абязлі́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

Сістэма арганізацыі працы, пры якой адсутнічае асабістая адказнасць за даручаную работу, за прылады вытворчасці. // Тое, што робіць усіх роўнымі, пазбаўляе індывідуальных рыс і якасцей. [Анісімаў].. не хацеў, каб падлік выпрацоўкі ішоў цалкам па брыгадзе, — абязлічкі начальнік цэха не любіў. Шахавец. Па цэлым па Саюзе Бяжыць хай пераклічка: Ураўнілаўку руйнуйце, Касуйце абязлічку! Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кабала́, ‑ы, ж.

1. Даўгавое абавязацельства ў Старажытнай Русі, якое ставіла пазычальніка ў асабістую залежнасць ад крэдытора.

2. Своеасаблівы від рабства на Русі ў 14–16 стст. — пажыццёвая асабістая залежнасць за нявыплату пазыкі, нядоімкі і пад.

3. Поўная залежнасць ад каго‑н.; паднявольнае становішча; прыгнёт. Памешчыцкая кабала. Трымаць у кабале. □ Гушка імкнуўся вызваліцца ад пана, а трапіў у кабалу да кулака. Пшыркоў.

[Араб.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свабо́да, -ы, ДМ -дзе, ж.

1. У філасофіі: магчымасць праяўлення суб’ектам сваёй волі на аснове пазнання законаў развіцця прыроды і грамадства.

Суадносіны свабоды і неабходнасці.

2. Дзяржаўная незалежнасць, суверэнітэт.

Барацьбіты за свабоду народа.

3. Адсутнасць абмежаванняў, якія звязваюць грамадска-палітычнае жыццё і дзейнасць грамадства або яго членаў.

С. выбару веравызнання.

С. слова.

4. Увогуле — адсутнасць якіх-н. абмежаванняў у чым-н., асабістая незалежнасць, самастойнасць.

Поўная с.

5. Стан таго, хто не знаходзіцца ў заключэнні, у няволі.

Выпусціць на свабоду.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Прыва́тны ’які належыць пэўнай асобе’ (Гарэц., Байк. і Некр., ТСБМ), прыва́тны, права́тны ’ўласны’, прыва́тне ’ўласна’ (смарг., паст., брасл., Сл. ПЗБ); ст.-бел. приватный, прыватный (з 1595 г.) са ст.-польск. prywatny (XVI ст.), якое, у сваю чаргу, з лац. prīvātus (Булыка, Лекс. запазыч., 33). Сюды ж прыва́та ’пабочны даход, асабліва за прыватныя ўрокі’ (Нас.), якое працягвае таксама запазычанае са ст.-польск. prywata < лац. privata; Булыка (Лекс. запазыч., 262) лічыць лацінскае слова непасрэднай крыніцай запазычання ст.-бел. прива́таасабістая выгада, прыватнасць’; параўн. таксама чэш. privát ’прыватная кватэра; прыватныя ўрокі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ата́рыца ’частка панскай зямлі, засеяная парабкам для сябе’ (Нас., Чач., Гарэц.), ’асабістая даходная праца’ (Мядзв.), ’ралля, прыгатаваная пад пасеў’ (КЭС). У блізкім значэнні слова выкарыстоўваецца ў «Рускай праўдзе» (Сразн.): отарица. Спрэчна. Карскі (Труды, 391) лічыць запазычаннем з літ. ãtaras ’баразна з краю нівы’. Карскі супраць сувязі з дзеясловам араць, таму што ў гэтым выпадку чакалася б *аторыца (параўн. атор(а)). Урбуціс (Baltistica V (1), 1969, 48) лічыць, што бел. атарыца ўтворана ад атара (гл.) ’гурт авечак’ і ’зямельнае ўгоддзе’. Значэнне атарыца ’пасаг’, у тым ліку ’жывёла, што даецца як пасаг’ (Мат. дыял. канф., 77), укр. дыял. палес. атарица ’пасаг’ указвае на магчымасць іменна такога (ад атара) паходжання слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

імя́, імя і імені, імю і імені, імем і іменем, (аб) імі і імені; мн. імі і імёны, імяў і імён, імям і імёнам, імямі і імёнамі, (аб) імях і імёнах; н.

1. Асабістая назва чалавека, якая даецца яму пры нараджэнні. Даць імя. □ Імя ён, меў Сцяпан, але ўсе звалі яго проста Сцёпка. Якімовіч. Праз нейкі час яму захацелася праведаць імя дзяўчыны, каб ямчэй было з ёю абыходзіцца. Гартны. // Поўная асабістая назва чалавека з імем па бацьку, а таксама яго прозвішчам. Неўзабаве ў кішэні ў Івана Кабушкіна ўжо ляжалі дакументы на імя Аляксандра Бабушкіна. Новікаў. Мужчына назваў сваё імя адразу — Іван Пятровіч Пуліхаў. Мехаў. // Назва прадметаў, жывёл, з’яў, паняццяў. «Першы асоба-казацкі атрад» вырас і набыў паўнагучнае імя — «Першай беларускай партызанскай кавалерыйскай брыгады». Брыль. З маленькага слабенькага некалі шчанючка вырас дужы сабака, з тонкім хвастом, і імя яму даў сам Ігнась. Мурашка.

2. Вядомасць, папулярнасць, слава. Вучоны з імем. // Пра асобу, якая стала вядомай дзякуючы сваёй дзейнасці ў якой‑н. галіне ведаў, тэхнікі, мастацтва. Справа тут, вядома, не толькі ў вялікіх імёнах. Брыль. // (звычайна з азначэннем). Рэпутацыя. Ганьбіць сваё імя.

•••

Уласнае імя — слова або спалучэнне слоў, якое з’яўляецца асобнай назвай каго‑, чаго‑н., напрыклад: Міхась, Мінск, Старыя Дарогі, Белавежская пушча.

Ад імя каго — па даручэнню каго‑н., спасылаючыся на каго‑н. Ад імя ўсяго калектыву.

З імем каго — у гонар чыйго‑н. імя рабіць, гаварыць і пад. З імем Леніна ў сэрцах арліных Новы быт мы будуем у краі. Журба.

Імем каго-чаго — уладай, якая належыць каму‑, чаму‑н. Імем закона.

Імя каго-чаго — названы ў гонар каго‑, чаго‑н. Завод імя У.І. Леніна. Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР.

Імя па бацьку — назва чалавека, якая складаецца з асновы імя бацькі і суфікса ‑авіч, ‑евіч, ‑іч (‑оўн, ‑еўн, ‑ічн‑) і звычайна дадаецца да ўласнага імя.

Называць рэчы сваімі імёнамі гл. называць.

На імя чыё — адрасаваны, прызначаны каму‑н. Заява на імя старшыні райвыканкома. □ Назаўтра на імя Міхала крывы Пракоп прынёс тэлеграму. Васілевіч.

У імя каго-чаго (высок.) — у гонар, дзеля, для каго‑, чаго‑н. У імя дружбы. У імя міру.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Свабо́даасабістая незалежнасць, самастойнасць; адсутнасць прыгнёту’ (ТСБМ), ‘св межаванняў’ (ваўк., Сл. ПЗБ), свобо́да ‘воля, вызваленне ад прыгону’ (ТС), сюды ж свабо́дная ‘нецяжарная’ (Ян.). Укр., рус. свобо́да ‘тс’, ст.-рус. свобода ‘незалежнасць’, ‘пасёлак, слабада’, польск., в.-луж., н.-луж. swoboda, чэш. svoboda, дыял. sloboda ‘вольнасць; халасцяцкі стан або дзявоцтва’, серб.-харв. свобо́да ‘вольнасць; мужнасць’, славен. svobóda, ‘воля, вольнасць; вызваленне’, балг. свобода́, макед. свобода ‘тс’, ст.-слав. свобода ’тс’. Прасл. *svoboda утворана ад асновы *svob‑, параўн. ст.-слав. свобьство ‘асоба’, якая працягвае і.-е. *su̯e‑bho‑, вытворнае ад займеннікавай асновы *su̯e‑ ‘свой’, з суфіксам зборнасці *‑oda і першасным значэннем ‘сукупнасць родзічаў, сваякоў’, г. зн. тых, якія жывуць сумесна. Сучаснае значэнне другаснае. Падрабязна гл. Трубачоў, История терм., 170. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 582–583; Шустар-Шэўц, 1392; БЕР, 6, 561. Махэк₂ (598, раней Зубаты, Studie, 2, 137) разглядае слова як *svo‑potъ ад ‘свой’ і *potъ ‘пан’, праеўрапейскага слова, што вельмі штучна. Сной₁ (625) *svoboda лічыць вытворным ад прасл. *svobodь ‘свабодны’ — на думку Трубачова (Фасмер, 3, 583), другаснага. Борысь (589) узнаўляе прасл. *svobodь і *svoboda ‘свабода, незалежнасць, вольнасць’ з рэдкімі суф. ‑odь/‑oda. Гэта дазваляе ўзнавіць прыметнік *svobъ ‘прыналежны да свайго племені, жывучы на сваёй зямлі, у сябе’ і назоўнік *svoba ‘стан сярод сваіх, вольнасць’ (Борысь, Czak. stud., 44). Гл. таксама Басай-Сяткоўскі, Słownik (353–354), дзе польск. swoboda замест swieboda лічыцца багемізмам. Паводле Бугі (Rinkt. 2, 617), слова знаходзіцца ў такіх жа адносінах да ст.-рус. собь ‘усё сваё, маёмасць, дабро’ (гл. собскі), як лат. svãlbs ‘вольны’ да ст.-в.-ням. selb‑ ‘сам’ (< і.-е. *selbho‑). Гл. таксама слабода.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

свабо́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Магчымасць ажыццяўлення чалавекам сваіх мэт і імкненняў на аснове пазнання законаў развіцця прыроды і грамадства. У асаблівасці трэба адзначыць погляд Маркса на адносіны свабоды да неабходнасці: «неабходнасць сляпая, пакуль яна не ўсвядомлена. Свабода ёсць усведамленне неабходнасці». Ленін.

2. Адсутнасць палітычнага і эканамічнага прыгнёту, абмежаванняў у грамадска-палітычным жыцці і дзейнасці якога‑н. класа ці грамадства ў цэлым. Па гэтым гасцінцы панскія паліцыянты ганялі ск[а]ваную моладзь — барацьбітоў за свабоду народа. Брыль.

3. Дзяржаўная незалежнасць, суверэнітэт. Барацьба в’етнамскага народа супраць амерыканскай агрэсіі з’яўляецца выдатным прыкладам гераізму, стойкасці і мужнасці народа, які змагаецца за свабоду і незалежнасць. «Звязда».

4. Магчымасць дзейнічаць у якой‑н. галіне бесперашкодна, без абмежаванняў, забароны. Свабода гандлю. Свабода друку. Свабода слова. Свабода сходаў.

5. Асабістая незалежнасць, самастойнасць; адсутнасць залежнасці ад каго‑, чаго‑н. Капітан звярнуўся да іх з кароткім словам: — Салдаты, як камандзір ваш, я даю вам поўную свабоду: ідзіце, куды самі хочаце. Лынькоў. // Магчымасць рабіць, паступаць па сваёй волі; адсутнасць абмежаванняў у чым‑н. Удзень, як лекцыі канчалі, На рэчку хлопцы выбягалі Крыху пакоўзацца па лёдзе Ці так пабегаць на свабодзе, У снег залезці па калена. Колас.

•••

Дэмакратычныя свабоды — вызначаная законам магчымасць удзельнічаць у грамадска-палітычным жыцці краіны, сукупнасць усіх палітычных правоў грамадзян.

Свабода веравызнання — права грамадзян свабодна вызнаваць якую‑н. рэлігію або не прытрымлівацца ніякага веравызнання.

Даць свабоду каму-чаму — тое, што і даць волю каму-чаму (гл. даць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)