чарава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. З вялікім чэравам, жыватом. А ў калгасным табуне, сярод яго разнамаснага пагалоўя, і цяпер яшчэ многа чараватых, трошкі няскладных цягавічкоў — конікаў і кабыл. Ракітны. // толькі ж. Груб. Цяжарная. Вядро вады на табурэце і больш, здаецца, нічога. Поўная гармонія з абарванай чараватай дзеўкай. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шавіні́зм, ‑у, м.

Ваяўнічы буржуазны нацыяналізм, які прапаведуе выключнасць адной нацыі і пагарду да іншых, распальвае нацыянальную варожасць. Ведучы рашучую барацьбу супраць буржуазнага нацыяналізму і шавінізму, Маркс падкрэсліваў, што сапраўдныя нацыянальныя інтарэсы рабочага класа не толькі не супярэчаць інтарэсам інтэрнацыянальным, а, наадварот, арганічна спалучаюцца з імі. «Звязда».

[Фр. chauvinisme.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шку́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Уст. Які мае адносіны да шкуры (у 1 знач.), звязаны з апрацоўкай ці продажам шнур. Шкурныя абрэзкі.

2. Разм. Звязаны з клопатамі толькі пра асабістыя выгады, інтарэсы. [Шохан:] — Я думаў, Мудрык — Гамлет.. А ў яго шкурная праўда. Нават не эгаіст ён. Эгацэнтрыст... Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штанда́ры, ‑аў; адз. штандара, ‑ы, ж.

Разм. Вялікія, звычайна дубовыя, укапаныя ў зямлю калоды, на якія кладуцца падрубы якога‑н. драўлянага збудавання. Зруб быў яшчэ толькі пачаты — усяго тры вянцы, пакладзеныя на круглыя, тоўстыя дубовыя штандары. Сачанка. [Астаповіч] апынуўся паміж штандараў, на якіх трымаўся ўвесь млынавы будынак. Чорны.

[Ням. Ständer — стойка.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Со́пка 1 ‘гара конусападобнай формы, вулкан’ (ТСБМ), ‘купіна’ (Касп., ЛА, 5), ‘магільны насып’ (Шатал., ЛА, 2), ‘вялікі курган, старажытная магіла круглай формы’ (віц., Яшк.), ‘курган, грудок’ (ТС), ‘намагільны насып’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘кратавінне’ (рас., Сл. ПЗБ). Рус. (арх.) со́пка ‘невялікая гара, якая стаіць асобна’, ‘вулкан; невялікі востраў’, дыял. ‘узгорак’, соп ‘насып’, стараж.-рус. съпъ ‘насып, узгорак, гара’. Выводзяць ад соп, якое да сыпаць (Міклашыч, 334; Праабражэнскі, 2, 357; Траўтман, 293), параўн. таксама каш. sëpa ‘кратавінне’ ад sëpac ‘сыпаць’ (SEK, 4, 264). Даль (4, 273) узводзіць да сопеть, гл. сапці; Фасмер (3, 719) дапускае сувязь з гэтым дзеясловам толькі для значэння ‘вулкан’. Паводле Крукоўскага (Уплыў, 73), бел. сопка з рускай, але гэта, магчыма, толькі ў значэнні ‘вулкан’. У іншых славянскіх мовах (чэшскай, польскай) таксама з рускай, гл. Голуб-Копечны, 334; Варш. сл., 6, 268; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 329.

Со́пка 2 ‘канапа’ (ТС), со́ўка ‘тс’ (маст., Сл. ПЗБ). Памяншальнае ад сафа́ ‘мяккая шырокая канапа’, якое праз рус. софа́ ‘тс’ або польск. sofa з франц. sofa, італ. sofá ‘канапа, сафа’; заходнееўрапейскія словы ўзыходзяць да араб. suffia ‘падушка на вярблюжым сядле’ (Фасмер, 3, 729).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

багаты́р, ‑а, м.

1. Той, хто валодае вялікай маёмасцю, мае многа грошай; багач. [Настаўнік:] — Вы толькі падумайце: маленькая жменька дваран і багатыроў села вам на карак, захапіла лепшыя землі, жыве з вашае працы і вас жа катуе. Колас. [Павал:] — Калі я цяпер узбіўся на добрую.. гаспадарку, дык ужо мяне багатыром лічаць. Чорны.

2. Казачны асілак, волат; вялікай сілы і адвагі чалавек, воін. Я не жартуючы хацеў бы пусціць па краіне мастацкае палатно, падобнае па зместу да «Багатыроў» Віктара Васняцова. Толькі сучаснае, аб нашых багатырах, якія стаяць на варце спакою і волі краіны. Брыль. // перан. Пра што‑н. велічнае, магутнае. Вось які ты, слаўны Кіеў, Старажытны багатыр! Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мане́ўр, ‑а, м.

1. Перамяшчэнне баявых сіл з мэтай нанесці ўдар праціўніку. Кавалерыйскі атрад Жаўны.. павінен зрабіць абходны манеўр і зайсці ў тыл немцам. Шамякін.

2. перан. Прыём з мэтай ашукаць, перахітрыць каго‑н. Таня зразумела нескладаны манеўр юнака: ён хацеў прабіцца без чаргі і заняць у вагоне месца на ўсю шумлівую кампанію. Даніленка.

3. толькі мн. (мане́ўры, ‑аў). Тэхнічныя заняткі вялікай колькасці войск або флоту ва ўмовах, блізкіх да баявых. — Ні дрэннае надвор’е, ні суровыя баявыя абставіны, — гаварыў камдыў, — не маглі зламаць волі і ўпартасці байцоў на манеўрах. Каваль.

4. толькі мн. (мане́ўры, ‑аў). Перамяшчэнне вагонаў і паравозаў на чыгуначных пуцях для састаўлення паяздоў.

[Фр. manoeuvre.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падвярну́цца, ‑вярнуся, ‑вернешся, ‑вернецца; зак.

1. Няёмка падагнуцца, схіліцца ўбок. Рука з компасам падвярнулася пад кабуру, і ад пісталета стрэлка размагніцілася. Карпюк. // Вывіхнуцца, аказацца пашкоджаным (пра ногі, рукі). — Ступіць не магу, — крывячыся ад болю, сказаў Паўлік.. — Ступіў нядобра, а.. [нага] неяк падвярнулася і ажно трэснула. Бяганская.

2. Разм. Выпадкова сустрэцца, аказацца побач. Падвярнуўся знаёмы. Падвярнуўся пакупнік. □ З Ялты [Ірма і Яругін] вярталіся позна. Добра яшчэ, што падвярнулася таксі: яно падвезла пад самы корпус, дзе жыў Яругін. Карамазаў. Толькі паспела [Кацярына] скончыць дзесяцігодку, як падвярнуўся нейкі геолаг, высватаў.. і Міканор іх толькі і бачыў. Ракітны. // Выпасці, прыйсціся на чыю‑н. долю. Падвярнулася бяда. □ [Нам] падвярнуўся зручны выпадак значна папоўніць фонд на абарону Радзімы. Казлоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазні́цца, пазнюся, познішся, позніцца; незак.

1. З’яўляцца пазней вызначанага часу. Пазніцца на заняткі. □ [Ядзя:] — Заўтра новы дом пачынаем будаваць. Вось ранічкай і прыходзь сюды. Ды глядзі не пазніся. Асіпенка. Была ўжо глыбокая восень, але снег па нейкіх прычынах пазніўся. Ігнаценка.

2. Выконваць што‑н. пазней, чым трэба, чым прызначана. Пазніцца з выкананнем плана. Пазніцца з сяўбой. □ Васіль меў намер прайсці яшчэ раз папярэдзіць брыгадзіраў, каб яны не пазніліся з выездам брыгад на працу. Шамякін.

3. Затрымлівацца дзе‑н. — Толькі ты не пазніся там вельмі. Сам ведаеш — ваенны час, ноччу і з горада могуць не прапусціць, — папярэдзіў .. [Роўду] Бондар. Машара. — Збегай, — згадзіўся Міканор, — толькі не пазніся, завідна прыходзь. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па-над, прыназ. з Т.

Спалучэнне з прыназоўнікам «па-над» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры ўказанні на каго‑, што‑н., над якімі ў пэўным кірунку адбываецца рух, дзеянне. Песні плывуць па-над гаем. □ Праплыве гук баязліва Па-над лугам, па-над нівай У знямелы свет, Ды зноў ціха-ціха стане. Колас. // Пры ўказанні на каго‑, што‑н., зверху над якімі што‑н. адбываецца. Гучыць голас міру па-над светам. □ Лісце пажоўклае, шэрае Ціха шасціць пад нагамі, Толькі дубы па-над Свіцяззю Меднымі звоняць лістамі. Броўка. А яна [зямля] дымілася абапал Першым парам, Першай цеплынёй Ад дажджу, што толькі што пракапаў Па-над красавіцкаю зямлёй. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)