бронецягні́к, ‑а, ж.
Тое, што і браня поезд. На пуцях стаяў мёртвы бронецягнік, палалі эшалоны з боепрыпасамі. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
броне... (а таксама браня...).
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам «бранявы», «браніраваны», напрыклад: бронедрызіна, бронетранспарцёр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
та́нкавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да танка 1, звязаны з вырабам танкаў. Танкавая прамысловасць. Танкавая браня. // Які ажыццяўляецца пры дапамозе танкаў. Танкавы дэсант.
2. Звязаны з падрыхтоўкай танкістаў. Танкавае вучылішча.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
закра́іна, ‑ы, ж.
1. Разм. Край чаго‑н. Навокал жа браня, вострыя вуглы ды няроўныя закраіны. «Маладосць». // Спец. Выступаючы кант чаго‑н. Закраіна гільзы.
2. Паласа талай вады паміж берагам і краем лёду. [На прыбярэжнай паласе] ўтвараюцца першыя закраіны, у той час як на сярэдзіне ракі або возера лёд яшчэ моцны і надзейны. Матрунёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Збро́я ’прылада для нападу ці абароны’. Укр. зброя ’тс’. Польск. (з XIV ст.) zbroja ’панцыр, браня ў старых рыцараў і іх коней’, чэш., славац. zbroj ’абароннае адзенне’. Ст.-бел., ст.-укр. зброя (XVI ст.) ’зброя’, ’браня’ (Сінаніма славенарос.), збройныи (Александрыя). Параўн. в.-луж. zbroić, н.-луж. zbrojś ’прыводзіць у беспарадак, спусташаць’, рус. ніжнегар. сбройный ’сварлівы, свавольны’. Саднік-Айцэтмюлер (1, 416–417) суадносяць з broj‑ ’рэзаць’ (гл. броіць, брыць), дапускаючы ўздзеянне кораня bor‑ (гл. бароцца), адкуль польск. broń > бел. бронь (гл.). Гэта дапушчэнне больш прымальнае, калі лічыць польск. zbroja крыніцай бел., укр. слоў. Голуб-Копечны (77) не лічацца з такім уздзеяннем, выводзячы brojiti, zbrojti, zbroj з broj‑. Махэк₂ (68), наадварот, адносіць гэтыя словы да кораня bor‑ з метатэзай. Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1969, 4, 136) узводзяць зброя да і.-е. кораня *bhrei‑ ’востры, рэзаць’ і лічаць, што польск. zbroja запазычана з бел. ці ўкр. Апошняе малаверагодна, калі ўлічваць наяўнасць слова ў чэш., славац. і фіксацыю zbroja у польск. з XIV ст. Адваротная накіраванасць запазычання ці падыход да слова як прасл. дыялектызма, што адлюстроўваўся ў польск., укр., бел., чэш., славац., здаюцца больш адпаведнымі. У карысць польск. паходжання бел., укр. слоў адсутнасць фіксацыі ў ст.-рус. мове, дзе наогул ваенная лексіка прадстаўлена добра. Пра польск. zbroja падрабязна Астроўска, JP, 32, 112–117; ст.-бел. ужыванне слова апісвае Крыўчык, Труды яз., 34–35.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Барані́ць (БРС, Шат., Касп., Гарэц., Мал., Нас.). Рус. (ст.) (о)борони́ть, укр. борони́ти, польск. bronić, чэш. brániti, ст.-слав. бранити, балг. бра́ня, серб.-харв. бра́ити. Прасл. borniti bornʼǫ ’бараніць’. Вытворнае ад прасл. bornь ’вайна, барацьба, абарона; зброя’ (рус. бо́ронь ’барацьба, перашкода’, ст.-слав. брань ’бітва, бой’, балг. (ст.) бран, серб.-харв. бра̑н (ж.) ’бой’, славен. brȃn (ж.) ’абарона’, чэш. braň ’зброя’, польск. broń ’зброя’ і г. д.), якое паходзіць ад *borti, *borʼǫ ’змагацца’ (гл. бароцца). Фармальна бліжэй да слав. bornь стаіць літ. barnìs сварка, лаянка’ (балта-слав. *barni‑ сварка, барацьба’; Траўтман, 27). Літ-py далей гл. пад баро́цца. Параўн. яшчэ Махэк₂, 64 (дэталёва марфалогія), які, аднак, (там жа, 61) знаходзіць роднаснасць з ірл. fó‑bairim ’нападаць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
па́нцыр, ‑а, м.
1. Адзенне ў выглядзе кашулі, зробленае з пераплеценых дробных металічных кольцаў, якім карысталіся даўней для засцярогі ад удараў халоднай зброяй. Часам сталь скрабне паліцу, Часам іскрай пырсне крэмень... І хаваюцца пад дзёрнам Пікі, панцыры і шлемы, Труны царскіх слуг, ваякаў... Танк. // перан. Аб чым‑н. цвёрдым, што пакрывае што‑н. Гіпсавы панцыр. □ Цвёрды, як сталь, панцыр аўтастрады, што не паддаваўся і лому, прабіў звычайны баравічок — беленькі, далікатны! Карпюк.
2. Цвёрдае покрыва тулава ў некаторых жывёл (кракадзілаў, чарапах, ранаў). Бедная чарапаха схавалася ў свой панцыр. Маўр.
3. Металічная абшыўка ваенных караблёў, паяздоў; браня. Панцыр крэйсера.
4. Вадалазны скафандр для работы на вялікіх глыбінях.
[Ням. Panzer.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)