Мімоза ’(суб)трапічная расліна Mimosa pudica’, ’крыўдлівая, сарамлівая асоба’, ’ленкаранская акацыя, Caragana Lam.’ З рус. мимо́за ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 88). Да мім (гл.). Матывацыя: пры дотыку да лісткоў яны згортваюцца, «мяняюць твар». Паводле формы — з лац. або франц. мовы (параўн. франц. plante mimeuse ’недатыка, незачэпа’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

акліматызава́цца, ‑зуюся, ‑зуешся, ‑зуецца; зак.

Прыстасавацца да іншага клімату. — Шчыра кажучы, — загаварыў стары пасля моцнай зацяжкі, — на Сахаліне так акліматызаваўся, што, здаецца, лепшага месца і няма. Сіняўскі. Некалькі год назад з лесагадавальніка «Мяшчэрская», што на Арлоўшчыне, была завезена і белая акацыя; яна тут добра акліматызавалася. «Звязда». // перан. Прывыкнуць да новых абставін, асяроддзя (пра чалавека). Разам з імі завіхаецца над талеркай незнаёмы, і адчувае сябе нібы сярод сваіх. Акліматызаваўся! Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пясча́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пяску, пяскоў. Пясчаны край. Пясчаныя залежы. // Які складаецца з аднаго пяску, пакрыты пяском, пяскамі. Пясчаныя рачныя выспы. Пясчаная сцежка. Пясчаныя пустыні. □ Разгалістыя сосны.. раскінуліся на пясчаным узгорку. Колас.

2. З вялікай прымессю пяску; пескаваты. Пясчаная глеба. Пясчанае поле. □ Ворная зямля ў малінаўцаў была.. напалову палеская — пустая і пясчаная. Чарнышэвіч.

3. Як састаўная частка назваў раслін і жывёл, што растуць або жывуць на пяску, у пясках. Пясчаная акацыя. Пясчаны барсук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бе́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае колер снегу, малака; проціл. чорны. Пад высокімі белымі хмаркамі кружыліся буслы. Брыль. Стаіць мой сад пад белым цветам. Цётка. А па вогнішчы імчыцца Белы конь. Чарот. / у знач. наз. бе́лае, ‑ага, н. Дзяўчынка ў белым. □ Вішні ў белае беляцца І распускаюцца слівы. Калачынскі. [Старыя людзі] расказвалі, як адна рэч ператваралася часамі ў другую, белае рабілася чорным. Колас. // З моцна пасівелымі валасамі. Даглядаў пчол цэлы дзень Той, каго любяць дзеці, — Такі белы, белы дзед. Куляшоў. // Збляднелы. Не заплецены косы, Стан танклявай травінкі, Спахмурнелыя вочы, Белы твар, — ні крывіцкі. Броўка. [Ксёндз] увесь дрыжаў і быў белы, як палатно. Чарнышэвіч. // Дагледжаны, чысты, чыста памыты. Агранома хваляць не за белыя рукі. Прыказка. Тады сіраце нядзеля, як кашуля бела. Прыказка. // Які мае светлы колер. Белы хлеб. Белы пясок.

2. Светлы, ясны. Ды хіба ў памяці сатрэцца Той белы ранак, і сяло. Гілевіч. У акно пазірае белая месячная ноч. Мележ.

3. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі ўжываецца ў значэнні: контррэвалюцыйны, варожы Савецкай уладзе; проціл. чырвоны. Белая армія. Белая гвардыя. Белы тэрор. Белая банда. Белыя генералы. / у знач. наз. бе́лыя, ‑ых; адз. бе́лы, ‑ага, м. І ўсё ж цікавей было слухаць, як білі Чырвоныя коннікі полчышчы белых. Панчанка.

4. у знач. наз. бе́лыя, ‑ых. Светлыя фігуры ў шахматах і шашках. Ход белых. Белыя пачынаюць і робяць нічыю.

5. Які мае белы колер скуры (пра расу). Да яго, чорнага хлопчыка, ніколі не адносіліся так сардэчна белыя людзі. Бяганская. / у знач. наз. бе́лыя, ‑ых; адз. бе́лы, ‑ага, м. Прыйшлі белыя, заваявалі гэту зямлю, зрабілі неграў рабамі. Шамякін.

6. Як састаўная частка некаторых заалагічных, батанічных, хімічных і інш. назваў. Белы мядзведзь. Белы лебедзь. Белая акацыя. Белы грыб. Белая гліна.

•••

Белае мяса гл. мяса.

Белая гарачка гл. гарачка.

Белая пляма гл. пляма.

Белая раса гл. раса.

Белы білет гл. білет.

Белы верш гл. верш.

Белы вугаль гл. вугаль.

Белы свет гл. свет.

Белыя ночы гл. ноч.

Белая косць (костка) гл. косць.

Белым днём гл. дзень.

Зрабіць белае чорным гл. зрабіць.

Казка пра белага бычка гл. казка.

Пайсці (падацца) у белы свет гл. пайсці.

Пусціць па белым свеце гл. пусціць.

Свету белага не бачыць гл. бачыць.

Свету белага не відаць гл. відаць.

Сярод белага дня гл. дзень.

У белы свет як у капейку гл. свет.

Чорным па беламу напісана гл. напісаны.

Шыта белымі віткамі гл. шыты.

Як дзень белы гл. дзень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)