во́льны, -ая, -ае.

1. Свабодны, незалежны.

Вольныя людзі.

Вольная праца.

2. Свабодны, нічым не абмежаваны.

Вольнае жыццё.

В. вецер.

Вольнаму воля (пра чалавека, які можа паступаць па сваім меркаванні).

3. Нікім, нічым не заняты.

Вольнае месца ў вагоне.

Вольная пасада (вакантная). Вольная хвіліна.

4. Не абмежаваны якімі-н. перашкодамі, прадметамі, бязмежны; які знаходзіцца на свабодзе.

В. акіян.

В. ход.

5. Не абмежаваны якімі-н. правіламі, законам.

В. продаж сельскагаспадарчых прадуктаў.

6. Нястрыманы, які выходзіць за межы прынятых норм.

Вольнае абыходжанне.

7. Свабодалюбны.

Вольная думка, натура.

8. Не заціснуты, не замацаваны ў чым-н.

В. канец вяроўкі.

Вольныя рухі або практыкаванні — гімнастычныя практыкаванні без прылад.

Вольны верш — від рыфмаванага сілаба-танічнага верша, у якім у адвольнай паслядоўнасці спалучаюцца радкі з рознай колькасцю стоп.

Вольны горад — самастойны горад-дзяржава ў Сярэднія вякі.

Вольны пераклад — не літаральны пераклад.

Вольны стыль — у спартыўных спаборніцтвах: стыль плавання, які выбірае сам плывец.

Па вольным найме — аб службе неваенных у ваеннай установе.

|| наз. во́льнасць, -і, ж. (да 2, 5 і 7 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

чарвято́чына, ‑ы, ж.

1. Адтуліна, дзірка ў чым‑н., праедзеная чарвямі або лічынкамі. І расці шкадаванню ў душы Тых, хто быў да нячыстага падкі: У кашы не плады, у кашы — З чарвяточынай сохнуць ападкі. Маляўка. Сцены зрыты чарвяточынамі, падобнымі да арабскіх літар. Бядуля. // Месца ў чым‑н., сапсаванае, паточанае чарвямі. // Парахня на паточаным месцы. І праз колькі год пасыплецца на рассохлыя плінтусы, пад якімі заціснуты канцы пакарабачаных масніц, жоўтая чарвяточына. Чыгрынаў.

2. перан. Пра якія‑н. хібы, недахопы, заганы ў кім‑, чым‑н. «Подлая твая душа, — гнеўна абарваў яго другі [герой], — з чарвяточынай. Ты заўсёды толькі аб сабе і думаеш, табе напляваць на ўсіх і на ўсё, у цябе сумлення як кот наплакаў...» Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кало́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Памянш. да калона (у 1, 2 знач.).

2. Рад лічбаў, слоў, размешчаных па вертыкалі. Апошнія старонкі былі густа запоўнены незнаёмымі чарцяжамі і доўгімі калонкамі лічбаў. Шуцько. // Слупок тэксту ў газеце, кнізе і пад. Белыя старонкі з калонкамі вершаў заціснуты ў масіўную, цёмнага колеру, вокладку. Галавач.

3. Назва розных прыстасаванняў, якія маюць форму падоўжанага цыліндра (напрыклад, цыліндрычнага катла для награвання вады ў ваннай, прыстасаванне ў выглядзе высокага цыліндра з ручкай і кранам для адпускання вады, бензіну і інш., якія паступаюць сюды з цэнтральнага рэзервуара). На цэментавай пляцоўцы каля чырвонай бензінавай калонкі стаяла з паўдзесятка аўтамабіляў. Шамякін.

•••

Водаразборная калонка — калонка з водаправодным кранам, устаноўленая на паверхні зямлі і злучаная з водаправодам трубой.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кале́на, ‑а, н.

1. мн. кале́ні, ‑яў і ‑ле́нь. Частка нагі, дзе злучаюцца бядровая і галёначная косці; месца згібу нагі. Сагнуць нагу ў калене. Абхапіць рукамі калені. □ Пракоп сеў, зняў шапку і павесіў яе на заціснуты між каленяў кій. Колас. Валодзька з размаху грымнуўся аб ганак, моцна збіўшы калена. Гамолка. // Частка адзення (штаноў, панчох і інш.), якая прыкрывае гэту частку нагі. Залатаць калені штаноў.

2. мн. кале́ні, ‑яў і ‑ле́нь. Нага ад каленнага сустава да таза. Пасадзіць дзіця на калені. □ Унукі ўзбіраліся [дзеду] на калені, церабілі яго бараду, лашчыліся. Лынькоў.

3. мн. кале́ны, ‑ле́н. Частка чаго‑н. сагнутага, непрамога ад аднаго згібу або павароту да другога. Флейта складаецца з галоўкі і двух кален. Калена ракі. Калена дарогі. // Сам вугал згібу, павароту. У самавара не здымалася бляшаная, заломаная вострым каленам і ўстаўленая ў чалеснік труба. Дуброўскі.

4. мн. кале́ны, ‑ле́н. Разм. Асобная частка, закончаны матыў у музычным творы. Ударыў барабан на другое калена, на тое самае, дзе кракавяк ідзе на манер віхрыстай полькі. Кулакоўскі. Кадрылю ў пяць Ці сем кален, Сплючы, ён [скрыпач] мог іграць. Броўка. // Асобнае адметнае месца ў спевах птушак. Калены салаўінай песні. // Фігура ў танцы, скоках. Мы скакалі польку, танцавалі кадрылю аж па шаснаццаць кален, што нават падлога дрыжала. Гурскі.

5. мн. кале́ны, ‑ле́н. Пакаленне ў радаслоўнай. У Дабрынічах гэтых Пальчыкаў добрая палова, і ўжо цяжка разабрацца, хто каму сваяк і ў якім калене. Дамашэвіч. — Цяпер, калі я вам расказаў у двух словах радаслоўную Мухтара аж да шостага калена, вы мусіце зразумець, кім ён павінен быў стаць. Васілёнак.

•••

Вераб’ю па калена гл. верабей.

Выламаць з калена гл. выламаць.

Мора па калена гл. мора.

Поўзаць на каленях гл. поўзаць.

Ставіць на калені гл. ставіць.

Станавіцца на калені гл. станавіцца.

Стаць (упасці) на калені гл. стаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́льны, ‑ая, ‑ае; ‑лен, ‑льна.

1. Нікому не падпарадкаваны, ні ад кога не залежны, які мае магчымасць адвольна распараджацца сваім часам, ажыццяўляць свае жаданні. Каля мяне, як цень, Праходзіць да вадапою Вольны лясны алень. Караткевіч. Гэй у неба птахам вольным На спатканне навальніцам! Крапіва. [Максім:] — Ты ж адзін. Ні жонкі, ні дзяцей — вольны, як вецер на прасторы! Машара. // Выпушчаны на волю. — Быў палонны, а цяпер вольны, — казаў.. [Васілёк], едучы побач. Маўр. // Які вызваліўся ад якіх‑н. абавязкаў. Спектакль павінен быў адбыцца ў нядзелю, калі ўсе суседзі вольныя ад працы. Бядуля. Цяпер Гушка быў вольны ад даўгоў і меў сваю ўласную зямлю. Чорны. // Не заняты ніякай работай, які мае час. [Волька:] Вера то ўжо скончыла заняткі ў сваёй школе, цэлае лета будзе вольная. Чорны. // Які мае права, магчымасць дзейнічаць па ўласнаму жаданню. Вольны ўсюды я ляцець. Колас.

2. Свабодны ад сацыяльнага і інш. прыгнёту. Вольная праца. Вольнае жыццё. □ Вольным народам сталі вы сёння. Колас. Мы з вольнае краіны, Адной на цэлы свет, І кожная дзяўчына Глядзіць нам доўга ўслед. Глебка.

3. Нікім, нічым не заняты; пусты, свабодны. Яўхім знайшоў каля століка ў кутку два вольныя зашмальцаваныя крэслы. Мележ. [Суседка] трымалася, як дзяўчынка, гойдалася на нагах і ўсё адкідвала вольнай рукой з ілба, попельныя кудзеркі. Ракітны. У бібліятэках нават з самай раніцы цяжка знайсці вольнае месца. Шахавец. У праціўніка заставалася вольная дарога на вёску Бабровічы. Казлоў. // Нікім не замешчаны, вакантны. Вольная пасада. // Нічым не заняты (пра час). Раніцу вырашылі абвясціць вольнай, гэта значыцца ніякіх агульных паходаў не праводзіць, а здацца цалкам на самадзейнасць моладзі. Дубоўка. Кожную вольную хвіліну Люба бралася за кніжку. Васілевіч.

4. Не абмежаваны якімі‑н. перашкодамі, прадметамі, бязмежны, бяскрайні. Зноў вольны акіян усіх, Змёў чорных ворагаў сваіх. Куляшоў. Волен свет мне кругом. Колас. // Які знаходзіцца на свабодзе, не запёрты ў што‑н.; нічым не абмежаваны. Ці пачую крык іх [птушак]? Ці ўбачу? Шлях далёкі — горы і вада... Вунь ля гаспадарскіх тлустых качак Села вольных птахаў чарада. Сербантовіч. // Пра неабмежаваны нічым рух, неабмежаванае пашырэнне. Але паршываму сабачаняці, відаць, спадабалася вольная беганіна пасля надакучлівай язды ў машыне. Лынькоў. Даўшы хвалям вольны ход, Прыпадыме бацька Нёман На хрыбце магутны лёд. Багдановіч. Пустое бязмежнае снегавое поле — ці ёсць дзе большая прастора вольным разлётам гарачай фантазіі чалавека? Зарэцкі.

5. Нястрыманы, які выходзіць за межы прынятых нормаў. Вольныя жарты. Вольнае абыходжанне. // З якога знята абмежаванне. Дазволены законам. Вольны продаж сельскагаспадарчых прадуктаў.

6. Уласцівы свабоднаму жыццю. Льецца ў полі песня вольная На вясковай паласе. Бядуля. Вольным гоманам хвоек высокіх Клічам, сонца, цябе, як адзін! Купала.

7. Які заклікае, абуджае імкненне да волі; свабодалюбны. Вольнае слова. Вольная думка, натура.

8. Больш чым дастатковы па велічыні, прасторны. Вольны касцюм.

9. Які робіцца без выкарыстання спартыўных прылад. Вольныя рухі, практыкаванні.

10. Які адбываецца на свабодзе, не ў памяшканні, не пад наглядам. Вольная злучка. Вольнае ўтрыманне жывёлы.

11. У якім не прытрымліваюцца пэўнага парадку. Людзі рухаліся вольнымі шарэнгамі.

12. Не заціснуты, не замацаваны ў чым‑н. Вольны канец вяроўкі.

•••

Вольная барацьба гл. барацьба.

Вольная прафесія гл. прафесія.

Вольная тэма гл. тэма.

Вольны верш гл. верш.

Вольны горад гл. горад.

Вольны пасяленец гл. пасяленец.

Вольны пераклад гл. пераклад.

Вольны слухач гл. слухач.

Вольны стыль гл. стыль.

Вольнаму воля — гавораць таму, хто робіць што‑н. па-свойму, не звяртаючы ўвагі на слушныя парады.

Вольная воля гл. воля.

Вольная птушка гл. птушка.

Вольны казак гл. казак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)