выпа́рына, ‑ы, ж.

1. Тое, што і выпарэнне (у 2 знач.). Гэты дым асаджвалі ранкавыя туманы, але як толькі ўздымалася сонца над лесам, едкія выпарыны цягнуліся зноў. Пестрак.

2. Пот, які выступае па целе. Худзенькі.. тварык [Віці] пакрыўся выпарынай, над губой блішчэлі дробныя кропелькі поту. Стаховіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Па́ра1 ’газ, які ўтвараецца пры выпарванні вады, нагрэтай да высокай тэмпературы; газападобны стан вады’; пар ’паравое поле’, па́рнасць, па́рына, па́раніна, парно́та, парні́к, па́ранка, паро́нка. Агульнаславянскае: рус. пар, укр. па́ра ’паравое поле, выпарэнне’, царк.-слав. паравыпарэнне’, польск. par, para, чэш. pára, славац. para, серб.-харв. па̏ра, славен. pȃra, балг. па́ра. Звязана чаргаваннем з прэць, прэю (гл.) (Траўтман, 231; Младэнаў, 411; Праабражэнскі, 2, 20; Фасмер, 3, 203). Параўн. па́рыць.

Па́ра2 ’два аднолькавыя сіметрычныя прадметы, якія складаюць адно цэлае; дзве асобы, мужчына і жанчына, дзве жывёліны, самец і самка; два прадметы, дзве штукі чаго-небудзь’. Рус., укр. па́ра. Праз польск. para з сяр.-в.-ням. pâr ’пара’ ад лац. pār ’роўны, пара’ (Брукнер, 395; Праабражэнскі, 2, 16; Фасмер, 3, 203). Ст.-бел. пара XVI ст. таго ж паходжання (Булыка, Лекс. запазыч., 154).

Пара́ ’час, перыяд; адпаведны час’. Рус., укр. пора́ ’час, пара, узрост’, польск. pora ’выпадак, пара’, балг. по́ра ’узрост’. Пэўнай этымалогіі няма. Лічаць роднасным ‑пор (гл. напор, упор), якое звязана з пярэць, пру, і набліжаюць да грэч. πορεῖν, аорыст ἔπορον, эпір. πόρον ’даць, прадставіць’, ’вызначыць’ (Младэнаў, 489; Праабражэнскі, 2, 166; Мацэнаўэр, LF, 13, 180 і наст.; Фасмер, 3, 328). Міклашыч (240) указвае яшчэ на рус. дыял. пора́ ’падпорка для стога сена’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бажа́ць ’моцна жадаць, прасіць’ (Нас.), бажа́ць (быжа́ць) ’хацець, жадаць’ (Бяльк.). Ст.-бел. бажати ’прасіць’ (Нас. гіст.: бажати о помочь). Рус. бажа́ть, бажи́ть, бажа́нить, баже́нить, укр. бажа́ти, бажи́ти, бага́ти, багну́ти, багти, багчи, польск. zabagać, чэш. bažiti se, zabahnouti. Вельмі няяснае слова. Знаходзяць сувязь з грэч. φώγω ’пяку, смажу’, ст.-в.-ням. bahhan ’пячы’. Семантычная паралель: польск. prażyć ’абпальваць, смажыць, сушыць’, pragnienie ’моцнае жаданне’; літ. garasвыпарэнне, пара; моцнае жаданне’. Бернекер, 38; Фасмер, 1, 104–105. Іншыя версіі: 1) *bažati — каузатыў да *bežati (Остэн–Закен, IF, 22, 312 і наст.; супраць Бернекер, 38 і наст.; Ільінскі, ИОРЯС, 23, I, 127 і наст.); 2) сувязь з бог і грэч. φαγετν есці’ (Ільінскі, там жа; супраць, Фасмер, 1, 105); 3) запазычанне з цюрк. (уйгур. bakarmak ’жадаць’) неверагодна; 4) bag‑ ’жадаць’ — метатэза з *gab‑ (параўн. літ. gobėti ’жадаць, вымагаць’, gobùs ’прагны, скнара’); Петарсан, 5 і наст.; Махэк, 28, 5) сувязь з *bogatъ (*bažati ’хацець багацця’, Голуб-Копечны, 67); 6) сувязь з *bag‑ ’чырвоны, багровы’ (*bažati ’чырванець ад жадання’, Голуб-Копечны, 67; параўн. таксама Брукнер, 19). Этымалогія застаецца няяснай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярце́п ’вялікі роў, які зарос кустамі’ (слаўг., Яшк.); ’прытон’ (РБС), укр. вертеп ’пячора’; батлейка, зах. верте́па ’прорва, яр, роў’, ве́ртіб, ве́ркіп ’яміна на полі з вадою або без яе’, рус. перм., смал., калуж. верте́п ’яр з непраходнымі кустамі, лесам’, перм. ’узгорак з лагчынамі’, верте́па ’крутая гара, пакрытая непраходным лесам’, маск. вертепи́жина ’яміна з вадою на дарозе’, цэнтр.-рус. вертебя ’карставы яр’, тул. вертебинище ’яр’, ст.-рус. вертепъ, вьртьпъ ’цясніна’; ’яр’; ’пячора, склеп, тайнае сховішча’; ’прытон’; ’сад’, польск. wertep, wertepy ’мясцовасць, цяжкая для пераадолення, дарога з калдобінамі’; ’батлейка’, ст.-польск. werteb ’бездарожжа’, werteba ’яр, роў’, славен. vrtèp ’пячора’, макед., балг. варто́п, врто́п, върто́п, въртуп ’вір’; ’карставая яма’; ’глыбокае месца ў рацэ’; ’невялікі гай сярод голай мясціны’; ’быстрыня’; ’месца на лузе з патаптанай травою’; ’зігзагападобны яр’; ’паварот ракі, дарогі, гары’; ’лагчына’; ’прорва’; ’лужына’, балг. върто́пел ’вір’; ’лагчына’; ’паварот ракі, дарогі, гары’, ст.-слав. врътъnъ, вьртьnъ ’пячора’; ’сад’; ’пекла’, врьтопъ ’пячора’. Некаторыя этымолагі разглядаемую лексему выводзяць з vьrtь ’сад’ (Сразнеўскі, 1, 464), утвораную пры дапамозе суф. ‑ьръ/‑ъръ (Фасмер, 1, 300; КЭСРЯ, 76; Шанскі, 1, В, 65), маючы на ўвазе павойны, пакручасты характар раслін (у садзе). Семантыка, звязаная са сцэнамі нараджэння Хрыста, сведчыць на карысць запазычання ўсх.-слав. лексемы вярцеп (вертеп) з ц.-слав. мовы (Брандт, РФВ, 25, 215). Значэнне ’прытон (разбойнікаў)’ другаснае; яно паходзіць з асноўнага ’прорва, яр, лагчына, непраходнае месца, гушчар’, якое маецца ў паўдн.- і ўсх.-слав. мовах. Польскае werteb(a) Брукнер (607) лічыць запазычаннем з укр. мовы. Можна меркаваць, што лексема з’яўляецца вельмі старым складаным словам, утвораным ад і.-е. *u̯ert‑ ’вярцець’ і *upos ’вада’, якое мела значэнне ’вір, непераходнае глыбокае месца’ (Гараеў, 1896, 69; БЕР, 1, 212; Геаргіеў, БЕ, 11, 1965, 302 і наст.; Кабылянскі, Мовознавство, 1967, 6, 43; Уладзімірская, ЭИРЯ, 6, 1968, 28–40; Клепікава, Карп. диал. и оном., 51 і наст.). Другая частка і.-е. *upos знайшла сваё ўвасабленне ў балг. вапа ’катлавіна’, въпа ’яма, лагчына’, серб.-харв. ва̀павыпарэнне’, ст.-слав. вапа ’возера, лужына’. Гл. таксама вярцёбы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тук1 ‘растоплены тлушч’ (Гарэц., Некр. і Байк., Варл., Шат., Касп., Жд. 1, 3, Бір.; бялын., Янк. Мат.; петрык., лун., Шатал.; мсцісл., драг., З нар. сл., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), ‘ператопленае авечае сала’ (Сцяшк.), ‘рыбін тлушч’ (Ласт.), ‘сыць; пажыўная якасць харчовага прадукта, але не тлушч’ (Некр. і Байк., Нік., Оч.), ‘плодная сіла зямлі’: колы й сахары … не можна чысціць або мыць, бо ат гною не будзе ў зямлі туку (Сержп. Прымхі), то̂к ‘растоплены тлушч’ (маз., ГЧ), ст.-бел. тукъ ‘тс’ (ГСБМ): тукъ земли ‘зямное багацце’ (Скарына, ГСБМ). Укр. тук, рус. тук, стараж.-рус. тукъ ‘тлушч, сала’, ц.-слав. тукъ ‘сала, цвёрды тлушч’; польск., н.-, в.-луж. tuk ‘тлушч’, польск. паўн.-зах., каш. tuk ‘касцявы мозг’, чэш., славац. tuk, харв. чак. ту̏к, ту̂к ‘тлушч’, балг. тук ‘сала, тлушч, навар’, макед. тук ‘растоплены свіны тлушч’, ‘сок з печанага мяса’, ‘кружкі тлушчу на паверхні варыва’, ст.-слав. тоукъ ‘тлушч’, ‘тлустасць, плоднасць, сакавітасць’. Прасл. *tukъ ‘жывёльны тлушч’ — суфіксальны дэрыват з чаргаваннем галосных ад *tyti (гл. тыць), роднасныя: літ. táukas ‘кавалак сала’, ‘жывот’, taukaĩ ‘тлушч, сала’ < tùkti ‘таўсцець’, лат. tàuks ‘тлусты’, ст.-прус. taukis ‘сала’ < і.-е. *touk‑o‑s; ст.-англ. þīoh, þēoh, ст.-в.-ням. diech ‘тук’ < þeuhos < і.-е. *teukos — узыходзяць да і.-е. асновы *tū‑ ‘набрыняць’, ‘разбухаць, набухаць’ (Фасмер, 4, 116; Махэк₂, 660; Брукнер, 683; Скок, 3, 475; Борысь, 652–653; Буга, Rinkt., 2, 633; Каруліс, 2, 378; ESJSt, 17, 997; ЕСУМ, 5, 670). Сюды ж з абнаўленнем семантыкі суч. тук ‘мінеральнае ўгнаенне’ (ТСБМ).

Тук2 ‘дух’: од старого й тук неважны йдзе (ТС). Няясна; магчыма, да папярэдняга слова, якое набліжана да туск ‘пот, выпарэнне’. Параўн., аднак, серб. ту̏кнути ‘прыпахваць дрэнным пахам, смярдзець’, што, напэўна, адлюстроўвае варыянтнасць х/к у параўнанні з ту̏хнути ‘пратухаць, псавацца’; у беларускай мове, відаць, падобнае чаргаванне назіраецца пад уплывам балцкага субстрату, што дазваляе звязаць слова з тухлы, гл.

Тук3 — пра ціхі стук (мсцісл., Нар. лекс.). Як і стук (гл. стукаць) — гукапераймальнага паходжання, палаталізаваны варыянт цюк (гл.), параўн. чэш. ťuk, ťuky ‘стук-стук’. Аналагічна літ. táukšt ‘стук, грук’. Сюды таго ж паходжання дзеяслоў ту́каць ‘кляпаць касу’ (Касп.), ‘стукаць’ (Сцяшк.), ‘біцца (пра сэрца), стукаць, удараць’ (Гарэц., Др.-Падб., Сцяшк.), параўн. серб. дыял. ту̏кнути ‘паціху стукнуць’ (Фасмер, 4, 116; Махэк₂, 660; ЕСУМ, 5, 671), а таксама аддзеяслоўны назоўнік інтэнсіўнага дзеяння ту́кат ‘тупат’ (Адм., Сцяшк.), параўн. чэш. ťukot ‘стук, грук’ (Махэк₂, 660), і вытворны дзеяслоў тукаце́ць ‘стукаць’ (Зайка Кос.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)