Глухі́ ’глухі’. Агульнаславянскае слова праславянскага характару. Параўн. рус. глухо́й, укр. глухи́й, чэш. hluchý, славац. hluchý, в.-луж. hłuchi, н.-луж. głuchy, польск. głuchy, балг. глух, макед. глув, серб.-харв. глу̑х, славен. gluh, ст.-слав. глоухъ. Прасл. *gluxъ. Асноўнае значэнне слова ’глухі’, але адзначаецца таксама ’пусты’, ’бясплодны і да т. п.’ Агляд форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 6, 146. Аб гэтым слове напісана многа, але, паводле Трубачова (там жа, 146–147), найбольш пераканаўчым трэба лічыць тлумачэнне прасл. *gluxъ як экспрэсіўнай змены першапачатковага і.-е. *k̑lou̯s‑ (якое адносіцца да групы слав. слоў. *sluxъ, *slušati). Такое тлумачэнне даў у свой час Махэк₂ (170), які знайшоў у літ. мове адпаведныя дублетныя формы. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 417; Траўтман, 91; Слаўскі, 1, 295–296; Фрэнкель, 1, 159 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Муза́ 1 ’мякаць у гарбузах, дзе знаходзіцца насенне’ (навагр., З нар. сл.), ’іл’ (бар., ст.-дар., Сл. ПЗБ). У выніку кантамінацыі мязга́ (параўн. укр. мізка́ ’мякаць у гарбузах’), якое з прасл. mězga (гл. таксама музей ў Фасмера, 3, 3) і буза́ 1, 2 (гл.).

Муза́ 2 (здзекл.) ’яда, варыва’ (слонім., Нар. словатв.), сувалк. mui̯za ’нікудышны, пусты суп’. Балтызм. Параўн. літ. mūzė, muĩzė ’крупнік, суп з мукі’, ’суп з клёцкамі’, якое з ням. дыял. mûs, с.-в.-ням., ст.-в.-ням. muos, суч. Mus ’мус, пюрэ, павідла’. Гл. таксама му́зя.

Му́за ’адна з багінь у грэчаскай міфалогіі — заступніца навук і мастацтваў’, ’творчае натхненне’ (ТСБМ), ст.-бел. муза ’тс’ (XVII ст.) запазычана са ст.-польск. muza, якое з лац. musa < ст.-грэч. Μοῦσβ ’Муза — багіня песні, паэзіі і мастацтва’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дурны, неразумны, безразважны, вар'яцкі; дурацкі, дурачыны, прыдуркаваты, бязмозгі, безгаловы, тупагаловы, цвердалобы, недапечаны, ідыёцкі (разм.); тупы, пусты (перан.) □ не ў сваім розуме, не пры сваім розуме

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

насы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; зак., што і чаго.

1. Сыплючы, пакрыць паверхню чаго‑н., высыпаць на што‑н.; нацерушыць, рассыпаць. Насыпаць пяску на сцежку. □ Кася ставіла пусты саган на падлогу, на ражок ручніка насыпала солі. Арабей. У паветры мітусілася [машкара]; яе тут, як хто насыпаў, не дыхнуць. Пташнікаў. // Тое ж, але ў нейкай колькасці. [Снег] ападаў на зямлю белай і пухкай коўдрай, дзе-нідзе між кустоў насыпаў гурбы. Гроднеў.

2. Напоўніць што‑н. чым‑н. сыпкім. Насыпаць мяхі жытам. □ Насыпаў дзед поўныя засекі збожжа. Якімовіч. // Усыпаць якую‑н. колькасць. Насыпаць аўса коням.

3. Зрабіць, пабудаваць насып з якога‑н. сыпкага матэрыялу. Насыпаць плаціну. Насыпаць прызбу. □ Каля дашчанай заставы насыпалі хлопцы курганок зямлі. Колас.

•••

Насыпаць солі на хвост — зрабіць непрыемнасць, моцна дапячы каму‑н.

Цераз верх насыпаць — тое, што і цераз верх валіць (гл. наліць).

насыпа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑ае.

Незак. да насы́паць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нікчэ́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Неістотны, нязначны. [Сухадольскі:] Магчыма, што мы з вамі так бы і засталіся ворагамі на ўсё жыццё, каб не ўмяшалася ў справу трэцяя зацікаўленая асоба. Перад яе веліччу нашы асабістыя крыўды здаюцца дробнымі і нікчэмнымі. Крапіва. // Пазбаўлены змястоўнасці; пусты. Саша крыху супакоілася, і цяпер яе раздражняла гэтая, як ёй здавалася, нікчэмная размова аб непатрэбных і дробязных падзеях і рэчах. Шамякін. // Нікуды не варты; які выклікае пагарду. [Юзік] ішоў па вуліцы нейкі змізарнелы, без пугі, нікчэмны і прыгорблены. Хадановіч.

2. Нізкі ў маральных адносінах, нягодны. [Алесь] рабіўся.. для мяне нікчэмным чалавекам, паскудным, брыдкім; я не мог зносіць яго. Адамчык. Ад легкадумнай слепаты — Крок да нікчэмнага намеру. Лойка.

3. Вельмі дрэнны, няўдалы; малы. Нікчэмны ўраджай. □ Карабель вялікі, але ўжо стары і нікчэмны. Быкаў. Паша ў Маргах таксама была нікчэмная і ад засценка далёка. Чарнышэвіч. Жыта было нікчэмнае, малаціць яго — адна пакута. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́кар, ‑а, м.

1. Прыстасаванне для ўтрымання на месцы суднаў, плывучых маякоў і пад. у выглядзе металічнага стрыжня з лапамі, якія зачэпліваюцца за грунт. 22 кастрычніка 1857 года параход «Нахімаў» зняўся з якара і пакінуў Расію. «Полымя». // Эмблема маракоў з адбіткам такога стрыжня з лапамі. Прыйшоў капітан — на сінім Кіцелі ззяюць якары. Калачынскі.

2. Спец. Рухомая частка электрычнай машыны пастаяннага току. Скарачаю разгон ключа, падымаю крыху якар магніта — апарат гучыць выразна, чыста. Шынклер.

3. Разм. Рыбалоўны кручок з трыма зубцамі. Я гляджу на пусты крук і ківаю галавой: як умудрыўся шчупак украсці з якара жыўца? Шашкоў.

•••

Мёртвы якар — нерухомы якар, які пастаянна ляжыць на дне (для ўстаноўкі плывучых маякоў, бочак, прыпынку суднаў).

Рыскавы якар — невялікі якар для манеўравання пры рыску судна.

Кінуць якар гл. кінуць.

Стаць на якар гл. стаць.

Якар ратунку — апошні сродак ратунку, апошняя надзея.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пералі́ўкі ’дробная страта; пусты занятак: пераліванне з пустога ў парожняе’, ’невялікі навар, даход’ (Нас., Шат.), ’драбніца, жарт’ (Шат.), звычайна ў спалучэнні з не (не-): не перэлі́ўкі ’не паласа, нічога добрага не чакай’ (ТС), гл. непераліўкі: да пера- і ліць (гл.). Укр. пере́ливки ’не жарты, не дробязі’, рус. пере́ли́вки, пск. ’памыі’, ’жарты, смех, кпіны’, смал. ’пустыя размовы’, на переливки ’на спрэчку’, польск. przelewki ’п’яныя жарты’, звычайна ў фразеалагізме to nie przelewki ’гэта не жартачкі!’, przelewka ’зліў, спуск шлаку’. Усх.-слав.-польск. ізалекса, з першапачатковага ’пералітае праз край’, хутчэй за ўсё, маецца на ўвазе спаборніцтва ў перапіванні, параўн. польск. przelewać ’ужываць без меры’, якое Банькоўскі (2, 858) трактуе як пераклад франц. transfuser ’тс’. У іншых слав. мовах — без суф. ‑к‑: в.-луж. přeliw, н.-луж. pśelew, серб.-харв. пре́лив, славен. prelívanje, preliv, балг. прел́иване. Параўн. непераліўкі (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мех ​1, меха; мн. мяхі, ‑оў; м.

1. Прадмет дамашняга ўжытку для захоўвання і перавозкі сыпучых цел, дробных рэчаў і пад., зроблены з полкі, складзенай папалам і сшытай з двух бакоў, або з дзвюх роўных полак, сшытых з трох бакоў. Палатняны мех. Радняны мех. Сшыць мех. □ Дзяўчаты ледзь упраўляліся адносіць поўныя мяхі і падвешваць парожнія. Шамякін. Адна ідзе старая Аксіння. Адна са сваімі ціхімі думамі і цяжкім мехам травы за спіной. Ракітны.

2. Разм. Мера для чаго‑н. сыпкага, роўная 3–5 пудам. Пазычыць мех мукі. Зарабіць пяць мяхоў бульбы.

•••

Біцца за пусты мех гл. біцца.

мех ​2, меха; мн. мяхі, ‑оў; м.

1. Прыстасаванне для нагнятання паветра (ужываецца ў кавальскай, шкляной вытворчасці, а таксама для прывядзення ў дзеянне некаторых музычных інструментаў). Кузня ў вёсцы маленькая, нават меха няма, каб раздзьмуць вуголле. Навуменка. Гарманіст .. ірвануў раптам мяхі, урэзаў польку. Васілевіч.

2. У фатаграфіі — святлонепранікальная частка фатаграфічнай камеры, падобная на гармонік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́ле абшар зямлі, прызначаны для ворыва’, ’вялікая роўная прастора’ (ТСБМ). Укр. по́ле, рус. по́ле, н.-луж. pólo, в.-луж. polo, польск., чэш., славац. pole, славен. polje, серб.-харв. по̏ље, балг. поле́ ’тс’. Прасл. *polje суадносіцца з по́лы (гл.) ’пусты, адкрыты, незапоўнены’, роднаснае ст.-швед. fala ’раўніна’, лац. palam прысл. ’адкрыта’, хец. palhi ’шырокі і плоскі’ (Фасмер, 3, 307; Сной, 467; Чарных, 2, 51). Можа суадносіцца са значэннем ’выпаленая (у лесе) дзеля пасеву прастора’ ад і.-е. *pel‑ ’паліць’, г. зн. ’лес, выпалены для сяўбы’, аналагічна лац. area ’адкрытая прастора’ і arēre ’паліць’ (Макоўскі, Мир сл. и знач., 151), магчыма, другаснае збліжэнне пры першасным і.-е. *pel‑ ’светлы, шэры’, параўн. пялясы ’з белымі палосамі’, літ. laũkas ’поле’, літаральна — ’белае’, г. зн. ’палоска засеянай зямлі сярод лесу’ (Трубачоў-Фасмер, 3, 307; Куркіна, Зб. Слаўскаму, 155). Гл. таксама пу́львына ’бязлесная раўніна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́нны ’дзяшовы, недарагі’, ’малакаштоўны, пусты’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Ласт., Некр. і Байк., Касп., Сл. ПЗБ; зах.-бел., ЛА, 3), та́нна ’дзёшава’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп.), та́нно ’тс’ (Федар. 4, Сл. ПЗБ), та́на ’тс’ (Сл. ПЗБ), та́нні ’дзяшовы’ (Сл. ПЗБ), та́ны ’тс’ (Сл. ПЗБ), та́нный ’тс’ (Бяльк.), сюды ж танне́й ’дзешавей’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), тане́й ’тс’ (Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), та́нняй ’тс’ (паст., вільн., Сл. ПЗБ), тане́йшы, та́ньшы ’тс’ (Байк. і Некр.), ст.-бел. таний (1637 г.), тане (1616 г.), таней, танший (КГС). Геаграфія і гісторыя ўжывання слова сведчаць пра запазычанне з польск. tani, дыял. tanny ’тс’, якое разглядаецца як граматычны гіперызм, што ўзыходзіць да прасл. *tunjь ’танны’, гл. Фасмер, 4, 19; спецыяльна: Борысь, Etymologie, 471–474; Шустар-Шэўц, Зб. Бернштэйну, 474–480; Этимология–1967, 74 (збліжае польск. tani з *tъnъk ’тонкі’). Параўн. тунны, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)