персо́на, ‑ы, ж.

1. з азначэннем. Кніжн. і іран. Асоба, чалавек. На сцяне вісеў партрэт міністра шляхоў зносін, але Блок, здавалася, касаваў яго сваёю персонаю. Колас. // Важная, значная асоба. Расказваюць, аднаго разу па чыгунцы праз горад праязджала нейкая вельмі важная персона. Айзік ніяк не мог прабіцца ў вагон, сфатаграфаваць яе. Сабаленка. Не ляжыць да яго, пэўна, сэрца яе. Але ж бацька хлапца не малая персона. І дзяўчына надзею хлапцу падае. Вялюгін.

2. Чалавек, асоба (за сталом). Накрыць стол на пяць персон.

•••

Персона грата (лац. persona grata — пажаданая асоба) — а) дыпламат, кандыдатура якога на дыпламатычны пост адобрана ўрадам той краіны, куды ён накіраваны; б) (уст. і іран.) пра чалавека, які карыстаецца асобымі прывілеямі, прыхільнасцю з боку высокапастаўленай асобы.

Персона нон грата (лац. persona non grata) — дыпламатычны прадстаўнік, які не карыстаецца давер’ем з боку ўрада дзяржавы, куды ён назначаецца.

Уласнай персонай (жарт.) — сам, асабіста. — Вось ён, уласнай персонай, — пачуўся ў гэты час з парога мужчынскі голас. Васілевіч. [Камендант] часам сам, мінаючы кур’ера, прыносіць ёй паперы, уласнай персонай заходзіць да яе. Лынькоў.

[Лац. persona.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыжы́цца, ‑жывуся, ‑жывешся, ‑жывецца; ‑жывёмся, ‑жывяцеся; зак.

1. Пажыўшы або папрацаваўшы дзе‑н. некаторы час, прыстасавацца, прызвычаіцца да гэтага месца, абстаноўкі. Партызаны Ларывончыкавага атрада гэтак прыжыліся да таго густога, здавалася, непраходнага лесу, ажно некаторыя забываліся, што яны на вайне. Сабаленка. Ганялі .. [Сакалоўскага] з цэха ў цэх — нідзе не прыжыўся. Шынклер. Кінуў [бацька] зямлю, увесь набытак і падаўся ў горад. Там і прыжыўся. Сачанка. Для мяне было ясна, што яна служыць там аддана, як могуць служыць толькі працавітыя, сумленныя і адзінокія старыя жанчыны, якія з цягам часу прыжыліся ў чужой сям’і. Карпюк. [Прадзед] адстаў ад свайго табара ды так і прыжыўся ў вёсцы. П. Ткачоў.

2. Прыстасаваўшыся да новых умоў, пачаць добра расці, развівацца (пра жывёл, расліны). Маладыя дрэўцы, пасаджаныя мінулай восенню і вясной, прыжыліся. Хадкевіч. Прыжыліся буслы ў горадзе: Адчуваюць сябе як дома. Сіпакоў. // Прырасці, зрасціся з чым‑н. Прышчэпак добра прыжыўся.

3. Замацавацца дзе‑н., за чым‑н. Палявая, Лугавая, Аляксандраўская, Мікалаеўская — так называюцца вуліцы. Але назвы гэтыя не прыжыліся, завуць па-ранейшаму. Навуменка. Каўбойскія фільмы, як гэта ні дзіўна, трывала прыжыліся на італьянскіх экранах. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пяро́, а́; мн. пёры (з ліч. 2, 3, 4 пяры́), пёраў; н.

1. Рагавы стрыжань з пушыстымі адросткамі па баках, які вырастае на скуры птушак. Страусавае пяро. □ Ляцелі жураўлі ад цёплых плёсаў, Ганяючы то крыкі, то пяро. Пысін.

2. Металічная выгнутая пласцінка з расшчэпленым канцом для пісання чарнілам, тушшу. Стальное пяро. Чарцёжнае пяро. Нотнае пяро. Плакатнае пяро. □ Я рашуча адсунуў ад сябе сшытак, паклаў пяро і ўстаў з-за стала. В. Вольскі. // Завостранае вялікае птушынае пяро, якое ўжывалася для пісання чарнілам да паяўлення металічных пёраў. Гусінае пяро. □ Пяро, якім мы пішам, атрымала сваю назву ад птушынага пяра, якое ўжывалася ў свой час у якасці прылады для пісьмо. Юргелевіч.

3. перан.; толькі адз. Ужываецца як сімвал працы пісьменніка, яго прафесіі. Першыя спробы пяра маладога паэта [А. Александровіча] вельмі прыхільна былі сустрэты гурткоўцамі. Хведаровіч.

4. Разм. Зялёны ліст цыбулі ці часнаку.

5. Спец. Лопасць у розных інструментах, прыладах і пад. Пяро руля.

•••

Вечнае пяро — тое, што і аўтаручка.

Адным росчыркам пяра гл. росчырк.

Валодаць пяром гл. валодаць.

Выйсці з-пад пяра гл. выйсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рашы́ць, рашу́, рэ́шыш, рэ́шыць; зак.

1. з інф. і з дадан. сказам. Пасля раздумвання, меркавання прыйсці да якога‑н. выніку, заключэння. Каб не папасціся пад гарачую руку немцам, Міколка з дзедам рашылі перасядзець у лесе ночы са тры. Лынькоў. [Талаш:] — Я, таварышы, рашыў падараваць вепра вам, чырвоныя ваякі. Колас. [Сёмка:] — А мы з Петрусём ужо прачакаліся цябе і рашылі, што ты не прыйдзеш. Гартны.

2. з інф. і з дадан. сказам. Вынесці, прыняць рашэнне адносна каго‑, чаго‑н. [Чарнавус:] — Людзі самі рашылі: Глінскаму быць старшынёй, а мне ісці ў пастухі або ў вартаўнікі. Кулакоўскі.

3. што. Знайсці неабходны адказ, вызначыць невядомае. Рашыць красворд. Рашыць ураўненне. Рашыць арыфметычную задачу. // што. Вырашыць, ажыццявіць. Рашыць праблему. □ Як рашыць такую цяжкую задачу, што трэба зрабіць, каб тутэйшыя пяскі хоць трохі лепш, радзілі? Кулакоўскі.

4. што. Разм. Патраціць, расходаваць што‑н. нажытае. [Бабейка:] — У даўгі залез па самыя вушы, каб вы ведалі. Рашыць астатні набытак прыйдзецца. Хадкевіч. [Гальвас] быў непрактычны абібок. І каб на яго рукі ўсё асталося, ён рашыў бы маёнтак за адзін год. Чорны.

•••

Рашыць жыцця — забіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

славу́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, пра якога ўсе ведаюць; агульнавядомы; праслаўлены. Славутыя дняпроўскія парогі. □ Шэдэўр сусветнай лірыкі, славуты «Ветразь» напісаў шаснаццацігадовы Лермантаў, дваццацігадовы Пушкін быў ужо аўтарам «Руслана і Людмілы». Грахоўскі. Яўген і Аляксееў чулі пра славуты Ніжагародскі адхон над Волгай. Карпаў. // чым. Які прыкметны чым‑н., карыстаецца славай у якіх‑н. адносінах. Мікола, падкасаўшы вышэй калень штаны, палез у славутую чырванапёркамі затоку. Ляўданскі. Хлопцы любяць мястэчка — нічым яно асабліва не славутае, няма ў ім ні рэчкі, не забрукавана пакуль што ніводнай вуліцы, але ўсё адно здаецца, што лепшай мясціны на свеце няма. Навуменка. Полацк жа славуты перш за ўсё сваёй шматвяковай гісторыяй. Хадкевіч.

2. Які набыў славу або дастойны яе; слаўны. Ніколі не забыць нам гэты дзень, Калі ў семнаццатым славутым годзе Аўроры залп, як сонечны прамень, Народам асвятліў шляхі к свабодзе. Астрэйка. Як пост той пакінеш, што з боем Узяты ў паходзе славутым? Калачынскі. Славутыя сцягі ўздымаюцца горда Па грозных напрамках ваенных дарог. Броўка.

3. Які дасягнуў шырокай вядомасці, карыстаецца папулярнасцю (пра чалавека). Славуты вучоны. Славуты лётчык. Славуты акцёр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спачува́нне, ‑я, н.

1. Спагадлівыя, зычлівыя адносіны да чыйго‑н. гора, няшчасця; спагада. Пагарэльцы Загальшчыны сустракалі спачуванне і падтрымку з боку ўсіх аднавяскоўцаў. Залескі. У голасе мужчыны гучала шчырае спачуванне. Васілевіч.

2. Пачуццё спагады, жалю. А што хлапчука прыкалечыў конь, дык гэта не выклікала ў.. [Вулькі] ні шкадавання, ні спачування. Кулакоўскі. // Пісьмовае або вуснае выражэнне пачуцця спагады, жалю ў сувязі з якім‑н. горам, няшчасцем. У газеце надрукавана спачуванне.

3. Добразычлівыя адносіны да каго‑, чаго‑н.; падтрымка, ухваленне чаго‑н. Маркс і Энгельс, якія абодва ведалі рускую мову і чыталі рускія кнігі, жыва цікавіліся Расіяй, са спачуваннем сачылі за рускім рэвалюцыйным рухам і падтрымлівалі зносіны з рускімі рэвалюцыянерамі. Ленін. Западозрыць жа.. [Зосю] ў.. спачуванні бацькаўскім намерам не магло быць і думкі. Гартны. Студэнт пасядзеў яшчэ хвіліну на дрэве, збянтэжана ўсміхаючыся Галынскаму, і, не знайшоўшы ў таго спачування свайму ўчынку, спрытна саскочыў з дрэва на зямлю. Галавач. Рэвалюцыйна-дэмакратычныя ідэі Чарнышэўскага і Герцэна па нацыянальнаму пытанню, ідэі дружбы народаў, спачуванне і падтрымка польскага нацыянальна-вызваленчага руху ляжаць у аснове рускай і беларускай перадавой публіцыстыкі. Лушчыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стаі́цца, стаюся, стоішся, стоіцца; зак.

1. Схавацца і прытаіцца, імкнучыся застацца незаўважаным. Аўгіня асцярожна ўвайшла ў двор, ціхенька расчыніўшы веснічкі, і стаілася за вуглом, каб не папасціся каму на вочы. Колас. Стаіўся на печы і я, не дыхну, чакаючы, што скажа свякруха. Адамчык. Адсюль відаць хмызняк перад дарогай, у якім стаіліся, замерлі штурмавыя групы. Ваданосаў. // Прытаіцца, чакаючы каго‑, што‑н. Змоўкла і Аксана. Стаілася, напружылася, ператварылася ўся ў слых — яна, па ўсім відаць было, хацела першая пачуць Мішэлеву хаду. Сачанка. [Дзяркач] выцягнуў шыю і насцярожыўся, як той кот, што стаіўся над мышынай норкай. Чавускі. // Прыціхнуць, зменшыць актыўнасць. Шаройка, пасля таго, як яго знялі з брыгадзіра, стаіўся, прыціх, нават на вуліцы рэдка паказваўся. Шамякін. / Пра лес, бор, дрэвы і пад. Наставала мяккая, лагодная ноч. Лес стаіўся, натапырыўся, — слухаў. Злягаўся снег. Пташнікаў. Недзе ў сінечы неба спяваў жаўрук. Яго трапяткая песня звінела над полем, як струна на скрыпцы. І ўсё навокал сцішылася, нават вецер стаіўся ў леташняй парудзелай траве. Асіпенка.

2. Не прызнацца ў чым‑н. Але цяпер .. [Ганя] стаілася. Нічога не адказала. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

таму́, прысл.

1. Па гэтай прычыне, вось чаму. [Характар мужа], відаць, добра разумела Зіна, таму і сама маўчала і прасіла, каб Ярмолаў нічога насупроць не гаварыў. Кулакоўскі. Вада ў іншыя гады даходзіла не толькі да хат, але пападала і ў хаты .. Таму і гразі хапала ад марозаў да марозаў. Чарнышэвіч.

2. Разм. З гэтай (такой) мэтай. — Пойдзем у кіно? — Я таму і зайшоў да цябе.

3. у знач. выніковага злучн. Ужываецца для надпарадкавання даданых выніковых сказаў з прычынным адценнем (звычайна ў спалучэнні са злучнікам або часціцай «і»). Шчокі дзяўчыны разгарэліся на марозе, і таму вочы здаваліся надзвычай блакітнымі і яснымі. Шыцік. [Іван Аўдолевіч] прыехаў следам за намі, у гушчар далёка не палез, сасну спусціў маладую, — таму вось і гатоў, ужо ўвязвае воз. Брыль. [Тацяна] проста не зводзіла вачэй з маладога чалавека. І таму, напэўна, што ён першы прынёс гэту незвычайную вестку. Васілёнак. // Уваходзіць у склад састаўнога прычыннага злучніка таму што. Часта прыходзілася спыняцца, таму што дарога была несамавітая. Мележ. [Даніла:] Не гарачыся, дзед, даслухай да канца. Я кажу так не таму, што шкадую гэту гадзіну, а таму, што хачу выратаваць людзей, якіх чакае смерць. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упра́віць, упраўлю, управіш, управіць; зак., каго-што.

1. Уставіць на месца што‑н. вывіхнутае. Дзед Беласпай управіў Паўліку вывіхнуты сустаў, і хлопчык ужо мог наступаць на хворую нагу. Беразняк.

2. Разм. Усунуць, уставіць што‑н. куды‑н. Шульц раздзьмуў мяхі і ўправіў у агонь кавалак жалеза. Гартны. Каб зрабіць больш-менш паслухмяным [бугая], яму патрэбна было ўправіць у ноздры кальцо. Ракітны.

3. Разм. Аддаць, прадаць. [Залман:] — Гэтулькі лесу чорту лысаму ўправіць! Лобан.

4. Разм. Даць увязнуць, увагнаць у што‑н. вязкае, грузкае. Так управіў воз у гразь, што ледзь выцягнулі. □ Цётка Іваніха зачыняе вароты, паказвае на дарогу: — Глядзіце ж, кабылу на.. грэблі не ўпраўце. Васілевіч.

5. Разм. Дагледзець, зрабіць усё па гаспадарцы. Маці працавала, мабыць, больш за нас усіх, разам узятых. Падумаць толькі! Дагледзець скаціну, управіць гаспадарку, напрасці і наткаць палатна і сукна на ўсю сям’ю. Дубоўка. [Андрэіха:] — Ай, Яўхім! Дзе б ты адным сваім канём дзве гаспадаркі ўправіў. Чарнышэвіч. Прошаным канём гаспадаркі не ўправіш. Прыказка.

6. перан. Разм. Загубіць каго‑, што‑н. Прыпала Зося губамі да болькі і заекатала, зайшлася з плачу.. Валасы рвала на сабе, праклінала, што сама сваё дзіця ўправіла. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ушчамі́ць, ушчамлю, ушчэміш, ушчэміць; зак., каго-што.

1. Заціснуць, сціснуць з двух бакоў; зашчаміць. Ушчаміць палец. □ [Сабака] кідаўся на вароты, на шчыльныя веснічкі, і ўжо не брахаў, а сычэў, нібы яму хвост ушчамілі. Сабаленка. // Сціснуць у клюшні, ушчыпнуць. Страшны рак быў, грозны рак, Як ушчэміць — будзе знак. Колас. // Уціснуць, усунуць паміж чаго‑н. Каб дзікі звер не нішчыў пасеваў, яшчэ пры цары павялося гарадзіць ад лесу поле такім густым частаколам, што парася галаву не ўшчаміла б. Карпюк.

2. Разм. Запрэгчы. Тады Даніла Шчупак ушчаміў у аглоблі Мышака і выехаў у Луцішчы на кірмаш. Баранавых. [Бацька:] — От ушчаміў коніка і прывёз воз галля. Ракітны. А калі надышоў адвячорак і пасыпаліся фурманкі на Заброддзе, не сцярпеў Верамейчык: ушчаміў кабылу ў аглоблі і па хвасце — услед за людзьмі. Крапіва.

3. перан. Абмежаваць (чые‑н. магчымасці, правы і пад.). Ушчаміць у правах. Ушчаміць самалюбства. // Паставіць у няёмкае становішча. І змоўклі ўсе адразу ў хаце: Як адказаць? З чаго пачаці? — Ага! — Тут хлопцы падхапілі: — Цяпер і мы вас ушчамілі. Колас.

•••

Ушчаміць хвост каму — абмежаваць свабоду дзеяння, учынкаў каго‑н.; паставіць у нязручнае або нявыгаднае становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)