шкляны, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да шкла. Шкляная маса. ▪ Багаты скарб Прынёс мой друг — шкляных асколкаў многа. Калачынскі. // Разм. Які мае адносіны да вытворчасці шкла. Бацька Мірона працаваў у млыне, а Віктара — на шкляной гуце. Маўр.
2. Выраблены, зроблены са шкла. Шкляны посуд. ▪ [Жанчына] нерашуча глядзела на Пракаповіча, стоячы са шкляным слоікам у руках, напалову насыпаным маннымі крупамі. Радкевіч. // Пакрыты шклом, зашклёны; з устаўленым шклом. Над адным з карпусоў, што быў пад шкляным дахам, заўсёды ўвечары палыхалі блакітныя бліскавіцы. Сабаленка. Настаўніца падышла да шафы са шклянымі дзверцамі, выбрала дзве кніжкі і дала Ігнасю. Мурашка.
3. перан. Які сваімі рысамі, якасцямі падобны на шкло; такі, як у шкла. Пад вартай ноч: нібы ў дазоры, Над ёй, над возерам шкляным Стаяць касмічным роем зоры, Мігцяць, адсвечваюцца ў ім. Ляпёшкін. // Нерухомы, застылы; халодны (пра вочы, погляд). Бацька, не міргаючы, шклянымі вачыма пазіраў на .. [Улю], і з рукі ў яго міма паперкі сыпаўся на снег самасад. Паўлаў. Суседка па сутарэнню, на якую паказвала Рая, пазірала з кутка застылымі шклянымі вачыма. Мехаў.
•••
Бачыцца (пабачыцца) са шкляным богам гл. бачыцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)