Скабі́ць ‘скрэбці (бульбу)’ (Мат. Гом.), магчыма, сюды ж (калі гэта не другаснае ўтварэнне) ска́біць ‘заганяць стрэмку’ (Нас., Байк. і Некр.), параўн. каш. skobʼic ‘здзіраць кару з дрэва’. Відаць, узыходзіць да прасл. *skobiti ‘скрэбці вострай прыладай’, роднаснага літ. skõbti ‘дзяўбсці, рваць, шчыпаць’, лац. scabere ‘драпаць’, ст.-в.-ням. scaban ‘тс’, ням. schaben ‘скрэбці, церці’, адносна якога выказваецца меркаванне пра яго страту ў славянскіх мовах яшчэ ў праславянскі перыяд (Варбат, Этимология–1971, 3). Гл. таксама SEK, 4, 281.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Труб ‘ крык, гвалт’, тру́бес ‘галашэнне, моцны плач’ (ТС). Няясна; магчыма, паходзяць ад ням. trüben ‘засмучаць, азмрочваць’, ‘муціць, каламуціць’, trüb, trübe ‘маркотна, журботна’, trübsal ‘гора, смутак, жаль, туга, журба, маркота’; пранікненне іх адбылося, відаць, праз ідыш, параўн. ід. trojb ‘труба’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.). Гл., аднак, у Скарыны Празникъ Трубъ — яўрэйскае свята, калі пад гукі труб адбывалася ахвярапрынашэнне (ГСБМ). Параўн. таксама разм. труба́ ‘гібель, пагібель’ (ТСБМ), трубе́ц ‘канец, капцы’ (ТС), збліжэнне з якімі магло ўплываць на семантыку слоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трына́нцаць ‘трынаццаць’ (Некр. і Байк., Растарг.; валож., Стан.): трынанцаць завуць чортавым тузінам. Калі як‑небудзь з гасцей будзе трынанцаць, та з іх хтось хутко памрэ (Сержп. Прымхі). Паводле Карскага (2–3, 93–94), форма ўзнікла пад уплывам адзінанцаць, дзе н у выніку «ўзмоцненага вымаўлення» перайшло ў ‑на‑ з ‑нна. Станкевіч (Язык, 231) разглядае як вынік прыпадабнення — другое н на месцы д з’явілася пад уплывам н папярэдняга. Гл. таксама Цыхун, Зб. Супруну, 270–272. Параўн. трынаццаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вага́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Мерна гайдацца з боку ў бок або зверху ўніз. Маятнік вагаўся важна, без звыклага цікання. Карпаў. Чайная была амаль пустая, толькі ў кутку, дзе вагалася, зачапіўшыся за рагаты фікус, доўгая фіранка, сядзела некалькі наведвальнікаў. Савіцкі. Дзверы віселі на адной завесе, падлога вагалася. Асіпенка.

2. перан. Быць у нерашучасці, адчуваць няўпэўненасць; сумнявацца. [Лабановіч] пэўны час вагаецца, але даволі хутка знаходзіць выхад у збліжэнні з перадавым сялянствам. Пшыркоў. [Георгій], відаць, вагаўся — хацелася ўбачыць бацьку, асабліва цяпер, калі ён стаяў побач, за дзвярыма, калі быў чуваць яго голас. Мележ.

3. перан. Быць няўстойлівым, хісткім, непастаянным; мяняцца. Вышыня сцябла розных сартоў кукурузы вагаецца ў межах ад 0,5 да 4,5 метра і вышэй.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

з’е́хацца, з’едуся, з’едзешся, з’едзецца; зак.

1. Сабрацца дзе‑н., прыехаўшы з розных месц (пра многіх, многае). — Я пачала ўжо не без трывогі чакаць, калі скончацца канікулы, з’едуцца настаўнікі і я прыйду ў школу. Шамякін. З’ехалася ўся радня, якая толькі была ў шляхецкай акрузе, і вырашыла, што Казімір павінен жаніцца. Пестрак.

2. Разм. Едучы, сустрэцца з кім‑н. дзе‑н. Хочацца пакінуць гэтыя цёмныя вазы, гэтых людзей, з якімі давялося.. разам з’ехацца, калі выязджалі з вёскі ў горад. Чорны. — Якраз з Алесем Садовічам на станцыі з’ехаліся і разам дадому ішлі, — як бы апраўдваўся Лабановіч за свой «парожні» выгляд. Колас.

3. Разм. Паспець ехаць разам з кім‑, чым‑н. На веласіпедзе з машынай цяжка з’ехацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́меркаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

1. Знайсці, сэканоміць шляхам дакладнага разліку; выгадаць, выкраіць. Вымеркаваць з бюджэту тысячу рублёў на рамонт. Вымеркаваць свабодную гадзіну. □ Ліпа са сваёй малою дачкою ехала з поўдня, дзе яны адпачывалі ля мора, і ўсё ж вымеркавала, колькі дзён, каб заехаць у Жыцькава. Сіпакоў.

2. Выбраць зручны момант. [Стафанковіч:] — Выбачайце, але калі я вас магу застаць дома? [Люба:] — Я сама не ведаю. — Калі так, то я ўжо як-небудзь вымеркую. Чорны.

3. У адпаведнасці з абставінамі ўлічыць усё неабходнае для ажыццяўлення якой‑н. мэты; правільна разлічыць. Як толькі сагнала з палёў снег, пан Зыгмусь сам зрабіў агляд зямлі, каб загадзя вымеркаваць, дзе што засеяць. Колас. [Павел Іванавіч:] — Вымеркуем так, што ў дні заняткаў у цябе будуць меншыя рэйсы. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апраўда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Даказаць чыю‑н. невінаватасць. [Шашы] хацелася апраўдаць Максіма. Шамякін. // Вынесці прыгавор, які заключае прызнанне падсуднага невінаватым.

2. Даказаць магчымасць чаго‑н. [Лабановіч:] — Калі за прыродаю пайсці, то можна апраўдаць рознае глупства, асабліва, калі пры гэтым пачнеш яшчэ патураць сабе. Колас. // Паслужыць асновай для апраўдання чаго‑н. Памог выпадак, які паклаў канец ваганням Веры Антонаўны і крыху апраўдаў яе ў вачах Васіля Пятровіча. Карпаў.

3. Праявіць сябе вартым чаго‑н. Умей адважна, друг, змагацца І ворагаў перамагаць, Каб добры гонар сына працы Жыццём і смерцю апраўдаць. Глебка.

4. Кампенсаваць, акупіць. [Осіпава:] — Больш, хоць забі, не дам. А то і ягад сваіх не апраўдаю. Пятніцкі.

5. Афіцыйна пасведчыць дакументамі зробленым выдаткі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палягчэ́ць, ‑эе; зак.

1. Стаць лягчэйшым па вазе. Ісці было не цяжка: ліпавыя лапці не абцяжарвалі ног, і клункі за плячыма даўно палягчэлі. Пальчэўскі. [Антось:] — А што, калі палову ўсяго гэтага зараз з’есці? Рукзак адразу палягчэе, і я доўга есці не буду хацець. Бяганская.

2. безас. Стаць, зрабіцца лягчэй у матэрыяльных адносінах. І дзед бабульцы гаварыў, Зрабіўшы выгляд строгі: — Нам палягчэе жыць старым: Кандрат наш стаў на ногі... Смагаровіч. // Стаць лягчэй, лепш (пра паляпшэнне самаадчування, настрою і пад.). Мне не толькі не палягчэла, стала яшчэ горш: дранцвелі ногі, рукі, шчымеў увесь бок. Адамчык. Пакуль Сонцаў вёў машыну па платформе, яму здавалася, нібы ён вісіць у паветры.., таму, калі танк сеў на трывалы непадатны грунт, на душы адразу палягчэла. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пагарэ́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

1. Страціць дом, маёмасць у выніку пажару. Гэта былі гады, калі ўсе будаваліся — і той, хто пагарэў, хто не меў дзе жыць, і той, у каго быў .. дах над галавой. Шамякін. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Згарэць — пра ўсё, многае. [Самабыліха:] — Вось калі не шанцуе, дык не шанцуе: пасадзіла ў печ булкі ды забылася.. Усе булкі пагарэлі, адны бляхі засталіся. Колас.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выгараць, засохнуць ад гарачыні. Лясы пагарэлі. Трава пагарэла.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Гарэць некаторы час. Свечкі пагарэлі і пагаслі.

4. перан. Разм. Пацярпець няўдачу; аказацца ў цяжкім становішчы. Прамоўца выступаў на сходзе І пагарэў, як кажуць, пры народзе. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакры́ць, ‑краю, ‑крыеш, ‑крые; зак., што.

1. Накрыць нанава, яшчэ раз, іначай. Перакрыць будынкі гонтамі. □ Дах пацёк, і адзін бок прыйшлося перакрыць саломай, а другі — толькі залатаць. С. Александровіч.

2. Закрыць, спыніць свабодны рух, цячэнне, наступленне чаго‑н. [Падун] павінен знікнуць пад вадой, калі Ангару канчаткова перакрыюць. Корбан. — Я перакрыў трубы, — таямніча.. паведаміў Стралецкі, — каб замарозіць вадакачку. Гурскі. // Закрыўшы, перагарадзіўшы што‑н., спыніць доступ. Калі шлях.. выпадкам перакрыюць, бяжыце вось сюды. Асіпенка.

3. Перавысіць якія‑н. паказчыкі, вынікі і пад.; апярэдзіць. Перакрыць норму. Перакрыць планавае заданне. Перакрыць графік. □ Цяпер мы ўсе вышыні перакрылі, Да сонечных шляхоў зрабіўшы смелы марш. Хведаровіч. // Заглушыць якімі‑н. гукамі, галасамі іншыя гукі і галасы. Касцельны звон перакрылі раптоўны піск цыркуляркі і грукат матора. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)