прытулі́ць, ‑тулю, ‑туліш, ‑туліць; зак., каго-што.
1. Прыгарнуць, прыхіліць да сябе з ласкай, пяшчотай. Маёр пасадзіў большых дзяцей насупраць жанчын, а маленькую дзяўчынку прытуліў да грудзей, няўмела гушкаючы на руках. Даніленка. Грушка развітаўся з Тамараю на вакзале, прытуліў яе апошні раз. Яна сказала: — Пішы... Пестрак. Стэпа сцішылася, прытуліла пісьмо да грудзей. Гартны. // Шчыльна прыціснуць, прыперці да каго‑, чаго‑н. Зазваніў тэлефон. Кавалёў зняў трубку і прытуліў яе да вуха. Чарнышэвіч. Прытуліўшы галаву да самае шыбіны, Галіна голасна, каб яе пачулі, запытала: — Ці сходу не было ў вас? Галавач.
2. Даць прыстанішча, прытулак. Павел Іванавіч пойдзе па хатах, самымі ласкавымі словамі будзе ўпрошваць гаспадынь прытуліць будаўнікоў. Кулакоўскі. Старажытны Томск прытуліў нас, бежанцаў вайны з Беларусі. Рамановіч. // перан. Узяць каго‑н. пад сваю апеку; прыгрэць. Сваіх дзяцей у Зосі не было, яна прытуліла дзесяцігадовага пляменніка Алёшу. Хадкевіч. Артылерысты прытулілі .. [Лёньку Лазарчыка] як сірату-бежанца. Грамовіч.
•••
Прытуліць галаву — знайсці прыстанішча дзе‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сто́йбішча, ‑а, н.
1. Часовае паселішча качэўнікаў. // Жыхары гэтага паселішча. У канцы лета жанчыны збіралі доўгія сцябліны крапівы. А глыбокай восенню, калі стойбішча ўжо запаслося на зіму карэннямі і познімі ягадамі і ўжо набліжалася падлёдавая лоўля рыбы, яны браліся за нялёгкую і вельмі карпатлівую работу. Штыхаў. // Часовае паселішча наогул. Ля былых партызанскіх стойбішчаў Туманы на ялінах вісяць. Панчанка. Чалавек сорак чырвонаармейцаў гаспадарыла там, дзе нядаўна было стойбішча бежанцаў. Няхай.
2. Пасёлак, сяло аселых народнасцей Прыамур’я і Сахаліна. Некалі гэта было невялічкае ніўхскае стойбішча. Грахоўскі. — Аднойчы ўвосень, — расказваў далей тата, — чукча-аленявод з далёкага стойбішча прыгнаў мне цэлы статак аленяў, каб аддзякаваць за лячэнне свайго ўнука. Бяганская.
3. Месца адпачынку жывёлы на пашы. Штодзень даяркі — белыя анёлы — На стойбішча прыходзяць грамадой, Дзе доўга чуць дайніцаў звон вясёлы, У якіх дыміць пахучы сырадой. Танк. Калгаснага статка ў кароўніках не было — ён пасвіўся далёка ад вёскі і начаваў на лёгкіх стойбішчах у лесе. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нава́ла, ‑ы, ж.
1. Нашэсце ворага; напад. Фашысцкая навала. □ Калі ж вораг ізноў Меч узніме на нас, — Зломім хутка мы злую навалу. Журба. // Войска, армія, якія нападаюць на каго‑н. Па ўсіх дарогах плыла на ўсход чорная навала. Кулакоўскі.
2. Бяда, няшчасце; непрыемнасці. Як страшэнную навалу ўспамінае Таня смерць старэйшага брата Лёнькі. Гроднеў. Хацелася ўцячы ад навалы, хацелася быць як далей ад агню і енкаў! Кавалёў. Па тону пытанняў ён пачуў, што на яго насоўваецца нейкая навала. Колас. / Аб з’явах прыроды. Недзе навала плыве дажджавая Мыць кіпарысы і клёны. Свірка. Але навалу хмар цяжкіх Стрымалі, выгнуўшыся, хвоі. Танк.
3. Вялікая колькасць каго‑, чаго‑н.; скопішча. І сёння помні, Мой горад, пра нялёгкае тады. За хлебам — чэргі. Бежанцаў навала. Лойка. Крыху пазней, калі адхлынула навала асноўнай работы, Сяльчонак засеў за вывучэнне становішча лугоў. Асіпенка. Над затуманенай навалаю гор у супакоеным вячэрнім небе ціха дагараў шырокі Мядзведжы хрыбет. Быкаў.
4. перан. Нешта цяжкае, непрыемнае, што павісае над чалавекам, чакае яго. Навала безвыходнасці. Навала тугі. Навала суму.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ажы́ць, ажыву, ажывеш, ажыве; ажывём, ажывяце; зак.
1. Вярнуцца да жыцця; зноў стаць жывым, аджыць. І вось зараз, каб так давялося І бабулька мая ажыла, Дык пачула б, што ў нашую вёску Песня зноў з Украіны прыйшла. Чарнышэвіч.
2. Абудзіцца з надыходам вясны, аджыць, зазелянець. У выніку многіх турбот дубок ажыў і наступнаю вясною добра разбіўся. Лужанін. // Разм. Зноў набыць адчувальнасць, здольнасць дзейнічаць (пра часткі цела). // Пажвавець, акрыяць духам.
3. перан. Зноў стаць бадзёрым, жыццярадасным; ажывіцца, павесялець. Чалавек ажыў, забыўся на свае ранейшыя сумныя трывогі. Чорны.
4. перан. Праявіцца з новай сілай; адрадзіцца (пра думкі, пачуцці, уяўленні і пад.). У чалавека ажыла прага да ратунку. І тое, што ў ратунак ён не верыў, яшчэ больш павялічвала яго імкненне. Чорны. І адразу ў піянераў Ажыла размовы плынь: Як патрэбна жыць, каб змераць Свет завоблачных вышынь? Кірэенка.
5. Напоўніцца жыццём, рухам, дзейнасцю. Страсянула старая званком — і ў адзін момант усё ў школе ажыло, загуло, як у раістым вуллі. Кулакоўскі. Дарогі раптам ажылі. Абозы раненых і бежанцаў пайшлі, Як хвалі, бурай гнаныя, на ўсход. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак.
1. каго. Даць магчымасць увайсці, дазволіць пасяліцца ў вялікай колькасці. Напусціць людзей у пакой. Напусціць жыхароў у кватэру.
2. чаго. Даць доступ куды‑н. вялікай колькасці чаго‑н. Ілья напусціў у ванну халоднай вады, пачапіў на кран сваю авоську і старанна памыў рукі. Васілёнак. — Заходзь, Ваня, заходзь! Чаго стаіш на парозе? Ды зачыняй дзверы, а то холаду напусціш! — зашаптаў камбрыг. Карпюк.
3. што. Спусціць, апусціць на што‑н. Напусціць на лоб валасы. Напусціць шапку на вочы.
4. што і чаго. Разм. (часта са словамі «на сябе»). Надаць сабе, сваім паводзінам нейкі выгляд, характар. Напусціць на сябе важнасці. □ Дзядок перш здзіўлена вылупіў вочы, потым хацеў усміхнуцца, але абдумаўся і замест гэтага напусціў на сябе дзелавы выгляд. Зарэцкі. Кірыла напусціў на сябе выгляд вінаватага — не павітаўся з рэдактарам за руку, ціха сеў насупраць Тукалы, панурыў галаву: вось я, карайце! Шамякін.
5. каго. Разм. Накіраваць для нападу. Напусціць сабак на звера. // перан. Падбіць, падгаварыць да дзеяння супроць каго‑, чаго‑н. [Віктар:] — Цяпер каб адных бежанцаў напусціў на гэтыя маёнткі, то.. за адзін дзень усё ператрушчылі б. Лобан.
6. што. Ва ўяўленні забабонных людзей — з дапамогай нейкай вышэйшай сілы наслаць на каго што‑н. Ніколі ў Курганішчы не было так ціха, як цяпер.. Нібы нейкі чараўнік напусціў сон на гэты шумлівы хутар. Бядуля.
7. што і чаго. Дадаць, павялічыць у памерах пры раскроі. Кравец напусціў на два пальцы паводле меркі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)