Калі́ба ’від хваробы’ (Касп.). Ілюстрацыя як быццам пацвярджае дэфініцыю: «Каб цебе каліба, як ты мяне падманіў». З назваў хваробы адразу звяртае на сябе ўвагу рус. вяц. калига ’хвароба грыжа’, аднак паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыю гэта паралель не вельмі надзейная. Адносна семантыкі рус. назвы параўн. смал. килаватка ’бручка, Brassica napus’, бел. грыжа ’тс’ (нягледзячы на генезіс апошняй назвы). Няясна; у роднасных паўн.-бел. гаворках паралелей да гэтага слова не адзначана, таму можна меркаваць аб рэгіянальным утварэнні. Фармальна можна дапусціць сувязь з калываць (калібаць), параўн. да фанетыкі калібель (Жд. 3, Кліх), аднак такое супастаўленне нічога не праясняе. Цалкам імаверна, што Каспяровічам зафіксавана структура, дзе канкрэтнай назвы не было наогул. Можна думаць, што першапачаткова тут была структура тыпу *каб цябе, каб…, дзе другое каб не толькі ўзмацняе першае, але, магчыма, з’яўляецца субстытутам адпаведнай формулы, якая магла ўключаць і назву хваробы. Прычынай падобнай з’явы магла быць другародная функцыя назвы хваробы параўнальна з функцыяй уласна структуры, не выключана таксама, што тут назіраецца эўфемізацыя выразу, узмацняючая праклён, паколькі пад другім каб можа разумецца любая хвароба з найбольш непажаданых. У канкрэтным выразе каліба адпавядае разгледжанаму вышэй каліб (гл.). Праўда, не вельмі ясна, з’яўляецца гэта наватворам унутры гаворкі, ці тут назіраецца вынік узаемадзеяння гаворак і ўплыву выразу каліба цябе каліба на мяркуемы ’каб цябе, каб…’. Не выключана і запазычанне, аднак знайсці крыніцу нам не ўдалося. У польск. гаворках таксама няма матэрыялу, які б дазволіў меркаваць аб запазычанні. Звяртае на сябе ўвагу дыял. kaleba і kalemba ’старая і худая карова’, ’лянівая жанчына’ і да т. п., аднак гэта паралель не задавальняе. Фармальна падобны гукакомплекс знаходзіцца ў назвах раслін: kolibaba ’расліна… galeopsis ladanum’, kolebok ’radix bardanae’ (дэфініцыя паводле старога тлумачэння Карловіча). Семантычна такое супастаўленне магчымае (назва расліны можа суадносіцца з назвай хваробы), але вельмі няпэўнае. Не выключана і мясцовае ўтварэнне ад калоць з суфіксацыяй як у сядзіба, гасціба (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 84–85). Аб канкрэтнай семантыцы назвы меркаваць цяжка, аднак у гаворках дэрываты ад калоць азначаюць розныя хваробы і з боку семантыкі такое тлумачэнне сумнення не выклікае. Нельга выключаць таксама нейкай памылкі пры запісе, відавочна, патрабуецца ўдакладненне прыведзенай Каспяровічам інфармацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калашма́н ’птушка з касматымі нагамі’, ’чалавек у штанах з шырокімі калашынамі’ (БРС, ТСБМ), ’той, у каго шырокія з доўгімі калашынамі штаны’ (Янк. 3.), ’з доўгімі калашынамі’ (Мал., Сержп. Грам.), калашмай (значэнне?) (Сцяцко, Словаўтв.), калашмач ’пра чалавека ў шырокіх доўгіх штанах’ (Сцяц.). Сюды ж, верагодна, неабходна аднесці і калашмэт ’чалавек з кудлатымі валасамі’ (Мат. Маг.). Прыведзеная лексіка дазваляе выдзеліць розную суфіксацыю і аснову, у якой ‑м‑ можа з’яўляцца суфіксальным элементам або адносіцца да асновы. Калі дапусціць, услед за Сцяцко, Афікс. наз., 95, што гэта ўтварэнні ад прыметніка калашматы ’чалавек у шырокіх штанах’, у якіх ёсць і фармальны прыметнікавы паказчык — сегмент ‑м‑ (як частка суфікса ‑мат‑), то цяжка вытлумачыць калашман ’птушка з касматымі магамі’, калашмэт ’чалавек з кудлатымі валасамі’. Тураўскі слоўнік адзначыў для лексемы колоша форму мн. л. калошы са значэннем ’пер’е на нагах у курэй’ і дэрыват ад яе колошаты ’з аброслымі пер’ем нагамі (пра курэй)’. Што датычыць значэння ’чалавек з кудлатымі валасамі’, яго можна разглядаць як наступнае развіццё семантыкі. На базе семемы ’з касматымі нагамі’ натуральна магла ўтварыцца семема ’касматы’ і з наступным удакладненнем семантыкі, у адносінах да чалавека, ’з касматай (кудлатай) галавой’. Экспрэсіўнасць і слова, і суфікса цалкам дапускае мяркуемыя трансфармацыі семантыкі. Не вельмі ясным у данай версіі з’яўляецца генезіс суфікса ‑мат‑ (прыметнікавага, паводле Сцяцко). Аднак, паколькі як быццам надзейныя прыклады такой суфіксацыі ёсць (параўн. таўсматы ’таўставаты’), можна дапусціць, што яна ўзнікла ў выніку перараскладання структур, дзе ‑м‑ генетычны элемент кораня слова. Калі гэта не так, у межах таго ж дапушчэння, што калашман суадносіцца з калоша, калошы, можна прапанаваць наступнае. Нельга выключыць, што ‑м‑ тут на месцы ‑в‑, калі ў якасці ўтваральнага слова выступала форма калошва ’калоша’, калошня, засведчаныя на бел. тэрыторыі. У такім выпадку ў прыметніку маглі адбыцца працэсы фанетычнага ўзаемадзеяння і ў выніку дыстантнай асіміляцыі ўтварыцца ‑м‑. Не выключана таксама, што трансфармацыя адбылася пад уплывам нейкага падобнага па структуры і семантыцы слова. Звяртае на сябе ўвагу дзеяслоў калашмаціць, для якога ў бел. мове адзначана значэнне ’кудлачыць’ і дзе ‑м‑ як быццам рэгулярнае. Не выключана таксама, што калашмэт ’чалавек з кудлатымі валасамі’ наогул з’яўляецца вытворным ад гэтага дзеяслова і генетычна не суадносіцца з вышэй прыведзенымі словамі. Нельга выключыць яшчэ і той магчымасці, што калашман — утварэнне з экспрэсіўнай ‑ман‑ суфіксацыяй, а дэрываты з іншымі суфіксамі — вынік субстытуцыі суфікса ‑ман‑ на іншыя экспрэсіўныя, магчыма, больш натуральныя для канкрэтных гаворак. Пры гэтым, паколькі ‑м‑ адзначаецца ва ўсіх дэрыватах, замяняўся, верагодна, не суфікс ‑ман, а суфікс ‑ан, як больш часты. Пры такім тлумачэнні першаснасць прыметніка з’яўляецца праблематычнай і гэта, відаць, пацвярджаецца такім утварэннем, як калашманы ’калашматы’ (стаўбц., Нар. сл.), якое можна разглядаць і як утварэнне ад назоўніка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Какалю́ка ’кій з самаробнай папярочкай’ (Дразд.). Дакладных адпаведнікаў як быццам няма. Бел. слова знаходзіцца ў празрыстай сувязі з клюка ’тс’, параўн. рус., укр. клюка ’тс’ прасл.: в.-луж. kluka ’крук’, серб.-харв. кљу̏ка ’крук і інш.’ і г. д. Галосны ‑а‑ ў другім складзе ў выніку праяснення прыгуку (у форме каклюка) або, што не выключана, указвае на ўплыў іншай лексемы (тыпу какоўка ’папярочка’). Аналагічнае рус. пск. коколячка ’драўляны цвік, на які вешаюць умывальнік’, аднак відавочна, што калі галосны ‑(j)а‑ тут быў і ў зыходнай лексеме, генезіс яго іншы. Можна думаць, колячка адпавядае таксама пск. колка ’драўляны цвік, на які вешаюць шапкі, рушнікі і да т. п.’, дэмінутыў ад кол, параўн. бран., смал., кур. і інш. колок ’драўляны цвік у якасці вешалкі’. Калі гэта так, пск. слова ўтворана хутчэй за ўсё рэдуплікацыяй першага складу.’ Верагодна думаць і пра архетып кляч‑ (кокляч‑), параўн. кастр. клячик ’маленькі клін, драўляны гваздок’, ярасл. ’драўляная палачка, на якой вісіць аўчына, калі яе мнуць’. Пры такім тлумачэнні і бел. і пск. словы, як аналагічныя па ўтварэнню (коклюка, коклячка), можна параўнаць з рус. коклюха ’палка, дубінка’, коклюшка (паўдн.-урал.) ’папярочка ў лапаце’, аднак, рус. паралель патрабуе агаворкі. Па сутнасці, толькі адзінкавыя значэнні рус. коклюха (форма наогул рэдкая), коклюшка суадносяцца з семемамі, адзначанымі ў клюка, клюшка. Параўн. коклюшка ’палкі; рукаятка, верхні канец якой зроблены шыйкай з перахватам; верацяно з пражай; цэўка ў кроснах; карункі; вузел, якім сцягваецца пасярэдзіне перавясла і да т. п.’ і клюка, клюха ’дарожная палка, посах; качарга, крук; палка з загнутым канцом і інш.’, ключка ’невялікая палка або мыліца з загнутым верхнім канцом’, клюшка ’палка з загнутым канцом; качарга; драўляныя жэрдкі з загнутымі канцамі, якія падтрымліваюць латок у даху; дзерава, вырубленае з коранем і інш.’, гл. падрабязней СРНГ, 14, 88–89; 13, 319–320, 326–327. Падобныя недакладнасці вымушаюць сумнявацца ў прапанаваным яшчэ Мацэнаўэрам чляненні ко‑клюха, аднак і для версіі кокл‑юва за адзінкавымі прыкладамі (параўн. астрах. кокляк ’камень, кусок дрэва, качарга і да т. п. на дне рэчкі, за якія можа зачапіцца вудачка’) нельга знайсці падтрымку. Старыя параўнанні Праабражэнскага, 1, 331, з літ. kãklas ’шыя’, грэч. κύκλος ’круг, калясо’ ўяўляюцца таксама мала верагоднымі. Да бел. і пск. слоў яўна далучаецца і алан., арханг. коклёвка, коллевка (апошняя форма не вельмі надзейная, гл. СРНГ, 14, 88) ’палка з крывым верхнім канцом для апоры; кульба (звычайна ў старцаў), аднак нельга не адзначыць, што і тут вычляненне другой часткі слаба пацвярджаецца семантычна, — рус. калуж., пск. клёвка ’матыга, молат’, іншыя варыянты толькі ўскосна дазваляюць меркаваць аб сувязі гэтых слоў і вычлененай часткі клевка. Апрача гэтага, не вельмі ясна і з’яўленне ко‑ ў разгдядаемых словах, паколькі ўмоў для рэдуплікацыі быццам бы няма. Таму тут нельга выключыць уплыў лексікі з блізкай семантыкай, у структуры якіх аналагічная першая частка (ко‑) з’яўляецца заканамернай. Фасмер (2, 282) меркаваў аб прэфіксе ко‑ ў адносінах да рус. коклюха, але як у тым выпадку, так і ў дачыненні да бел. слова такую версію нельга прыняць, паколькі гэта лексіка не з’яўляецца тыповай у шэрагу ўтварэнняў з такім суфіксам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)