Прыклёп, прыклёпка, пры́клеп, пры́кляп ’падстава, прычына, зачэпка; удзел у якой-небудзь справе толькі для бачнасці’ (ваўк., Арх. Федар.; дзярж., Нар. сл.; сакол., Стан.), для (дзеля) прыклёпу ’для бачнасці, для прыліку’ (слонім., Нар. словатв.; Нар. Гом.). Утварэнні ад кляпа́ць ’паклёпнічаць’ (гл.; канстатуецца яшчэ праславянская даўніна гэтага значэння) < прасл. *klepati гукапераймальнага характару (ЭССЯ, 10, 7–9) з далейшым развіццём семантыкі, часткова абумоўленым значэннем непаўнаты дзеяння, якая ўтрымліваецца ў прэфіксе. Параўн. таксама Варбат, SlW, 155. Станкевіч (Зб. тв., 2, 182) лічыць слова адпаведнікам польск. pretekst, рус. повод.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

першаро́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Уст. Які нарадзіўся першым, раней за ўсіх астатніх. Першарадны сын.

2. перан. Кніжн. Які захоўвае свой натуральны стан, некрануты. Удалечыні ад заводскіх гудкоў, шуму вялікіх гарадоў.. [у Карпатах] пануе першародная цішыня. «Звязда». [Веньямін:] — Перад намі некранутая першародная прыгажосць. Будзем жа убіраць яе вачамі і вушамі, удыхаць грудзямі. Навуменка. Вунь зубастым каўшом праразае канаву Экскаватар праз глей першародных пластоў. Звонак. // Першапачатковы. Заўсёды, як гляне даўніна сівая У вочы, нібыта настаўнік суровы, Свой сэнс першародны тады набываюць І фарбы і гукі, пачуцці і словы. Панчанка. Многія з запісаных этнографам варыянтаў даюць магчымасць сцвярджаць, што пэўныя беларускія народныя песні, якія спяваюцца цяпер і вядомы вельмі шырока, «выраслі» з тых, што бытавалі ў першароднай форме ў XIX ст. і яшчэ раней. Саламевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стаго́ддзе, ‑я, н.

1. Прамежак часу ў сто гадоў; век. Дваццатае стагоддзе. Мінулае стагоддзе. □ [Гопкель] ведаў характар людзей, якім даюць .. адказныя заданні. Не дарма ж ён вывучаў іх на працягу чвэрці стагоддзя. Шамякін. Літаратурнай дзейнасць Змітрака Бядулі пачалася ў пачатку дваццатага стагоддзя. Каваленка. Дрэвы — да сонца, Людзі — да волі Цягнуцца праз усе стагоддзі. Барадулін. // Вялікі, неакрэслены прамежак часу; глыбокая даўніна. Ну што ж, я і з гэтым міруся, Вайне не стагоддзі грымець. Астрэйка. Можа гэта казка ці паданне Нашай фантастычнае зямлі... Паміж стэпаў у стагоддзях даўніх Скіфы легендарныя жылі. Панчанка. Закрыеш вочы і дзіўныя вобразы адзін за адным лунаюць у карагодзе бясконцым, у карагодзе, сатканым з красак стагоддзяў. Лынькоў.

2. Стогадовы юбілей каго‑, чаго‑н. Стагоддзе універсітэта. Стагоддзе завода. □ Усё прагрэсіўнае чалавецтва ўрачыста адзначыла стагоддзе з дня нараджэння У.І. Леніна. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сівізна́, ‑ы, ж.

1. Сівыя валасы; сівы колер валасоў. [Бондар] выглядаў старэй за свае гады, бо сівізна ўжо ўбілася ў яго густыя чорныя вусы і пабяліла скроні. Чарнышэвіч. Сівізна ў бараду, а чорт у рабрыну. Прымаўка. // Пра старасць. І Даніла так правёў усё жыццё, — год за годам, адзін дзесятак за другім, — аж да сівізны. Бядуля.

2. перан. Шаравата-белы налёт па чым‑н.; шаравата-белы колер, афарбоўка чаго‑н. Сівізна старых камянёў. □ З кустоў і травы знікала сівізна замаразкаў. М. Ткачоў. Сасонкі яшчэ невысокія, але ўжо ўвабраліся ў сілу. Пасля дажджу адліваюць сівізной. Навуменка.

3. Сівінка ў футры. Собаль з сівізной. □ [Дзед:] «Ваш бабёр, свет Мікалаевіч, чагосьці»... «Ну, кажыце!».. — «Сівізна па ім пайшла.» Я здзівіўся: то ж на футры, ягамосці, сівізна якраз каштоўнасцю й была. Вялюгін.

4. перан. Даўніна, старажытнасць. Каб легенды глухой сівізны мне з даверам дубы шапталі. Бураўкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мінулае, мінуўшчына, мінуласць, прошласць, прошлае, прайшоўшае, былое, быль, даўняе, даўнейшае, даўнасць, старое, старасветчына, старажытнасць, гісторыя, старыя часы; бывалішняе, даўніна, даўнейшчына, старына (разм.); пройдзенае, перажытае, перажытасць, далёкае, забыццё небыццё, нябыт, учарашняе (перан.) □ учарашні дзень

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)