шклянымі вачыма. Мехаў.
•••
Бачыцца (пабачыцца) са шкляным богам гл. бачыцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)