БАТЫСКА́Ф (ад грэч. bathys глыбокі + skaphos судна, лодка),
самаходны глыбакаводны апарат. Складаецца з корпуса-паплаўка, запоўненага лёгкай вадкасцю, напрыклад спец. бензінам са шчыльн. да 500 кг/м³, цыстэрны з баластам, акумулятарнай батарэі і назіральнай кабіны — батысферы, дзе знаходзіцца экіпаж і спец. апаратура. Звонку батыскафа ўстаноўлены электрарухавікі з грабнымі вінтамі. Апусканне на глыбіню і ўсплыванне батыскафа рэгулююцца баластам. Выкарыстоўваецца для гідрафіз., біял., геал. і інш. даследаванняў марскіх глыбіняў. Першы батыскаф пабудаваны і выпрабаванышвейц. вучоным А.Пікарам у 1948. У 1960 яго сын Ж.Пікар дасягнуў глыбіні каля 11 км (Марыянскі жолаб у зах. частцы Ціхага ак.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЯЦЫ́НТ (Hyacinthus),
манатыпны род кветкавых раслін сям. гіяцынтавых. Вядомы 1 від — гіяцынт усходні (H. orientalis). Пашыраны на ўсх. Міжземнамор’і і ў Сярэдняй Азіі. Культывуецца з пач. 15 ст. На Беларусі інтрадукаваны ў Цэнтр.бат. садзе АН (1958). Мае шмат садовых формаў і сартоў (больш за 400; на Беларусі выпрабаваны 58). Цвіце ў красавіку — маі каля 20 дзён. Выкарыстоўваецца ў адкрытым грунце для групавых пасадак, на зразанне і для выганкі.
Шматгадовая цыбульная травяністая расліна з прамастойным сцяблом-стрэлкай выш. да 20 см. Лісце доўгае, лінейнае, жалабатае, у разетцы. Кветкі (у дзікарослага 2—6, у культываваных 15 шт. і болей) званочкападобныя, розных колераў, духмяныя, у рыхлых гронкападобных цыліндрычных суквеццях, звычайна яркаафарбаваныя. Плод — мясістая каробачка з чырванавата-бурым насеннем. Размнажаецца вегетатыўна (цыбулінамі-дзеткамі, ліставымі чаранкамі) і насеннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАВО́З,
лакаматыў, які прыводзіцца ў рух парасілавой устаноўкай. Складаецца з паравога катла, дзе награваннем вады атрымліваецца пара, паравой машыны, у якой энергія пары пераўтвараецца ў зваротна-паступальны рух поршня, экіпажнай часткі (рама з колавымі парамі) і тэндэра, у якім размяшчаюцца запасы вады, паліва і змазкі.
Створаны ў Вялікабрытаніі Р.Трэвітыкам у 1803 і Дж.Стэфенсанам у 1814 (практычна прыдатны П. «Ракета» выпрабаваны ў 1829). У Расіі П. стварылі Я.А. і М.Я.Чарапанавы ў 1833—34. Найб. развіццё паравозабудаванне атрымала з канца 19 ст. да 1950-х г. Магутнасць П. дасягала 4000 к.с. (2942 кВт), скорасць 130 км/гадз. З-за нізкай эканамічнасці (ккдз да 9%) выпуск П. у СССР спынены з 1956; заменены цеплавозамі і электравозамі.
Паравозы: а — Дж.Стэфенсана «Ракета» (1829; 1 — паравы кацёл, 2 — цыліндр, 3 — топка, 4 — паравы кацёл); б — Я.А. і М.Я. Чарапанавых (1833—34); в — грузавы тыпу 1—5—0 (1947).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯАРГАНІЧНАЯ ХІМІЯ
Развіццё біяарган. хіміі на Беларусі пачалося ў 1959, калі склаліся навук. і творчыя сувязі паміж Ін-там фізіка-арган. хіміі АН Беларусі (ІФАХ), Мінскім мед. ін-там і Ін-там арган. хіміі АНСССР для сумесных даследаванняў па сінтэзе, стэрэахіміі і біял. актыўнасці мадыфікаваных стэроідаў (А.А.Ахрэм, Б.Б.Кузьміцкі, Л.І.Ухава). У 1972 створаны Аддзел біяарган. хіміі ў складзе ІФАХ. Буйнамаштабныя даследаванні ў галіне біяарган. хіміі пачаліся ў 1974 пасля ўтварэння Ін-та біяарган. хіміі АН Беларусі (ІБАХ) пад кіраўніцтвам яго заснавальніка і першага дырэктара А.А.Ахрэма, што абумоўлена развіццём новых тэхналогій, практычнымі задачамі медыцыны, сельскай гаспадаркі, хім. і мікрабіял. прам-сці.
У галіне хіміі гармонаў, гарманальнай рэгуляцыі і рэцэпцыі вызначаны механізмы фізіял. працэсаў з удзелам гармон-звязвальных глікапратэінаў крыві. Створаны новы кірунак біяарган. хіміі — структурная арганізацыя і функцыянаванне мембранных сістэм распазнавання гармон-глікапратэінавых комплексаў (А.А.Ахрэм, А.В.Свірыдаў, А.А.Стральчонак). Распрацавана серыя радыеімуналагічных дыягнастычных тэст-сістэм і на іх аснове набораў рэактываў для дыягностыкі функцыянальнага стану шчытападобнай залозы, вызначэння стэроідаў і пухлінных маркераў. Прапанаваны біяспецыфічныя метады ачысткі аб’ектаў, спосабы сінтэзу і методыкі кантролю якасці кампанентаў радыеімуналагічных сістэм для колькаснага вызначэння стэроідных і тырэоідных гармонаў і шэрагу бялковых антыгенаў у сываратцы крыві чалавека; аптымізаваны ўмовы імунахім. рэакцый у гэтых сістэмах і праведзена іх шырокая апрабацыя ў клініцы. За распрацоўку і ўкараненне ў практыку аховы здароўя радыеімуналагічных сродкаў мікрааналізу і арганізацыю іх вытв-сці супрацоўнікам ІБАХ А.А.Ахрэму, Н.В.Півень, А.В.Свірыдаву, А.А.Стральчонку, В.Л.Чашчыну ў 1988 прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі. Распрацаваны лабараторныя мадэлі універсальнага базавага кампанента цвердафазных імунааналітычных набораў з радыеактыўнай, ферментнай і флюарэсцэнтнай меткамі; створаны неізатопныя тэст-сістэмы, заснаваныя на прынцыпе ўзмоцненай хемілюмінесцэнцыі, для масавых абследаванняў насельніцтва, што пацярпела ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, для выяўлення генетычных парушэнняў у развіцці плода ў цяжарных жанчын, груп рызыкі анкалагічных хворых (Дз.І.Мяцеліца, А.В.Свірыдаў, В.Л.Чашчын, А.І.Шчэрбань, А.М.Яромін). Вылучаны і даследаваны структуры і функцыі бялкоў, што ўдзельнічаюць у біясінтэзе, транспарце і працэсах рэцэпцыі стэроідных гармонаў, бялковыя кампаненты мітахандрыяльнай стэроід-гідраксіліравальнай сістэмы з кары наднырачнікаў быка. Устаноўлена поўная амінакіслотная паслядоўнасць ключавых бялкоў стэроід-гідраксіліравальнага ферментнага комплексу (Т.Б.Адамовіч, А.А.Ахрэм, С.А.Усанаў, В.Л.Чашчын, У.М.Шкуматаў).
У 1973—82 даследаваны: склад мікрасамальных гідраксіліравальных сістэм печані, уласцівасцей кампанентаў гідраксіліравальных комплексаў, а таксама механізмы дзеяння цытахром P-450-змяшчальных комплексаў у рэканструяваных мембранах і ў сістэмах, дзе прыродны акісляльнік O2 заменены арган. гідрапераксідамі (П.А.Кісялёў, У.П.Курчанка, Дз.І.Мяцеліца, С.А.Усанаў, А.М.Яромін); тапаграфія найважнейшых ферментаў біясінтэзу стэродіных гармонаў у мембранных структурах клеткі. Метадам накіраванага мутагенезу атрыманы мутантныя формы цытахрому P-450 чалавека, што важна для разумення механізму шэрагу цяжкіх спадчынных хвароб (А.А.Гілеп, С.А.Усанаў).
Распрацаваны і выпрабаваны ў мед. установах краіны наборы рэагентаў імунаферментнага аналізу для мікравызначэння картызолу, страфанціну K, ферыціну, тыраксін-звязвальнага глабуліну і інш. антыгенаў і рэкамендаваны да прамысл. вытв-сці. Прапанаваны гамагенны імунаферментны аналіз стэроідаў у міцэлярных сістэмах (А.І.Карасева, Дз.І.Мяцеліца, А.М.Яромін).
Вывучаны заканамернасці ферментацыйнага каталізу з удзелам фосфаліпаз (М.А.Кісель, Н.М.Ліцьвінка). З 1975 даследуецца ўплыў біялагічна актыўных рэчываў на структуру, стабільнасць і канфармацыйныя пераходы ў ДНК. Распрацаваны новыя метады вылучэння ДНК, яе ачысткі і аналізу. Прапанавана эфектыўная тэхналогія атрымання асабліва чыстай ДНК для мед. і навук. мэт (А.А.Ахрэм, Д.Ю.Ландо).
Распрацаваны хім. і хім.-мікрабіял. метады сінтэзу прыродных і мадыфікаваных нуклеазідаў, нуклеатыдаў і алігануклеатыдаў. Практычным вынікам гэтых даследаванняў стала распрацоўка разам з акц. т-вам «Белмедпрэпараты» тэхналогіі атрымання субстанцыі супрацьлейкознага прэпарату «Цытарабін». Сумесна з Ін-там мікрабіялогіі Нац.АН Беларусі прапанаваны (А.І.Зінчанка) метад атрымання прэпарату «Кладрыбін» для лячэння розных відаў лейкеміі і рассеянага склерозу (А.М.Калінічэнка, І.А.Міхайлопула). У выніку праведзеных пад кіраўніцтвам А.А.Ахрэма, Б.Б.Кузьміцкага, Ф.А.Лахвіча комплексных даследаванняў па сінтэзе, біяскрынінгу і залежнасці «структура—актыўнасць» гетэрацыклічных аналагаў стэроідаў вылучаны злучэнні з высокай фізіял. актыўнасцю, у якіх карысныя тэрапеўтычныя эфекты аддзелены ад гарманальных.
Вядзецца праца па стварэнні экалагічна бяспечных хім.-біял. сродкаў абароны і павышэння ўрадлівасці раслін (біярацыянальных пестыцыдаў) на аснове інсекта- і фітагармонаў стэродінай структуры, ферамонаў (кайрамонаў) і ахоўных рэчываў ад насякомых, а таксама рэгулюючых рост раслін вытворных цыклічных β-дыкетонаў, інш. прыродных злучэнняў, што імітуюць дзеянне прыродных біярэгулятараў (А.І.Быхавец, Ф.А.Лахвіч, І.І.Петрусевіч). У 1996 за цыкл прац «Сінтэз, даследаванне і выкарыстанне брасінастэроідаў — новага класа гармонаў раслін» супрацоўнікам ІБАХ В.К.Альховіку, У.М.Жабінскаму, М.І.Завадскай, Ф.А.Лахвічу, Р.П.Літвіноўскай, У.А.Хрыпачу прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі.
Комплексныя даследаванні біял. актыўнасці сінтэтычных прастаноідаў дазволілі вылучыць шэраг злучэнняў, перспектыўных у якасці імунакарэктараў, супрацьязвавых сродкаў, радыепратэктараў і сенсібілізатараў радыеадчувальных пухлінных клетак пры прамянёвай тэрапіі злаякасных новаўтварэнняў (І.Г.Дацькоў, А.В.Каралёва, Б.Б.Кузьміцкі, Ф.А.Лахвіч, Г.С.Любін, Ф.С.Пашкоўскі, В.М.Раманава).
Выкананы тэарэт. канфармацыйны аналіз пептыдаў бялкоў і інш. злучэнняў. Створана комплексная праграма прагназіравання, выкарыстаная пры распрацоўцы і стварэнні шэрагу біяспецыфічных сарбентаў. Разам з тэарэт. канфармацыйным аналізам распрацаваны арыгінальны эксперым. падыход для канфармацыйнага аналізу важкіх бялковых аб’ектаў: імунаглабулінаў і іх фрагментаў (А.М.Андрыянаў, У.П.Галубовіч, З.І.Краўчук, С.П.Марцаў, А.А.Чуманевіч).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗБРОЕНЫЯ СІЛЫ І ВАЙСКОВЫЯ ФАРМІРАВАННІ НА БЕЛАРУСІ ў 9 — ПАЧ. 20 ст.
Паводле гіст. крыніц і меркаванняў бел. вучоных, ужо ў 6—9 ст. на тэр. Беларусі правадыры славянскіх плямён мелі ўзбр. дружыны для абароны сваіх вотчын ад нападаў суседзяў, а таксама для пашырэння ўласных уладанняў. У эпоху стараж. дзяржаў-княстваў (з 9 ст.) ваенна-дружынная арганізацыя Полацкага, Тураўскага, Навагрудскага і інш. княстваў складалася з княжацкіх дружын (ядро войска), апалчэнцаў-гараджан і сялян. Як сведчаць «Аповесць мінулых гадоў» і інш.гіст. крыніцы, у 9—10 ст. войскі («светлые») полацкіх князёў, у т. л. ў складзе кааліцыйных сіл, хадзілі ў паходы на Візантыю і інш. краіны, падпарадкоўвалі суседнія народы, якія плацілі ім даніну. На ўзбраенні ваяроў былі дзіды (пікі), лукі, баявыя сякеры, коп’і, мячы, скураныя шчыты і інш., з 12 ст. — шаблі, пазней з’явіліся самастрэлы (арбалеты), цяжкія даспехі (шлемы, латы, кальчугі, металічныя шчыты), а таксама сценабітныя, каменекідальныя машыны і інш. аблогавыя прыстасаванні.
У склад дружыны князі набіралі найб. адданых воінаў, часткова сваякоў. На чале войска стаяў сам князь або яго сыны. Дружына звычайна складалася з 2 частак: «старэйшая» дружына або «моцныя мужы» (згадваецца ў «Жыціі Ефрасінні Полацкай»), у якую ўваходзілі найб. адданыя і вопытныя воіны, і малодшая дружына («дзецкія»), якая ахоўвала князя ў мірны час і ваен. паходах, выконвала яго асабістыя даручэнні (напр., у адпаведнасці з пастановай Любецкага з’езда 1097 Святаполк Ізяславіч «яко князь Туроўский», атрымаўшы вял. тэрыторыі «аб оне стороне Прыпяти», у т. л. Кіеўскае княства, трымаў у Кіеве тураўскую дружыну «маладую», «новую»), Найважнейшыя цэнтры ўсх. славян Полацк і Тураў мелі моцныя ўмацаванні, вялікую дружыну, а таксама народнае апалчэнне з гараджан і жыхароў навакольных вёсак. Сабранае апалчэнне называлі палком, узначальваць які князь прызначаў ваяводу (военачальніка) з лепшых і вопытных дружыннікаў. Удзел у апалчэнні лічыўся ганаровым абавязкам. Знатныя гараджане ўзбройвалі і аснашчалі апалчэнцаў, за баявыя поспехі адорвалі іх грашыма, каштоўнасцямі, зброяй і даспехамі; рамеснікі пастаўлялі зброю і рыштунак; сяляне выраблялі транспартныя сродкі, у т. л. лодкі для перамяшчэння войск па рэках і азёрах, давалі харчы, коней і фураж. Побач з дружыннікамі і апалчэнцамі ў складзе полацкага войска дзейнічалі наёмнікі (у 10—11 ст. пераважна варагі). Аб’яднанае войска вяло барацьбу часцей за ўсё з суседнімі плямёнамі і княствамі (напр., у Нямігскай бітве 1067), а таксама з іншаземцамі.
З 13 ст. землі Беларусі ўвайшлі ў склад ВКЛ і сталі ядром дзяржавы, узбр. сілы якой лічыліся аднымі з наймагутнейшых у тагачаснай Еўропе. Яны не толькі паспяхова баранілі сваю краіну ад іншаземных захопнікаў, але і значна пашырылі яе межы. Напр., у выніку бітвы каля Сініх Вод 1362 войскі ВКЛ пад кіраўніцтвам вял. князя Альгерда ўшчэнт разграмілі аб’яднаныя войскі Крымскай, Перакопскай і Ямбалукскай ордаў, пасля чаго Вялікае княства пашырыла свае межы да вусцяў Дняпра і Днястра, замацавала ў сваім складзе Чарнігава-Северскія землі, Падолле, Валынь, Кіеўшчыну. Гіст. перамогай бел.-літ. і польскага войска завяршылася Грунвальдская бітва 1410. Сярод выдатных палкаводцаў 13—14 ст. — Давыд Гарадзенскі, Андрэй Полацкі, вял. князі Міндоўг, Гедзімін, Альгерд, Вітаўт.
Асновай узбр. сіл ВКЛ у сярэдневякоўі заставалася паспалітае рушэнне, ці абарона земская (ваеннаабавязаная ч. насельніцтва). Кожны абывацель (грамадзянін) княства, які валодаў зямлёй, абавязаны быў адбываць вайск. павіннасць — т.зв. земскую службу, памеры якой вызначаліся велічынёй зямельнага надзелу і колькасцю сялянскіх гаспадарак, што належалі землеўладальніку. Колькасць ратнікаў (драбаў) была прапарцыянальная колькасці ўласных сялянскіх службаў (служба — адзінка абкладання павіннасцямі, якая ўключала звычайна 2 ці 3 «дымы», або гаспадаркі). Свабодныя землеўладальнікі, шляхта павінны былі з’яўляцца на службу з цяжкім узбраеннем, на конях, у суправаджэнні світы; інш. ваеннаабавязаныя (больш бедныя землеўладальнікі) камплектавалі лёгкую конніцу. Усе яны стваралі харугвы паводле ваяводстваў. Больш знатныя і багатыя магнаты, ваяводы, кашталяны і епіскапы рыхтавалі свае ўласныя харугвы. Гарады вылучалі пэўную колькасць апалчэнцаў, ваен. павозак. Паветы і ваяводствы ўтрымлівалі таксама атрады наёмнага войска.
Паводле Прывілея 1387 і інш. статутных актаў у ВКЛваен. паход (пагоня) лічыўся абавязкам кожнага, хто мог трымаць зброю ў руках. Князі са сваімі васаламі таксама выконвалі агульнадзярж. вайск. службу; атрады («почты»), што ім падпарадкоўваліся, выкарыстоўваліся асобна ад павятовых атрадаў баяр-шляхты. Зборам ваяводскіх і павятовых харугваў кіравалі харунжы і кашталян. Пасля рэгістрацыі (палявога попісу) войска пераходзіла пад уладу гетманаў. Звычайна войска ўзначальваў вял. князь, які з’яўляўся галоўнакамандуючым; часам ён даручаў кіраваць арміяй гетману, найб. здольнаму ваяводу ці інш. вышэйшым саноўнікам. Попісы войска 1534, 1565, 1567 і інш. звычайна мелі рэгістрацыйна-ўліковы характар і складаліся гетманам (адсюль назва — гетманскія) непасрэдна на месцы збору войска. У некат. выпадках (напр., попіс 1534, які пачаўся каля Мінска) рэгістрацыя вайскоўцаў праходзіла і ў час маршу, што было абумоўлена загадам вял. князя гетману Ю.Радзівілу спешна рухацца да «ўскраінных» замкаў. У адрозненне ад гетманскіх попісаў перапіс 1528 меў рэгістрацыйна-даведачны характар: яго функцыі заключаліся ў тым, каб паказаць, хто з шляхты і інш. катэгорый насельніцтва абавязаны несці ваен. службу і павінен плаціць падатак на выпадак магчымай вайны. У Статуце Вял. княства Літоўскага 1588 дакладна зафіксаваны абавязкі харунжых, кашталянаў, ваявод і інш. дзяржаўцаў. Кашталяны (а дзе іх не было — маршалкі) збіралі шляхту са сваіх паветаў і рухаліся на злучэнне з харунжым. Часткі харугваў «павінны былі рушыць да ваяводы... А потым ужо ўсе разам... да месца», прызначанага вял. князем або гетманам. Месца збору войска вызначалася залежна ад ваен.-стратэг., паліт. і інш. абставін (напр., у 1534 — Мінск, 1565 — Ракаў, 1567 — Маладзечна і інш.). Мабілізацыйнай дакументацыі і збору ўсяго шляхецкага войска надавалася асаблівае значэнне ў 16 ст., калі вызначаўся лёс ВКЛ у бясконцай і надзвычай цяжкай ваен-паліт. канфрантацыі з Вял. княствам Маскоўскім.
Мабілізацыйныя рэсурсы, паводле попісаў войска Вялікага княства Літоўскага, дазвалялі мець узбр. сілы да 70 тыс.чал. Аднак у 1567 войска налічвала 50 тыс. ратнікаў, у т. л. 28 тыс. коннікаў. Большую ч. паспалітага рушэння складала дробная і сярэдняя шляхта (з 16 ст. службу адбывалі і сельскія войты, з 17 ст. — і мяшчане). З 17 ст. паветы і ваяводствы выстаўлялі і наёмнае войска, значна меншае па колькасці, але больш баяздольнае. Мяшчане забяспечвалі армію зброяй, удзельнічалі ў буд-ве і абароне гар. умацаванняў, замкаў і інш. фартыфікацыйных збудаванняў. Пешыя ратнікі мелі на ўзбраенні ручніцы, сякеры, алебарды, бердышы; конніца, у залежнасці ад прызначэння (драгуны, гусары, рэйтары, казакі), узбройвалася тарчамі, дзідамі, сагайдакамі і інш. Войска ВКЛ мела на ўзбраенні таксама артылерыю (у ВКЛ з’явілася ў канцы 14 ст.). З сярэдзіны 16 ст. ў Вільні, а пазней у інш. гарадах ВКЛ існавалі людвісарні, дае выраблялі гарматы. Да 16 ст. ўсе пагранічныя замкі Беларусі мелі на ўзбраенні пушкі мясц. і замежнай вытв-сці. Артылерыя падзялялася на дзярж., прыватную і гарадскую, паводле прызначэння — на палявую і фартыфікацыйную. Пасля рэформы 1623—38 яна вылучана ў асобны корпус, які ўпершыню ўзначаліў ген. М.Абрамовіч Беларусы таксама служылі ў кароннай артылерыі, напр., ген.-лейт. К.Семяновіч — аўтар ідэі шматступеньчатай ракеты.
З канца 16 ст. ўсё большую ролю адыгрывала рэгулярнае і наёмнае войска, якое мела адпаведную вывучку і лепшую зброю. Гал. ударнай сілай войск ВКЛ 16 ст. была конніца: цяжкаўзброеная (камплектавалася багатай шляхтай і магнатамі), да якой належалі кап’яносцы, гусары і конныя аркебузёры; сярэдняя (камплектавалася пераважна з бел.-літ. татараў), да якой таксама належалі пяцігорцы і казакі, а з 1676 і панцырнікі; лёгкая (камплектавалася воінамі з бяднейшых асяродкаў). У 1-й пал. 17 ст. ў Рэчы Паспалітай з’явілася лёгкая нерэгулярная кавалерыя, арганізаваная А.Ю.Лісоўскім (адсюль назва «лісоўчыкі»). Яе атрады ваявалі на баку Лжэдзмітрыя II у 1608—11, былі на службе ў Жыгімонта III, у складзе войска імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Фердынанда III і інш. (пасля 1636 фарміраванні «лісоўчыкаў» распушчаны).
Паводле ваенна-іерархічнай лесвіцы ВКЛ войска ўзначальваў камандуючы — гетман найвышэйшы (з 17 ст. гетман літоўскі), які прызначаўся часова для арганізацыі абароны краю або кіраўніцтва войскам на пэўным напрамку. Пасля заканчэння вайны пасада скасоўвалася, але пазней (з 1581) стала пажыццёвай. Памочнікам вялікага гетмана з 16 ст. быў палявы гетман (гетман польны, палявы правадыр). Звычайна на пасаду гетманаў прызначаліся прадстаўнікі знатных і магутных магнацкіх родаў. Талент палкаводцаў, тактычныя перавагі і стратэг. мысленне былі гал. фактарамі шэрагу буйных перамог войск ВКЛ. Сярод военачальнікаў 16—17 ст. асабліва вызначыліся М.Глінскі ў Клецкай бітве 1506, К.Астрожскі ў Аршанскай бітве 1514, М.Радзівіл у Ульскай бітве 1564, Я.К.Хадкевіч (з войскам у 4 тыс.чал. 27.9.1605 разбіў 11-тысячнае войска шведаў) і інш.
З сярэдзіны 17 ст.ВКЛ была ўцягнута ў паласу разбуральных войнаў, сярод якіх найб. жорсткімі лічацца вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўночная вайна 1700—21. У выніку ваен. дзеянняў на тэр. Беларусі былі вычарпаны амаль усе матэрыяльныя рэсурсы. З таго часу ў абставінах сац.-паліт. нестабільнасці баяздольнасць арміі ВКЛ знізілася да таго, што войскі асобных магнатаў колькасна і якасна перавышалі дзярж.ўзбр. сілы. Так, войскі магнатаў Агінскіх у канцы 17 ст. налічвалі 20 тыс.чал. У барацьбе з Сапегамі, якая ў 1697—1702 прыняла формы грамадз. вайны, Агінскія разам з Вішнявецкімі атрымалі перамогу.
У гэты час зыход бітваў на палях Еўропы вызначалі рэгулярная, добра ўзброеная і навучаная пяхота і артылерыя. Наспявалі рэформы, пачатак якім паклала стварэнне ў Гродне Камісіі вайсковай Вялікага княства Літоўскага (10.3.1765) — калегіяльнага органа, які сканцэнтраваў у сваіх руках пытанні арганізацыі і забеспячэння войск. Камісіі ўдалося пераканаць сойм у неабходнасці павелічэння ваен. бюджэту і правесці рашэнні па арганізацыі войска ВКЛ; быў створаны Гродзенскі кадэцкі корпус, які рыхтаваў афіцэраў для арміі ВКЛ.
Аднак развіццё вайск. рэформ запаволіў выбух Барскай канфедэрацыі 1768—72, што паслужыла нагодай для ўвядзення рас. войск на тэр. федэратыўнай дзяржавы і першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772). Пад націскам ваен. сілы сойм, які ратыфікаваў першы падзел, абвясціў утварэнне новага дзярж. ін-та, т.зв. Рады няспыннай, якая складалася з 5 дэпартаментаў. Адзін з іх (Дэпартамент вайсковы) аддаваўся пад уладу 4 гетманаў (2 каронных і 2 літоўскіх). Сойм 1773—75 ухваліў павелічэнне вайск. бюджэту і колькасці арміі да 30 тыс.чал. У ВКЛ пачалося фарміраванне 2 дывізій, 2 брыгад кавалерыі нарадовай, 5 палкоў пярэдняй стражы і інш. Сойм 1776—78 прызнаў, што колькасці войска ў 30 тыс.чал. немагчыма дасягнуць з-за недахопу грошай. таму было вырашана мець армію ў 24 тыс.чал. У 1788 практычна грошай хапіла толькі на ўтрыманне 4,5 тыс. жаўнераў. Гал. перашкодай для павелічэння колькасці войска, найперш пяхоты, была немагчымасць увядзення рэкруцкай сістэмы, з дапамогай якой набіраліся ўсе войскі моцных суседзяў (шляхта ВКЛ баялася страціць працоўныя сялянскія рукі, дбаючы больш пра ўласны дабрабыт, чым пра бяспеку дзяржавы). Нягледзячы на ўсе складанасці, ішла праца над павышэннем узроўню баявой падрыхтоўкі хоць і нешматлікага войска Пачала адраджацца артылерыя, дзякуючы ініцыятыве камандуючага коннай артылерыяй А.Бруля і генерала артылерыі літоўскай К.Сапегі. У 1776 у Варшаве заснавана Каралеўская школа артылерыі, выпускнікі якой у 1792—94 склалі касцяк спецыялістаў у гэтай галіне. Значная частка выпускнікоў школы ўдзельнічала ў паўстанні 1794.
У выніку 2-га і 3-га падзелаў Рэчы Паспалітай (1793, 1795) уся тэр. Беларусі ўвайшла ў склад Рас. імперыі, значная частка ўзбр. сіл ВКЛ — у яе армію. Яшчэ ў 1772 у складзе рас. арміі на тэр. Беларусі былі сфарміраваны некат. падраздзяленні, потым створаны Бел. гусарскі полк (1775—83), Бел. егерскі батальён (1777), Імператарская бел. шляхецкая харугва (1784) і інш. У 1796—99 у склад рас. войска прынята больш за 40 тыс. ураджэнцаў Беларусі, а з 1801 па 1812 — больш за 100 тыс.чал. Толькі ў 1-й арміі ген. Барклая дэ Толі ў 1812 6 дывізій былі ўкамплектаваны выхадцамі з Беларусі. Шмат фарміраванняў рас. арміі мелі бел. найменні: Беларускі егерскі корпус, Віцебскі пяхотны полк, Гродзенскі гусарскі полк, Магілёўскі пяхотны полк, Мінскі пяхотны полк, Полацкі пяхотны полк, Нясвіжскія палкі (карабінеры і 4-ы грэнадзёрскі) і інш.
Паводле распараджэння Напалеона I і рашэння Камісіі Часовага праўлення ВКЛ у 1812 некалькі тыс.чал. былі прызваны ў склад літоўскіх войск, якія павінны былі забяспечыць парадак у тыле франц. арміі. Ні колькасна, ні па ўзроўні баявой падрыхтоўкі армія ВКЛ не адпавядала патрабаванням, каб весці ваен. дзеянні. Рэшткі гэтага войска (большая частка загінула ў баях) уключаны ў армію Царства Польскага (у складзе Рас. імперыі).
У 1817 у рас. арміі на тэр.зах. губерняў сфарміраваны Літоўскі асобны корпус, у склад якога ў розныя часы ўваходзілі Нясвіжскі карабінерны, Гродзенскі гусарскі, Брэсцкі і Мінскі пяхотныя палкі, шэраг інш.вайск. фарміраванняў. Корпус налічваў каля 40 тыс.чал.мясц. ураджэнцаў. Многія з іх прымалі ўдзел у паўстанні 1830—31, таму з мая 1831 часці корпуса перайменавалі, некат. з іх расфарміравалі Войскі Рас. імперыі, што знаходзіліся на тэр. Беларусі, складаліся з пяхоты, кавалерыі, артылерыі і інж. часцей. Для падрыхтоўкі ваен. кадраў у губернскіх гарадах былі створаны кадэцкія карпусы. З ліку беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі папаўняліся рас. афіцэрскі і генеральскі карпусы: І.У.Гурка, М.В.Без-Карніловіч, А.І.Вількіцкі, А.А.Непакайчыцкі, У.У.Ходзька, М.Ф.Чарняеў і інш. Афіцэры А.Баранцэвіч, Я.Ваньковіч, П.Высоцкі, А.Гелгуд, Я.Кашыц, А.А.Лянкевіч, Л.Нарбут, А.Парадоўскі, Р.Рагінскі, С.Сангін, Р.Траўгут, В.Урублеўскі, Ю.Эйтмановіч, Ф.Юндзіл і інш. ўдзельнічалі ў паўстаннях 1830—31 і 1863—64.
Многія беларусы і ўраджэнцы Беларусі прымалі ўдзел у войнах, якія вяла Рас. імперыя ў 19 ст. У час руска-турэцкай вайны 1877—78 на Балканах асабліва вызначыўся ген. І.У.Гурка, а таксама многія афіцэры і салдаты. У гонар ратнага подзвігу беларусаў у 1898 на Мінскіх ваенных могілках узведзены храм-помнік Аляксандра Неўскага, дзе на мармуровых плітах залатымі літарамі выпісаны імёны 118 пехацінцаў і артылерыстаў, што загінулі ў баях за балгарскі горад Плевен (Плеўна).
У пач. 20 ст.гал. родам войск заставалася пяхота. Вышэйшым такт. аб’яднаннем сухапутных войск быў армейскі корпус (АК), які складаўся з 2 пях. дывізій, кав. дывізіі, 2 брыгад пешай артылерыі і дывізіёна коннай артылерыі. На тэр. Беларусі дыслацыраваліся часці 2-га АК (штаб у Гродне), 4-га АК (штаб у Мінску), 19-га АК (штаб у Брэст-Літоўску). Напярэдадні 1-й сусв. вайны ў склад АК уваходзілі казацкі полк, корпусная артылерыя (марцірны дывізіён), авіязвяно (авіяатрад з 3—6 самалётаў), сапёрны батальён, падраздзяленні сувязі і тылу, сан. і ваен.-гасп. падраздзяленні і ўстановы пяхотных дывізій. Штабы дывізій размяшчаліся ў Мінску, Бабруйску, Гродне, Брэст-Літоўску і інш. З 1902 у Брэст-Літоўску размяшчаўся асобны артыл. полк, крапасная сапёрная рота (сфарміравана ў 1891) і крапасны ваен. тэлеграф (сфарміраваны ў 1890). У 1901 у Брэст-Літоўску створана крапасное паветраплавальнае аддзяленне, якое ў 1907 перафарміравана ў паветраплавальны крапасны батальён. У 1912 зацверджаны ген. план пашырэння Брэсцкай крэпасці Буд-ва вялося з лета 1913 да восені 1914. У жн. 1915 гарнізон крэпасці разам з узбраеннем і маёмасцю эвакуіраваны (15.8.1915 крэпасць занялі герм. войскі. Тут быў падпісаны Брэсцкі мір 1918). Напярэдадні 1-й сусв. вайны на базе некат. паветраплавальных падраздзяленняў сфарміраваны першыя авіяц. атрады, адзін з якіх (5-ы, што базіраваўся ў Гродне) стаў узорным ва ўсёй рас. арміі.
Першыя баявыя вылеты рас. лётчыкаў у небе Беларусі адбыліся ў 1914. Авіяцыя вяла разведку, карэкціравала агонь артылерыі, дастаўляла розныя данясенні і выконвала задачы сувязі. У пач. 1915 для аховы Стаўкі вярх. галоўнакамандавання (у Баранавічах, потым у Магілёве) створаны другі знішчальны авіяатрад. На тэр. Беларусі прайшоў баявы шлях эскадры баявых паветр. караблёў «Ілья Мурамец», якія базіраваліся ў Лідзе і Станькаве. У небе Беларусі на Зах. фронце дзейнічала 3-я знішчальная авіяц. група і асобны знішчальны авіяатрад з гвардзейскіх афіцэраў, які непасрэдна падпарадкоўваўся вял. князю Аляксандру Міхайлавічу. 29.8.1917 упершыню ў гісторыі авіяцыі ў небе над Беларуссю выпрабаваныавіяц. рэактыўныя снарады. У час 1-й сусв. вайны на тэр. Беларусі знаходзілася 2-я па колькасным складае групоўка знішчальнай і разведвальнай авіяцыі, самы буйны франтавы авіярамонтны парк у Брэсце.
Значная колькасць вайскоўцаў-беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ў складзе рас. арміі прымала ўдзел у 1-й сусв. вайне. Сярод іх камандуючы Зах. фронтам В.І.Гурка, каманд. арміяй Я.А.Радкевіч, камандзіры злучэнняў А.В.Станкевіч, А.В.Собалеў і многія інш.
Р.Ч.Лянькевіч, А.Л.Самовіч, В.А.Юшкевіч.
Княжацкі дружыннік 12 ст. Малюнак В.Ляхора.Княжацкі дружыннік 13 ст. Малюнак В.Ляхора.Рыцар Вялікага княства Літоўскага 14 ст. Малюнак В.Ляхора.Рыцар Вялікага княства Літоўскага 16 ст. Малюнак В.Ляхора.Гусар Вялікага княства Літоўскага 16 ст. Малюнак В.Ляхора.Маёр палка коннай гвардыі 1792. Малюнак В.Ляхора.