падтрыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Прытрымаць, не даць упасці, паваліцца каму‑, чаму‑н. Маці стала каля шэрага бетоннага слупа, трымаючыся аберуч за яго. Здавалася, яна вось-вось паваліцца. Нор падбег і падтрымаў яе. Шамякін. [Сын:] — Кузьма, вунь яма — падтрымай воз! Якімовіч.

2. Аказаць матэрыяльную, маральную і інш. дапамогу; спрыяць у чым‑н. Я не забыў і наўрад ці калі забуду, як.. [Давідзюк] мяне падтрымаў, выплаціўшы ганарар, калі я быў проста ў адчаі. Сабаленка. [Н. Галавач] умеў заслужана пахваліць, падтрымаць сапраўды таленавітага маладога пісьменніка. Хведаровіч. Зіна тут ужо не ведала, што і сказаць, за што брацца, якімі парадамі падтрымаць хворых. Кулакоўскі.

3. Выказаць сваю згоду з кім‑, чым‑н., адобрыць каго‑, што‑н. Прапанаваў кандыдатуру Дзіміна сам дырэктар, і таму яе лёгка падтрымалі, хоць Дзімін і адмаўляўся. Карпаў. Аўгіня хацела аддаць.. [Алесю] у школу, але Васіль не падтрымаў. Колас. — Дык мо тут дадзім адгул матору? — прасадзіў праз шыбу кабіны галаву вадзіцель. — Дамо! Дамо! — дружна падтрымалі пасажыры. Сабаленка.

4. Не даць спыніцца ці парушыцца чаму‑н. [Андрэй] з цікавасцю слухаў разважанні хлопцаў, гатовы сам падтрымаць іх гутарку. Шахавец. // Падмацоўваючы чым‑н., захаваць, не даць прапасці, знікнуць. Падтрымаў свой аўтарытэт. □ — Я, сыночку, уміраю, Я ў табе надзеі маю: Падтрымай наш род, сынок! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыбы́так, ‑тку, м.

1. Сума, на якую даход перавышае выдаткі; грашовы даход. Чысты прыбытак. Валавы прыбытак. // Спец. Даход капіталістаў, крыніцай якога з’яўляецца прыбавачная вартасць. Максімальны прыбытак. Прыбыткі манаполій. // Спец. Даход дзяржаўных прадпрыемстваў у сацыялістычным грамадстве, які атрымліваецца ў выніку павышэння прадукцыйнасці працы. Прыбытак дзяржаўных прадпрыемстваў. Адлічэнне прыбыткаў.

2. Даход, які атрымліваецца ад якога‑н. роду заняткаў, дзейнасці і пад. Пан Кудзілоўскі лічыў, хата сады даюць больш прыбытку, чым збожжа, і збожжа зусім не сеяў. Хомчанка. — Але хіба кіраўніцтва завода не ведае без вашых табліц і лічбаў на некалькіх старонках, што пераабсталяванне цэха дало б вялікія прыбыткі заводу? Арабей. Выдавецкая справа ў той час не толькі не прынесла беларускаму першадрукару прыбыткаў, а патрабавала шмат выдаткаў. С. Александровіч.

3. Разм. Карысць, выгада. [Міхал:] — А што за шчасце тут, спытаем? Які прыбытак мы тут маем? Колас.

4. Разм. Пра з’яўленне патомства (у сям’і, гаспадарцы і пад.). Жадаем яшчэ вам Прыбытку ў хаце, Ні мала, ні многа — Штогод па дзіцяці. Русак. Рамізнік сядзіць на козлах і ўсміхаецца, гледзячы, як я нясу на руках дзіця. — З прыбыткам вас, — кажа ён. Сабаленка. Конюху дзядзьку Мікалаю не было каму ў тую часіну пахваліцца і свежай навіной і жаданым прыбыткам на сваёй канюшні. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разабра́цца, разбяруся, разбярэшся, разбярэцца; разбяромся, разберацеся; заг. разбярыся; зак.

1. Разм. Раскласці, прывесці ў парадак свае рэчы (пасля пераезду і пад.) — Можаш ісці, Харчанка, — кажа маёр салдату. — А мне, мабыць, гаспадыня паможа тут разабрацца. Скрыган.

2. Унікнуўшы ў падрабязнасці, зразумець сутнасць чаго‑н., уясніць для сябе што‑н. Разабрацца ў абстаноўцы. Разабрацца ў чарцяжах. □ Адразу ж .. [Лабановіч] не мог разабрацца ў сваім учынку і ў пачуццях. Колас. // Адрозніць, вызначыць, зразумець што‑н. Сашка дык і не разабраўся спачатку: нешта зверху шаснула, куры ў двары закрычалі што было сілы і сыпанулі, як гарох, ва ўсе бакі. Даніленка. [Андрэй] не мог добра разабрацца, чый гэта двор, з якога выйшла дзяўчына, бо ўсё было тут па-новаму. Дуброўскі.

3. Разгледзеўшы падрабязна, вырашыць усе пытанні, супярэчнасці. [Пракаповіч:] — Вы свае прэтэнзіі перадавайце мне ці прападу. Мы разбяромся. А з рабочымі няма чаплаяцца. Радкевіч. — Пане Каролю, — сказала цвёрда, з прыціскам [пані Мар’я], — .. Гэта мой клас, і я сама разбяруся... Брыль.

4. Разм. Управіцца, справіцца з кім‑, чым‑н. Няма з ім зладу, і таму Заўсёды клікалі Хаму, Каб той З Кузьмой Як-небудзь разабраўся. Корбан.

5. Знайсці сваё месца (у страі). — Разабрацца па ротах! — загадаў камандзір. — Адыходзім на сваю базу. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Асла́ асялок (БРС, Сцяшк.), асёлак (Сцяшк., Бір. дыс., Выг. дыс., Смул.), усёлак ’мянташка’ (Выг. дыс.). Рус. осла, осёлок, укр. осла, оселок, польск. osła, osełka, палаб. våslă, н.-луж. woslica, славац. osla, славен. ósla, ст.-слав., ст.-рус. осла ’тс’, в.-луж. wósła ’граўвакка (мінерал тыпу пясчаніку)’. У рускай, славацкай яшчэ ’закаліна ў хлебе’, у славенкай ’зацвярдзенне залоз’, у польскай дыял. ’брусок рознага рэчыва’, напр. масла. Параўн. чэш. дыял. мянушка Osla. Паводле Фасмера, 3, 157, сюды ж балг. осил ’восць’, што наўрад ці правамерна без прамежкавых фактаў; Трубачоў (Зб. Курыловічу, 332) лічыць літ. aslà ’земл. падлога, мянташка’ запазычаным з польскай ці іншых славянскіх моў. Не выклікае сумненняў, што прасл. *osla ўтворана ад і.-е. кораня *ăkʼ‑; звычайна пры гэтым звяртаюць увагу на яго значэнне востры’ і супастаўляюць з арм. asełn ’ігла’, грэч. ἀκόνη ’асялок’ (Мейе, Études, 419) ці англ. ail ’асялок’. Аднак наяўнасць верхнялужыцкага значэння дае магчымасць лічыць, што першаснае значэнне тут не ’вастрэнне’, а ’камень’, што звязвае слова з ст.-інд. ásman камень, неба’ і пад. Нельга выключыць, што ў словах асёлак, аселіца ’лугавіна на прысядзібным участку’, аселіна ’неаранае поле, пакінутае для пашы’ адлюстраваліся нейкія старыя сувязі з *os(ь)la ’камень > глеба’ (Міклашыч, — па Безлаю, Vodna im., 2, 65). Зыходнае значэнне ’камень’ дае больш магчымасцей для тлумачэння значэнняў ’закаліна ў хлебе’, ’зацвярдзенне’ і іншых значэнняў слова асла і вытворных побач з ’мянташка’. Нельга быць пэўным у правамернасці сувязі значэнняў ’востры’ і ’камень’ у індаеўрапейскіх мовах, магчыма, тут аманімія кораняў; у карысць адзінства кораня сведчыць хец. aku ’востры камень’ (Іванаў, Общеинд., 45), але санскрыцкае значэнне ’камень’ і неба’ сведчыць хутчэй пра іншыя семантычныя адносіны. Параўн. асялок, асёлка, асілак, востры.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дабы́ць 1, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; зак.

Прабыць дзе‑н. да пэўнага тэрміну ці да канца. Не дабыць да канца свайго адпачынку. // Правесці астатак часу дзе‑н. Страшны смутак па тым, што ён [Вялічка] не дабыў тут спакойна свой астатні тыдзень.., прайшоў праз усю яго істоту. Чорны.

дабы́ць 2, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; зак., што і чаго.

Разм. Дастаць, раздабыць у выніку пошукаў, намаганняў. — Нам вядома, — сказаў Алёшка, — што спісы ў Опермана, іх трэба, канешне, дабыць. Мікуліч. Як не будзе, то маці Забудзе, як не стане, то бацька дастане. З нар. // Набыць паляваннем, рыбнай лоўляй і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адвы́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. ад каго-чаго і з інф. Страціць якую‑н. звычку; адвучыцца ад чаго‑н. У хаце.. яшчэ стаяў тытунёвы дым, ад якога .. [Акіліна] даўно адвыкла. Вітка. Непрыемна было і тое, што прыйдзецца прасіць ласкі, а.. [Максім Сцяпанавіч] даўно ўжо адвык што-небудзь прасіць. Карпаў. Леапольд Гушка за гэты час адвык думаць пра гэтага чалавека [колішняга пана]. Чорны.

2. ад каго-чаго. Стаць далёкім, чужым каму‑н., забыць каго‑, што‑н. Пятро Пятровіч адвык за дваццаць год на ўсходзе ад палос, і ад парадку такога, як тут [у Забалоцці]. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адгру́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм.

1. Перастаць грукаць. Пройдзе час, адгрукаюць гарматы, Змоўкнуць стрэлы, Знікнуць хмары дыму. Броўка.

2. перан.; што. Пабудаваць, адбудаваць або зрабіць што‑н. вялікае, значнае. — Заходзьце, сядайце за стол, цесляры, — Адгрукалі хату на славу. Бялевіч.

3. што. Адскакаць, станцаваць. Відаць, такі ўжо клімат тут [на курорце] гаючы, што нават самавітыя дзядзькі і цёткі, забыўшыся пра свае радыкуліты, прастрэлы і рэўматычныя ламоты, адгрукаюць вам «Польку-Янку» ці «Лявоніху». Вірня.

4. перан.; што. Працуючы, выконваючы абавязак, адбыць, адслужыць нейкі час. [Юнак:] — Два гады ў аўтароце разам адгрукалі. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аддава́ць, ‑даю, ‑даеш, ‑дае; ‑даём, ‑даяце, ‑даюць; незак.

1. Незак. да аддаць (у 1–7, 9 знач.).

2. чым. Мець які‑н. прысмак, пах, колер чаго‑н. пабочнага. Вада аддае балотам. □ Хлеб пахне троху вугалем і аддае крыху ад яго і магутным пахам. Лынькоў. // перан. Разм. Нагадваць што‑н., мець адценне, рысы чаго‑н. іншага, сведчыць пра наяўнасць чаго‑н. Аддаваць літаратуршчынай. □ Быў канец жніўня, і ночы ўжо аддавалі восенню. Шамякін. Шмат якія куткі былі тут [на Беларусі] падобны да яго [Андрэя Мішурына] роднай Смаленшчыны, і толькі смуга па адкрытых даляглядах была як бы танчэйшая і аддавала сінявасцю. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асцяро́жны, ‑ая, ‑ае.

Які дзейнічае з аглядкай, асцярогай, імкнецца прадбачыць магчымую непрыемнасць, небяспеку. Выдаў майстар кнігу, Вынасіў сумленна. Асцярожны крытык Пахваліў: — Не дрэнна! Лужанін. У Пракопе сядзеў усё яшчэ стары Пракоп, асцярожны, падазроны, недаверлівы. Колас. // Які робіцца з асцярогаю, так, каб не звярнуць чыёй‑н. увагі, не пашкодзіць што‑н., не патурбаваць каго‑н. Старая не спала ад болю ў нагах, і асцярожны стук у шыбу не разбудзіў яе, а проста спалохаў. Брыль. // Далікатны, акуратны. Асцярожныя моцныя рукі прытулілі дзяўчынку да гімнасцёркі. Гарбук. Тут [у небе] трэба быць асцярожным: ледзь недагледзіш — і ўспамінай як звалі. Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́вудзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

1. Злавіць на вуду, спінінг. За гадзіны дзве я ўсё ж вывудзіў з пяток акуньчыкаў. Якімовіч.

2. перан. Разм. Выведаць, здабыць што‑н. хітрыкамі, падманам. І бачачы, што ад старога больш нічога карыснага не вывуджу, я развітаўся і пайшоў дахаты. Карпюк.

3. Раздабыць, знайсці сярод многіх, многага. А справа тут стаіць зусім проста, і ў гэтым сэнсе ёсць толькі адна мерка, якая падыдзе да кожнага: жыве чалавек для таго, каб у жыцці як можна болей вывудзіць карыснага і прыемнага для сябе. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)