Святлі́ка ‘цяцюшнік, Euphrasia L.’ (Меер Крыч.). Параўн. укр. світлик ‘тс’, рус. дыял. светли́к ‘тс’, польск. świetlik ‘тс’, якое лічыцца запазычаннем з чэш. světlik ‘тс’ (Басай–Сяткоўскі, 384), апошняе паходзіць ад světliti ‘раз’ясняць, праясняць (вочы)’, паколькі ў народнай медыцыне выкарыстоўвалася для лячэння вачэй, параўн. рус. оча́нка, о́чная трава́, серб. видица і пад. Гл. Махэк₂, 596; ЕСУМ, 5, 197. Да свяціць (гл.), параўн. выраз вочы свецяць (пра добры зрок) (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сырадэ́ля ’аднагадовая кармавая расліна сямейства бабовых, Ornithopus L.’ (ТСБМ, Кіс.), сэрадэ́ля ’тс’ (Некр. і Байк., Цых.), сарадэ́ля, серадо́ля, сэрадэ́ль ’тс’ (Кіс.), салідэ́ра ’тс’ (Арх. Вяр.). Праз польск. saradela, seradela, дыял. saladera ’тс’ з ісп. serradella (парт. serradeld), якое паходзіць ад ісп. serrado ’зубчасты; вызублены’; назва па форме лістоў (SWO, 678; ЕСУМ, 5, 215). Відаць, памылкова палес. серэдэля (середелʼа) у запісе Дзендзялеўскага (Бел.-укр. ізал., 25) ідэнтыфікуецца як ’расліна Taraxacum vulgare Schrk.’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тыр-тыр, тырь‑тырь — пра гукі стрэлаў з ружжа (Канкард. XIX ст.). Гукаперайманне. Паводле Брукнера (589), польск. tyr ‘стрэл’ можа паходзіць з іт. tiro ‘тс’, якое, у сваю чаргу, ад франц. tirer ‘страляць’, англ. tear ‘разрываць’, ням. zerren ‘цягнуць’, што сведчыла б аб польскім уплыве. Параўн., аднак, выклічнік тырр (гл.) з шырокай семантыкай, якая ўключае і названае значэнне, а таксама ты́ркало ‘гульня ў вайну, калі крычаць тырр — страляюць’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пахо́д 1 ’перамяшчэнне атрада з пэўнымі мэтамі’, ’ваенныя дзеянні’ (ТСБМ, Шат.), ’бойкае месца, дзе ходзяць і ездзяць’ (слаўг., Яшк.), пахады́ ’дарогі, сцежкі’ (гл.). Укр. похід ’шэсце’, ’паходка’, рус. поход ’рух войска’, ’кампанія’, ’ход касяка рыб’, ’лёт пчалы’, ст.-рус. походъ ’вайна’, ’выступленне на вайну’, ’выхад на лоўлю рыбы’, польск. pochód ’паход, марш’, працэсія’, ’рад, ланцуг, смуга’, ’крок’, ’паходня, дошка на плыце’, н.-луж. pochod ’паходжанне, эвалюцыя’, ’марш’, в.-луж. pochod ’марш’, чэш., славац. pochod ’тс’, ’паходны рух’, ’шэсце’, ’працэс’, славен. pohòd ’марш’, ’адведзіны, візіт’, серб.-харв. по̀ход ’тс’, ’ад’езд, выезд, выхад’, макед., балг. по́ход. Прасл. poxodъ ’апраўленне, выхад, выезд’ < poxoditi. Да па‑ < прасл. po‑ (са значэннем пачатку дзеяння) і хадзі́ць (гл.). На бел. тэрыторыі па‑ набыло значэнне ’паступовае запаўненне пэўнай плошчы дзеяннем’.

Пахо́д 2 ’невялікі лішак (у вадзе, суме, ва ўзросце)’, тураў. похо́д ’тс’ (ТСБМ, Яруш., Шат., ТС). Укр., рус. поход ’тс’. Усходнеславянскае. Да паходзіць ’выходзіць з чаго-небудзь’ > ’выходзіць з лішкам’. Іншае развіццё значэння ’выходзіць з чаго-небудзь, аднекуль’, параўн. у бел. паходзіць ’мець падабенства, быць родам адкуль-небудзь’ (Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), похо́дзіць ’тс’ > похо́джы ’падобны’ (ТС), ’належаць паводле нараджэння да якога-небудзь класа, нацыі’, ’узнікаць, утварацца’ (ТСБМ). Да першага значэння паходзіць ’выходзіць з чаго-небудзь’ і суадноснага з ім паход ’лішак’ можна прывесці паралель з літ. pértekėti ’працякаць’, ’перацячы, пераліцца’, pértekti ’мець у дастатку, удосталь’ і per̃teklius ’лішак’, у той час як літ. atliekà, ãtliekas, atlaikà, liẽkana ’лішак’ суадносяцца з lìkti ’заставацца, пакідаць’, якое (як і бел. лі́шак < прасл. lixъ) узыходзіць да і.-е. *leik​u̯‑so‑ ’пакідаць’ (Трубачоў, Эт. сл., 15, 91).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вільца ’вечарынка перад вяселлем у нявесты’ (Інстр. II). Укр. вильце́, ві́льце ’абрадавае дрэўца ўкраінскага вяселля: галіна хваіны або іншага дрэва, якая ўтыкаецца ў вясельны каравай і аздабляецца кветкамі, калоссямі, калінавай ягадай з хмелем, каляровымі ніткамі і паперай’. Да ві́лы (гл.). Слова ўзыходзіць да прасл. vidlo, якое пры дапамозе дэмінутыўнага суф. ‑ьce дало бел. вільца. Магчыма, бел. вільца запазычана з укр., якое паходзіць з ги́льце//гі́льце (< гі́лка ’галінка’) як вынік ілжэпратэзы г → в.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́гля ’часовая ўкладка снапоў жыта або пшаніцы (9 і дзесяці наверх)’ (слуц., Лекс. і грам.) < ⁺мандля. Укр. мандель ’укладка снапоў або жменей канапель у 15 ці 50 штук’, польск. mendel ’бабка’, в.-луж. mandl, чэш. mandel, славац. mandeľ ’бабка з 15 снапоў’ — усе з ням. Mandel ’тс’, якое паходзіць з с.-лац. mandala ’карзіна’, ’вулей’. Бел. ма́гля, запазычанае з польск., змяніла род (м. на ж.), а таксама ‑н‑, ‑длʼ‑ перайшло ў ‑глʼ‑. Гл. яшчэ мэндлік.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́йка 1 ’будан на барцы’ (паўн.-усх., КЭС). Паходзіць з лат. māja ’дом’. Запазычана плытагонамі Зах. Дзвіны.

Ма́йка 2 ’маёмасць’ (драг., З нар. сл.) утворана ад таго ж кораня, што і ўкр. майно ’маёмасць’ пры дапамозе суф. ‑к‑а (як жы́тка ’жыццё’).

Ма́йка 3 ’трыкатажная сарочка без рукавоў і каўняра’ (ТСБМ). Утварэнне з суф. ‑к‑a ад фр. maillot ’трыко акрабата, танцоўшчыка’ < фр. mailler ’рабіць петлі, вязаць’ (Цыганенка, 253). Запазычана з рус. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спа́сны ‘адкормлены’ (Выг., Сл. Брэс.), ‘непераборлівы і добры да яды’ (ТС; лун., Шатал.; Сл. Брэс., Жыв. сл., ЛА, 4, Скарбы), ‘вынослівы’ (Мат. Гом.). Дэрыват ад асновы цяп. ч. дзеяслова спасвіць — спасу́ з суф. ‑н(ы). Але спа́слы ‘тлусты, адкормлены’ (Жд. 1), ‘вынослівы’ (брасл., Сл. ПЗБ), аўтары слоўніка (там жа, 4, 533) лічаць паланізмам, параўн. польск. spasły ‘адкормлены, сыты, тлусты’. Магчыма, палес. спа́сны паходзіць з той жа польскай крыніцы з заменай ‑л‑ на ‑н‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́па ‘калектыў артыстаў тэатра, цырка’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Запазычана з рускай мовы, у якой слова труппа паходзіць з ням. Truppe ‘трупа’, ‘атрад’, ‘войска’, апошняе запазычана з франц. troupe ‘натоўп, банда’, якое з позналац. trouppus ‘гурт’ і ст.-франк. þrop ‘група’, што ўзнікла ў выніку метатэзы з þorp ‘натоўп, гурт’, ‘сяло’, параўн. ст.-англ. þorp, þrop, англ. thorp ‘вёска’, ням. Dorf ‘тс’ (Фасмер, 4, 109; Чарных, 2, 267; Даза, 729; Васэрцыер, 237; ЕСУМ, 5, 657).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рыдня, рыдзіонка ’хата’ (Дмитриев, 241), рэдня́, рыдня́ ’тс’ (Доўн.-Зап., Шн., 23, 191), рыделька ’тс’ (Дэмб.), рыдзелька (свянц., лепей.), рыдзелка (арш.), грэдзенька (віц.), рыдля (Шн.). Нікольскі сцвярджае, гэта месца жыцця святых, суадносячы лексему з дзеясловам рыць, ад якога і паходзіць ры́для ’будыніна, ніжнія вянкі якой знаходзяцца ў зямлі’. Разам з тым ён дапускае, што рыдля — ’гумно’, у якім ток выраўноўваецца рыдлёўкай. Апошняе здаецца непраўдападобным. Хутчэй за ўсё тут маецца семантычны перанос: ’жыллё’ — ’гаспадарчы будынак’. Але гэту лексему не трэба атаясамліваць з брэсц. рыдля ’драўляны каркас у цаглянай сцяне’ (гл.). Бел. рыдня нельга аддзяліць ад віц. грыдня ’дом, хата’, ’гумно, дзе складалі збожа’, ці ад грыня, у якім ‑дн‑ перайшло ў ‑нн‑, а апошняе ў ‑н‑. Калі ўлічыць, што пачатковае г‑ у бел. гаворках магло перад зычнымі знікаць, можна сцвярджаць, што ўсе вышэй пададзеныя варыянты ўзыходзяць да ст.-бел. гридня ’прыбудова да княжацкага палаца, дзе знаходзілася варта або слугі’, ’зала для гасцей’, ’турма’, якое з’яўляецца працягам стараж.-рус. гридня ’памяшканне для целаахоўнікаў’. Апошняе паходзіць ад гридь ’грыдзь’ < ст.-сканд. griđi ’целаахоўнік’ (Фасмер, 1, 458; Лучыц-Федарэц, БЛ, 17, 65–66).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)