ЛІХТА́Р (ад ням. Licht святло) у архітэктуры, 1) круглая або шматгранная ў сячэнні надбудова-барабан (з вял. аконнымі праёмамі) над дахам, купалам ці інш. пакрыццём.

2) Зашклёны выступ у сцяне будынка на вышыню 1, 2 і больш паверхаў; тое, што эркер.

3) Зашклёная частка дахавага пакрыцця, прызначаная для натур. верхняга асвятлення памяшканняў. Пашыраны ў архітэктуры стыляў барока і класіцызму.

Адыгрывалі ролю аднаго з гал. элементаў кампазіцыі ў завяршэнні бельведэра, барабана, купала. Звычайна завяршаліся скульптурай, крыжам, шпілем ці інш. дэкар. формай. У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваюцца ў прамысл. і інш. збудаваннях (залах выставак, музеях, гандл. збудаваннях, будынках ВНУ) для асвятлення памяшканняў і натуральнай вентыляцыі.

А.​М.​Кулагін.

Ліхтар касцёла Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Адэльск Гродзенскага раёна.

т. 9, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІЯ АЭРАПО́РТЫ,

агульная назва аэрапортаў мясц. значэння Мінск-1 і міжнар. Нацыянальнага аэрапорта Мінск. Аэрапорт Мінск-1 у межах Мінска, замыкае перспектыву вул. Чкалава з плошчай. Пабудаваны ў 1933. Уключае стары будынак аэравакзала (1946—57, арх. А.​П.​Воінаў, Г.​Заборскі) і новы павільён (1976, арх. С.​Баткоўскі, А.​Серапян). Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя сіметрычнага 2-павярховага будынка аэравакзала складаецца з цэнтр. ч. і 2 бакавых крылаў. У архітэктуры будынка выкарыстаны формы класіцызму: 6-калонны порцік з боку плошчы, 2 сіметрычныя рызаліты з боку ўзлётна-пасадачнай паласы, бельведэр з каланадай карынфскага ордэра. Павільён — прамавугольны ў плане зашклёны на ўсю вышыню будынак з 2 сіметрычнымі ўваходамі, вылучанымі масіўнымі казыркамі. Нацыянальны аэрапорт Мінскміжнар. аэрапорт 1-га класа каля г. Смалявічы Мінскай вобл. Забудоўваецца з 1977 паводле праекта ін-таў «Ленаэрапраект» (С.-Пецярбург) і «Мінскпраект» (арх. Б.​Ларчанка, Ю.​Грыгор’еў, Г.​Сысоеў, Н.​Цямнова). У комплексе збудаванняў — аэравакзал, камандна-дыспетчарскі пункт, гасцінічны комплекс, адм.-бытавы блок. Аэравакзал размешчаны ў дугападобным аб’ёме (даўж. больш за 500 м) — дэцэнтралізаванага тыпу, зоны адпраўлення і прыбыцця пасажыраў падзелены і знаходзяцца на розных узроўнях аб’ёму. Усе асн. памяшканні на 3 гал. паверхах дугападобнага аб’ёму, які завяршаецца тэхн. паверхам і камандна-дыспетчарскім пунктам. Да дугападобнага аб’ёму прымыкае гасцінічны комплекс, які мае сувязь з аперацыйнымі заламі аэравакзала. Аэрадром прызначаны для прыёму ўсіх тыпаў паветраных суднаў у складаных метэаўмовах. Увесь комплекс будуецца з каркасна-панэльных канструкцый, зборныя жалезабетонныя элементы распрацаваны паводле індывід. праектаў. Іл. гл. таксама да арт. Аэравакзал.

С.​Дз.​Філімонаў.

Да арт. Мінскія аэрапорты. Аэрапорт Мінск-1.

т. 10, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)