Саба́ка 1 м. р. ’свойская жывёліна сямейства сабачых, якая выкарыстоўваецца для вартаўнічай аховы, язды (на Поўначы), на паляванні і пад.’ Укр. соба́ка с. і ж. р., рус. соба́ка ж. р., ’тс’. За межамі ўсх.-слав. моў толькі польск. дыял. sobaka (Вялікапольшча; у Верхняй Сілезіі — як лаянка); каш. sobaka ’разбэшчаны чалавек’. Большасць даследчыкаў лічаць слова запазычаннем з іран.; параўн. сяр.-іран. *sabāaka‑, сяр. парсі sabah (напр., Уленбек, 322), авесц. spaka‑, прым. ’сабачы’, spā ’сабака’, мідыйск. σπάκα (гл. Фасмер, 3, 702 з літ-рай). Пры гэтым польскае і кашубскае словы тлумачацца як запазычанне з рускай, «з мовы фурманаў» (Міклашыч, 312; Развадоўскі, RO, 1, 107; Брукнер, 53; таксама Шцібер, SOr, 27, 257–258 кашубскае слова лічыць новым пранікненнем у часы вайны з мовы беларускага або рускага насельніцтва. Супраць Фасмер, там жа і Сялішчаў, ИОРЯС, 32, 308. Міклашыч (Türk. El. Nachtr., 2, 184) і Корш (у Фасмера, 3, 702), абараняючы іранскае паходжанне, лічаць магчымым цюркскае або фінскае пасрэдніцтва. Фасмер (там жа) выказвае меркаванне, што давесці гэтага нельга, а як семантычнае абгрунтаванне прыводзіць італ. alano, ст.-франц. праванс. alan ’дог’, якое з нар.-лац. alanus ’аланскі’, г. зн. іранскі сабака. Другі, кардынальна адменны пункт погляду на паходжанне слова ў Трубачова (Происх., 29 і наст.), які, указваючы на фанетычныя і знешнелінгвістычныя фактары, лічыць слова цюркізмам < цюрк. köbäk ’сабака’. Змена роду ў бел. і ўкр. ⁺собака Карскі (Белорусы 2–3, 15) тлумачыць паўсюдным ужываннем для істоты ж. р. слова сука, г. зн., відаць, проціпастаўленню рус. кобель — сука адпавядае бел. і ўкр. сабака — сука.
Саба́ка 2 ’мерка для раўнамернага набівання рашацін на страху’ (Шат.), ’заціскачка’ (Сл. ПЗБ), ’палка для ўмацоўвання кола задняга навоя’ (Жыв. сл.), соба́ка ’вілы з загнутымі ўніз канцамі’ (Выг.). Да сабака 1. Семантычную матывацыю гл. сабачка 2.
Саба́ка 3 ’устарэлая мера дроў’ (лун., Шат.). Параўн. сабачкі 3. Відаць, ’столькі дроў, колькі памяшчаецца на такіх санках’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
другі́, ‑ая, ‑ое.
1. Ліч. парадк. да два (у 1 знач.). Другі па парадку. Другі дом з краю. Другая дзея п’есы. □ Дрэва хіснулася раз, другі; за трэцім разам гучна трэснула каля кораня і ўпала. Колас. На другой старонцы [газеты] быў надрукаваны ўказ аб прысваенні пачэсных званняў настаўнікам. Корбан. // Які робіцца або адбываецца паўторна. На гэтых папялішчах і пачалося другое нараджэнне калгаса. Якімовіч. // Ужываецца ў спалучэнні «адзін — другі» пры проціпастаўленні, пералічэнні. І хаты няроўныя тут, як і людзі: адна большая, другая меншая. Колас. [Барада] няроўная ў .. [дзеда] — адна палавіна густая, другая — рэдкая. Лынькоў.
2. Не такі, інакшы, непадобны да гэтага або ранейшага. Зусім другі голас чуе Паўлік — дабрадушны, ласкавы. Сташэўскі. За край небасхілу пралезла раўніна, І воблік зямлі стаў адменны, другі. Танк. // Процілеглы. Пераехаць на другі бераг ракі. □ Павел загадаў двум рабочым перайсці на другі бок пакгауза. Лынькоў.
3. Не гэты, іншы. Людзі гавораць, кахае Хлопца дзяўчына другая. Прыходзька. — Другім разам прыходзьце. Зараз няма калі. Спяшацца трэба. Кандрусевіч. / у знач. наз. другі́, ‑ога, м.; друга́я, ‑ой, ж. Другога слухай, а свой розум май. Прыказка. Сам не гам і другому не дам. Прымаўка. // у знач. наз. другі́я, ‑іх. Астатнія, іншыя. Штось новае кожны бачыў І сам у сабе і ў другіх. Колас. О, не хадзі к другім за радай, — У пушчы сонца не шукай! Купала.
4. Які замяняе першага, сапраўднага. Другая радзіма. Быць другім бацькам для дзяцей.
5. перан. Не галоўны, другарадны. На другіх ролях. На другім плане. // Які выконвае дапаможную партыю. Другая скрыпка. // Ніжэйшы, горшы па якасці за першы. Другі сорт. Каюта другога класа.
6. Разм. Некаторы, іншы, які-небудзь. І зробіць яшчэ Сцёпка такія выбрыкі ў паветры, што і артыст другі пазайздросціць. Колас. Была Марылька такая смелая, што і хлопец другі не дакажа. Якімовіч.
7. у знач. наз. друго́е, ‑ога, н. Страва, якая падаецца пасля першай. — Што там у цябе сёння на другое? — адставіўшы пустую талерку і адсопваючыся, спытаў Харытон Ігнатавіч. Васілёнак.
8. у знач. пабочн. друго́е. Па-другое. — А другое, усе мы гарапашнікі, неўзабаве будзем мець уласныя надзелы зямлі. Бажко.
•••
Адзін другога варты гл. адзін.
Адзін за другім гл. адзін.
Адна нага тут, другая там гл. нага.
Другая маладосць гл. маладосць.
Другая натура гл. натура.
Другі раз; другім разам гл. раз.
Другое дыханне гл. дыханне.
З другой оперы гл. опера.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кла́сціся, кладу́ся, кладзе́шся, кладзе́цца; кладзёмся, кладзяце́ся; пр. кла́ўся, кла́лася; незак.
1. Прымаць ляжачае, гарызантальнае становішча; проціл. ўставаць (пра людзей, жывёл). Класціся на ложак. □ Волька Янкава сказала Тодарчыку не кідаць Смыка, бо ён наравісты. А знаравіцца — кладзецца ў аглоблях нават на сухім. Хоць забі яго. Пташнікаў. / У спалучэнні са словамі, якія паказваюць на тыя ці іншыя асаблівасці такога становішча. Класціся на бок. Класціся на спіну. // Укладвацца, размяшчацца (для сну, адпачынку). Прыходзячы з работы дахаты, Дзяніс прымаў душ, абедаў і клаўся адпачываць. Пестрак. // Адпраўляцца на лячэнне (у клініку, шпіталь і пад.). Класціся ў бальніцу. // перан. Разм. Паміраць, гінуць (у баі, на вайне). — Б’юць царскае войска. Як пракосы на сенажаці пад касой кладуцца, гэтак там кладуцца.. салдаты. Мурашка.
2. Апускацца, падаць на якую‑н. паверхню. Снег кладзецца белым пухам. □ Навокал Каляды клаліся варожыя снарады, узнімаючы зямлю. Гурскі. // Размяшчацца дзе‑н. пэўным чынам. Доўгія русыя валасы [у Іны] хвалямі клаліся на плечы. Ваданосаў. // Выступаць на паверхні ў форме следу, адбітка і пад. А за касцом двума слядамі Адбіткі ног яго кладуцца. Колас. Ад зубчатых трактарных калёс След адменны клаўся па зямлі. Астрэйка.
3. Засцілаць сабою што‑н., распаўсюджваючыся на паверхні. На поле клаўся туман. На захадзе раз’яснівалася. Пташнікаў. Гарыць, патрэсквае касцёр, водсветы яркага полымя кладуцца на твары, на чырвоныя гальштукі. Бялевіч. / Пра загар, румянец, маршчыны. Прыжмурана глядзеў [Абрам] у даль вуліцы, а каля вачэй клаліся свежыя маршчыны. Пестрак. // Наступаць (пра зіму). Пачала класціся зіма. Лужанін.
4. Браць які‑н. напрамак (пра самалёт, карабель). «Балтыка» ідзе ранейшым курсам, а караблі кладуцца на зваротны курс. «Звязда».
5. Добра прыставаць, паддавацца кладцы. Цэгла роўна кладзецца ў сцяну. □ Пячатка клалася ясна, аж прыліпала, і абадок з назваю ведамства, і асяродак з назваю завода відны былі вельмі добра. Скрыган. // Адпавядаць, падыходзіць. Сапраўды, калі апошні зборнік «Пад мачтай» супадае з перыядам спаду Народнага фронту, дык два папярэднія ніяк не кладуцца ні тэматычна, ні храналагічна ў рамкі творчых перыядаў. У. Калеснік. // перан. Лёгка і свабодна выкладацца, выказвацца (пра думкі, слова і пад.). Калі думаеш і нават калі гаворыш, словы гладка кладуцца адно да аднаго, атрымліваецца складка, прыгожа. Новікаў.
6. перан.; на каго-што. Станавіцца чыім‑н. абавязкам, заняткам і пад. — Гэта можна зрабіць і дома, — запярэчыў Аляксееў, адчуваючы, што адказнасць за Юркаў лёс у гэты момант кладзецца і на яго. Карпаў. Усе клопаты кладуцца на плечы брыгадзіра. Асіпенка. // У спалучэнні са словамі «на душу», «на сэрца» і пад. абазначае: рабіцца прадметам цяжкага роздуму, непакою, трывогі. Енкі і балючы плач раздзіралі мураваныя сцены, цяжкім каменем клаліся на сэрца вязня. Няхай. На сэрца кладзецца Дум горкіх цяжар. Колас.
7. Зал. да класці.
•••
Класціся ад смеху (са смеху) — моцна смяяцца.
Класціся спаць з курамі — класціся спаць вельмі рана, як толькі сцямнее.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
са́мы, ‑ая, ‑ае; займ. азначальны.
1. Ужываецца пры ўказальных займенніках «той», «гэты» для іх удакладнення ў значэнні: якраз, менавіта. З другога ж боку, гэты самы гук, драпежны і злосны, памагаў.. [Сяргею] крыху агледзецца і больш-менш пэўна вызначыць сваё становішча. Колас. // Ужываецца пры асабовых займенніках, каб падкрэсліць, што гэта і ёсць тая асоба, пра якую ідзе гаворка. [Мужчына:] Гэта ж Гудовіч! [Жанчына:] Ён самы. Крапіва. [Маеўскі:] — Сяргей Фядотавіч?! [Прыборны:] — Ён самы. Шамякін.
2. Пры назоўніках са значэннем месца, прасторы або часу ўдакладняе прасторавую або часавую мяжу дзеяння. Па самыя гусеніцы зарыўся ў тваністы бераг перакулены танк. Лынькоў. У жнівеньскую поўнач, як і тады [даўно], гэтая зорка свеціць над самай тваёй галавой. Навуменка. Ужо на самым світанні прыляцелі падзяўбці насення шэрыя курапаткі. Ігнаценка. // У спалучэнні з назоўнікамі «рыба», «грыбы», «ягады» і пад. азначае: мноства. Цяпер самыя грыбы. □ — Адтуль, адтуль заходзь — там самая рыба ходзіць! — радзіць дзед. Лынькоў. // Пры назоўніках «час», «мера», «раз» і пад. азначае: іменна такі, які патрэбен, падыходзіць. Самая пара была ісці дамоў. М. Стральцоў.
3. З назоўнікамі месца і часу выражае гранічна высокую ступень праяўлення ў іх якой‑н. уласцівасці. Жыта канчала налівацца, нават на ўзгорках, далей ад лесу, на самым санцапёку месцамі ледзь-ледзь яно запалавела. Чорны. [Міхась:] — Арол! Ведае, чым узяць народ. За такім камандзірам кожны ў самае пекла пойдзе. Машара. // Пры назоўніках колькасці і меры абазначае крайнюю ступень колькасці. Самы мінімум. □ [Турсевіч і Лабановіч] лічылі, што ведаюць адзін аднаго да самых што ні ёсць маленькіх дробязей. Колас. // Пры назоўніках, якія абазначаюць крайнія межы ў часе або прасторы. Самы пачатак. Да самага канца. На самым версе. У самым нізе. □ Ладымер і ўсе ў нас ведаюць Костуся з самых малых дзён яго. Чорны. А мора падкідвае раз’юшаныя хвалі ў самае неба. Бядуля.
4. У спалучэнні з якаснымі прыметнікамі служыць для ўтварэння найвышэйшай ступені. Кузьма быў самы вясёлы на сяле чалавек і гарманіст адменны. Кавалёў. Самы большы той шчупак, што з кручка сарваўся. Прыказка. // У спалучэнні з якаснымі прыметнікамі выражае значэнне: звычайны, натуральны. Міхась нагнуўся і ўбачыў у густой траве... аўтамат. Самы сапраўдны баявы аўтамат... Якімовіч. // Разам з адноснымі прыметнікамі часавага і прасторавага значэння ўказваюць на грапічную мяжу прыметы. У самую апошнюю хвіліну. Самая крайняя хата. □ Мікуцева поле самае бліжэйшае ад калгаснага. Чорны.
5. Тое, што і сам (у 1, 2 знач.). Самы горад акружае прыгожае каменнае ўзбярэжжа, дзе заўсёды прагульваецца шмат вясёлых, шчаслівых людзей. Маўр. Яна рванула канверт гэтак, што парвала самы ліст. Чорны.
•••
Над самым вухам гл. вуха.
На самай справе гл. справа.
На тым самым месцы сесці гл. сесці.
Пад самым носам; перад самым носам гл. нос.
Папасці ў самую кропку гл. папасці.
Па самую завязку гл. завязка.
Самае малое гл. малы.
Самы раз; у самы раз гл. раз.
Самы той! (іран.) — азначае: не на таго напалі.
Самы час гл. час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
добры, нядрэнны, неблагі, някепскі, высакаякасны, здатны, дасканалы, удалы, прыўдалы, варты, станоўчы, слаўны, спраўны, адмысловы, выдатны, адборны, адменны, узорны, прыкладны, бездакорны, няўкорны, беззаганны, зайздросны, цудоўны, ідэальны; прыстойны, людскі, хвацкі, ладны, першакласны, першагатунковы, стопрацэнтны, запраўскі, вартны, не абы-які (разм.); дыхтоўны, файны (абл.); непаўторны, сапраўдны, непараўнальны, незраўнаны, майстэрскі, класны, першы, найпершы, царскі, анельскі, бліскучы, крыштальны, залаты, рэдкі (перан.) □ во, ого, нішто, нішто сабе, клас, першага гатунку, першага сорту, першай рукі, першай маркі, што трэба, пашукаць трэба, нічога не скажаш, цаны няма, на пяць, на славу, як на падбор, як на заказ, хоць на выстаўку, хоць куды, будзь здароў
Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)