ушчу́нак, ‑нку, м.
1. Пакаранне, спагнанне. Не зважаючы на ўсю сваю пераканаўчасць, гэты выпрабаваны сродак ушчунку [пужкаю па пятах] не дапамог: хвароба была загпана ў сярэдзіну. Лужанін. [Маці] сказала якраз пра тое, пра што я думаў: — Які з яго настаўнік! Ён жа дзіця яшчэ. А малыя ж вунь якія гарэзы! На іх ушчунак патрэбен. Якімовіч.
2. Дакор, папрокі. [Служанка:] — Бегаеш, таўчэшся за якіх-небудзь няшчасных восем рублёў у месяц, і яшчэ колькі ўшчункаў ды папрокаў атрымаеш. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Свядо́мы ‘здольны думаць і разважаць, здольны рабіць асэнсаваны выбар’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Некр. і Байк., Касп.), све́дамы ‘які ведае справу, работу, навуку’ (Ласт.), ст.-бел. сведомый ‘навучаны, умелы; дасведчаны’ (Ст.-бел. лексікон), укр. свідо́мий ‘абазнаны, дасведчаны’, рус. дыял. све́домый ‘вядомы, знаёмы’, стараж.-рус. съвѣдомыи ‘вядомы, знаны, выпрабаваны’: куряне сведоми къмети (Слова пра паход Ігаравы), ст.-чэш. svědomý ‘свядомы, знаны’, польск. świadomy ‘тс’, в.-луж. svědomy ‘свядомы, абазнаны’. Утворана ад прасл. *sъvěděti ‘знаць’, што да *věděti ‘тс’ (гл. ведаць), дзеепрыметнік цяп. ч. *sъ‑vědomъ ‘які добра ўсведамляе’ (Сной у Бязлай, 3, 348). Формы з перагаласоўкай і націскам на другім складзе хутчэй за ўсё запазычаны з польскай мовы. Назоўнік сьве́дамʼе ‘яснае разуменне; усведамленне, прызнанне’ (Стан.) вядомы, паводле некаторых крыніц (гл. там жа), яшчэ ў старабеларускай, відаць, самастойна ўтвораны і не звязаны з польск. świadomie ‘сумленне’, якое лічыцца лексічным ці семантычным багемізмам (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 382).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
баявы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да вайны, звязаны з вядзеннем бою; ваенны. Баявыя аперацыі. Баявы разлік. Баявыя парадкі. Баявая гатоўнасць. Баявая і палітычная падрыхтоўка. Баявыя часці. Баявы вылет. □ Аднекуль з вуліцы данёсся сігнал баявой трывогі. Крапіва. [Чыжык] прызвычаіўся ўжо да баявога жыцця — да атак і кулямётнага агню. Лупсякоў. Сышліся сябры-партызаны Згадаць баявыя гады. Смагаровіч. // Прызначаны для бою, бітвы. Баявы патрон. □ У дзеда Талаша, прызнацца, стрэльба і ёсць і схавана яна якраз у лесе, схавана разам з баявымі прыпасамі. Колас. Імчыцца сталёвай лавінай Калона машын баявых. Аўрамчык. // Які ўдзельнічаў у баях, праяўлены і здабыты ў баях. Баявы камандзір. Баявы подзвіг. Баявыя заслугі. Баявыя адзнакі. □ Людзей паважалі выключна за іх баявыя якасці. Брыль.
2. Выпрабаваны, загартаваны ў баях, гатовы да барацьбы. Баявыя арганізацыі бальшавікоў. □ Па пытанню аб утварэнні асобых баявых груп я магу сказаць, што лічу іх неабходнымі. Ленін.
3. Рашучы, энергічны, дзейны. [Манковіч:] — У атрадзе звыш сарака камсамольцаў. Гэта наша баявое звяно. Дзенісевіч.
4. перан. Разм. Бойкі, смелы. Звеннявая па ільну — баявая і гаваркая дзяўчына. Шчарбатаў.
5. Асабліва важны для данага моманту, які патрабуе выканання ў першую чаргу. Навукова-тэхнічны прагрэс — баявая задача дня.
•••
Баявая галоўка гл. галоўка.
Баявая спружына гл. спружына.
Баявое хрышчэнне гл. хрышчэнне.
Баявы лісток гл. лісток.
Баявы пост гл. пост.
Баявы статут гл. статут.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)